Генеральныя штаты (Францыя)

Генеральныя штаты ў Францыі (фр.: États Généraux) — вышэйшая саслоўна-прадстаўніцкая ўстанова ў 13021789 гадах.

Адкрыццё Генеральных штатаў у Версалі 5 мая 1789 года

Узнікненне Генеральных штатаў было звязана з ростам гарадоў, абвастрэннем сацыяльных супярэчнасцей і класавай барацьбы, што выклікала неабходнасць умацавання феадальнай дзяржавы.

Папярэднікамі Генеральных штатаў былі пашыраныя паседжанні каралеўскага савета (з прыцягненнем гарадскіх вярхоў), а таксама правінцыйныя асамблеі саслоўяў (якія паклалі пачатак правінцыйным штатам). Першыя Генеральныя штаты былі скліканы ў 1302 годзе, у перыяд канфлікту Філіпа IV з Папам Баніфацыем VIII.

Генеральныя штаты з'яўляліся дарадчым органам, скліканым па ініцыятыве каралеўскай улады ў крытычныя моманты для аказання дапамогі ўраду. Асноўнай іх функцыяй было кватаванне падаткаў. Кожнае саслоўе — першае, другое і трэцяе саслоўе — засядала ў Генеральных штатах асобна ад іншых і мела па адным голасе (незалежна ад колькасці прадстаўнікоў). Трэцяе саслоўе было прадстаўлена гарадскімі вярхамі.

Значэнне Генеральных штатаў узрасло падчас Стагадовай вайны 13371453, калі каралеўская ўлада мела асаблівую патрэбу ў грошах. У перыяд народных паўстанняў XIV стагоддзя (Парыжскае паўстанне 13571358, Жакерыя 1358) Генеральныя штаты прэтэндавалі на актыўны ўдзел у кіраванні краінай (падобныя патрабаванні выказалі Генеральныя штаты 1357 года ў «Вялікім сакавіцкім арданансе»). Аднак адсутнасць адзінства паміж гарадамі і іх непрымірымая варожасць з дваранствам рабілі бясплоднымі спробы французскімі Генеральнымі штатамі дамагчыся правоў, якія заваяваў англійскі парламент.

У канцы XIV стагоддзя Генеральныя штаты склікаліся ўсё радзей і часта замяняліся сходамі натабляў. З канца XV стагоддзя інстытут Генеральных штатаў прыйшоў у заняпад у сувязі з распачатым развіццём абсалютызму, на працягу 14841560 гадоў яны наогул не склікаліся (вядомае ажыўленне іх дзейнасці назіралася ў перыяд Рэлігійных войнаў — Генеральныя штаты склікаліся ў 1560, 1576, 1588, і 1593 гадах).

З 1614 да 1789 гады Генеральныя штаты зноў ні разу не збіраліся. Толькі 5 мая 1789 года ва ўмовах вострага палітычнага крызісу напярэдадні Вялікай французскай рэвалюцыі кароль склікаў Генеральныя штаты. 17 чэрвеня 1789 года дэпутаты трэцяга саслоўя абвясцілі сябе Нацыянальным сходам, 9 ліпеня Нацыянальны сход абвясціў сябе Устаноўчым сходам, які стаў вышэйшым прадстаўнічым і заканадаўчым органам рэвалюцыйнай Францыі.

У XX стагоддзі назва Генеральныя штаты прымалі некаторыя прадстаўніцкія сходы, якія разглядаюць актуальныя палітычныя пытанні і выказваюць грамадскую думку (напрыклад, асамблея Генеральных штатаў за раззбраенне, май 1963 года).

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Хачатурян Н.А. Возникновение Генеральных Штатов во Франции. — М., 1976.

Спасылкі правіць