Гарадзенская ратуша

Гарадзенская ратуша — сядзіба органа грамадскага самакіравання Гродна, галоўны адміністрацыйны будынак. Гістарычныя назвы Ратуша, Ratusz, Магистратское строение, Гостиный двор, Stary ratusz.

Ратуша
Гродзенская ратуша
Галоўны фасад, пач. ХХ ст.
Галоўны фасад, пач. ХХ ст.
53°40′41″ пн. ш. 23°49′53″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Гродна
Архітэктурны стыль класіцызм
Дата пабудовы 1513 год
Дата скасавання 1946
Стан знішчана
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Езуіцкі касцёл і ратуша (справа)

Упершыню пра неабходнасць ўзвядзення ратушы ў Гродне ўпаміналася ў прывілеі на магдэбургскага права ў 1496 годзе, дзе падкрэслена: «Узвядуць нават ратушу на годным месцы, пад каторым які пакой або камору для пастрыгання сукна падрыхтаваць і мець ім не забараняем. Будуць таксама мець на ратушы меру збожжа, г.зн. бочку ратушную, ды меру мёду, г.з н. медніцу». Упершыню пісьмовыя крыніцы фіксуюць існаванне ратушы ў 1529 годзе. Пра вонкавы выгляд будынка можна меркаваць па выяве на медзярыце гравюры Маціяса Цюнта 1568 года і Тамаша Макоўскага 1600 года. Паводле іх, гэта быў двухпавярховы будынак, завершаны высокай вежай з гадзіннікам і назіральнай пляцоўкай. Можна меркаваць, што будынак быў вельмі падобны на ратушу ў Браўнсбергу.[1] Паводле інфармацыі з крыніц, каля ратушы працавалі крамы, важніца[2], а пад будынкам знаходзілася гарадская турма. Ратуша была зруйнавана ў 1660-х гадах у выніку захопу горада маскоўскімі войскамі. У зруйнаваным стане яна прастаяла больш за стагоддзе, пакуль у 1784 годзе на руінах старой не была ўзведзена новая ратуша, якая, аднак, неўзабаве была пашкоджана пажарам.

У 1815—1826 гадах ратуша была рэканструявана па праекце губернскага архітэктара Карла Багеміле ў класіцыстычным стылі[3]. Пасля вайны 1812 года грошай у гарадскім бюджэце амаль не было, таму аднаўляў будынак за свае сродкі купец Юдэль Гутка з правам арэнды на 20 гадоў. Дзякуючы малюнку Напалеона Орды 1867 года, захаваным планам і пісьмовым крыніцам, вядома, што будынак уяўляў сабой двухпавярховы атынкаваны цагляны аб’ём, замкнёны па перыметры, з выступам у паўднёва-ўсходняй частцы[4]. Фасады былі асіметрычныя, паўднёвы і паўночны былі ўпрыгожаны шасцікалоннымі порцікамі з элементамі дарычнага ордара. Пастаўленыя на стэрэабаты (п’едэсталы) калоны падтрымлівалі антаблемент з трохвугольным франтонам, на якім быў надпіс «MAGISTRAT» (у 1832 годзе надпіс заменены на «ГОРОДОВОЙ МАГИСТРАТЪ») з вялікіх пазалочаных медных літар[5]. Пад франтонамі размяшчаліся аркавыя праезды. Паверхі на фасадах будынка размяжоўваліся прафіляваным паяском. Дзверы і вокны на першым ярусе абрамлялі фігурныя ліштвы. Дах двухсхільны, з вальмамі. Сістэма планіроўкі на другім ярусе была калідорная. Ва ўсходняй частцы будынка знаходзіўся ганак з васьмю калонамі.

У 1821 годзе частка ратушы, што знаходзілася з боку вуліцы Купецкай (цяпер Маркса), была прыстасавана пад гаўптвахту (вязніцу для вайскоўцаў)[6]. Сам магістрат займаў палову другога паверха з боку вуліцы Замкавай. Пасля ліквідацыі магістрата ў выніку судовай рэформы 1864 года яго памяшканні заняла гарадская дума, а будынак перайменавалі ў «гасцінны двор». Да канца 1860-х гадоў былая ратуша прыйшла ў аварыйны стан. Пасля працяглай перапіскі і абмеркавання ўладамі было прынята рашэнне: «Городской Гостиный двор предполагается перестроить в один этаж с мезонином и устройством в оном в нижнем этаже помещения с той стороны здания, где прежде помещалась главная Гаубтвахта, 7 магазинов, а в остальных частях снаружи и внутри 77 лавок, в мезонине же помещение для Городской Думы, Сиротского суда и Квартирной Комиссии, и кроме сего во дворе гостиного здания 28 деревянных лавок для мелочной продажи».

Будынак быў перароблены ў 1869—1870 гадах Давідам Гальпернам за права атрымліваць сродкі за арэнду на працягу пэўнага часу. Падчас пажару 1885 года будынак згарэў, а разам з ім архіў гарадской думы з усімі актамі гродзенскага магістрата XVII—XIX стст. і старэйшымі дакументамі. Цягам наступных гадоў адрамантаваны[7].

У міжваенны час будынак належаў магістрату Гродна. У ім жыло пяць чалавек — магістрацкі супрацоўнік, вартаўнік, пераплётчык і служачыя. Акрамя жылых пакояў у будынку знаходзіліся бюро розных устаноў, у тым ліку Дзяржаўнага кіраўніцтва біржай працы і Польскага саюзу хатняй працы, канцылярыя Саюза інвалідаў вайны і Добраахвотнае таварыства пажарнай бяспекі. Асноўную частку памяшканняў магістрата займалі крамы. Агулам на 1924 год іх было 69.

Будынак зруйнаваны ў 1949 годзе для пашырэння Савецкай плошчы.

Зноскі правіць

  1. Супрон М. Двайнік гарадзенскай ратушы? 05.12.2016
  2. Супрон М. Гарадзенская важніца 29.01.2017
  3. Супрон М. Гарадзенская ратуша: новыя факты 06.01.2017
  4. Супрон М. Гарадзенская ратуша: перыяд класіцызму 01.06.2015
  5. Супрон М. Magistrat 17.11.2020
  6. Супрон 2017, с. 95-106.
  7. Супрон М. Гарадзенскі гасцінны двор (ратуша) на старых фотаздымках 15.03.2014

Літаратура правіць

Спасылкі правіць