Віленскі цэнтральны архіў старажытных актаў

Віленскі цэнтральны архіў старажытных актаў, Віленскі цэнтральны архіў старажытных актавых кніг губерняў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай, Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг губерняў Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай, Люблінскай, Віцебскай і Магілёўскай у г. Вільні. Існаваў у 18521915 гг. Створаны для збірання і зберажэння дакументаў часоў ВКЛ на тэрыторыі Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губерняў. Складзены на аснове архіўных фондаў цэнтральных і мясцовых адміністрацыйна-судовых устаноў пасля падзелаў Рэчы Паспалітай (канец XVIII ст.). Да цэнтралізацыі архіваў асноўныя дакументальныя матэрыялы захоўваліся ў архіве Трыбунала ВКЛ, які фактычна ў той час быў галоўным віленскім архівам. У 1795 г. у ім была 2071 кніга, многія з іх знаходзіліся ў катастрафічным стане. На апошнім сейме ў канцы XVIII ст. шляхта ВКЛ прыняла ўхвалу аб стварэнні пасады спецыяльнага архіварыуса — рэгента, які павінен быў абірацца з мясцовай шляхты «добрай кандыцыі, уладальнікаў нерухомай маёмасці, якія ведаюць права і карыстаюцца агульнай пашанай». Першым рэгентам стаў аршанскі чашнік А. Мальчэўскі, які ўпарадкаваў і перапісаў трыбунальныя кнігі ў 89 тамоў. У архіў паступілі кнігі гродзенскай і навагародскай кадэнцыі, акты Вайсковай камісіі, Таргавіцкай канфедэрацыі і інш. У 18371840 гг. ён папоўніўся зборамі актаў Скарбовага трыбунала, Скарбовай літоўскай камісіі, трокскімі архіўнымі матэрыяламі. У 1-й палове XIX ст. старадаўнія дакументы і акты захоўваліся таксама ў архівах віленскага замкавага (каля 255 кніг) і гародзенскага (145 сшыткаў-«фасцыкулаў») судоў. У адпаведнасці з царскім указам ад 2 красавіка 1852 г. на аснове названых архіўных збораў быў створаны Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг заходніх губерняў.

У сярэдзіне XIX ст. яго фонды налічвалі 17 439 адзінак, у тым ліку трыбунальны архіў — 74 арыгінальныя прывілеі, 6662 кнігі, архівы павятовых судоў і магістратаў (ашмянскага, вілейскага, віленскага, дзісенскага, друйскага, лідскага, радашковіцкага, свянцянскага, трокскага) — 2190 кніг; архівы Гродзенскай (4922 кнігі, 2 скрыні), Мінскай (1906 кніг), Ковенскай (1550 кніг) губерняў. Пазней паступілі кнігі мсціслаўскага гродскага суда 1733 г. (падарунак археографа М. Круповіча), пінскіх прывілеяў за 1554 г. (уласнасць калежскага асэсара В. Турскага), папіярыуш гродзенскіх прывілеяў за 16961717 гг., інвентар бабруйскага староства 1639 г., складзены гаспадарскім рэвізорам А. Кірдзеем, 199 інвентароў і актаў са збораў гродзенскай скарбовай «избы» і інш. У 1880 г. гродзенскі губернатар даслаў у Віленскі цэнтральны архіў 288 спраў Беластоцкай акругі (акты «прускіх» часоў 17941808 гг.). У 1887 г. у Віленскі цэнтральны архіў увайшоў Люблінскі архіў старажытных актаў (каля 5 тыс. кніг), у 19031906 гг. Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў. У 1903 г. у архіве налічвалася, паводле розных рэвізій і архіўных справаздач, ад 22 да 30 тыс. актавых кніг і фасцыкулаў. Пасля 1-й сусветнай вайны і эвакуацыі фондаў у Расію ў былых фондах Віленскага цэнтральнага архіва ў 1923 г. заставалася каля 15 тыс. кніг і фасцыкулаў. Частка архіўных збораў была вернута ў Вільню паводле ўмоў Рыжскага дагавора. У міжваенныя часы пад уладаю Польшчы архіў называўся Віленскім дзяржаўным архівам, аб’ядноўваў матэрыялы Віленскага цэнтральнага архіва, Агульнага архіва віленскіх устаноў, музея М. Мураўёва. З 1944 г. на гэтай аснове пачаў дзейнічаць Цэнтральны дзяржаўны архіў Літоўскай ССР, у 1957 г. перайменаваны ў Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Літоўскай ССР (аб’яднаў фонды былога Віленскага цэнтральнага архіва і Вільнюскага гарадскога дзяржаўнага архіва). З дасягненнем дзяржаўнай незалежнасці Літоўскай Рэспублікі атрымаў назву Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы.

Літаратура правіць

  • Турцевич, А. О. Краткий исторический очерк Виленской комиссии для разбора и издания древних актов 1864—1906. ― Вильна, 1906.
  • Улащик, Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. ― М.: Наука, 1973. — 302, [1] с.