Галадаморы (Беларусь)

Галадамор у Беларусі — масавы голад, наўмысна арганізаваны савецкімі ўладамі на тэрыторыі БССР ў 1932—1934 гадах. Тэрмін «галадамор» з’явіўся 17 жніўня 1933 года ў чэшскім часопісе «Večernı́k P.L.», які размясціў інфармацыю — «Hladomor v SSSR», а ў навейшай гісторыі найперш выкарыстоўваўся для апісання масавага, наўмысна арганізаванага голаду ва Украіне ў 1932—1933 гады. Тэматыка галадамору ў Беларусі мала даследаваная ў беларускай гістарыяграфіі і слаба прадстаўленая ў СМІ.

Галадамор у Беларусі 1932—1934 гадоў правіць

Галадамор у Беларусі 1932—1934 гадоў — масавы, наўмысна зарганізаваны савецкай уладаю, голад 1932—1934 гадоў, які прывёў да сотняў тысяч людскіх страт (уключаючы памерлых ад голаду і рэпрэсаваных уладай у сувязі з голадам) на тэрыторыі БССР.

Гісторыя беларускага галадамору 1932—1934 гадоў правіць

Спланаваная канфіскацыя ўраджаю збожжавых і ўсіх прадуктаў харчавання ў сялян прадстаўнікамі савецкай улады на працягу галадамору 1932—1934 гадоў непасрэдна прывяла да забойства сялян голадам у вялікіх маштабах, пры гэтым савецкая ўлада мела значныя запасы збожжа ў рэзервах і ажыццяўляла яго экспарт за мяжу падчас галадамору.

З сакавіка 1932 года райвыканкамы атрымалі дазвол Саўнаркама БССР занасіць на «чорную дошку» ужо асобныя вёскі. Гэта значыла, што ў такіх калгасах гандаль забараняўся, з крамаў забіралі ўсе тавары, датэрмінова пагашалі крэдыты і пазыкі, склады са збожжам для спажывання апячатвалі, насенны фонд размяркоўвалі паміж іншымі калгасамі, зачынялі млыны і вялі жорсткую барацьбу з памолам на ручных жорнах. Адначасова прайшла новая хваля арыштаў, высылак у Сібір і выключэнні з калгасаў «кулакоў» і «падкулачнікамі». У некаторых месцах пратэст супраць голаду прымаў агрэсіўныя формы: напрыклад, вядома пра Барысаўскі галодны бунт у красавіку 1932 года, падчас якога рабочыя і іх жонкі выступілі супраць змяншэння і без таго мізэрных нормаў выдачы хлеба. 7 жніўня 1932 года быў падпісаны вядомы Закон аб трох каласках, які прадугледжваў смяротнае пакаранне за крадзеж калгаснай і кааператыўнай уласнасці (то бок таксама і ежы). Усяго па гэтым законе ў 1932—1939 гадах было асуджана 183 тысяч чалавек, у тым ліку дзеці, якія спрабавалі знайсці хоць нейкую ежу.[1]

З лета 1933 года сігналы ў цэнтр пра голад на месцах сталі масавымі: на прыклад, ва Уздзенскім раёне ў 8 калгасах налічвалася 1290 чалавек, якім патрабавалася дапамога хлебам. Аналагічнае становішча склалася ва Ушацкім раёне дзе «многія калгаснікі ўжо зараз не маюць хлеба і сілкуюцца рознымі сурагатамі». У Жыткавіцкім раёне, згодна з дакладамі, у цяжкім становішчы знаходзіліся 33 калгаса, або каля 4500 чалавек. У 68 калгасах зоны Клімавіцкай МТС з 4200 сем’яў 3000 не мелі ўвогуле ніякіх прадуктаў. Не было хлеба і ў Пухавіцкім раёне, дзе людзі хварэлі і не маглі выйсці на працу. На Гомельшчыне ў 45 з 93 калгасаў фізічна адсутнічалі прадукты харчавання, а сялянам даводзілася ёсць карэнні і лісце.

8 чэрвеня 1933 года сакратар ЦК КП(б)Б Мікалай Гікала і старшыня СНК БССР Мікалай Галадзед атрымалі даклад з Нараўлянскага раёна: «На гэтых днех (2 чэрвеня) меўмейсца з рада вон выходзячы факт: гр. в. Ціхін (Акопскага сельсавета) Сікорская ноччу зарэзала сваего 9-гадовага дзіцяці. Частку унутраносьцей пасьпела поесьці, назаўтра ўтопіла другога дзіцяці і памерла сама ад істошчэньня».[2] З суседняга Ельскага раёна супрацоўнікі ЧК дасылалі рапарт аб тым, што ў 200 сем’ях з 250 аднаасобных гаспадарак дзеці і дарослыя апухлі ад голаду, за два месяцы ад знясілення памерла 20 чалавек: «Аднаасобнік хутара Рэдзька Каладзей Мікіта, каб не бачыць пакут галоднай сям’і, закрыў у хаце жонку і траіх малалетніх дзяцей, закалаціў наглуха дзверы і вокны, пасля чаго сам уцёк. Жонка і двое дзяцей Каладзея ўжо памерлі, адно дзіця выратавана суседзямі. У в. Мялешкавічы ўдава Ціханава Ульяна на глебе голаду кінула 3 дзяцей і сышла невядома куды».

