Віталізм (ад лац.: Vitalis — жыццёвы, жыватворны, жывы) — ідэалістычная плынь у біялогіі, якая дапускае наяўнасць у арганізмах асаблівай нематэрыяльнай жыццёвай сілы. Віталізм бярэ пачатак ад першабытнага анімізму — ад уяўленняў пра адушаўлёнасць усіх цел прыроды. Элементы віталізму прысутнічаюць ў творах мысляроў антычнасці: Платона - пра несмяротную душу (псіхею) і Арыстоцеля - пра асаблівую нематэрыяльную сілу "энтэлехію", якая кіруе з'явамі жывой прыроды. Пасля эпохі Адраджэння ідэя адушаўлёнасці нежывых цел саступіла месца механічнаму разуменню з'яў як неарганічнага так і арганічнага свету. У 17 ст. з'явілася дуалістычнае вучэнне, якое праводзіла рэзкую мяжу паміж целамі нежывой прыроды і жывымі істотамі. Я. Б. ван Гельмант стварыў вучэнне пра "археі" - духоўныя пачаткі, якія рэгулююць дзейнасць органаў цела. Больш дэталёва гэтую віталістычную канцэпцыю развіў у пачатку 18 ст. нямецкі ўрач Г. Шталь, які лічыў, што жыццём арганізмаў кіруе душа. У пачатку 19 ст. адзначалася адраджэнне віталістычнай ідэі як рэакцыя на спрошчаныя механістычныя ўяўленні французскіх матэрыялістаў 18 ст. (Д. Дзідро, Ж. Ламетры і інш.). Нематэрыяльны пачатак жыцця нямецкі анатам І. Ф. Блуменбах называў фарматыўным імкненнем, нямецкі прыродазнавец Г. Р. Трэвіранус - жыццёвай сілай (vis vitalis - адсюль і назва ўсяго напрамку).

Літаратура правіць