Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі (1995)

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі 22-га склікання прайшлі ў чэрвені 1995 года.

Найболей правальныя выбары з пункту гледжання ўдзелу грамадзян за ўсю гісторыю незалежнасці. Гэта былі першыя і апошнія выбары, над якімі не ажыццяўлялася мэтанакіраванага кантролю з боку выканаўчай улады (т. зв. «прэзідэнцкай вертыкалі»), якая па сутнасці, праігнаравала іх.

Пачатак супрацьстаяння прэзідэнта і парламента, фарміравання «вертыкалі» выканаўчай улады, шматтурныя парламенцкія выбары і рэферэндум па вострых сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях прывялі да апалітычнасці грамадзян, якім было надзвычай складана арыентавацца ў такіх умовах. Сродкі масавай інфармацыі ўсіх узроўняў, амаль што пакінулі без увагі выбары, надрукаваўшы спісы выбарчых камісій і зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты. Акрамя таго, выбары праводзіліся ў т. зв. «дачны сезон» і каталіцкае свята Святой Тройцы. У выніку, яўка ў 1-м туры склала каля 48,1 % ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. Згодна з законам лічылася, што выбары адбыліся, калі на іх прыйшло больш за 50 % выбаршчыкаў.

У выніку 1-га тура было абрана 94,7 % дэпутатаў сельскіх Саветаў, 73,2 % пасялковых, 48,5 % гарадскіх у гарадах раённага падпарадкавання, 17,5 % раённых у гарадах, 29,5 % гарадскіх, 8,5 % раённых, 44 % абласных Саветаў. У Мінску выбары не адбыліся ў аніводнай выбарчай акрузе. У Віцебску з 45 гарадскіх акруг выбары адбыліся толькі ў адной.

У 2-м туры галасавання ўзялі ўдзел 61,3 % выбаршчыкаў. З 28 244 акругаў выбары адбыліся ў 24 330; у 853 выбары адбыліся, але кандыдаты не былі выбраны.

У выніку двух тураў значная частка мясцовых Саветаў так і не была выбрана да стану наяўнасці кворума. У канцы лістапада была ажыццяўлена спроба давыбраць мясцовыя Саветы, але яна была таксама непаспяховай.

Літаратура правіць

  • Натчык, П. Мясцовыя выбары 1995 году / Пётра Натчык // Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі (да 2006 г.). 2-е выд., папр. і дап. — Беласток — Вільня: Беларускае гістарычнае таварыства — Інстытут беларусістыкі, 2011. — 1228 с.: іл. — С. 176—184. — ISBN 80-86961-16-8.