21 чэрвеня спецыяльная камісія з Мінска запісала ў пратаколе аб тым, што ў Ельскім і Нараўлянскім раёнах мор закрануў да 60 адсоткаў насельніцтва: народ есць не толькі «ліпавы ліст, верас, мох і мякіну», але ў некаторых гаспадарках — нават «кошак, сабак і конскую падлу». Таксама камісія адзначала: «У в. Акопы … жонка бедняка, які пайшоў на працу ў горад, вярнуўшыся дадому і знайшоўшы мёртвым свае дзіця Валодзю, адрэзала ногі дзіцяці і зварыла са шчаўем. Шчаўе паела сама і накарміла іншае дзіцё. на другі дзень памерла сама і іншае дзіця».

21 жніўня 1933 года Магілёўскае ўпраўленне ОГПУ за нібыта дрэнную апрацоўку палей арыштавала ў Касцюковіцкім раёне 56 чалавек, якія пад пыткамі прызналіся, што з’яўляюцца сабатажнікамі, пасля чаго былі высланы ў заходнюю Сібір.

Нягледзячы ні на што, нарыхтоўкі хлеба выконваліся. Сакратар РК КП(б)Б Жыткавіцкага раёна ў 1934 годзе папярэджваў кіраўніцтва, што з прычыны неспрыяльных прыродных умоў (вымачкі, дажджы ў перыяд выспявання культур) і высокіх абавязковых паставак у раёне склалася надзвычайнае становішча: «У выпадку, калі не будуць прыняты неабходныя меры дапамогі, то гэтая вясна будзе другі год галоднай вясной для большасці калгасаў раёна… Спажыванне хлеба новага ўраджаю пачалося ў парадку выдачы авансаў ад самага пачатку яго абмалоту, г.зн. з жніўня месяца… У выніку ўсяго гэтага ўжо да студзеня-лютага гэтыя групы не маюць хлеба». З 500 спраў, якія знаходзіліся на разглядзе ў Жыткавіцкім нарсудзе на 25 красавіка 1934 года, абсалютную большасць складалі справы аб крадзяжы жывёлы і прадуктаў харчавання. У лістападзе 1934 года пленум ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне аб адмене з 1 студзеня 1935 года картачнай сістэмы на хлеб і некаторыя прадукты, што прадстаўлялася ўладамі як радыкальная эканамічная рэформа, накіраваную на развіццё ў краіне таварна-грашовых адносін. Нізкія картачныя цэны былі ахарактарызаваныя Іосіфам Сталіным як «дар дзяржавы працоўнаму класу». Становішча ж у беларускай, як і ва ўкраінскай, вёсцы па-ранейшаму заставалася складаным.

Асэнсаванне беларускага галадамору 1932—1934 гадоў правіць

Адной з спроб асэнсавання трагедыі ў кантэксце беларускай гісторыі стала беларуска-ўкраінская навукова-практычная канферэнцыя «1929-1934: Сталінская „рэвалюцыя зверху“, або знішчэнне сялянства і Галадамор у Беларусі». Факты, прыведзеныя ў дакладах беларускіх гісторыкаў Ірыны Раманавай, Васіля Матоха, Якава Басіна і Ігара Кузняцова паказалі, што Галадамор ў Беларусі хоць і быў менш маштабным, чым ва Украіне, але меў не менш цяжкія наступствы. У гэтыя ж гады на тэрыторыі УССР колькасць ахвяраў ішла на мільёны, што ўдалося падлічыць дзякуючы адкрытым архівам КДБ, але дакладная колькасць ахвяраў у Беларусі застаецца таямніцай, бо і дагэтуль уся інфармацыя на гэтую тэму засакрэчана. Паводле падлікаў украінскага навукоўца Віктара Гудзя, кандыдата гістарычных навук і дацэнта Мелітопальскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя Багдана Хмяльніцкага, у гэты час у Беларусі голадам і рэпрэсіямі было знішчана ад 100 да 500 тысяч чалавек. Так, паводле Віктара Гудзя, напрыклад, у адным толькі Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці, якая найбольш пацярпела ад Галадамору, за 1932—1933 ёсць дадзеныя пра загібель тысячы сялян.[3]

