Гасан (Хасан) Канапацкі (польск.: Hassan Konopacki; 25 лютага 1878, Мінск — 11 мая 1953, Быдгашч) — беларускі ваенны і нацыянальны дзеяч, палкоўнік, камандзір беларускіх ваенных часцей ў польскім войску (1919—1921).

Гасан Канапацкі
Дата нараджэння 25 лютага (9 сакавіка) 1878
Месца нараджэння
Дата смерці 11 мая 1953(1953-05-11) (75 гадоў)
Месца смерці
Дзеці Мацей Канапацкі
Альма-матар
Месца працы
Грамадзянства
Званне палкоўнік
Бітвы/войны
Узнагароды і званні
ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені ордэн Святой Ганны 2 ступені ордэн Святога Станіслава 2 ступені ордэн Святога Станіслава
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Біяграфія правіць

Раннія гады правіць

Паходзіў з шляхецкага роду татарскага паходжання, сын калежскага асэсара Амурата Канапацкага.

Афіцэр расійскай арміі правіць

У 1896 годзе скончыў Полацкі кадэцкі корпус, у 1898 — Пецярбургскую артылерыйскую школу імя велікага князя Канстанціна Паўлавіча. Быў выпушчаны падпаручнікам у 30-ю артбрыгаду, якая стаяла ў Мінску, дзе адразу пасля прыбыцця прыняў пад камандаванне ўзвод у 8-й батарэі. Неўзабаве акуратнага і выканаўчага афіцэра прызначылі справаводам сваёй батарэі, а праз год ён стаў скарбнікам брыгады, працягваючы службу малодшым афіцэрам 3-й батарэі. Адразу ж пасля пачатку вайны з Японіяй батарэя Канапацкага высунулася на Далёкі Усход, дзе ў сакавіку 1904 года ў раёне Чыты ўдзельнічала ў фарміраванні 1-й Сібірскай артбрыгады. Праз адсутнасць старшага афіцэра 1-й батарэі яго абавязкі стаў выконваць 26-гадовы паручнік Канапацкі. Малады афіцэр удзельнічаў ва ўсіх трох галоўных сухапутных бітвах вайны — пры Ляояне, рацэ Шахэ і Мукдэне, прычым у першым выпадку, разам са старэйшымі камандзірамі, удзельнічаў у камісіі па абароне, а ў другім выпадку быў цяжка паранены шрапнэллю ў сцягно. Хоць Канапацкі параўнальна хутка вярнуўся ў строй, з-за ранення ў снежні 1904 года быў залічаны ў артзапас маньчжурскай арміі, дзе заставаўся да канца кампаніі. Пасля вайны застаўся з брыгадай на Далёкім Усходзе — спачатку ў Хабараўску, а затым у Благавешчанску, дзе працягваў службу старшым афіцэрам у чыне штабс-капітана (з 1909 — капітана)[1].

У 1912 годзе па ўласнай просьбе быў пераведзены ў 3-ю брыгаду палявой артылерыі ў Калугу.

Ад пачатку Першай сусветнай вайны ўзначальваў 5-ю батарэю 57-й артбрыгады на паўночна-заходнім кірунку, дзе ў жніўні 1916 года быў кантужаны і атручаны газамі. З лістапада 1916 года ўзначальваў 6-ю батарэю 69-й артбрыгады. Да трох ордэнаў за руска-японскую вайну (Св. Ганны 4-й і 3-й ст., Св. Станіслава 3-й ст.) дадаліся ордэны Св. Ганны 2-й ст., Св. Станіслава 2-й ст. і Св. Уладзіміра 4-й ст. Такім чынам, Канапацкі стаў уладальнікам ўсіх асноўных обер-афіцэрскіх ордэнаў таго часу. Лячыўся і служыў у Мінску ў эвакуацыйным пункце (май-кастрычнік 1917). 6 лістапада 1917 года атрымаў званне палкоўніка.

10 мая 1918 года пасля расфарміравання 69-й артылерыйскай брыгады, здаў грошы і дакументы Маскоўскаму абласному камісару ваенных спраў і вярнуўся ў Мінск.

Удзел у стварэнні беларускага войска правіць

 
Быдгашч. Памятная таблічка на доме дзе жыў Гасан Канапацкі

У 1919 годзе палонафільскі кірунак беларускага руху робіць спробы па арганізацыі беларускіх узброеных сілаў пад эгідай польскай арміі. У канцы верасня 1919 года Гасан Канапацкі кіраваў вайсковым аддзелам Беларускай вайсковай камісіі, якую ўзначальваў Павел Аляксюк. На мяжы верасня і кастрычніка структура БВК была значна зменена, былі створаны тры камісіі: кваліфікацыйная, статутная і арганізацыйная. Канапацкі ўзначаліў арганізацыйную камісію.

