Вуліца Няміга

вуліца ў Мінску, Беларусь

Вуліца Няміга (да 1960-х гадоў Нямізская) — адна з найстарэйшых вуліц Мінска, ідзе ад цэнтра горада на захад, ад вуліцы Багдановіча да плошчы Багушэвіча. Працягласць 1840 м[1].

Вуліца Няміга
Мінск
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Раён Цэнтральны
Працягласць
  • 1,3 ± 0,1 км
Найбліжэйшыя
станцыі метро
Няміга
На карце Мінска
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
вуліца Няміга, скрыжаванне з вуліцай Гарадскі Вал, Мінск, Беларусь
вуліца Няміга, скрыжаванне з вуліцамі Гарадскі Вал і Раманаўская Слабада.

Гісторыя правіць

 
Петрапаўлаўскі сабор і шматпавярховы жылы дом

Паводле архелагічных даных, узнікла ў пачатку XII стагоддзя ўздоўж ракі Нямігі, магчыма, падобна да вуліц Лагойскай, Койданаўскай, Барысаўскай і Заслаўскай, на старажытнай дарозе. Пачыналася ад брамы Менскага замка (цяпер выхад са станцыі метро Няміга). Спачатку праезная частка вуліцы была вымашчаная драўляным насцілам. Традыцыйная назва вуліцы — Нямізская.

У пачатку XVII стагоддзя на скрыжаванні Нямізскай і Ракаўскай вуліц быў пабудаваны комплекс праваслаўнага манастыра з Петрапаўлаўскай царквой. Прыблізна тады ж на правым баку вуліцы з’явіўся будынак Халоднай сінагогі (знесены ў 1965 годзе), а сама вуліца была забрукавана. Да канца XVIII стагоддзя астатняя забудова была пераважна драўлянай (у 1793 годзе існавалі толькі два мураваныя дамы), вуліца шмат гарэла (асабліва моцны пажар быў у 1835 годзе). У XIX стагоддзі Нямізская вуліца пачала забудоўвацца 2—3-павярховымі каменнымі дамамі ў стылі барока і класіцызму, якія будаваліся ўшчыльную адзін да аднаго, шырыня вуліцы складала 4—4,5 метра. Уваход у двары, г.зв. каменныя калодзежы з адрынамі, прыбіральнямі і выграбнымі ямамі, ажыццяўляўся праз аркавыя брамы ў фасадах — драўляныя, каваныя ці жалезныя, якія звычайна на ноч замыкаліся на засоўкі. На вуліцы месцілася мноства невялікіх шынкоў і крам, яна была цэнтральнай вуліцай Ніжняга (Нізкага) рынку, мела для горада і наваколля вялікае гандлёвае значэнне.

У XIX стагоддзі ўключала Ніжні і Рыбны рынкі (на злучэнні вуліц Нямігі і Ракаўскай) і злучала гандлёвую плошчу на Траецкай гары з месцамі гандлю Раманаўскага прадмесця (раён вуліц Мяснікова і Раманаўская Слабада)[1].

XX стагоддзе правіць

 
Псеўдагістарычная забудова вуліцы.
 
Псеўдагістарычная забудова на скрыжаванні з Камсамольскай вуліцай.

Да пачатку XX стагоддзя па вуліцы працякаў ручай — рэштка ракі Нямігі, які пасля ліўневых дажджоў, а таксама ўвесну і ўвосень разліваўся, затапляў вуліцу і рынкавыя плошчы. Для прадухілення гэтай штогадовай паводкі было вырашана закласці Нямігу ў бетонныя трубы, у 1926 годзе заклалі ў калектар ніжняе цячэнне ручая, а саму вуліцу над калектарам забрукавалі, вузкія ходнікі заасфальтавалі. Аднак гэта не выратавала вуліцу ад затапленняў.

Нямізская вуліца канчаткова стала Нямігай толькі ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Частка вуліцы ад Свята-Петра-Паўлаўскага (у 1793—1933 гадах Екацярынінскага) сабора да вуліцы Зыбіцкай да рэвалюцыі называлася Кацярынінскай, у міжваенны час — Калініна. Падчас Другой сусветнай вайны акупанты перайменавалі Нямізскую ў Pionierstrasse (Сапёрную вуліцу)[2]. У гэты час у раёне вуліцы (на поўнач ад яе) было яўрэйскае гета.

У паваенны час вуліца працягвала быць гандлёвым цэнтрам Мінска. У 1955 годзе заклалі ў калектар верхняе цячэнне Нямігі, што бегла яшчэ на паверхні ў раёне Таварнай станцыі, аднак гэта не беражэ раён ад паводак і ў XXI стагоддзі. У сярэдзіне 1970-х старыя дамы на вуліцы былі знесеныя, пасля чаго ў 1990-х быў пабудаваны шматпавярховы жылы дом з гандлёвым цэнтрам «На Нямізе». У 2010-х гадах на няцотным баку вуліцы была ўзведзена псеўдагістарычная 2—4-павярховая забудова.

У 1970-х на вуліцы і ў прылеглым раёне праводзіліся здымкі фільма «Руіны страляюць...».

Азеляненне правіць

На скрыжаванні з вуліцай Гарадскі Вал размешчыны сквер Адама Міцкевіча.

Зноскі

  1. а б Архітэктура Беларусі 1993.
  2. Plan der Stadt Minsk. Anbefertigt im Juli 1941 durch Kommandeur der Bautruppen 9.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць