Выбух і пажар на заводзе «Пінскдрэў-ДСП»

Выбух і пажар на ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» — надзвычайнае здарэнне, што адбылося 25 кастрычніка 2010 году ў горадзе Пінску (Брэсцкая вобласць, Беларусь). Магчымай яго прычынай, паводле інфармацыі МНС, стаў «выбух адкладанняў драўнянага пылу ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул»[1]. Паводле інфармацыі самога кіраўніцтва холдынгавай кампаніі выбух адбыўся ў выніку «парушэння рэгламенту правядзення рамонтных работ»[2]. У катастрофе загінула 14 чалавек[4]. Пажаратушэннем займалася 19 адзінак пажарнай каманды[5]. Паводле каментарыяў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, гэта была самая вялікая прамысловая аварыя ў Беларусі за некалькі дзесяцігоддзяў[6].

Выбух і пажар на заводзе «Пінскдрэў-ДСП»
Тып Выбух, пажар
Прычына a) (паводле МНС) парушэнне рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул[1]
b) (паводле ЗАТ «Пінскдрэў») парушэнне рэгламенту правядзення рамонтных работ[2]
Месца Пінск
Краіна  Беларусь
Дата 25 кастрычніка 2010
Час ~13:00 UTC+3
Загінулых 14
Пацярпелых 21[3]
Пінск (Беларусь)
Пінск
Пінск

Выбух на заводзе па вытворчасці драўняна-стружкавых пліт адбыўся прыкладна ў 13:00 25 кастрычніка. У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях лічаць, што выбух адбыўся з-за «адкладанняў драўнянага пылу ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранул»[7][8]. З-за выбуху пачаўся пажар; акрамя таго, адбылося абвальванне даху памяшкання, дзе знаходзілася 48 чалавек. Пажар быў ліквідаваны ў 15:14 дзякуючы дзеянням больш за 10 пажарных разлікаў[9].

Два чалавекі загінулі на месцы. Усяго ў Пінскую цэнтральную бальніцу прывезлі 18 чалавек (па іншым даным, 19[10]); большасць з іх потым перавялі ў бальніцы Мінска і Брэста. 15 з іх знаходзіліся ў рэанімацыі; 14 чалавек атрымалі апёкі III і IV ступеняў (найбольш цяжкія) больш чым 60 % цела[11]. 3 і 4 лістапада былі абвешчаны днямі жалобы ў Брэсцкай вобласці[12].

Храналогія падзей правіць

25 кастрычніка 2010 году каля 13:00 у цэху па вытворчасці драўняна-стружачных пліт СТАА «Пінскдрэў-ДСП» (даччынае прадпрыемства ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў») адбыўся выбух, які стаў прычынай моцнага пажару[13]. З-за выбуху адбыўся абвал будыначнага даху (па інфармацыі з афіцыйнага сайту ЗАТ «Пінскдрэў-ДСП», калоны, бэлькі і пліты перакрыцця корпуса былі выкананыя са зборнага жалезабетону[14]) на плошчы каля 100 м²; таксама абваліліся муры корпуса[13] — каля 400 м²[15]. Паведамленне пра выбух і пажар паступіла ў МНС у 13:06[13], у 14:10 пажар быў лакалізаваны, у 15:14 — ліквідаваны[16].

Усяго падчас выбуху ў корпусе знаходзіліся 29 чалавек[5] (па іншых даных, у цэху знаходзілася 48 чалавек[17]); паводле інфармацыі з афіцыйнага сайту ЗАТ «Пінскдрэў», на ўчастку паліўна-драўняных гранул на змене працавала 5 чалавек[14]. У Пінскі цэнтральны шпіталь брыгадамі хуткай дапамогі было дастаўлена 18 чалавек (па іншых даных 19[10]), адкуль найбольш цяжкія пацыенты (15 з іх былі размешчаныя ў рэанімацыі) пазней былі перавезеныя ў лякарныя ўстановы Берасця і Мінску. 14 чалавек атрымалі тэрмічныя апёкі III і IV ступеняў болей за 60% паверхні цела[13], а некаторыя болей за 80%[18]. Два работнікі прадпрыемства загінулі на месцы здарэння — іх целы былі знойдзеныя пад заваламі, яшчэ адзін сканаў у ноч (па іншых даных раніцай[10]) на 26 кастрычніка ў рэанімацыі Пінскага цэнтральнага шпіталю[13].

28 кастрычніка загінулі яшчэ двое пацярпелых: майстар-брыгадыр стружкавага аддзялення сканаў у Мінску, слесар-рамонтнік у Пінску. 29 кастрычніка сканалі яшчэ чацвёра пацярпелых. Трое з іх знаходзіліся ў Цэнтральным апёкавым цэнтры ў Мінску, адзін — у рэанімацыі Пінскага абласнога шпіталя. Увечары 30 кастрычніка загінуў аператар аўтаматычных ліній завода. 31 кастрычніка ў мінскім шпіталі сканалі яшчэ двое работнікаў «Пінскдрэў-ДСП». 1 лістапада ў шпіталях Берасця і Мінску памерлі яшчэ двое: аператар фармуючых машын і намеснік дырэктара па вытворчасці[10]. У гэты дзень у двух гарадах заставалася 6 чалавек (чацвёра з іх — у рэанімацыі)[6]. Па стане на 2 лістапада становішча трох пацярпелых ад выбуху, якія знаходзіліся ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў Мінску было «сярэдняй цяжкасці»[19]. Пра стан яшчэ трох чалавек, якія знаходзіліся ў Брэсцкім абласным шпіталі паведаміў намеснік галоўнага лекара Тадэвуш Гарасімчык, адзначыўшы, што «пакуль іх становішча застаецца цяжкім»[19]. Па стане на 3 лістапада становішча шасці пацярпелых ад выбуху было па-ранейшаму стабільна цяжкае[20]. Трое з іх, якія знаходзіліся ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў Мінску былі пераведзеныя з рэанімацыі ў саматычнае апёкавае аддзяленне[20]. Яшчэ трое мужчын, якія знаходзіліся ў рэанімацыі Брэсцкага абласнога шпіталя, раніцай 3 лістапада 2010 году былі падлучаныя да апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх[20]. Па стане на 5 лістапада ў становішчы двух пацярпелых, якія ляжаць у Брэсцкім абласным шпіталі назіраюцца заўважныя паляпшэнні[21]. Намеснік галоўнага лекара Брэсцкага абласнога шпіталя Тадэвуш Гарасімчык паведаміў:

Пакуль стан стабільна цяжкі. Працягваецца штучная вентыляцыя лёгкіх, але ў дваіх ужо ў дапаможным рэжыме — яны самі дыхаюць і апарат... Гэта станоўчая дынаміка[21].

