Гродзенскі мясакамбінат

беларуская кампанія па вытворчасці мяса

ААТ «Гро́дзенскі мясакамбіна́т»беларуская кампанія па вытворчасці мяса, якая размешчана ў Гродна.[1]

Гродзенскі мясакамбінат
Тып ААТ
Заснаванне 1912
Размяшчэнне Сцяг Беларусі Беларусь, Гродна
Ключавыя постаці Анатоль Георгіевіч Грышук
Галіна харчовая прамысловасць
Прадукцыя мяса, калбасы
Сайт Афіцыйны сайт

Гісторыя правіць

Гарадская рэзня адкрылася ў 1912 годзе на сённяшняй вуліцы Камунальнай (былая Рэзніцкая)[2]. У дзень апрацоўвалі да трыццаці галоў жывёлы, на бойні працавала шэсць работнікаў. Гэта была сумая буйная, але не адзіная скатабойня ў горадзе. Гродзенскія рэзнікі аб’ядноўваліся ў хрысціянскі ды яўрэйскі цэхі. Паводле стану на 1936 г. праўленні гэтых цэхаў знаходзіліся па адрасах Брыгіцкая, 11 і Брыгіцкая, 5. Яўрэйскі цэх быў значна большы за хрысціянскі[3].

У 1924 годзе кіраўніком гарадской рэзні быў В. Леантовіч. Тады ж, у 1920-х, рэзню забяспечылі фільтрамі паводле англійскага праекту, каб вада, што скідвалася ў суседні Літоўскі ручай, была трохі чысцейшай[3].

З прыходам савецкай улады ў 1939 годзе рэзню нацыяналізавалі і надалі ёй назву «Гродзенскі мясакамбінат». Па стане на 1 мая 1940 года тут працавала 104 чалавекі. Сярод найлепшых стаханаўцаў быў Пейсах Бурлан, які ў гэты год выканаў норму на 180%[3].

У 1944 годзе Гродзенскі мясакамбінат адноўлены пасля вайны і пачынае выпускаць сваю прадукцыю. Праз год, у 1945 годзе, аб’ём вытворчасці ў дзень складае 2000 кг каўбасных вырабаў. У 1953 годзе быў пабудаваны каўбасны цэх магутнасцю тры тоны каўбасных вырабаў у змену.

 
Работнікі Гродзенскага мясакамбіната (былой гарадской рэзні ў Гродне), 1960-я гг.

Старое прадпрыемства не магло цалкам вырашыць пытанні забеспячэння прадукцыяй насельніцтва. Таму ў 1970 годзе пачалося будаўніцтва новага прадпрыемства за рысай горада (сёння — вуліца Мясніцкая). Агульная плошча тэрыторыі прадпрыемства — 10,6 га. Новы мясакамбінат пачаў выпуск прадукцыі ў 1972 годзе, цалкам уведзены ў эксплуатацыю ў 1973 годзе, вытворчыя магутнасці за змену ў месяц мяса склалі 63 тоны[4].

У 2001 годзе ў 7 км ад Гродна было пачата будаўніцтва агратурыстычнага комплексу «Гарадзенскі маёнтак „Каробчыцы“», стылізаванага пад старадаўнюю сядзібу XVIII стагоддзя. Гэты праект курыраваў асабіста генеральны дырэктар мясакамбіната Анатоль Грышук.

У 2003 прайшла рэканструкцыя ўсіх вытворчых падраздзяленняў. У 2009 быў уведзены ў эксплуатацыю новы цэх па выпуску каўбасных вырабаў з субпрадуктаў, што забяспечыла павелічэнне вытворчых магутнасцяў на 50%. У 2011 праведзена рэканструкцыя ўласнага сельгаспрадпрыемства «Поречанка» (тэрыторыя гаспадаркі — 1921 га, сельскагаспадарчыя ўгоддзі — 921 га, ворныя землі — 418 га). У 2015 датэрмінова здадзены ў эксплуатацыю новы цэх па вытворчасці сыракапчоных вырабаў, вытворчыя магутнасці павялічаны да 500 тон у месяц.

