Геаграфія Венесуэлы

Венесуэла — дзяржава плошчай 916 тыс. кв.км. на поўначы Паўднёвай Амерыкі. На поўначы на працягу 2800 км абмываецца цёплымі водамі Карыбскага мора i Атлантычнага акіяна. У Карыбскім моры Венесуэле належаць шматлікія астравы, найбуйнейшы з якіх — Маргарыта. Мяжуе з Гаянай на ўсходзе, з Калумбіяй на захадзе, з Бразіліяй на поўдні. На паўночным усходзе мае марскую мяжу з Трынідадам і Табага. Межы у асноўным цяжкапраходныя, ідуць па забалочаных і залесеных нізінах, стромых плато і высозных гарах. Такі характар межаў, з аднаго боку, спрыяе бяспецы краіны, з іншага — замінае развіццю інтэграцыі з суседзямі. Венесуэла прэтэндуе на дзве траціны тэрыторыі суседняй Гаяны на захад ад ракі Эсекіба.

Суседская тэрыторыя Гаяна-Эсекіба, якую Венесуэла лічыць сваёй

Краявіды Венесуэлы змяняюцца ад заснежаных пікаў Анд да саваннаў Арынокскай нізіны, ад дажджавых лясоў Амазоніі да сталовых гор Гвіянскага пласкагор’я. Жывая прырода Венесуэлы характарызуецца выключным відавым багаццем, аб чым сведчыць сёмае месца ў спісе краін паводле біяразнастайнасці.

Геалагічная будова і рэльеф правіць

 
Рэльеф Венесуэлы

Тэрыторыя Венесуэлы адрозніваецца складанай геалагічнай будовай і, адпаведна, рэльефам. Заходняя частка краіны ляжыць у маладым складкаватым поясе — гэта паўночна-ўсходняя ўскраіна Андаў, дзе Усходняя Кардыльера дзеліцца на два ланцугі: Сьера-дэ-Перыха (заходні) і Кардыльера-дэ-Мерыда (усходні) з найвышэйшым пунктам краіны — гарой Балівар. Паміж ланцугамі размяшчаецца адкрытая да Карыбскага мора ўпадзіна Маракайба. На паўднёвым усходзе Венесуэлы паўстала велічнае Гвіянскае пласкагор’е, якое геалагічна адпавядае Гвіянскаму шчыту Паўднёваамерыканскай платформы. Пры абсалютных вышынях 1-3 км пласкагор’е ўражвае неверагоднымі стромымі схіламі кіламетровай вышыні — гэта рэльеф сталовых гор тэпуі. Ланцужок пясчанікавых гор-тэпуі Сера-Пакарайма ідзе ўздоўж паўднёвай мяжы краіны ад масіва Рарайма на стыку Венесуэлы, Гаяны і Бразіліі на захад да гары Дуіда каля р. Касік’ярэ. Паміж Андамі і Гвіянскім пласкагор’ем заціснулася Арыноцкая нізіна, створаная адкладамі ракі Арынока і яе левых прытокаў.

Карысныя выкапні правіць

Складанасць геалагічнай будовы абумовіла шырокі набор карысных выкапняў: нетры Венесуэлы тояць сусветныя запасы нафты (упадзіна возера Маракайба, першае месца ў свеце), рэгіянальныя запасы баксітаў і жалезных руд.

Клімат правіць

 
Вадаспад Кукенан сягае з 674метровай стромы Кукенан-Тэпуі

Клімат Венесуэлы вызначаецца чаргаваннем вільготных экватарыяльных паветраных мас пры штылявым надвор’і летам і сухіх пасатных вятроў зімой. На болей як трох чвэрцях плошчы краіны дажджлівы сезон працягваецца з мая па лістапад. Колькасць ападкаў вар’іруе ад 280 мм на Карыбскім узбярэжжы да 2000 мм і больш у раёне паўднёвага ўскрайку возера Маракайба і на наветраных схілах гор і Гвіянскім пласкагор’і. Сухі сезон працягваецца з снежня па красавік. Тэмпературы мала змяняюцца на працягу года і залежаць у асноўным ад вышыні мясцовасці. Прыбярэжныя мясцовасці адрозніваюцца начной спякотай і высокай вільготнасцю паветра, на схілах і ў далінах гор тэмпературы ніжэйшыя і ўмовы больш камфортныя для пражывання чалавека. Менавіта таму ўсе буйныя гарады размешчаны на вышыні ад 600 да 1850 метраў над узроўнем мора. Вышэй за 1800 м клімат значна халаднейшы і блізкі да клімату ўмераных шырот. На вышынях больш за 3000 м настолькі халодна, што земляробства практычна немагчыма, і асноўным відам сельскагаспадарчай дзейнасці з’яўляецца авечкагадоўля.

