Герб Сінт-Мартэна

Герб Сінт-Мартэна быў зацверджаны ў 1985 годзе.

Сіні колер гербавага шчыта сімвалізуе Карыбскае мора, а яго аранжавая аблямоўка — кіруючую ў Нідэрландах каралеўскую Аранскую дынастыю. На шчыце намаляваны будынак мясцовага суда — сімвал улады і справядлівасці, букет з галінак квітнеючага шалфею, які вырошчваецца тут на экспарт, і манумент нідэрландска-французскай дружбы, усталяваны на мяжы паміж дзвюма часткамі вострава, што сімвалізуе сувязь і супрацоўніцтва паміж імі. Вянчае герб сілуэт характэрнага для мясцовай фаўны бурага пелікана, які ляціць на фоне ўзыходнага сонца і ўвасабляе прыроду вострава і надзею на яго светлую будучыню. Лацінскі дэвіз азначае «Тыя, што заўсёды ідуць наперад». Герб Сінт-Мартэна намаляваны і на яго сцягу, малюнак якога падобны на сцяг Філіпінаў, а колеры падкрэсліваюць гістарычныя і палітычныя сувязі з Нідэрландамі.

На востраве папулярны і яшчэ адзін напаўафіцыйны герб, які сімвалізуе адзінства вострава Святога Марціна, нягледзячы на яго прыналежнасць дзвюм каланіяльным дзяржавам. На яго чорным шчыце намаляваны спараваныя сцягі Нідэрландскіх Антыльскіх астравоў і Францыі, над якімі чырвонымі літарамі напісана галандская назва вострава.