Па стане на 6 лістапада становішча траіх пінчукоў, якія знаходзіліся ў Брэсцкім абласным шпіталі заставалася стабільна цяжкім[22]. Стан траіх пацярпелых, якія знаходзіліся ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры ў Мінску, паводле слоў галоўнага лекара Гарадскога клінічнага шпіталю хуткай медычнай дапамогі Віктара Сірэнкі, ацэньваўся як стабільны, сярэдняй ступені цяжкасці[22]. Па стане на раніцу 8 лістапада становішча траіх пацярпелых ад выбуху на «Пінскдрэве», якія знаходзяцца ў Брэсцкім абласным шпіталі заставалася стабільна цяжкім[23]. Паводле слоў лекара, адзін з іх ужо дыхае самастойна і адключаны ад апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, а другі пацыент практыкуецца дыхаць самастойна і пераведзены на дапаможны рэжым штучнай вентыляцыі лёгкіх[23]. 9 лістапада 2010 году адзін з траіх пацярпелых ад выбуху быў выпісаны з Рэспубліканскага апёкавага цэнтру ў Мінску; у той час двое астатніх пацярпелых засталіся ў апёкавым аддзяленні[24]. Як паведаміў намеснік галоўнага лекара Ігар Грыгор’еў:

Адна асоба была ўжо выпісаная. Стан двух іншых чалавек паляпшаецца. Але ў іх такія апёкі, пры якіх патрабуецца плястыка скуры, касмэтычныя аперацыі. Таму ім патрэбна яшчэ лячэнне[24].

Паводле слоў намесніка галоўнага лекара Брэсцкага абласнога шпіталю па стане на 22 лістапада работнікі «Пінскдрэва», якія ляжаць у рэанімацыі з апёкамі скуры і дыхальных шляхоў, пачалі дыхаць самастойна[25]. Паводле слоў намесніка галоўнага лекара Брэсцкага абласнога шпіталю Юрыя Хваля па стане на 29 лістапада работнікі «Пінскдрэва» ўжо самастойна прымаюць ежу[26]. 30 лістапада стан тых пацярпелых, якія знаходзіліся ў агульным апёкавым аддзяленні мінскага шпіталю хуткай дапамогі стаў «блізкім да задавальняючага», пра што паведаміў намеснік галоўнага лекара Мінскага шпіталю хуткай дапамогі Ігар Шыманскі[27].

Прычыны правіць

Перадумовы правіць

Паводле афіцыйнага сайту ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» знос эксплуатаванага з 1965 году асноўнага абсталявання СТАА «Пінскдрэў-ДСП» складаў 100%[28]. Разам з тым ступень зносу будынка галоўнага корпуса, у якім адбыўся выбух, складала 54%[28]. Генеральны дырэктар «Пінскдрэва» Лоран Арыніч пракаментаваў гэта наступным чынам:

Вытворчасць драўняна-стружкавай пліты працавала ў штатным рэжыме 45 гадоў, і за ўвесь гэты час, з улікам правядзення штогадовых капітальных рамонтаў тэхнікі і ўкаранення розных удасканаленняў, працавала стабільна і без НЗ. Вытворчасць драўняна-паліўных гранул праектавалася найвядомейшай у Еўропе і СНД нямецкай фірмай "Мюнч", яна ж пастаўляла ўсё абсталяванне і вырабляла яго шэф-мантаж. Запуск першых 2-х камплектаў абсталявання для атрымання драўняна-паліўных гранул (пелет) адбыўся 3 гады таму. А ў пачатку бягучага года дадалі, па нямецкім праекце, яшчэ 2-я камплекты.

[29].

Міністар па надзвычайных справах Беларусі Энвер Барыеў паведаміў, што, паводле папярэдніх даных, прычынай пажару стаў пылавы выбух[30]. Паводле заявы прэс-службы МНС РБ, адкладанні пылу, якія сталі прычынай выбуху, з’явіліся ў выніку парушэння рэжыму эксплуатацыі абсталявання па вытворчасці драўняна-паліўных гранулаў[1].

Расследаванне правіць

Па факце выбуху справы па расследаванні прычын трагедыі распачалі: пракуратура, дзяржаўная камісія ды камісія кампаніі. Спачуванні сваякам ахвяраў выказалі ўлады выканаўчага камітэту вобласці ды гарадскія ўлады Пінска[6]. У сувязі з маштабам дадзенага здарэння 3 лістапада 2010 году крымінальную справу па факце выбуху на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» прыняла на распрацоўку Генеральная пракуратура Беларусі[31]. Кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Пётар Кісялёў паведаміў:

Вельмі вялікі маштаб гэтага здарэння, таму для нашай невялікай краіны гэта рэзанансная падзея. З гэтай прычыны расследаванне павінна праводзіць Генпракуратура, каб ніякіх недаказанасцяў не было[32].

На прэс-канферэнцыі 10 лістапада 2010 году першы намеснік начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Руслан Ліхаманаў паведаміў, што на сталічных прадпрыемствах будуць праведзеныя дадатковыя мерапрыемствы па праверцы стану бяспекі эксплуатацыі аб’ектаў у сувязі з выбухам і пажарам на заводзе «Пінскдрэў-ДСП»[33].

На ўзроўні Савета бяспекі Беларусі была створаная камісія па расследаванні прычын НП, якая 15 лістапада павінна далажыць аб выніках праведзенага расследавання[31]. 11 лістапада 2010 году падчас он-лайн канферэнцыі «Заканадаўства аб ахове працы: практычныя пытанні прымянення» намеснік міністра працы і сацыяльнай аховы Валяр’ян Кароль адзначыў, што адмысловае расследаванне праводзіцца галоўным дзяржаўным інспэктарам труда Беларусі Анатолем Садоўнічым[34].

25 лістапада 2010 году генеральны пракурор Рыгор Васілевіч на прэс-канферэнцыі ў Пінскім райвыканкаме паведаміў, што маштабы трагедыі сведчаць пра грубыя парушэнні тэхналагічнай дысцыпліны, неналежным забеспячэнні тэхнічнай бяспекі, аховы працы[35].

Ужо цяпер мы бачым, што былі парушэнні пажарнай бяспекі: неаднаразова здараліся пажары, якія тушыліся ўласнымі сіламі. Гэта былі званкі, да якіх трэба было прыслухацца і прыняць меры[35].

Па справе праходзяць галоўны інжынер холдынгу Уладзімір Шастакоў, дырэктар прадпрыемства «Пінскдрэў-ДСП» Леанід Логвін, галоўны інжынер «Пінскдрэў-ДСП» Ігар Логвін і былы генеральны дырэктар «Пінскдрэва» Ларан Арыніч, які знаходзіцца ў вышуку. Па стане на 25 кастрычніка 2011 году крымінальная справа налічвае 56 тамоў[36].

Вынікі расследавання правіць

9 лістапада 2010 году генеральная пракуратура праінфармавала Прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага пра стан законнасці ў сферы забеспячэння грамадскай бяспекі[37]. Паводле звестак інтэрнэт-газеты Naviny.by, большая частка гэтага дакумента тычыцца сітуацыі, якая папярэднічала трагедыі на СТАА «Пінскдрэў-ДСП»[37].