У сярэдзіне кастрычніка Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны накіравала ў Варшаву дэлегацыю (у склад уваходзілі П. Аляксюк і Г. Канапацкі), якая прапанавала польскім уладам план стварэння беларускай дывізіі. 22 кастрычніка 1919 года Юзаф Пілсудскі падпісаў доўгачаканы дэкрэт пра арганізацыю беларускага войска, быў аддадзены загад фармаваць беларускія часці ў складзе двух батальёнаў пад каманадаваннем Г. Канапацкага. Месцам фармавання гэтых часцей быў вызначаны Слонім. Акрама таго быў зацверджаны склад БВК, месцам яе знаходжання быў вызначаны Мінск[2].

На пачатку лістапада 1919 года ў гутарцы для газеты «Беларускае жыццё», якую выдаваў Францішак Аляхновіч, Канапацкі прадставіў свае планы па стварэнні беларускага войска:

Пачатак будаваньня арміі — глаўным чынам будзе падгатоўка кадраў, як афіцэрскіх, так і падафіцэрскіх. Дзеля гэтага цяпер-жа ўсе афіцэры арганізацый Гародненскай і Віленскай, а таксама і зарэгістрываныя ў Менску, па разгляду іх дакументаў кваліфікацыйнай падкамісыей, будуць залічаны ў падрэзэрву і павінны праслухаць паўтарыцельныя афіцэрскія курсы і курсы беларусазнаўства, а асабліва беларускую мову і перэтлумачаную камандную і вайсковую тэрміналёгію. Праслухаўшы курсы, кожны з іх атрымае адпаведнае становішча ў фармаваным войску… Вайсковая Камісыя мае дзьве найважнейшыя мэты: вэрбоўку жаўнера ахвотніка і нацыянальнае гадаваньне войска… Самая шырокая агітацыя вайсковай справы на нашай вёсцы, навадненьне яе брашурамі, адозвамі і іншым друкаваным матар’ялам — будзе таксама нашым важным заданьнем. Армія беларуская — і ні воднага слова ў камандзе з першага мамэнту яе жыцьця не будзе ў чужацкай мове. Усё беларускае: каманда, статуты, дзелаводства[3].

На мяжы лістапада і снежня 1919 года БВК разам з вайскоўцамі, прынятымі ў беларускія шэрагі, пераехала з Вільні ў Мінск, дзе размясцілася ў гатэлі «Гарні». Але пры ўсіх прапагандысцкіх намаганнях арганізацыйная праца шла марудна.

У студзені 1920 года дэлегацыя БВК (П. Аляксюк, Г. Канапацкі, Аляксандр Прушынскі) адправілася на перамовы ў Варшаву, здолелі дамовіцца, што цэнтрам фарміраванння войска замест Слоніма будуць Баранавічы, а ў сакавіку будуць адкрыты 9-месячныя курсы ў Школе падхаружых у Варшаве і 3-месячныя ў Школе падафіцэрскай ў Остраве для 100—120 беларусаў.

17 сакавіка 1920 года вярбоўка і адбор добраахвотнікаў былі вылучаны з кампетэнцыі БВК і перададзеныя польскай мясцовай адміністрацыі (Генеральнаму камісарыяту ўсходніх земляў), БВК фактычна адводзілася роля канцылярыі, палкоўнік Канапацкі быў падпарадкаваны генеральнаму штабу польскай арміі. У гэтым час пачынаюцца разнагалоссі яго з рэштай БВК. 17 красавіка 1920 года Канапацкі, тлумачачы рашэнне благім станам здароўя, праінфармаваў польскія ўлады і БВК пра адыход з пасады кіраўніка Беларускай вайсковай камісіі. ІІ Аддзел камандавання этаповай акругі Мінск прыняў адстаўку Канапацкага, аднак назваў гэты факт фатальным, бо годнай кандыдатуры камандуючага, які б быў пріхальны Польшчы, не знайшлося. Як варыянт вырашэння сітуацыі прапаноўвалася прызначыць Канапацкаму ад’ютанта — афіцэра польскіх войскаў, задачай якога было б улагоджванне супярэчнасцяў паміж камандуючым і БВК. Іначай Канапацкага ацэньваў Аддзел IV Арміі, ён быў абвінавачваны ў супрацоўніцтве з рускімі, у няведанні беларускай мовы і браку арганізацыйных здольнасцяў[4].

