Галавыя нематоды

Га́лавыя нематоды (Meloidogyne) — род паразітычных чарвей атрада тыленхід класа нематод. Выклікаюць мелайдагінозы раслін.

Галавыя нематоды

Нематода Meloidogyne incognita на каранях тамату
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Meloidogyne Goeldi, 1892


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  63578
NCBI  189290
EOL  58928

Біялагічнае апісанне правіць

Развіты полавы дымарфізм. Самкі грушападобныя (даўжыня 0,5—2, шырыня 0,4—0,7 мм), малочна-белыя. Самцы чэрвепадобныя (даўжыня 30—40 мм, шырыня 1—1,3 мм), празрыстыя. Самкі, якія жывуць у гале, адкладваюць да 1000 яец у слізісты мяшок. 3 яец развіваюцца лічынкі і заражаюць карані суседніх раслін або ўтвараюць галы побач з мацярынскімі. Так узнікаюць буйныя (да 2—3 см) складаныя галы. У каранях лічынкі праходзяць 4 стадыі развіцця і ператвараюцца ў дарослых. Цыкл развіцця 25—45 сутак. За сезон галавыя нематоды даюць да 7 пакаленняў. Захоўваюцца ў глебе ў выглядзе лічынак 2-га ўзросту і яец. Пашыраюцца з глебай, якая прыліпла да сельскагаспадарчага інвентару, з клубнямі і каранямі заражаных раслін, з расталымі водамі і інш.

Арэал і экалогія правіць

Пашыравы ва ўсіх краінах. Паразітуюць больш як на 2 тыс. відах раслін (агароднінныя, бахчавыя, тэхнічныя, пладовыя, дэкаратыўныя, бульба, пустазелле).

Пашкоджваюць карані, карэнішчы і клубні раслін і ўтвараюць на іх круглаватыя галы.

Сістэматыка правіць

У сусветнай фауне 100 відаў. Род быў упершыню вылучаны швейцарскім натуралістам Эмілем Аўгустам Гёльдзі  (руск.).

На Беларусі ў цяплічных гаспадарках і адкрытым грунце ачагамі на лёне, бульбе, агароднінных культурах трапляюцца галавыя нематоды паўночная (Meloidogyne hapla) і паўднёвая (Meloidogyne incognita). У Расіі знойдзена 5 відаў, у ЗША — 31[1].

Меры барацьбы правіць

Меры барацьбы: супрацьнематодныя хімічныя сродкі, часовае выключэнне з севазвароту культур, якія пашкоджваюцца нематодамі.

Зноскі

  1. Казаченко И. П., Мухина Т. И. Корневые галловые нематоды рода Meloidogyne Goeldi (Tylenchida Meloidogonydae) мировой фауны. — Владивосток: Дальнаука, 2013. — 306 с.

Літаратура правіць

  • Гладкая Р. Галавыя нематоды // Энцыклапедыя прыроды Беларусі / гал. рэд. І. П. Шамякін. Т. 1. — Мн.: БелСЭ, 1983. — С. 537.