У дакуменце пазначаецца, што падчас правядзення першапачатковых следчых дзеянняў выяўлена, што 25 кастрычніка:

Каля 13 гадзін з прычыны дапушчаных парушэнняў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бяспекі на выбуханебяспечным прадпрыемстве — адбыўся аб’ёмны выбух, які пацягнуў за сабой узнікненне пажару, у выніку якога 2 работнікі загінулі на месцы і дваццаці работнікам прычыненыя цялесныя пашкоджанні ў выглядзе тэрмічных апёкаў[37]

Таксама праверкай былі выяўленыя факты шасці ўзгаранняў, якія папярэднічалі выбуху:

На дадзеным прадпрыемстве неаднаразова (у студзені, лютым, сакавіку, траўні, чэрвені і ліпені 2010 г.) адзначаліся ўзгаранні і іскрэнне на адным з млыноў участка па вытворчасці драўняна-паліўных гранул, увесь час назіраўся павышаны ўзровень пылу[37]

У паведамленні галаве ўраду называецца імя кіраўніка, паводле загада якога ў гэтым вытворчым падраздзяленні «прыкладна за тыдзень да адбыўшыхся падзей быў адключаны насценны вентылятар» (гэты чалавек памёр у шпіталі 1 лістапада)[37]. Паводле даных Генеральнай пракуратуры на прадпрыемстве сістэматычна ігнараваліся прадпісанні органаў пажарнага нагляду і «патрабаванні па абсталяванню памяшканняў устаноўкамі аўтаматычнага пажаратушэння і аўтаматычнай пажарнай сігналізацыяў» не выконваліся з 2000 году[37]. Акрамя таго, «у СТАА «Пінскдрэў-ДСП» самавольна, без адпаведных узгадненняў санітарнай службы, пажарнага нагляду, была выяўленая другая лінія па вытворчасці драўняна-паліўных гранул[37]».

Справаздача кіраўніцтва «Пінскдрэў-ДСП» правіць

18 лістапада 2010 году на афіцыйным сайце ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» была размешчаная заява кіраўніцтва кампаніі наконт прычын выбуху на СТАА «Пінскдрэў-ДСП»[38]. Створаная кіраўніцтвам холдынгу камісія па расследаванні прычын НЗ з тэхнічных і лінейных спецыялістаў зрабіла выснову, што ў гэтым выпадку прычынай стала «парушэнне рэгламенту правядзення рамонтных работаў»[2]. Афіцыйнае абгрунтаванне прычын выбуху на заводзе кіраўніцтва падае на афіцыйным сайце кампаніі:

Абсталяванне на вытворчасці пелетаў да абеду таго трагічнага дня знаходзілася на прафілактыцы, і не былі завершаны ўсе рэгламентаваныя працы. Штотыдзень, па панядзелках, у першай змене, на ўчастку ДТГ, згодна з распараджэннем па заводзе, з 07 гадзін да 11 гадзін праводзілася ўборка ўчастка ад стружкі і пылу, якая сабралася на абсталяванні і высока размешчаных канструкцыях, і прафілактыка абсталявання. Для гэтага на ўчастку адключаецца ўсё абсталяванне, робіцца яго чыстка, агляд, з наступнай вільготнай уборкай палка памяшкання. Пры неабходнасці ў гэты час праводзяцца працы на абсталяванні, якое патрабуе рамонту. Да завяршэння ўсіх работ абсталяванне ўчастка не павінна працаваць. Без захавання паслядоўнасці было ўключана абсталяванне, што прывяло да выкіду рэчыва, які складаецца з дробнаразмолатай драўнянай сыравіны, што пацягнула ўзгаранне і выбух. Хоць для гэтага неабходна крыніца агню. Прычыны здарэння ў цяперашні час устанаўліваюць следчыя органы.

[39].

Наступствы правіць

Ліквідацыя наступстваў надзвычайнага здарэння правіць

Па стане на 10 снежня 2010 году работы па ліквідацыі наступстваў надзвычайнага здарэння былі скончаныя. Яны праводзіліся сіламі Пінскага дзяржаўнага пажарнага аварыйна-выратавальнага заснавання «Рэспубліканскі атрад адмысловага прызначэння», Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, прыватнага будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства «Пінскдрэў-Рамбудмантаж», прыватнага транспартнага ўнітарнага прадпрыемтсва «Пінскдрэў-Аўтапарк» і прыватнага рамонтнага ўнітарнага прадпрыемства «Пінскдрэў-Тэхэнэргасэрвіс». На аварыйным прадпрыемстве выкананы дэмантаж 252 пліт перакрыцця цэху і 1560 мэтраў аварыйных участкаў знадворных канструкцыяў, якія агароджвалі завод ДСП, а таксама металічных элементаў канструкцый дахоўкі цэху на плошчы 70 квадратных мэтраў[40].

Грашовыя кампенсацыі правіць

Кампанія абяцала выплаціць грашовыя дапамогі сем’ям загінуўшых у памеры 10 мільёнаў рублёў, пацярпелым — па тры мільёны[41], а таксама заплаціць кошты псіхалагічнай дапамогі ды пахаванні[6][42]. Паводле афіцыйнага сайту кампаніі 1 лістапада 2010 году кіраўніцтва «Пінскдрэва» прыняла рашэнне аб выплаце дадатковай грашовай дапамогі сем’ям загінуўшых і пацярпелых: сем’ям загінуўшых — па 30 млн рублёў, пацярпелым — па 20 млн[43]. Акрамя таго, усім пацярпелым будуць выдаткаваныя страхавыя сумы ад 9,5 да 19 млн рублёў у залежнасці ад сярэднямесячнага заробку[3]. У цэлым выплаты сем’ям загінуўшых складуць па 100 млн рублёў кожнай, пацярпелым — па 50 млн[43]. Кіраўнік службы сувязяў з грамадскасцю «Пінскдрэва» Дзмітрый Кірыковіч паведаміў:

На савеце дырэктараў было прынятае рашэнне, што выплаты сем’ям загінуўшых складуць па 100 мільёнаў рублёў, а сем’ям пацярпелых у аварыі - па 50 мільёнаў рублёў. Наша кіраўніцтва прыязджае на кожныя пахаванні і бачыць вочы і гора кожнай сям’і[44].

11 лістапада 2010 году галоўны бухгалтар «Пінскдрэву» Таццяна Бойка паведаміла, што сем’і пацярпелых будуць абавязаныя выплаціць падаходны падатак у 12% ад сумы ў Br50 млн (грошы для сем’яў загінуўшых падаткам абкладацца не будуць)[45]. Аднак у той жа дзень начальнік аддзела інфармацыйна-тлумачальнай работы Міністэрства па падатках і зборах Сяргей Шкут заявіў, што паводле ўказу прэзідэнта № 565 арт. 1.6 «матэрыяльная дапамога, якая аказваецца сем’ям загінуўшых і пацярпелых, не абкладаецца падаходным падаткам. Бухгалтэрыя не павінна збіраць падатак[46]».

