Гаўно мастака

твор італьянскага мастака П’ера Манцоні, 1961

Гаўно́ мастака́ (італ.: Merda d'artista) — твор мастацтва італьянскага мастака П’ера Манцоні, прадстаўніка канцэптуалізму.

П’ера Манцоні[1]
Гаўно мастака. 1961[1]
Матэрыял бляшанка[1] і кал чалавека[d][1]
Museo del Novecento[d]

Гісторыя правіць

Манцоні цікавіўся тэмай узаемаадносін паміж прадуктамі мастацтва і прадуктамі жыццядзейнасці чалавека. Ён стварыў працу «Дыханне мастака» — серыю з паветраных шароў, напоўненых паветрам з ягоных лёгкіх.

На стварэннем бляшанак з фекаліямі мастака мог натхніць бацька, уладальнік завода кансерваў. Лічыцца, што аднойчы ён сказаў свайму сыну, што ягоныя творы — гаўно[2]. У снежні 1961 года Манцоні напісаў свайму сябру Бэну Вуацье: «Я б хацеў, каб усе мастакі прадавалі свае адбіткі пальцаў і спаборнічалі ў тым, хто зможа правесці самую доўгую лінію ці прадаць сваё гаўно ў слоіках… калі калекцыянеры хочуць штосьці інтымнае, штосьці, што запраўды блізкае да мастака — тут ёсць гаўно мастака, калі яно насамрэч ягонае»[3].

21 траўня 1961 года Манцоні сабраў свае фекаліі ў 90 пранумараваных кансервавых бляшанак, у кожнай з якіх было па 30 грамаў, напісаў на іх «100-адсоткавае натуральнае гаўно мастака» на італьянскай, англійскай, французскай і нямецкай мовах і пакінуў на кожнай з іх свой подпіс. Пасля гэтага ён прадаў іх па цане, якая была роўнай цане золата той жа масы (каля 37 долараў на той час).

Манцоні сцвярджаў, што сваім праектам ён прыцягвае ўвагу да даверлівасці пакупнікоў твораў мастацтва. «Усім гэтым міланскім буржуазным свінням падабаецца толькі гаўно» — сказаў мастак[4].

Паводле сцверджанняў Агасціна Баналумі, мастака, які працаваў з Манцоні, у бляшанках насамрэч змешчаны звычайны гіпс[5]. Але многія з бляшанак узарваліся, адкрыўшы змесціва, ніхто з іх уладальнікаў не заявіў пра «падман»[4]. У 2008 годзе французскі журналіст Бэрнар Базіль паказаў публіцы адну з адкрытых бляшанак. Унутры была яшчэ адна бляшанка, меншая паводле памераў (якую ён не адкрыў) і аформленая такім жа чынам, што і большая[6][7].

Мастацкі аналіз правіць

Энрыка Бай, сябра Манцоні, казаў, што бляшанкі — гэта «акт здзекавання з свету мастацтва, мастакоў і крытыкаў»[8]. Творы таксама інтэрпрэтуюць як адсылку да ідэі Карла Маркса аб таварным фетышызме і рэдзі-мэйдаў Марсэля Дзюшана[9][10].

Хоць «Гаўно мастака» і ёсць звычайным прадуктам фізіялогіі, гэты твор мае асаблівы сэнс і ёсць адным з прыкладаў творчай спадчыны наэдадаізму. Сам Манцоні, калі гаварыў пра свой твор, спасылаўся на ідэі новага рэалізму, які прапануе засяродзіцца на тэме фігуры самога мастака.

Сваёй правакацыйнай працай Манцоні імкнуўся раскрыць механізмы супярэчнасці сучаснай сістэмы мастацтва. Свой «пратэст» ён выяўляў і іншымі сродкамі: напрыклад, ён распісваўся на аголеных людзях для выстаўкі і выдаваў ім сертыфікат запраўднасці; аднойчы пры гледачах ён зварыў укрутую некалькі яек і пакінуў на іх адбіткі пальцаў — пасля чаго заявіў, што ўсё гэта таксама ёсць творам мастацтва. Кансервавыя бляшанкі сталіся маніфестам сваёй эпохі, выявіўшы абсурднасць уяўлення пра сутнасць творчасці, якая складаецца ў тым, што любы прадукт можа быць прызнаны яго аб’ектам не з прычыны ўласнай каштоўнасці, але толькі праз тое, што ягоны творца мае ўстойлівую рэпутацыю мастака.

