Геаграфія Намібіі

Намібія — краіна ў паўднёвай Афрыцы. Мяжуе з Анголай, Замбіяй, Батсванай, ПАР. На захадзе абмываецца Атлантычным акіянам. Большая частка тэрыторыі — пустыннае плато. Уздоўж берага цягнецца пустыня Наміб, найстарэйшая і адна з самых засушлівых у свеце. Пустыні Наміб і Калахары зусім не безжыццёвыя, яны вызначаюцца эндэмізмам флоры і багаццем фаўны.

Геаграфічнае становішча правіць

 
Cуседзі і тапаграфія Намібіі

Намібія знаходзіцца на паўднёвым захадзе Афрыкі, што адлюстравалася ў яе каланіяльнай назве. На захадзе абмываецца Атлантычным акіянам, працягласць узбярэжжа складае 1572 км. Межы пераважна геаметрычныя — каланіяльная спадчына. На поўначы мяжуе з Анголай, часткова па рэках Куненэ і Кубанга, на паўночным усходзе паласа Капрыві дасягае ракі Замбезі, за якой пачынаецца Замбія. На ўсходзе цягнецца пустынная мяжа з Батсванай і ПАР, паўднёвая мяжа з ПАР праходзіць па ніжнім цячэнні ракі Аранжавая.

Рэльеф і карысныя выкапні правіць

 
Выдмы пустыні Наміб

У плане рэльефа тэрыторыю Намібіі можна падзяліць на вузкую берагавую нізіну і плато, што займае астатнюю частку тэрыторыі. Найвышэйшым пунктам Намібіі з’яўляецца гара Брандберг (2579 м). Геалагічная гісторыя паспрыяла багаццю краіны руднымі карыснымі выкапнямі (уранам, жалезнымі рудамі, паліметалічнымі рудамі) і алмазамі.

Клімат правіць

Клімат краіны, у асноўным, трапічны, пераважна вельмі сухі. Надзвычайна сухія ўмовы характэрныя для узбярэжнай паласы — гэта так званы клімат берагавых пустынь гаруа, сфармаваны халодным Бенгельскім цячэннем, якое да таго ж робіць яго халаднейшым за клімат аналагічных шырот ў Паўночнай Афрыцы. Сярэдняя тэмпература самага цёплага месяца (студзеня) вагаецца ад +18°С на ўзбярэжжы да +27°С у пустыні Калахары, а самага халоднага месяца ад +12°С да +16°С. Ападкі выпадаюць нерэгулярна, іх колькасць вагаецца ад 10—50 мм на ўзбярэжжы да 500—700 мм на паўночным усходзе краіны.

Рэкі і азёры правіць

 
Раніца ў каньёне ракі Фіш

Усе найбольш важныя рэкі Намібіі — тыя, што не перасыхаюць — памежныя: Аранжавая, Кубанга, Куненэ. Рэкі Экума, Фіш і шэраг больш дробных напаўняюцца вадой толькі пасля непрацяглых дажджоў, такія часовыя вадацёкі тут называюць ашана. Даліна ракі Фіш уяўляе сабой грандыёзны каньон, што па маштабах на свеце саступае аднаму каньёну Каларада. Самае вялікае возераЭтоша знаходзіцца на поўначы Намібіі, вадой яго катлавіна запаўняецца толькі падчас сезону ападкаў.

Ландшафты правіць

 
Большую частку Намібіі займаюць паўпустынныя ландшафты

Большая частка краіны занята пустынямі і паўпустынямі. Уздоўж атлантычнага ўзбярэжжа паласой шырынёй у 60-160 км цягнецца пустыня Наміб. Тут сустракаюцца цікавыя эндэмікі: вяльвічыя, якая з'яўляецца сімвалам Намібіі, а таксама дыня нара. Маецца вялікая папуляцыя пустынных сланоў, а на ўзбярэжжы — лежбішчы коцікаў і калоніі акуляравых пінгвінаў. Пустыня Калахары мае багаты раслінны і жывёльны свет, падобны да саваннаў, таму многія навукоўцы лічаць Калахары апустыненай саваннай.

Раянаванне правіць

Тэрыторыя Намібіі ўмоўна падзяляецца на 5 геаграфічных зон[1]. Заходні бераг Атлантычнага акіяна ад паўднёвых межаў з ПАР да Анголы займае пустыня Наміб каля 100 км у шырыню. На ўсход ад яе пачынаюцца ўзвышшы і невысокія горы, якія месцамі дасягаюць 2000 м. На мяжы з пустыняй Наміб узвышшы прымаюць форму рэзкага нахіла, што часам перарываецца стромкімі горнымі вяршынямі, у тым ліку хрыбтамі Наўклуфт, Аўас, Грэйт-Карас. На ўсходзе ўзвышшы паступова пераходзяць у цэнтральнае плато Дамара вышынёй 1100 м – 1700 м. Плато — найбольш населеная зона краіны. Далей на ўсход пачынаецца зона пустыні Калахары, якая характарызуецца шырокімі пясчанымі раўнінамі і выдмамі, устойлівым дэфіцытам прэснай вады. І толькі ў паласе Капрыві на крайнім паўночным усходзе краіны выпадае вялікая колькась ападкаў, што дазваляе ёй быць пакрытай хмызнякамі і рэдкімі трапічнымі гаямі, так званым бушвельдам.

Ахова прыроды правіць

Прыродаахоўных тэрыторый у Намібіі вельмі шмат і яны маюць вялікія памеры, спрыяе гэтаму распаўсюджанасць пустынных непрадуктыўных ландшафтаў. Нацыянальны парк Этоша займае басейн бяссцёкавага возера Этоша. У паўночнай паласе Наміба, з прычыны частых і згубных для маракоў туманаў празванай "Берагам шкілетаў", створаны аднайменны нацыянальны парк.

Зноскі