Таксама для тых, хто застаўся ў жывых і знаходзіцца ў шпіталях, паводле слоў генеральнага дырэктара «Пінскдрэва» Лорана Арыніч, прапануецца любая дапамога па набыццю ўсяго неабходнага: лекаў ды існага за мяжой медычнага абсталявання[29]. 8 лістапада 2010 году ў Брэсцкі абласны шпіталь былі дастаўленыя дзве рэанімацыйныя перасовачныя ўстаноўкі «Пэлікан» для гаення тэрмічных апёкаў у хворых, прафінансаваныя ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў»[47]. Адразу пасля закупкі медычнага абсталявання ўстаноўкі пачалі выкарыстоўвацца для лячэння пацярпелых супрацоўнікаў СТАА «Пінскдрэў-ДСП»[47].

Пінская епархія сумесна з гарадскім саветам дэпутатаў адкрылі дабрачынны рахунак[48]. Па стане на 8 лістапада 2010 году жыхары Беларусі пералічылі на яго больш за 11 мільёнаў рублёў[49]. Кіраваць рахункам было даручана прыходу Святой пакутніцы Варвары[49].

4 лістапада 2010 году Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №565 «Аб аказанні матэрыяльнай дапамогі сем’ям (блізкім сваякам) загінуўшых (памерлых) і асобам, якія пацярпелі ў выніку надзвычайнага здарэння ў сумесным таварыстве з агульнай адказнасцю «Пінскдрэў-ДСП», паводле якога прадугледжваецца выплаціць: 1500 базавых велічынь (Br52,5 млн.) — аднаму з членаў сям’і ці блізкіх сваякоў загінуўшага (памерлага); 600 базавых велічынь (Br21 млн.) — людзям, якія атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні; 300 базавых велічынь (Br10,5 млн.) — людзям, якія атрымалі менш цяжкія цялесныя пашкоджанні[50].

Спачуванні і грамадская падтрымка правіць

27 кастрычніка, у дзень пахаванняў траіх загінуўшых, у Пінску была абвешчаная жалоба[18]. Паводле адмысловага распараджэння старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара на Берасцейшчыне з 3 па 4 лістапада абвешчаная жалоба па ахвярах «Пінскдрэва»[51]. У сувязі з трагедыяй у Пінску Аляксандр Мілінкевіч заклікаў абвясціць нацыянальную жалобу. Гэтую прапанову падтрымалі прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Андрэй Саннікаў і Алесь Міхалевіч[52]. Лідар кампаніі «Гавары праўду!» і кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў пералічыў частку свайго ганарару за кнігу вершаваных перакладаў на рускую мову «Окно»[53] на рахунак дапамогі пацярпелым ад аварыі на «Пінскдрэве»[54]. Палітык і паэт адзначыў:

Гэта кропля ў моры, але ўсё ж: я пералічваю на разліковы рахунак частку свайго ганарару за апошні зборнік вершаў. Я заклікаю ўсіх неабыякавых людзей дапамагчы па меры магчымасці пацярпелым у Пінску. Можа быць, наша грамадзянская салідарнасць стане прыкладам для тых, хто не палічыў патрэбным абвяшчаць нацыянальную жалобу[54].

З нагоды выбуху на фабрыцы «Пінскдрэў» беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў выступіў з заявай, у якой выказваліся шкадаванні сем’ям загінуўшых[55]. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным і блізкім работнікаў на прадпрыемстве «Пінскдрэў-ДСП» 3 лістапада 2010 году[56]. 4 лістапада 2010 году генеральны дырэктар кампаніі Лоран Арыніч звярнуўся да работнікаў і грамадскасці з заявай, у якой ад імя ўсіх 33-х калектываў холдынга, дзе працуюць болей за шэсць тысяч чалавек, і ад сябе асабіста выказаў шкадаванні сям’я загінуўшых і пацярпелых:

В этот скорбный час для родственников и близких людей погибших мы вместе с вами оплакиваем безвременно ушедших в иную жизнь наших товарищей, коллег и друзей. Для нас они были сильной опорой, надежными тылами и первоклассными специалистами, потеря которых невосполнима[3].

Кадравыя змены на «Пінскдрэў-ДСП» правіць

Змена складу работнікаў правіць

3 снежня 2010 году на афіцыйным сайце кампаніі была змешчаная інфармацыя, якая паведамляе пра прынятыя кіраўніцтвам меры па ліквідацыі наступстваў пажару і надзвычайнай сітуацыі на «Пінскдрэў-ДСП». З усіх існых работнікаў «Пінскдрэў-ДСП» на дату аварыі (колькасць якіх складала 182 чалавекі) адміністрацыя прадпрыемства размеркавала 130 чалавек у іншыя падраздзяленні холдынгавай кампаніі. Па стане на 3 снежня на адпачынку знаходзіліся 5 чалавек, пасля завяршэння якога былі таксама накіраваныя ў іншыя падраздзяленні кампаніі. Акрамя 5 пацярпелых ад аварыі, па стане на 3 снежня на бальнічным знаходзіліся яшчэ 5 чалавек (па прычынам не звязаным з тэхнагеннай аварыяй). Таксама, паводле выкладзенай інфармацыі на афіцыйным сайце «Пінскдрэва» пасля выбуху і пажару на прадпрыемстве былі праведзеныя некаторыя звальненні: 1 чалавек быў звольнены за з’яўленне на рабоце ў стане алкагольнага ап’янення, 2 чалавекі — у сувязі з адмовай ад працягу работы са змяненнем існых умоў працы, 20 чалавек — звольніліся па дамоўленасці бакоў[57].

Змена дырэктара правіць

27 лістапада 2010 году генеральны дырэктар ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» Лоран Арыніч звярнуўся ў назіральны савет кампаніі з заявай аб скліканні сходу акцыянераў для разгляду пытання аб вызваленні з пасады, якую ён займае[58]. Рашэнне аб адстаўцы меркавалася разгледзіць на пазачарговым пасяджэнні акцыянераў. Сваім загадам ад 9 снежня 2010 году № 367-к Арыніч прыняў рашэнне, паводле якога ў сувязі са склаўшыміся абставінамі ў выніку надзвычайнага здарэння на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» і станам здароўя ён складвае свае паўнамоцтвы, прызначаючы з 10 снежня 2010 году генеральным дырэктарам Гінеля Яна Станіслававіча — дырэктара фабрыкі «Пінскдрэў-Адрыяна»[58]. Паводле інфармацыі Пінскага гарвыканкаму, на якую спасылалася газета «Вечерний Брест», заяву аб адыходзе 74-гадовы Арыніч напісаў па патрабаванні вышэйшага кіраўніцтва краіны[59]. Аднак на самім прадпрыемстве гэтая інфармацыя з’яўлялася пацверджанай. Пра гэта 10 снежня заявіў старшыня назіральнай рады прадпрыемства Міхаіл Галавешкін:

