Вышыўка — від народнага дэкаратыўнага мастацтва; арнамент або малюнак, вытканы ўручную (звычайнымі або спецыяльнымі іголкамі, часам кручком і інш.) ці машынным спосабам на тканінах, карунках, скуры. Матэрыялам служылі ільняныя, баваўняныя, ваўняныя, зрэдку шаўковыя ніткі, бліскаўкі і інш. Гістарычна для беларускіх тэрыторый характэрна ўжыванне ў вышыўцы чырвоных, сініх, чорных (забалаць, горынь, блахва), белых (белка) колераў, хоць у залежнасці ад рэгіёна Беларусі каларыстыка вышывак можа адрознівацца. Для накладной вышыўкі (аплікацыі) ужываліся шнур, тасьма, стужкі, кавалкі каляровых тканін, скура і інш. Вышыўкай аздаблялі жаночае (кашулі, галаўныя ўборы, фартухі, зрэдчас — спадніцы і гарсеты) і мужчынскае (кашулі, шыйныя хусткі) адзенне, суконную і аўчынную вопратку, рэчы дэкаратыўна-абрадавага і бытавога прызначэння (ручнікі, абрусы, навалочкі, посцілкі і інш.).

Пяльцы з вышыўкай

Адрозніваюць таксама гафт, як асобны від вышыўкі. Гэта ручная ці машынная вышыўка каштоўнымі матэрыяламі: каляровымі шаўковымі, залатымі, срэбранымі ніткамі, перлінамі, камянямі. У Беларусі гафт вядомы з XVI стагоддзя ў аздабленні літургічнага (арнаты) і святочнага адзення, дэкаратыўных тканін (пакрывалы для алтароў — антымінсы).

Гісторыя вышыўкі правіць

 
Элемент вышыванага дыванка

Узнікненне вышыўкі адносіцца да эпохі першабытнай культуры і звязана з шыццём адзення са скураў жывёл. Матэрыялам для вышыўкі ў розныя часы былі жылы жывёл, натуральныя ці афарбаваныя ніці ільну, канопляў, бавоўны, шоўку, воўны, а таксама перліны і каштоўныя камяні, бусы і бісер, ракушкі, залатыя і медныя бляшкі, манеты. Вышыўка цесна звязана з бытам, працай, прыродай і, такім чынам, заўсёды адлюстоўвала мастацкія густы і ўяўленні, выяўляла нацыянальную своеасаблівасць і майстэрства кожнага народа.

Мастацтва дэкаратыўнай вышыўкі ўзнікла ў глыбокай старажытнасці і на працягу многіх вякоў захоўваецца ў дэталях інтэр’еру, адзення і разнастайных прадметаў бытавога ўжытку. Найбольш старажытныя вышыўкі, якія дайшлі да нашага часу, адносяцца да VIV ст. да н.э. Яны былі выкананы ў Старажытным Кітаі на шаўковых тканінах шоўкам-сырцом, воласам, залатымі і срэбранымі ніткамі. Вышыўкай упрыгожвалі не толькі адзенне, але і дываны, і дэкаратыўныя пано з выявамі дрэваў і птушак.

Мастацтва вышыўкі мае шматвекавую гісторыю. На тэрыторыі нашай краіны найбольш старажытныя ўзоры вышыўкі вядомы на рэштках тканін (захаваліся пераважна шаўковыя), на скураным абутку, на футаралах, кашальках (XII — XIII ст.) — вырабах рамеснікаў з Полацка, Менска, Турава, Давыд-Гарадка, Пінска, Слуцка, Гародні. Вырабы расшывалі каляровымі ваўнянымі, зрэдку шаўковымі ніткамі з характэрным арнаментам у выглядзе пляцёнкі, спіралепадобных завіткоў, канцэнтрычных кругоў, сэрцападобных фігур і інш.

Пра вышыўку перыяду феадалізму сведчаць разнастайныя пісьмовыя крыніцы, што адлюстроўваюць распаўсюджанне вышываных рэчаў сярод пэўных слаёў насельніцтва (у тым ліку і сярод сялянства), адзначаюць перавагу вышыўкі ў параўнанні з іншымі спосабамі арнаментацыі тканін, прыводзяць звесткі пра пераемнасць традыцый мінулага. З узмацненнем сувязі з горадам і ўплыву гарадской культуры патрыярхальны быт сельскага насельніцтва хутка разбураўся, што адбілася на традыцыйным адзенні, спосабах і характары арнаментацыі народных тканін. Пад канец XIX — пач. XX ст. вышыўка, як і раней, бытавала пераважна ў форме хатняй вытворчасці для патрэб сям’і, што абумовіла яе глыбокую самабытнасць і ўстойлівасць старажытных мясцовых традыцый.

Галерэя правіць

Зноскі