Сучасны стан прадпрыемства правіць

У 2019—2021 гадах прадпрыемства было ўзбуйнена праз далучэнне да яго саўгаса «Воранаўскі», гандлёвага прадпрыемства «Нарач» і ААТ «Плодаагароднінасэрвіс», адкрылася вытворчая пляцоўка ў Лідзе на базе збанкрутаванага Лідскага мясакамбіната[5].

У 2021 годзе на прадпрыемстве працавала 2125 чалавек, у 2022 годзе — 2459 чалавек. Чысты прыбытак прадпрыемства ў 2021 годзе склаў 16,139 млн рублёў, у 2022 — 22,782 млн рублёў[6].

У верасні 2022 года на плошчы Савецкай у Гродне адкрылі Алею Славы гродзенскіх прадпрыемстваў. Першая табліца на ёй была размешчана ў гонар Гродзенскага мясакамбіната з нагоды яго 110-годдзя[7].

Прадпрыемства ў час палітычнага крызісу 2020 года правіць

У пачатку верасня 2020 года 853 работнікі мясакамбіната склалі зварот з шэрагам патрабаванняў да ўладаў. Яны патрабавалі правесці новыя прэзідэнцкія выбары, спыніць гвалт і пакараць вінаватых у гвалце і фальсіфікацыях[8]. Каб супакоіць супрацоўнікаў на прадпрыемства прыязджаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік[9]. У чэрвені 2021 на прадпрыемстве пачалі збіраць подпісы супраць санкцый Еўрасаюза[10].

Гістарычныя будынкі мясакамбіната правіць

Комплекс гістарычных будынкаў Гродзенскага мясакамбіната, які складаецца з 16 пабудоваў, не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Паводле праекта дэтальнага планавання цэнтра Гродна і Генеральнага плану развіцця горада да 2030 года гэтае месца адвялі пад сядзібную забудову[11]. Участак прадавалі з аўкцыёна з траўня 2019 года і ў жніўні 2023 года ў выніку прадалі за 570 тысяч рублёў[12].

Зноскі

  1. ОАО «Гродненский мясокомбинат» (руск.). КОМВАК. Праверана 24 верасня 2018.
  2. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш. Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы.. — Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012. — С. 168. — 370 с. — ISBN 978-93-61617-77-8.
  3. а б в Забытая прамысловая спадчына Гродна: рэзня на Камунальнай . Hrodna.life (4 студзеня 2024). Праверана 4 студзеня 2024.
  4. О компании ОАО «Гродненский мясокомбинат». grodnomk.by. Праверана 4 студзеня 2024.
  5. «Лидский мясокомбинат» – снова в деле. На площадях бывшего предприятия планируют начать производство колбасы. Принеманские Вести.
  6. Открытая информация 2022. grodnomk.by. Праверана 4 студзеня 2024.
  7. На Савецкай плошчы адкрылі Алею Славы - першай зоркай ушанавалі мясакамбінат . Hrodna.life (11 кастрычніка 2022). Праверана 4 студзеня 2024.
  8. К, А.. "Пакідаем права на забастоўку". Калектыў Гродзенскага мясакамбіната накіраваў зварот у Палату прадстаўнікоў, Генпракуратуру і абласны савет . Hrodna.life (2 верасня 2020). Праверана 4 студзеня 2024.
  9. Владимир Караник: Инвестиции приходят туда, где есть стабильность. Председатель облисполкома посетил Гродненский мясокомбинат (руск.). grodnonews.by. Праверана 4 студзеня 2024.
  10. К, А.. На Гродзенскім мясакамбінаце збіраюць подпісы супраць санкцый . Hrodna.life (24 чэрвеня 2021). Праверана 4 студзеня 2024.
  11. У Гродне з'явяцца тры пешаходныя масты і зона адпачынку замест порта. Што яшчэ чакае цэнтр горада? . Hrodna.life (4 студзеня 2024). Праверана 4 студзеня 2024.
  12. В центре Гродно построят большой квартал частных домов — ради них придется снести целый комплекс зданий. Где именно (руск.). Новости — Новости и события Гродно. Вечерний Гродно (25 жніўня 2023). Праверана 4 студзеня 2024.

Спасылкі правіць