Даведаецеся ў свой час – падаў ці не падаў. Будзе абнародавана – значыць, будзеце ведаць. Не прыспешвайце падзеі[59]

Затым, як адзначылі ў дзяржаўным канцэрне «Беллеспаперапрам», лістом ад 22 снежня № 14126 Арыніч паведаміў пра адкліканне сваёй заявы аб адстаўцы «паводле рэкамендацыі вышэйстаячых органаў»[60][61] і аб тым, што ён па ачуньванні адразу прыступае да выканання абавязкаў генеральнага дырэктара кампаніі[58], нягледзячы на тое, што дзяржаўны канцэрн «Беллеспаперапрам» неаднаразова настойваў у сваіх лістах ад 6-га, 21-га і 24 снежня на скліканні ўдзельнікаў назіральнага савету ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» па пытанні разрыву кантракту з Арынічам паводле патрабаванняў прэзідэнта краіны, якія былі выкладзеныя ў дырэктыве №1[58]. Аднак рэакцыяй назіральнага савету кампаніі стала рашэнне 27 снежня 2010 аб неабвяшчэнні склікання сходу акцыянераў па вышэйвыкладзеных пытаннях[58].

Сітуацыя рэзка змянілася з указам прэзідэнта № 2 «О некоторых вопросах холдинга «Холдинговая компания «Пинскдрев» ад 3 студзеня 2011 году, паводле першага пункта якога было загадана «прызначыць Беларускі вытворчы канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлознай прамысловасці кіруючай кампаніяй холдынга «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў», зарэгістраванага 23 красавіка 2010 г.». Гэты ўказ надаў рашэнням дзяржаўнага канцэрну «Беллеспаперапрам» статус «абавязковых для выканання» ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў»[62].

Рашэнні кіруючай кампаніі прымаюцца органамі кіравання ўдзельнікаў гэтага холдынгу ў выглядзе асабістых рашэнняў в бясспрэчным парадку, то бок без права іх адхілення або скасавання, незалежна ад захавання ўмоў і парадку прыняцця такіх рашэнняў.

[63]

Позна ўвечары 5 студзеня дзяржаўны канцэрн «Беллеспаперапрам» вырашыў звольніць гендырэктара прыватнага прадпрыемства «Пінскдрэў» Ларана Арыніча на карысць Аляксандра Судніка, які мусіць уступіць на сваю пасаду 10 студзеня 2011 году[64]. Інфармацыю пра тое, што Ларан Арыніч больш не з’яўляецца генеральным дырэктарам «Холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў» у самім холдынгу назвалі не адпавядаючай рэчаіснасці[65]. Пра гэта 6 студзеня 2011 году паведаміў кіраўнік дэпартаменту па абслугоўванні кліентаў і сувязям са СМІ Дзмітрый Яковіч:

Дэ-юрэ генеральны дырэктар — Ларан Сцяпанавіч Арыніч. Як ён быў ім і да гэтага. Выконваў яго абавязкі на момант, калі ён падаў заяву аб адстаўцы да моманту адклікання заявы аб адстаўцы (снежань 2010 года — ЕРБ) Гінэль Ян Станіслававіч — дырэктар Камбіната мягкай мэблі, які таксама ўваходзіць у «Холдынгавую кампанію «Пінскдрэў». З моманту рашэння Ларана Сцяпанавіча адклікаць сваю заяву і да сённяшняга дня ён з’яўляецца генеральным дырэктарам усяго холдынга. Ніхто яго не здымаў, Савет акцыянераў не збіраўся, не зацвярджалі і не падтрымлівалі яго адстаўку. Таму на сённяшні дзень юрыдычна ён з’яўляецца генеральным дырэктарам[65].

Водгукі на змену кіраўніцтва ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» правіць

Падзеі, звязаныя з указам прэзідэнта № 2 ад 3 студзеня 2011 і зменай гендырэктара прыватнай холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў» атрымалі шырокі розгалас у электронных сродках масавай інфармацыі. Некаторымі эканамістамі гэтае дзяржрашэнне было параўнанае з вяртаннем інстытуту «залатой акцыі».

Водгукі прадстаўнікоў ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» правіць

Як адзначыў кіраўнік дэпартаменту па абслугоўванні кліентаў і сувязях са СМІ «Пінскдрэва» Дзмітрый Яковіч, у холдынгавай кампаніі ставяць пад сумнеў рашэнне мінскіх чыноўнікаў аб звальненні генеральнага дырэктара прыватнага холдынгу Ларана Арыніча:[64]

Генеральны дырэктар быў абраны Саветам акцыянераў на пэўны тэрмін — гэты тэрмін яшчэ не скончыўся. І зняць генеральнага дырэктара можа толькі той жа самы Савет акцыянераў. Не «Беллеспаперапрам», які і раней спрабаваў рабіць нейкія намаганні ў гэтым пляне, а менавіта Савет акцыянераў. Альбо можа Назіральны савет падтрымаць асабістае прашэнне аб адстаўцы[64].

Дзмітрый Яковіч нагадаў, што дзяржава не мае ніводнай акцыі ў холдынгу. У склад канцэрна «Пінскдрэў» некалі ўвайшоў з уласнай ініцыятывы і працягваў самастойна вырашаць усю сваю эканамічную, вытворчую, інвестыцыйную і кадравую палітыку[64]. Каментуючы ўскладненую сітуацыю з указам № 2, паводле якога дзяржаўны «Беллеспаперапрам» будзе кіраваць прыватным холдынгам ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў», Дзмітрый Яковіч адзначыў:

У адпаведнасці з Указам №2 мы зараз бясспрэчна падпарадкоўваемся кожнаму загаду канцэрна: як у кадравай палітыцы, так і ў камерцыйнай палітыцы. І калі мы кажам пра інвестыцыйныя праекты, пра замежныя інвестыцыі — то ў дадзеным выпадку як можна казаць аб прыцягненні інвестыцый, калі прыватны бізнес не застрахаваны ад умяшання дзяржавы? Прычым у гэтым дакуменце амаль слова ў слова паўтараецца адменены ў 2008 годзе ўказ аб «залатой акцыі».