Пасля размовы з прадстаўнікамі ІІ Аддзела камандавання этаповай акругі Мінск Канапацкі пачаў дзейнічаць па адкліканні сваёй адстаўкі і выключэнні са складу БВК Алексюка, Аўсяніка і Якубоўскага. Канапацкі атрымаў згоду на адстаўку да 21 мая, бо ў гэты дзень камандуючым беларускіх атрадаў быў прызначаны маёр Ян Завісляк. Канапацкі быў пераведзены ў т.зв. віленскую рэзэрву БВК.

Дзейнасць у беларускіх арганізацыях правіць

Неяснымі застаюцца абставіны жыцця Канапацкага з мая 1920 да сакавіка 1921 года. Пакуль няма пэўнага пацверджання версіі, што ён браў удзел у Слуцкім паўстанні ў лістападзе 1920 года. Таксама памылкова яго атаясняюць з адным з кіраўнікоў антысавецкага руху на Ігуменшчыне Аляксандрам Канапацкім.

З 1921 года асядае ў Вільні.

Браў актыўны ўдзел у беларускім руху: быў намеснікам старшыні Рады старэйшых Беларускага музычна-драматычнага гуртку і сакратаром Беларускага грамадзянскага сабрання (БГС), пасля расколу ў БГС 21 верасня 1924 — намеснікам старшыні ва ўтворанай Часовай беларускай радзе (да красавіка 1925), якая супрацоўнічала з польскімі ўладамі, супрацстаяла Беларускаму пасольскаму клубу. У гэты час зблізіўся з Францішкам Аляхновічам, Арсенем Паўлюкевічам, Макарам Касцевічам (Краўцовым) і быў сябрам таварыства «Беларуская хатка» у Вільні.

На з’ездзе Заходняй Беларусі 2628 чэрвеня 1926 года, скліканым Часовай беларускай радай, удзельнічаў як прадстаўнік таварыства «Прасвета». 21 лістапада 1927 — 2 красавіка 1928 года—кіраўнік рэдакцыі часопіса «Беларускі радны». У 1928 годзе падчас выбарчай каміі ў Сейм і Сенат узначальваў Цэнтральны агульнабеларускі народны выбарчы камітэт, які аб’ядноўваў палонафільскія арганізацыі. Камітэт вылучыў сваіх кандыдатаў у Наваградку і Лідзе, але безпаспяхова.

З 1937 года працаваў у бухгалтэрыі Земскага банка. У 1941—1943 гадах быў старшынёй бацькоўскага камітэта Віленскай беларускай гімназіі, дзе вучыўся яго сын Мацей, пісаў фельетоны ў «Беларускі голас».

У чэрвені 1946 года разам з сям’ёй (жонкай Аленай, дачкой Тамарай і сынам Мацеем) выехаў у Польшчу ў горад Быдгашч, дзе і памёр.

Сям’я правіць

У 1910 годзе ажаніўся ў Мінску з Аленай Іванаўнай Ільясевіч, праваслаўнай, дачкой падпалкоўніка Івана Мацвеевіча Ільясевіча і Лізаветы Ахматовіч. Аляксандр Мацвеевіч Ільясевіч, палкоўнік 27-й артбрыгады ў Вільні і георгіеўскі кавалер, даводзіўся ёй дзядзькам. Сын, Мацей Канапапцкі, працаваў у беларускім штотыднёвіку «Ніва» (Беласток), і як літаратуразнавец займаўся вывучэннем беларускай літаратуры ХІХ-ХХ стагоддзяў.

Зноскі

  1. Некаторыя біяграфічныя дадзеныя былі ўдакладнены расійскім гісторыкам Ігарам Барынавым на аснове службовай справы Гасана Канапацкага ў 69-й артылерыйскай брыгадзе (РГВИА). https://www.facebook.com/groups/zapisybelarusaveda/permalink/656606048821509/
  2. Латышонак Алег. Жаўнеры БНР. Смаленск: Інбелкульт, 2014. — С. 108—127.
  3. Цытуецца паводле: Helena Głogowska. Pułkownik Hassan Konopacki — dowódca oddziałów białoruskich w Wojsku Polskim (1919—1920) // Rocznik Centrum Studiów Białoruskich. No. 7 . Warszawa, 2021. — S. 117—141.
  4. Гамулка Крысціна. Паміж Польшчай і Расіяй. Беларусь у канцэпцыях польскіх палітычных фармаванняў, 1918-22. — Вільня: 2008. — С. 129—132.

Спасылкі правіць