Глеб Святаславіч (князь смаленскі)

князь смаленскі

Глеб Святасла́віч (? — 12 жніўня 1399) — князь смаленскі (1392—1395).

Глеб Святаславіч
Князь смаленскі
1392 — 1395
Папярэднік Святаслаў Іванавіч
Пераемнік Раман Міхайлавіч
Нараджэнне каля 1355
Смерць 12 жніўня 1399
Род Рурыкавічы
Бацька Святаслаў Іванавіч
Веравызнанне праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Старэйшы сын вялікага князя смаленскага Святаслава Іванавіча. Упершыню Глеб згаданы пад 1386 годам, калі разам з бацькам, малодшым братам Юрыем і стрыечным братам Іванам Васілевічам, браў удзел у паходзе смаленскіх войскаў на Віцебск, Оршу і Мсціслаў. Летапісцы адзначаюць, што смаляне былі вельмі жорсткія да вялікалітоўскіх падданых, «кого где изъимавши, и мучаху нещадно различными казньми, мужеи, и жон, и детеи, а иных в ызбы насажавше, и запирающе, и зажигаху»[1]. Да Мсціслава смаленскае войска падышло 18.4.1386 года і аблажыла горад. На дапамогу абложаным 29.4.1386 года падышлі вялікалітоўскія войскі пад камандаваннем князя Скіргайлы. Смаляне знішчальна разбіты ў бітве на рацэ Віхры (29.4.1386[2]), вялікі князь Святаслаў і яго пляменнік Іван Васілевіч загінулі, параненыя Глеб і Юрый Святаславічы трапілі ў палон.[3]

З пад Мсціслава вялікалітоўскае войска прыйшло да Смаленска, горад здаўся і заплаціў выкуп. Скіргайла даў смаленскі сталец малодшаму брату Глеба — Юрыю, які 16.9.1386[2] года ў Вільні прысягнуў[4] на вернасць польскаму каралю і вярхоўнаму князю літоўскаму Уладзіславу Ягайле і яго вялікалітоўскаму намесніку Скіргайле, абавязаўся вайсковай падтрымкай і абяцаў не мець сувязяў з полацкім князем Андрэем Альгердавічам. Мяккасць стаўлення да Юрыя і наданне менавіта яму смаленскага стальца, напэўна, тлумачыцца яго шлюбам з пляменніцай Альгердавічаў. Глеб Святаславіч, напэўна, застаўся закладнікам пры двары Скіргайлы.[3]

Калі ў 1390 годзе Вітаўт пры падтрымцы Ордэна пачаў барацьбу за вялікалітоўскі сталец, Глеб Святаславіч браў удзел у гэтым канфлікце на баку Ягайлы і Скіргайлы. У верасні 1390 года ў баі з ордэнскімі войскамі на пераправе цераз Вілію паблізу Вейшышак літвіны пацярпелі паразу, сярод іншых князёў у палон трапіў і князь Глеб. Пазней ён стаў адным з закладнікаў, напэўна, як брат жонкі Вітаўта, якіх апошні даў Ордэну, і пэўны час знаходзіўся ў Прусіі.

У 1392 годзе Ягайла памірыўся з Вітаўтам і той стаў літоўскім намеснікам караля. У 1393 годзе яшчэ Юрый Святаславіч як князь смаленскі браў удзел у паходзе Вітаўта і Скіргайлы на Віцебск супраць Свідрыгайлы, тады Вітаўт пацвердзіў Юрыю трыманне смаленскага стальца. Аднак неўзабаве Юрый захапіў аршанскія воласці і раздаў іх смаленскім баярам. Пасля гэтага Вітаўт перадаў Смаленск Глебу Святаславічу, які вярнуўся з ім з Прусіі, а Юрыю даў Рослаўль.[3][5]

У 1395 годзе паміж сынамі Святаслава Іванавіча пачалася барацьба за перадзел уладанняў у непадуладнай Вялікаму княству Літоўскаму частцы Смаленскай зямлі. У верасні 1395 года Вітаўт падышоў да Смаленска і абвясціў, што хоча быць пасрэднікам паміж смаленскімі князямі і памірыць іх. Калі князі на чале з Глебам Святаславічам прыйшлі да Вітаўта ў шацёр для перамоў, ён захапіў іх у палон і заняў Смаленск. Паводле Супрасльскага (спіс 1520 года) і Слуцкага (спіс 1520-х гадоў) летапісаў, якія ўскосна апраўдваюць Вітаўта, у 1395 годзе быццам Глеб Святаславіч «нача не в послушани быти» і за гэта выведзены са Смаленска.[6]

Пасля захопу Смаленска ў 1396 года вялікім князем Вітаўтам князь Глеб з дзецьмі выведзены са Смаленскай зямлі, атрымаў маёнтак Палоннае на Валыні. Загінуў у бітве на Ворскле ў 1399 годзе. Ад нашчадкаў Глеба Святаславіча паходзяць княжацкія роды Жыжэмскіх, Шаховічаў і Саламярэцкіх.

Зноскі

  1. ПСРЛ. Т. 35. С. 64, 70 і інш.
  2. а б Полехов 2014, с. 244..
  3. а б в Кузьмин 2006.
  4. Смоленские грамоты / Подг. к печ. Т. А. Сумникова и В. В. Лопатин, под ред. Р. И. Аванесова. — М., 1963. — С. 72-74.
  5. Полехов 2014, с. 245..
  6. ПСРЛ. Т. 35. С. 65, 72.

Літаратура правіць