Водгукі афіцыйных прадстаўнікоў ураду правіць

9 студзеня 2011 году ў праграме «Контуры» тэлеканала «АНТ» намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур заявіў, што змена кіраўніцтва ў ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» не азначае якога-небудзь пераразмеркавання ўласнасці на гэтым прадпрыемстве[66]:

Ніякага пераразмеркавання ўласнасці не адбываецца, ніякая «залатая акцыя» там не ўведзена[66]

Намеснік міністра адзначыў, што прадпрыемства перадаецца канцэрну «Беллеспаперапрам» у «аператыўнае кіраванне», якое «ніколі не было звязана ўшчамленнем якіх-небудзь правоў уласнасці ці маёмасці»[66]. Прычым аператыўнае кіраванне кампаніяй азначае, што гэта часовая мера:

У самім слове «аператыўнае» пацвярджаецца часовы, абмежаваны характар кіравання. Таму, я думаю, што ў рамках прыняцця рашэнняў гэта часовая мера і яна сама па сабе напрошвалася. Але ні аб якім вяртанні «залатой акцыі» размовы не ідзе[66]

Водгукі прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый правіць

Кіроўны партнёр юрыдычнай кампаніі «Міхель, Уласава і партнёры» Канстанцін Міхель, каментуючы дзяржаўнае рашэнне аб прызначэнні канцэрна «Беллеспаперапрам» кіроўнай кампаніяй ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» заявіў, што ў Беларусі дэ-факта адроджаны скасаваны ў сакавіку 2008 году інстытут «залатой акцыі» дзяржавы на кіраванне гаспадарчымі таварыствамі[67]:

Фармулёўкі ва ўказе па «Пінскдрэве» практычна ідэнтычныя фармулёўкам са скасаванага ўказа аб «залатой акцыі». Па сутнасці, прынятае рашэнне сумежнае з інстытутам «залатой акцыі». Гэта прэцэдэнт[68].

Старшыня праўлення Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага (БСПН) Георгі Бадзей таксама бачыць у гэтым дзяржрашэнні вяртанне да механізму «залатой акцыі»[68]. Пры гэтым Г. Бадзей лічыць, што гэтае рашэнне «не адпавядае» выдадзенай дырэктыве прэзідэнта N4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці»[68]. Эксперт таксама бачыць парушэнне прынцыпу недатыкальнасці прыватнай уласнасці:

Там прыватная ўласнасць. Як можна прызначыць у прыватную ўласнасць кіроўную кампанію — дзяржаўны орган? — кажа ён. — Тут наўпрост парушаныя правы прыватнай уласнасці, гарантыі недатыкальнасці, прэзідэнт можа ўсталёўваць асаблівасці стварэння і дзейнасці холдынгаў, але толькі калі гаворка ідзе аб дзяржаўнай уласнасці. Гэта ніхто не падвяргае сумневу[68].

10 студзеня 2011 году Бізнес-саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў ім. Куняўскага накіраваў ва ўрад і Адміністрацыю прэыдэнта Рэспублікі Беларусь ліст, у якім прапанаваў скасаваць загад канцэрна «Беллеспаперапрам», які тычыцца дзейнасці ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў». У гэтым лісце БСПН ім. Куняўскага таксама просіць хадайнічаць перад прэзідэнтам аб прыпыненні дзеяння ўказу, які прызначыў канцэрн «Беллеспаперапрам» кіруючай кампаніяй холдынгу «Пінскдрэў» да разглядання ўсіх пытанняў на сходзе акцыянераў холдынгу. Паводле слоў Георгія Бадзея, да ліста было прыкладзена заключэнне юрыстаў пра тое, што і загад канцэрна, і ўказ прэзідэнта супярэчаць Канстытуцыі Беларусі і Дэкларацыі аб правах чалавека, у тым ліку на прыватную ўласнасць[69].

Паводле слоў кіраўніка прадстаўніцтва Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця ў Беларусі Валдаса Віткаўскаса, ЕБРР мае намер ацаніць уплыў на дзейнасць «Пінскдрэву» ўказа аб прызначэнні кіруючай кампаніяй канцэрна «Беллеспаперапрам»[70]. Ён дадаў:

Мы будзем ацэньваць гэтае рашэнне з двух пунктаў гледжання: мы з’яўляемся крэдыторам «Пінскдрэву», але не акцыянерамі, і другі аспэкт – гэта абарона правоў прыватных уладальнікаў прадпрыемства[71].

Меркаванні незалежных эканамістаў правіць

На думку эканаміста Сяргея Чалага рашэнне па «Пінскдрэве» супярэчыць асноўнай логіцы Дырэктывы №4 аб лібералізацыі эканомікі:

Фактычна, гэта нават не вяртанне да інстытута «залатой акцыі», а нават яшчэ горш: прыкрываючыся інтарэсамі выканання працоўнага заканадаўства, дэ-факта адбываецца нацыяналізацыя прадпрыемства. Альбо — прызначэнне адміністрацыі. А яна ўжо далей зможа рабіць што заўгодна, што несумненна супярэчыць асноўнай логіцы Дырэктывы №4 у пункце абароны правоў уласніка[64].

На думку эканаміста Леаніда Злотнікава «дадзенае рашэнне з’яўляецца фактычна вяртаннем да права «залатой акцыі», паколькі «Пінскдрэў» — прыватная кампанія, а канцэрн — дзяржаўны орган кіравання». Акрамя таго, як лічыць эканаміст, «гэтае рашэнне ідзе ў разрэз з нядаўна прынятай дырэктывай № 4 аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці»[63].

Іншае правіць

  • 7 лістапада на адрас Пінскага гарвыканкаму і савету дэпутатаў удзельнікамі мітынгу ў гонар 93-х угодак кастрычніцкага перавароту была дасланая прапанова наконт абвяшчэння 25 кастрычніка Днём памяці загінуўшых на «Пінскдрэве»[72]. Таксама мітынгоўцы даручылі кіраўніцтву кампаніі ўсталяваць памятны знак на месцы зруйнаванага цэху, а саму вытворчасць ДСП і паліўных гранулаў вынесці за межы гораду[72].

Спіс памерлых правіць

Спіс памерлых на ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў»[7]
  • Жукоўскі Віктар Канстанцінавіч (1955 г.н.)
  • Казюр Генадзь Фёдаравіч (1964 г.н.)
  • Калодзіч Аляксандр Сяргеевіч (1987 г.н.)
  • Квашалі Алег Юр’евіч (1962 г.н.)[73]
  • Мароз Аляксандр Міхайлавіч (1987 г.н.)
  • Міхаевіч Аляксандр Міхайлавіч (1976 г.н.)
  • Муга Ігар Афінагенавіч (1971 г.н.)
  • Рапута Яўген Валер’евіч (1984 г.н.)
  • Саковіч Кацярына Сяргееўна (1986 г.н.)
  • Старадуб Міхаіл Іванавіч (1958 г.н.)
  • Тарэлка Сяргей Мікалаевіч (1985 г.н.)
  • Хамлюк Аляксандр Мікалаевіч (1959 г.н.)
  • Шаўчук Мікалай Аляксандравіч (1950 г.н.)
  • Шынкарук Аляксандр Анатолевіч (1974 г.н.)

Паводле слоў супрацоўнікаў прадпрыемства, калі яны прапанавалі кіраўніцтву холдынгу ўшанаваць памяць загінуўшых хвілінай маўчання, адказам сталі пагрозы, што, калі ў кагосьці спыніцца станок ці хтосьці проста спыніць працу, той ён будзе неадкладна звольнены[74].