Нягледзячы на тое, што злачынныя дзеянні прадстаўнікоў сталінскай улады, што пацягнула смерць людзей голадам, кваліфікаваліся згодна з нормамі тагачаснага савецкага крымінальнага заканадаўства як забойства, прычыны гэтага масавага злачынства ніколі ў СССР не расследаваліся і ніхто з чыноўнікаў, якія мелі дачыненне да злачынства, не панёс пакарання пры тым, што нават вышэйшае кіраўніцтва СССР, у тым ліку Сталін, ведала пра факты гібелі людзей ад голаду. На працягу дзесяцігоддзяў масавае забойства людзей штучным голадам наўмысна не толькі замоўчвалася савецкай уладай, але і наогул забаранялася пра яго дзе-небудзь узгадваць.

Галадамор у Беларусі 1946—1947 гадоў правіць

Галадамор у Беларусі 1946—1947 гадоў — масавы голад 1946—1947 гадоў, які арганізавала камуністычная дыктатура, быў выкліканы як пасляваенным неўраджаем, так і спланаванай акцыяй сталінскага Палітбюро з мэтай забраць у сялян рэшткі збожжа і прадаць яго саюзным рэжымам у сацыялістычным лагеры. Так у 1946 годзе з СССР было вывезена 350 тысяч тон збожжа ў Румынію, у 1947 годзе — 600 тысяч тон збожжа — у Чэхаславакію, за тыя два гады Польская народная рэспубліка атрымала з Савецкага Саюза 900 тысяч тон хлеба.

Гісторыя беларускага галадамору 1946—1947 гадоў правіць

Голад 1932—1934 гадоў паўтарыўся ў 1946—1947 гадах, але на гэты раз датычыў абсалютна ўсёй рэспублікі, не толькі паўночнай часткі. 5 снежня 1946 года ў калгасе імя Варашылава Лоеўскага раёна прайшоў сход, дзе калгаснікі запатрабавалі хаця б бульбы, бо заявілі, што паміраюць ад голаду. Старшыня запярэчыў, што за гэта яго адправяць у Сібір, але калгаснікі яму адказалі «Цябе аднаго сашлюць, затое мы застанёмся жывыя».

У дакладной запісцы сакратарам ЦК КПБ Гусараву і Ігнацьеву ад ліпеня 1947 года пісалася: «У мінулым годзе ў Палескай вобласці ўраджай склаў 3,3 цэнтнера з гектара… Амаль палова калгасаў вобласці не выдавалі ў канцы гаспадарчага года хлеба і бульбы па працаднях… У Брагінскім раёне ў перыяд заканчэння севу два калгаснікі, працуючы за плугам, паваліліся і памерлі… Дзіцячыя садкі і прыёмнікі перапоўненыя дзецьмі, якіх бацькі кінулі праз немагчымасць пракарміць. Так, у Мазырскім дзіцячым доме, разлічаным на 50 дзяцей, знаходзіцца 137 дзяцей».

Паводле падлікаў гісторыка Ірыны Кашталян, голад 1946—1947 гадоў зазналі каля 300 тысяч жыхароў Беларусі. Колькасць памерлых і забітых не вядомая.

Гл. таксама правіць

Крыніцы правіць

  1. https://bessmertnybarak.ru/article/zakon_o_tryokh_koloskakh/ Бессмертный барак. «Закон о трёх колосках»
  2. https://www.kp.by/daily/24543.3/721375/(недаступная спасылка) Комсомольская правда. Голодомор в Беларуси: Матери варили младенцев, а немцы из Наровли просили помощи у Гитлера
  3. https://www.racyja.com/hramadstva/belaruski-galadamor-1932-1934-ad-100-da-500-tysyach-za/ Архівавана 25 снежня 2019. Радыё Рацыя. Беларускі Галадамор 1932—1934: ад 100 да 500 тысяч загінулых

Літаратура правіць

  • І. Раманава. Голад 1932—1934 гг. і Беларусь / / Спадчына. 2003. № 1—2. — С. 80—90.
  • Врублевский А. П., Протько Т. С. Из истории репрессий против белорусского крестьянства. 1929—1934. Минск: «Навука і тэхніка», 1992.
  • Заерко А. Л. Побеги из ада (История белорусского крестьянства). СПб: «Невский простор», 2003. — 302 с.
  • Лыч Г. Трагедыя беларускага сялянства. Мінск: Інстытут кіравання, 2003. — 268 с.
  • Протько Т. С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.). Минск: «Тессей», 2003. — 688 с.
  • Сарокін А. Рэха эпохі крайнасцяў: Беларуская вёска ад Дэкрэта да Кодэкса аб зямлі (1917—1990-я гады.). Мінск: «Права і эканоміка», 2005. — 304 с.

Спасылкі правіць