Герб Цырына — геральдычны сімвал Цырына, пацверджаны гораду каралём польскім і вялікім князем літоўскім С. А. Панятоўскім 5 чэрвеня 1792: «у блакітным полі алень, які стаіць, з залатым крыжам паміж рагамі»[1].

Герб Цырына
Дэталі
Зацверджаны 9 верасня 2009
Шчыт
барочны
Аўтар герба В. А. Ляхор

У сучаснай Беларусі афіцыйны статус атрымаў 9 верасня 2009[2].

Апісанне правіць

Герб вёскі Цырын Карэліцкага раёна ўяўляе сабой барочны шчыт, у блакітным полі якога на залатым ускрайку выява аленя натуральнага колеру, паміж яго рагамі размяшчаецца залаты крыж.

Гісторыя правіць

 
Герб горада ў 1792 годзе

У 1792 г. кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацвердзіў магдэбургскае права Цырына і надаў мястэчку герб. На ім размешчаны алень, паміж рагоў якога свеціцца залаты крыж. Добра вядомы герб г. Гродна з аленем Святога Губерта, які пераскоквае праз агароджу. Чаму для мястэчка Цырын быў абраны менавіта гэты сюжэт, пакуль незразумела. Па ўсёй верагоднасці, у аснове ляжыць тая ж ідэя, якая закладвалася пры стварэнні гродзенскага герба, а менавіта: маральнае ўдасканальванне чалавека, адданае служэнне Богу і ахвярнасць. У цэлым, гэта ўніверсальны сімвал, які асацыюецца з узыходам, святлом, чысцінёй, абнаўленнем, тварэннем.

Герб Цырына, зноў заснаваны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на пачатку XXI ст., ізаграфічна максімальна адаптаваны да выявы з прывілею 1792 г. Апошні выкананы ў характэрным для канца XVIII ст. мастацкім стылі і хутчэй нагадвае дэкаратыўную мініяцюру, чым геральдычны знак, у якім выкарыстоўваюцца два металы і пяць эмаляў. На гербе малюнак з перспектыўнай пейзажнай выявай ад пярэдняга плана да панарамнага, запоўнены на зямлі — хмызняком, дрэвамі, травой, а на небе — аблокамі. Сучасны герб мае блакітнае (асноўнае гістарычнае) поле з залатым падножжам, на якім размешчана галоўная гербавая фігура, якая займае, па геральдычнай традыцыі, максімальна вялікае месца[3].

Зноскі

  1. Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  2. Указ президента Республики Беларусь от 9 сентября 2009 г. № 450 «Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Гродненской области».
  3. в. Цырын – Афіцыйныя геральдычныя сімвалы Рэспублікі Беларусь . Праверана 14 кастрычніка 2023.

Літаратура правіць