Зноскі

  1. а б в Магчымай прычынай НЗ на фабрыцы ў Пінску названы выбух адкладаў драўнянага пылу. Грамадства. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (26 кастрычніка 2010). Праверана 7 студзеня 2011.
  2. а б в Марына Носава. Камісія «Пінскдрэва» па расследаванні прычын НЗ лічыць, што пажар і выбух адбыліся з-за парушэння рэгламенту рамонтных работ. Грамадства. БелаПАН (19 лістапада 2010). Праверана 22 лістапада 2010.
  3. а б в Елена Спасюк.. В Пинске оплакивают «ушедших в иную жизнь» (руск.). naviny.by (4 лістапада 2010). Праверана 5 лістапада 2010.
  4. Колькасць загінуўшых пры выбуху і пажары на «Пінскдрэў-ДСП» дасягнула 14 чалавек. Грамадства. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (1 лістапада 2010). Праверана 2 студзеня 2011.
  5. а б Зміцер Лукашук. «Яны ляжаць у рэанімацыі на вентыляцыі лёгкіх і ў непрытомнасці». Рэпартажы. Еўрапейскае радыё для Беларусі (26 кастрычніка 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  6. а б в г Публичное сочувствие нецелесообразно? // naviny.by, 1 лістапада 2010 (руск.)
  7. а б Колькасць ахвяраў выбуху на «Пінскдрэве» вырасла да 14 чалавек. Наша Ніва (1 лістапада 2010). Праверана 2 лістапада 2010.
  8. Ужо 14 загінуўшых у выніку выбуху ў Пінску. Хартыя'97 (1 лістапада 2010). Праверана 2 лістапада 2010.
  9. Наша ніва: Выбух і пажар на «Пінскдрэве»: ёсць ахвяры
  10. а б в г Надежда Кукса. Взрыв на заводе в Пинске унес жизни 14 человек (руск.). Брестская газета (29 кастрычніка - 4 лістапада). Праверана 5 лістапада 2010.
  11. Белорусские новости: Древесная пыль тоже может взрываться
  12. Наша ніва: На Брэстчыне 3 і 4 лістапада абвешчаная жалоба па ахвярах «Пінскдрэва»
  13. а б в г д Древесная пыль тоже может взрываться (руск.). naviny.by (26 кастрычніка 2010). Праверана 2 лістапада 2010.
  14. а б Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). «Вестник «Пинскдрев». Архівавана з першакрыніцы 4 лістапада 2010. Праверана 30 чэрвеня 2023.
  15. Таццяна Каравянкова. Як мяркуецца, прычынай выбуху на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» стала парушэнне рэжыму эксплуатацыі абсталявання (дапоўнена). Грамадства. БелаПАН (26 кастрычніка 2010). Праверана 2 лістапада 2010.
  16. Вопратка работнікаў «Пінскдрэва» згарэла адразу, бо рабілася з сінтэтыкі. Рэпартажы. Еўрапейскае радыё для Беларусі (25 кастрычніка 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  17. Пінск: новыя ахвяры выбуху. Грамадзтва. Радыё «Свабода» (29 кастрычніка 2010). Праверана 2 лістапада 2010.
  18. а б Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (2 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2014. Праверана 30 чэрвеня 2023.
  19. а б Пацярпелыя з Пінску застаюцца ў лякарнях у цяжкім стане. Еўрапейскае радыё для Беларусі (2 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  20. а б в Пацярпелыя ад выбуху ў Пінску знаходзяцца ў стабільна цяжкім стане. Еўрапейскае радыё для Беларусі (3 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  21. а б У двух пацярпелых пінчукоў заўважныя паляпшэнні. Еўрапейскае радыё для Беларусі (5 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  22. а б Стан трох пінчукоў, пацярпелых ад выбуху, застаецца цяжкім. Еўрапейскае радыё для Беларусі (6 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  23. а б Стан пінчукоў, якія ляжаць у Брэсце, застаецца стабільна цяжкім. Еўрапейскае радыё для Беларусі (8 лістапада 2010). Праверана 13 красавіка 2011.(недаступная спасылка)
  24. а б У мінскай лякарні засталіся толькі двое пацярпелых пінчукоў. Еўрапейскае радыё для Беларусі (10 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  25. У брэсцкай лякарні пацярпелыя ад выбуху на «Пінскдрэве» ўжо дыхаюць самі. Еўрапейскае радыё для Беларусі (22 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  26. Яўген Бяласін. Работнікі «Пінскдрэва», шпіталізаваныя ў Брэсце, самастойна прымаюць ежу. Еўрапейскае радыё для Беларусі (29 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  27. Арцём Мартыновіч. Стан двух пінчукоў, пацярпелых ад выбуху, блізкі да здавальняючага. Еўрапейскае радыё для Беларусі (30 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  28. а б На фабрыцы «Пінскдрэў ДСП» абсталяванне было зношана на 100%. Еўрапейскае радыё для Беларусі (30 кастрычніка 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  29. а б Катерина Борисевич. Гендиректор «Пинскдрева»: «Для пострадавших мы купим любое лекарство и зарубежное оборудование» (руск.). Комсомольская правда в Белоруссии (4 лістапада 2010). Праверана 4 лістапада 2010.(недаступная спасылка)
  30. Лік загінуўшых у выніку выбуху і пажару на прадпрыемстве "Пінскдрэў" дасягнуў пяці чалавек. Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь (29 кастрычніка 2010). Праверана 3 лістапада 2010.
  31. а б Вячаслаў Будкевіч. Крымінальная справа па факце выбуху на заводзе «Пінскдрэў-ДСП» перададзена ў Генпракуратуру. Грамадства. БелаПАН (3 лістапада 2010). Праверана 3 лістапада 2010.
  32. Выбухам на «Пінскдрэве» зоймецца Генпракуратура. Праз маштаб справы. Еўрапейскае радыё для Беларусі (3 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  33. Марына Носава. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (10 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2014. Праверана 30 чэрвеня 2023.
  34. Таццяна Каравянкова. Канчатковую выснову аб забеспячэнні бяспекі працы ў СТАА «Пінскдрэў-ДСП» можна будзе зрабіць пасля спецыяльнага расследавання. Грамадства. БелаПАН (11 лістапада 2010). Праверана 11 лістапада 2010.
  35. а б Вольга Кабяк. Вінаватыя ў трагедыі на «Пінскдрэў-ДСП» будуць пакараны - Р.Васілевіч. Грамадства. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (25 лістапада 2010). Праверана 26 лістапада 2010.
  36. 25 кастрычніка — год ад выбуху на "Пінскдрэве". Радыё Свабода (25 кастрычніка 2011). Праверана 25 кастрычніка 2011.
  37. а б в г д е ё Максім Трапезнікаў. Архіўная копія(недаступная спасылка). Наша Ніва (10 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2014. Праверана 30 чэрвеня 2023.
