Гарадзенская унія (1432)

Гарадзенская унія (15 кастрычніка 1432) — палітычны акт дзяржаўнага саюза Польшчы і ВКЛ, падпісаны ў Гродне ў выніку нарад Гарадзенскага сойма.

Высокімі бакамі дагавора выступілі польскі кароль Ягайла і нядаўна абраны з падтрымкай Польшчы вялікі князь літоўскі Жыгімонт. Унія была складзена ва ўмовах грамадзянскай вайны, нядаўняга гвалтоўнага звяржэння вялікага князя Свідрыгайлы і фактычнага падзелу ВКЛ на дзве часткі — пераважна каталіцкую Літву і пераважна праваслаўную Русь пад княжаннем Свідрыгайлы (Вялікае княства Рускае).

Адносіны дзвюх дзяржаў асноўваліся на ўмовах Віленска-Радамскай уніі (1401), і іх вызначэнне шмат у чым даслоўна паўтарала адпаведны тэкст 1401 года. ВКЛ прызнавалася спадчыннай уласнасцю Ягайлы і патомкаў, а значыць, і польскай Кароны. Вялікі князь адносна польскага караля захоўваў такі самы статус, як і ў папярэдніх падобных актах, і абавязваўся клятвай на верную пажыццёвую службу Кароне, як сам, так і яго дзеці. Вялікі князь мусіў выбірацца шляхтай і панамі абедзвюх дзяржаў. Упершыню быў асобна вылучаны тытул найвышэйшага князя, які захоўваў у дынастычным уладанні польскі кароль.

Жыгімонт прызнаваўся вялікім князем і атрымліваў велікакняжацкія ўладанні ў распараджэнне да скону, у такіх самых межах, як раней Вітаўт; пасля смерці Жыгімонта ўсе гэтыя землі, а таксама і тыя, якія ён бы здабыў, мусілі б вярнуцца да Кароны, з выключэннем яго вотчын, якія перайшлі б да сыноў, а з іх рук, у выпадку беспатомнага скону, таксама вярталіся б да Кароны. Таксама Жыгімонт абяцаў, што ані сам, ані яго патомкі не будуць дабівацца каралеўскага стальца.

Падолле цалкам вярталася ў склад Польшчы, а Валынь (Луцк, Уладзімір і інш.) дадавалася да асабістых уладанняў Жыгімонта. Усе саюзы і дагаворы, раней складзеныя Свідрыгайлам, і якія былі б «на шкоду каралеўству», разрываліся.

Сведкамі і гарантамі выканання Жыгімонтам умоў уніі выступілі літоўскія арыстакраты, сярод іх: віленскі епіскап Мацей, луцкі епіскап Андрэй, князі Аляксандр і Іван Уладзіміравічы[1], Сямён Іванавіч, Фёдар Карыбутавіч, кашталян віленскі Крысцін Осцік, стараста жмудскі Міхал Кезгайла, Ян Яўнут, Румбольд і іншыя.

Фактычна, нягледзячы на пэўныя саступкі літоўскім панам, напрыклад, дапушчэнне іх да выбараў вялікага князя, унія стала трыумфам польскай інкарпарацыйнай палітыкі — княства зводзілася да статуса польскага лена.[2]

Зноскі

  1. Acta Unji Polska z Litwą, Krakow, 1932, s. 81. Раней Ігнат Даніловіч, выдаючы апісанне таго ж дакумента, прачытаў гэта месца як «Аляксандр Іван Уладзіміравіч», што прывяло да адпаведнай памылкі ў залежных ад Даніловіча даследаваннях, у прыватнасці, у Лявіцкага.
  2. Гісторыя Беларусі : У 6 т. / В. Вяргей, І. Ганецкая, М. Гурын і інш.; Рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. — Мн.: ВП «Экаперспектыва», 2000. — Т. 2. — С. 159. — ISBN 985-6598-19-2.

Літаратура правіць