Унутраныя воды правіць

 
Сустрэча рэк Арынока і Карані

Галоўная рака краіны — Арынока. Гэта трэцяя паводле даўжыні рака кантыненту і адна з самых шматводных рэк свету. Пры ўпадзенні ў Атлантычны акіян Арынока ўтварае вялікую дэльту. Вадазборны басейн Арынока займае прыкладна чатыры пятых тэрыторыі Венесуэлы. Рака Касік’ярэ сістэмы Арынока атрымала вядомасць дзякуючы з’яве біфуркацыі: Касік’ярэ злучае вярхоўі Арынока з вярхоўямі Рыу-Негру, і яе воды падзяляюцца паміж дзвюма рачнымі сістэмамі. Яшчэ адзін з прытокаў сістэмы Арынока, рака Чурун, робіць галавакружны скачок з Аўян-Тэпуі, такім чынам утвараючы найвышэйшы ў свеце вадаспад — Анхель, вышынёй 979 метраў. На некаторых буйных прытоках Арынока (напрыклад, Карані) створаны вадасховішчы. На паўночным захадзе Венесуэлы знаходзіцца кроплепадобнае возера-лагуна Маракайба, найвялікшае возера Паўднёвай Амерыкі.

Расліннасць і фларыстычныя вобласці правіць

Разнастайнасць абсалютных вышынь, колькасці ападкаў і іншых умоў асяроддзя тлумачыць неаднароднасць расліннага покрыва і багацце флоры краіны. Можна вылучыць некалькі фларыстычных абласцей.

Венесуэльскія Анды правіць

Венесуэльскія Анды — гэта працяг Андыйскай вобласці захаду Паўднёвай Амерыкі. Схілы венесуэльскіх Анд пакрытыя густымі і цяжкапраходнымі мохавымі лясамі, званымі таксама горнымі дажджавымі або хмарнымі. Гэта пояс хіннага дрэва (Cinchona), які часта лічыцца ўмераным па клімаце. Вышэй мяжы вырастання дрэў знаходзяцца бязлесныя парама з дамінаваннем відаў Espeletia, хмызнячкоў і падушкападобных раслін. Гэтыя высакагорныя супольнасці радуюць вока шматлікімі яркімі кветкамі, якія надаюць ім падабенства з вялізнымі альпійскімі садамі. На жаль, празмерны выпас жывёлы прывёў да таго, што натуральная расліннасць у многіх месцах дэградавала да хмызняковых пустак.

Льянас правіць

 
Льянас

Вобласць Льянас на Арыноцкай нізіне ўяўляе сабой абшары саваннаў: зараснікі высокай травы, пальмавыя гаі і рэдкалессі. Флора звязаная сваім паходжаннем з больш паўднёвымі ўзвышшамі і дажджавымі лясамі. Добра прадстаўлены многія сямействы, але найбольш прыкметныя бабовыя і пальмы, якія выпінаюцца з мора травы. Лясы, якія займаюць тут значныя плошчы, адносяцца да трапічнага лістападнага тыпу і падобныя да мусонных лясоў тропікаў Старога Свету. Тут шырока распаўсюджаныя плантацыі цукровага трыснягу і кававага дрэва.

Карыбскае ўзбярэжжа правіць

Бліжэй да Карыбскага ўзбярэжжа лясы становяцца сушэй і паступова набываюць характар калючых зараснікаў з шматлікімі кактусамі і шыпастымі бабовымі. На паўночным узбярэжжы флора тыпова карыбская — з разнастайнымі дрэвамі з сямейства бабовых, шматлікімі кактусамі, відамі Capparia, Jacquinia і Ziziphus.

Дажджавыя лясы Амазоніі правіць

На поўдні і ўсходзе краіны ўздоўж межаў з Бразіліяй і Гаянай лістападныя лясы замяшчаюцца тыповымі дажджавымі амазонскімі лясамі з высокіх вечназялёных дрэў, шматлікімі ліянамі і слаба выяўленым падлескам. Лясныя масівы перамяжоўваюцца саванамі. Тут растуць такія калісьці эканамічна важныя віды, як гевея бразільская і кастыла каўчуканосная, а таксама канатная пальма (піасава). Невялікія плошчы падобнага дажджавога лесу знаходзяцца на поўначы краіны, у асноўным ля паўднёвага ўскрайку возера Маракайба.

Тэпуі Гвіянскага пласкагор’я правіць

Невялікая па плошчы, але самая цікавая фларыстычная правінцыя займае плоскія вяршыні тэпуі. Гэта рэліктавая зона, настолькі старажытная, што яе бліжэйшыя фларыстычныя сувязі прасочваюцца толькі з некаторымі ўзвышшамі поўдня Бразіліі, а больш аддаленыя — з Андыйскай вобласцю, гарамі кубінскай вобласці Ар’ентэ і Заходняй Афрыкі. Тут расце шмат вузкаэндэмічных верасовых, марэнавых, брамеліевых і кіпарысавых.

Жывёльны свет правіць

У Венесуэле водзяцца ягуар, пума, ацэлот, хмызняковы сабака, блізкая да куніц тайра, выдры, малпы, свінкавыя, нутрыя, дзікабраз, тапір і пекары. Сустракаюцца таксама алені і апосумы. У многіх рэках звычайныя кракадзілы, алігатары і чарапахі. У джунглях прадстаўлены ўдавы, іншыя змеі і яшчаркі. На нізінах сустракаецца мноства жураўлёў, чапляў, буслоў, качак і іншай воднай дзічыны, а ў гарах — драпежных птушак.

Ахова прыроды правіць

У Венесуэле 43 нацыянальныя паркі, да ліку найбольш вядомых адносяцца Канайма, Маракой, Мачыма.

Зноскі