  38. Кіраўніцтва холдынгу "Пінкдрэў" распавяло пра прычыны выбуху. Еўрапейскае радыё для Беларусі (19 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  39. Новые факты о ЧП на СООО "Пинскдрев-ДСП" (руск.). Афіцыйны сайт ЗАТ «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў» (18 лістапада 2010). Праверана 22 лістапада 2010.(недаступная спасылка)
  40. Вольга Кабяк. Генеральный директор "Пинскдрева" подал в отставку в связи с гибелью сотрудников (руск.). Беларускае тэлеграфнае агенцтва (10 снежня 2010). Праверана 11 снежня 2010.
  41. Рабочыя паміраюць. Кіраўнікі рыхтуюцца да юбілею. Грамадзтва. Радыё «Свабода» (1 лістапада 2010). Праверана 2 лістапада 2010.
  42. Вольга Кабяк. Семьи погибших и пострадавшие при взрыве в Пинске получат денежные компенсации (руск.). Беларускае тэлеграфнае агенцтва (27 кастрычніка 2010). Праверана 13 красавіка 2011.
  43. а б Таццяна Дарашчонак. Кіраўніцтва «Пінскдрэва» прыняло рашэнне аб дадатковых выплатах сем’ям загінуўшых і пацярпелых ад выбуху на заводзе ДСП. Грамадства. БелаПАН (2 лістапада 2010). Праверана 3 лістапада 2010.
  44. Сем’ям загінуўшых на «Пінскдрэве» выплацяць па 100 мільёнаў рублёў. Еўрапейскае радыё для Беларусі (2 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  45. Падаткавікі: З дапамогі пацярпелым ад выбуху пінчукам нельга браць падатак. Еўрапейскае радыё для Беларусі (11 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  46. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (11 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2014. Праверана 30 чэрвеня 2023.
  47. а б «Пинскдрев» купил для Брестской областной больницы две установки для лечения ожогов (руск.). naviny.by. Праверана 8 лістапада 2010.
  48. Архіўная копія(недаступная спасылка). Карысная інфа. Наша Ніва (1 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2014. Праверана 30 чэрвеня 2023.
  49. а б На дабрачынны рахунак пацярпелым пінчукам пералічана больш за 11 млн рублёў. Еўрапейскае радыё для Беларусі (8 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  50. А.Лукашэнка падпісаў указ аб аказанні дапамогі пацярпелым пры выбуху на «Пінскдрэў-ДСП». Беларускае тэлеграфнае агенцтва (4 лістапада 2010). Праверана 5 лістапада 2010.
  51. На Брэстчыне 3 і 4 лістапада абвешчаная жалоба. Еўрапейскае радыё для Беларусі (2 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  52. Архіўная копія(недаступная спасылка). Грамадства. Наша Ніва (1 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2014. Праверана 30 чэрвеня 2023.
  53. Як дапамогуць палітыкі пацярпелым пінчукам?. Рэпартажы. Еўрапейскае радыё для Беларусі (3 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  54. а б Някляеў пералічыў ахвярам трагедыі ў Пінску 3 мільёны. Людзі і выбары. Радыё «Свабода» (3 лістапада 2010). Праверана 5 лістапада 2010.
  55. Незалежныя прафсаюзы: Беларусь стаіць на парозе тэхнагеннай катастрофы. Хартыя'97 (1 лістапада 2010). Праверана 2 лістапада 2010.
  56. Лукашэнка праз дзесяць дзён успомніў пра трагедыю ў Пінску. Наша Ніва (3 лістапада 2010). Праверана 3 лістапада 2010.
  57. Ольга Гриневицкая. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). Народная воля (3 снежня 2010). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2014. Праверана 30 чэрвеня 2023.
  58. а б в г д «Беллеспаперапрам» прыняў рашэнне аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў гендырэктара «Пінскдрэў». Эканоміка. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (6 студзеня 2011). Праверана 6 студзеня 2011.
  59. а б Кіраўнік холдынгавай кампаніі «Пінскдрэў» падаў у адстаўку?. Еўрапейскае радыё для Беларусі (10 снежня 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  60. Марына Носава. Генеральны дырэктар "Пінскдрэва" перадумаў звальняцца. Грамадзтва. Радыё «Свабода» (5 студзеня 2011). Праверана 6 студзеня 2011.
  61. Марына Носава. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). БелаПАН. Tut.by (5 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2014. Праверана 30 чэрвеня 2023.
  62. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). Советская Белоруссия (3 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 10 чэрвеня 2013. Праверана 30 чэрвеня 2023.
  63. а б Марына Носава. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). БелаПАН. Tut.by (5 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2014. Праверана 30 чэрвеня 2023.
  64. а б в г д Зміцер Лукашук. Эксперт: Дэ-факта адбываецца нацыяналізацыя прыватнага прадпрыемства. Рэпартажы. Еўрапейскае радыё для Беларусі (6 студзеня 2011). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  65. а б Зміцер Лукашук. У Мінску знялі гендырэктара кампаніі «Пінскдрэў», у Пінску абвяргаюць. Еўрапейскае радыё для Беларусі (6 студзеня 2011). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  66. а б в г Змена кіраўніцтва на «Пінскдрэве» не азначае якога-небудзь пераразмеркавання ўласнасці - А.Тур. Эканоміка. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (10 студзеня 2011). Праверана 11 студзеня 2011.
  67. В Беларуси де-факто возрожден институт "золотой акции" - эксперты (руск.). Interfax.by (5 студзеня 2011). Праверана 11 студзеня 2011.(недаступная спасылка)
  68. а б в г Interfax.by. У Беларусі дэ-факта адроджаны інстытут «залатой акцыі». Наша Ніва (6 студзеня 2011). Праверана 11 студзеня 2011.
  69. Марына Носава. Архіўная копія (руск.)(недаступная спасылка). БелаПАН. Tut.by (11 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2014. Праверана 30 чэрвеня 2023.
  70. ЕБРР анализирует госрешение о введении внешнего госуправления на "Пинскдреве" (руск.). Interfax.by (5 студзеня 2011). Праверана 11 студзеня 2011.
  71. Вяртанне «залатой акцыі»?. Эканоміка. Радыё «Свабода» (5 студзеня 2011). Праверана 11 студзеня 2011.
  72. а б 25 кастрычніка могуць абвесціць Днём памяці загінуўшых на «Пінскдрэве». Еўрапейскае радыё для Беларусі (8 лістапада 2010). Праверана 4 жніўня 2015.(недаступная спасылка)
  73. Трагедыя ў Пінску: чалавек з шакуючага відэа памёр у шпіталі. Грамадства. Наша Ніва (5 лістапада 2010). Праверана 13 красавіка 2011.
  74. На «Пинскдреве» бунт: рабочие записали ВИДЕО

Спасылкі правіць