Гарадскі палац (Берлін)

Берлінскі Гарадскі палац (ням.: Berliner Stadtschloß) — галоўная (зімовая) рэзідэнцыя брандэнбургскіх маркграфаў і курфюрстаў, а пазней прускіх каралёў і германскіх імператараў на востраве Шпрэеінзель на рацэ Шпрэе ў цэнтры Берліна.

Фота Гарадскога палаца, 1920-я гады.
Размяшчэнне Гарадскога палаца на карце Берліна (па стане на 1930 год)/

Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 года палац выкарыстоўваўся ў якасці музея і штаб-кватэры розных устаноў: Таварыства кайзера Вільгельма, Інстытута псіхалогіі берлінскага ўніверсітэта імя Фрыдрыха Вільгельма і Таварыства ўзаемадапамогі нямецкай навукі. Палац значна пацярпеў ва Другую сусветную вайну, аднак яго стан тым не менш дазваляў праводзіць у ім некаторыя грамадскія мерапрыемствы. Аднак, ад планаў па яго аднаўленні было вырашана адмовіцца і разваліны палаца ў 1950 г. былі знесены.

Сумесным рашэннем федэральных і зямельных улад прыняты праект «Гумбальтфорум» (ням.: Humboldtforum — «Форум Гумбальта») па будаўніцтве на старым месцы, у кубатуры старога палаца, новага будынка ў прапорцыях старога палаца, з аднаўленнем трох яго гістарычных фасадаў. Будаўніцтва пачнецца ў 2013 г.

Гісторыя правіць

 
Гарадскі палац. Каля 1900 г.
 
Від на Гарадскі палац. Каля 1891 г.

Курфюрст Фрыдрых II па мянушцы «Жалезны зуб» пачаў будаўніцтва палаца ў 1443 годзе. На месцы, дзе пазней узнікне шлютэраўскі шэдэўр, знаходзілася крэпасць, якая кантралявала гандлёвыя шляхі, што перасякаліся на Шпрэеінзель . У 1465 годзе была пабудавана познегатычная капліца Эразма. Па загаду курфюрста Іаахіма II на месцы крэпасці архітэктарамі Каспарам Тайсам і Кунцам Бунтшу на ўзор замка ў Торгау была пабудавана раскошная рэзідэнцыя ў стылі Рэнесансу.

Пры курфюрсце Іагане Георгу ў канцы XVI ст. па праекце прыдворнага архітэктара Рохусам, графам Лінар было збудавана заходняе крыло палаца і прылеглая прыдворная аптэка. Пасля Трыццацігадовай вайны добраўпарадкаваннем струхлелага палаца заняўся Вялікі курфюрст Фрыдрых Вільгельм. Пазней у часы яго кіравання былі аформлены ўнутраныя памяшканні палаца як, напрыклад, «Кугелькамер» і «Браўншвайгская галерэя».

У цудоўную каралеўскую рэзідэнцыю палац ператварыў курфюрст Фрыдрых III, які стаў у 1701 годзе каралём Прусіі Фрыдрыхам I. Пад кіраўніцтвам архітэктара Андрэаса Шлютэра пачынаючы з 1699 года пачалося маштабнае ператварэнне палаца ў грандыёзны ўзор архітэктуры пратэстанцкага барока. Пабудаваную архітэктарам Манетную вежу у паўночна-заходняй частцы палаца прыйшлося знесці з-за дапушчаных памылак, завошта ў 1706 г. Шлютэр паплаціўся пасадай прыдворнага архітэктара, застаўшыся пры гэтым прыдворным скульптарам. На месца Шлютэра быў прызначаны яго канкурэнт Іаган Эазандэр фон Гётэ, які выступіў з новымі архітэктурнымі ідэямі. Праект палаца падлягаў перагляду, чаго аднак не адбылося з-за смерці Фрыдрыха I. Яго пераемнік, кароль Фрыдрых Вільгельм I, кароль-салдат, звольніў з меркаванняў эканоміі большасць мастакоў, якія працавалі пры двары, і пры спусцелай дзяржаўнай казне даручыў завяршыць будаўніцтва палаца невядомаму вучню Шлютэра Марціну Генрыху Бёмэ.

За выключэннем купальнага будынка, збудаванага ў 18451853 гг. па праекце Карла Фрыдрыха Шынкеля архітэктарамі Фрыдрыхам Аўгустам Шцюлерам і Альбертам Дытрыхам Шадавым, знешняе аблічча палаца захаваўся практычна без зменаў. Ва ўнутраным убранні палаца насупраць адбываліся шматлікія і часам значныя змены. Згадвання заслугоўвае праца дэкаратараў палаца Георга Венцэслауса фон Кнобельсдорфа, Карла фон Гонтарда, Карла Готгарда Ланганса, Фрыдрыха Вільгельма фон Эрдмансдорфа і Карла Фрыдрыха Шынкеля.

 
Партал Гарадскога палаца, убудаваны ў будынак Дзяржаўнага савета ГДР

Палац быў сведкай шматлікіх гістарычных падзей Першай сусветнай вайны. З балкона Гарадскога палаца 31 ліпеня і 1 жніўня 1914 г. кайзер Вільгельм II звярнуўся з прамовай да жыхароў Берліна, заклікаючы да нацыянальнага адзінства напярэдадні распачатай вайны. З таго ж балкона 9 лістапада 1918 г. пасля паражэння кайзераўскай імперыі і ўцёку манарха лідар сацыялістаў Карл Лібкнехт абвясціў у Германіі сацыялістычную рэспубліку.

