Галубіцкая пушча

Галубіцкая пушча — лясны масіў і гідралагічны заказнік дзяржаўнага значэння ў Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах Віцебскай вобласці. Плошча 20 тыс. га.

Язэп Драздовіч. Вёска Гараватка. З альбома Галубіцкая пушча. 1923

Уяўляе сабой мазаічнае спалучэнне леса-балотных, лугавых, балотных і лясных масіваў, а таксама буйных натуральных вадаёмаў, якія знаходзяцца ў водазборным басейне вярхоўяў ракі Бярэзіна.

Расліннасць правіць

Лясамі пакрытыя 70 % тэрыторыі, 18 % займаюць балоты. Ядром заказніка з'яўляюцца масівы сфагнавых і пераходных балот, якія размешчаны ў яго паўночнай частцы. Лясы ў асноўным прадстаўлены сярэднеўзроставымі хвойнікамі, у меншай ступені ельнікамі, чорнаалешнікамі, бярэзнікамі. Вельмі рэдка сустракаюцца фрагменты шыракалістых лясоў.

Гідраграфія правіць

Адносіцца да вярхоўяў ракі Бярэзіна, якая з'яўляецца асноўнай воднай артэрыяй заказніка. Даўжыня ракі ў межах ТВП складае 40 кіламетраў. Рэчышча яе вельмі звілістае і часта разгалінаванае, багатае на пратокі і невялікія пясчаныя астравы, якія затапляюцца ў паводку. Рака Бярэзіна на тэрыторыі заказніка працякае праз абалонавае возера Медзазол. Другое буйное возера Межужол размешчанае сярод сфагнавых балат і звязана з Бярэзінай меліяратыўнымі каналамі і ракой Чарніца. Вада гэтага возера характарызуецца нізкай мінералізацыяй і высокай колернасцю. Возера зарастае слаба. У выніку правядзення асушальнай меліярацыі і торфараспрацовак у заходняй і часткова ў паўднёва-усходняй частках заказніка гідралагічныя ўмовы тэрыторыі значна трансфарміраваліся.

Рэдкія і знікаючыя віды флоры, занесеныя ў Чырвоную кнігу, прадстаўлены 9 відамі раслін і 1 відам грыбоў.

Жывёльны свет правіць

На тэрыторыі сустракаецца 140 відаў птушак, два з якіх — арлан-белахвост (Haliaeetus albicilla) (1 пара) і драч (Crex crex) (10 самцоў) — знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення, а 24 занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. ТВП Галубіцкая пушча мае асаблівае значэнне для захавання наступных відаў: чорны бусел, скапа, арол-маркут.

Гаспадарчая дзейнасць правіць

 
Я. Драздовіч. Хутар на ўскрайку Галубіцкай пушчы

З гаспадарчай дзейнасці пераважае лесакарыстанне. Тарфяныя радовішчы на тэрыторыі Галубіцкай пушчы з'яўляюцца адной з асноўных у раёне баз здабычы прамысловай сыравіны. Мясцовыя жыхары на тэрыторыі заказніка збіраюць ягады і грыбы, займаюцца паляваннем і рыбнай лоўляй.

Інфармацыя для турыстаў правіць

Галубіцкая пушча — радзіма Язэпа Драздовіча. Месца правядзення шматлікіх пленэраў беларускіх мастакоў, прысвечаных знакамітаму земляку.

Спасылкі правіць