Крытыкі таксама палічылі, што запакаваныя фекаліі — гэта выпад Манцоні супраць мастакоў, якая разглядалі мастацтва ў якасці сродкаў увекавечання сябе.

Грашовы бок правіць

На сягоння бляшанкі кансерваў месцяцца ў галерэях мастацтва ў многіх краінах свету: так, бляшанка № 4 прадстаўленая ў галерэі Тэйт у Лондане, № 12 — у музеі сучаснага мастацтва Данарэджына ў Неапалі, № 80 — у музеі Навечэнта ў Мілане. Рынкавая цана кожнай з бляшанак ацэньваецца прыкладна ў 70 тыс. еўра — гэта значыць намнога больш за тую, што была пастаўленая самім аўтарам. 23 траўня 2007 года адзін з асобнікаў быў прададзены за 124 тыс. еўра на аўкцыёне «Сотбіс»[4]. Гэты рэкорд быў пабіты двойчы: 16 кастрычніка 2015 года на аўкцыёне «Christie's» за 182 тыс. фунтаў была купленая бляшанка № 54, а 6 снежня 2016 года ў Мілане на аўкцыёне Il Ponte Casa d’Aste за 220 тыс. еўра была купленая бляшанка № 69[11].

У сярэдзіне 1990-х гадоў адна з бляшанак, якая захоўвалася ў музеі горада Ранерс, Данія, пачала працякаць. Калекцыянер Джон Хунаў, які перадаў яе туды на захоўванне ў 1994 годзе, абвінаваціў супрацоўнікаў музея і выступіў з судовым пазовам супраць іх. Выявілася, што бляшанка запраўды захоўвалася там пры занадта высокіх тэмпературах. Суд абавязаў музей выплаціць 250 тыс. дацкіх крон калекцыянеру[12].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. а б в г https://www.tate.org.uk/art/artworks/manzoni-artists-shit-t07667 Праверана 29 лістапада 2019.
  2. Tate. Excremental value: Piero Manzoni's 'Merda d'artista' – Tate Etc (англ.). Tate. Праверана 26 верасня 2019.
  3. Battino, Freddy; Palazzoli, Luca (1991). Piero Manzoni: Catalogue raisonné. Milan. p. 144. ISBN 8844412470.
  4. а б в Оуэн, Ричард. «Дерьмо художника» оказалось гипсом. InoPressa.ru (12 чэрвеня 2007). — В мае этого года на аукционе в Милане банка номер 18 ушла за 124 тыс. евро (84 тыс. фунтов). Праверана 27 кастрычніка 2008.
  5. Corriere della Sera di lunedì 11 giugno 2007, p. 30.
  6. Opening the Can: Boîte ouverte de Piero Manzoni | BEACH (англ.). Праверана 26 верасня 2019.
  7. Riccardo Venturi. Piero Manzoni | Merda d’artista exibart.com (італ.). exibart.com (29 чэрвеня 2004). Праверана 26 верасня 2019.
  8. Dutton, Denis (1 July 2009). The Art Instinct: Beauty, Pleasure, and Human Evolution. Bloomsbury Publishing. p. 202. ISBN 9781608191932.
  9. Tate. Excremental value: Piero Manzoni's 'Merda d'artista' – Tate Etc (англ.). Tate. Праверана 26 верасня 2019.
  10. Bryan-Wilson, Julia (2003). Work Ethic. Penn State Press. p. 208. ISBN 9780271023342.
  11. Redazione. Piero Manzoni — Cosa c'è nelle scatole di «merda d'artista». Record: un pezzo schizza a 275mila euro (італ.). Stile Arte (20 ліпеня 2015). Праверана 26 верасня 2019.
  12. Museum sur over lorteudtalelse (англ.). jyllands-posten.dk (1 сакавіка 2010). Праверана 26 верасня 2019.

Літаратура правіць

  • Germano Celant, Piero Manzoni, New York 1972
  • Freddy Battino and Luca Palazzoli, Piero Manzoni: Catalogue raisonné, Milan 1991, pp. 123—128, 472—475, catalogue no. 1053/4, reproduced p. 472
  • Piero Manzoni, exhibition catalogue, Serpentine Gallery, London 1998, reproduced pp. 201—206 in colour

Спасылкі правіць