Разбурэнне і знішчэнне правіць

У выніку маштабных бамбардзіровак Берліна 3 і 24 лютага 1945 г. будынак Гарадскога палаца пацярпеў ад разбурэнняў і пажару. Палац, у якога захаваліся толькі знешнія і апорныя сцены, лесвічныя маршы і асобныя памяшканні крыла з Белай залай, уяўляў сабой маляўнічую і драматычную карціну грандыёзных руін. З 1945 па 1950 гг. некаторыя памяшканні палаца, у тым ліку Белая зала, былі сяк-так адноўлены для правядзення выставак. Для новых улад палац быў сімвалам прускага абсалютызму, і кіраўніцтва ГДР адмовілася ад ідэй дарагога аднаўлення разбуранага будынка і прыняло рашэнне аб яго зносе. У канцы 1950 года па загадзе Вальтэра Ульбрыхта Гарадскі палац быў ўзарваны.

Пасля зносу палаца плошча Маркса і Энгельса (ням.: Marx-Engels-Platz) з 1 мая 1951 года стала месцам правядзення дэманстрацый і парадаў з трыбунай для кіраўніцтва краіны. У 19731976 гадах на месцы трыбуны быў выбудаваны Палац Рэспублікі. З паўднёвага боку плошчы ў 1964 годзе быў збудаваны будынак Дзяржаўнага Савета ГДР, у які быў убудаваны партал Гарадскога палаца, з балкона якога ў 1918 годзе Карл Лібкнехт абвясціў у Германіі сацыялістычную рэспубліку. Новы будынак быў зачынены ўлетку 1990 года, паводле афіцыйнай версіі, з прычыны наяўнасць у будаўнічых канструкцыях шкоднага для здароўя чалавека азбесту. У 2006 годзе пачаліся працы па яго зносе, якія былі скончаны ў 2008 годзе, а пасля на пустым месцы быў разбіты сквер.

Аднаўленне правіць

12 чэрвеня 2013 года прэзідэнтам ФРГ Іаахімам Гаўкам быў урачыста закладзены першы камень новага Гарадскога палаца[1]. Новы сучасны комплекс плошчай 40 тысяч кв. метраў будзе насіць назву «Гумбальтфорум» (ням.: Humboldtforum — «Форум Гумбальта») у гонар двух выбітных нямецкіх вучоных — братоў Вільгельма і Аляксандра фон Гумбальдтаў[2]. Праект рэалізуецца паводле праекта італьянскага архітэктара Франка Стэлы пад эгідай фонду Прускай культурнай спадчыны. Ён прадугледжвае аднавіць тры фасады ў барочным стылі, а чацвёрты, які выходзіць на раку Шпрэе, павінен паказаць сучаснае аблічча адноўленага палаца[1]. Комплекс будзе выкарыстоўвацца для правядзення выставак і канферэнцый, размяшчэнні некалькіх пастаянных музейных экспазіцый, а таксама архіваў і навуковых арганізацый[2].

Мяркуецца, што будаўніцтва будзе завершана ў 2019 годзе, яго кошт ацэньваецца ў 590 млн еўра, 478 млн з якіх падаецца дзяржавай, 32 млн — уладамі Берліна, яшчэ 80 млн паступяць з прыватных ахвяраванняў.[1].

Мастацкае значэнне правіць

Гарадскі палац і будынкі, якія атачалі яго, уяўлялі сабой унікальны архітэктурны ансамбль у цэнтры Берліна. Нягледзячы на тое, што палац увесь час знаходзіўся ў няскончаным выглядзе, ён стаў адным з выбітных твораў архітэктуры пратэстанцкага барока і заняў значнае месца ў гісторыі мастацтва. У першую чаргу заслугоўваюць увагі творы Андрэаса Шлютэра, буйнога майстра германскага барока. Унёсак Эазандэра, у прыватнасці, яго так і нерэалізаваны праект, мае таксама вялікае мастацкае значэнне, але па сваім стылістычным выкананні значна саступае таленту Шлютэра. Класіцыстычнае ўбранне памяшканняў палаца, якое ўзнікла праз стагоддзе пасля Шлютэра, таксама лічылася шэдэўрам свайго часу. Берлінскі Гарадскі палац з'яўляўся адным з лепшых узораў каралеўскіх рэзідэнцый Еўропы.

Кур'ёзы правіць

 
Палацавы фантан, 1905 год
  • Па легендзе, у «Берлінскі гарадскі палац» насяляў вядомы прывід дынастыі Гогенцолернаў — «Белая жанчына», якая сваім з'яўленнем за тры дні да смерці члена манархавай сям'і паведамляла пра гэту трагічную падзею. Упершыню прывід з'явіўся ў 1628 годзе, пазней у 1840 і 1850 гадах. Наглядчык палаца, а пазней яго дырэктар Маргарэтэ Кюн заяўляла, што апошні раз бачыла прывіда 31 студзеня 1945 года — за тры дні да бамбардзіроўкі палаца.
  • Паводле іншай легенды, погляд Нептуна ў Палацавым фантане (цяпер вядомы берлінскі фантан «Нептун»), падораным кайзеру Вільгельму II горадам, быў накіраваны на вокны каралеўскай спальні, што надзвычай нервавала імператрыцу Аўгусту Вікторыю, якая загадала нават развярнуць фантан на 180 градусаў.

Гл. таксама правіць

Зноскі

Спасылкі правіць