Гро́дскі суд, замкавы судсуд пры мясцовай адміністрацыі ў землях Вялікага Княства Літоўскага. Назва ад замка («грода»), звычайнага месца функцыянавання такога суда. Адным з першых нарматыўных дакументаў, які датычыў становішча гродскага суда, быў прывілей Ягайлы (20 лютага 1387). У XVI стагоддзі парадак дзейнасці гродскага суда ўдакладнялі і рэгламентавалі Статуты ВКЛ.

Будынак гродскага суда ў Мінску

Спачатку ў гродскім судзе разглядаліся амаль усе мясцовыя справы, але пазней, са з'яўленнем іншых судоў (земскага і інш.), у кампетэнцыі гродскага засталіся толькі «гарачыя справы» — аб нападах на дамы шляхты, забойствах, цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджаннях, падпалах, разбоях, згвалтаваннях, атручваннях, а таксама грамадзянскія справы аб вяртанні збеглых прыгонных сялян і чэлядзі нявольнай. Асноўнай задачай гродскага суда было ажыццяўленне правасуддзя адносна асоб, злоўленых «з ліцом» (на месцы ўчынку), а таксама затрыманых на працягу 24 гадзін пасля здзяйснення злачынства. Гродскі суд таксама сведчыў грамадзянска-прававыя дагаворы, забяспечваў судовыя доказы і г.д.

Калі злачынец-шляхціц паспяваў на працягу 24 гадзін схавацца ў сваім домаўладанні, яго належала выклікаць спецыяльнай позвай у суд на чарговае судовае пасяджэнне, але не пазней чым праз 4 тыдні. Калі тэрмін быў прапушчаны, зацікаўлены бок мог звярнуцца ў земскі суд.

Судовыя функцыі ў гродскім судзе выконвалі прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі — ваявода, стараста, дзяржаўца, якія, паводле Статуту 1529 года, павінны былі разглядаць справы з удзелам шляхты. Калі гэтыя службовыя асобы не былі на месцы, або адмаўляліся ад удзелу ў судовым працэсе, іх функцыі ў судзе выконвалі намеснікі. У такім выпадку суд здзяйсняўся калегіяй, у якую ўваходзілі падваявода, падстараста, замкавы суддзя, пісар; апошнія два прызначаліся ваяводам або старастам з ліку асоб са шляхты мясцовага паходжання, знаёмых з правам. Такім чынам, суд мог дзейнічаць у двух складах — вышэйшым і ніжэйшым. Вышэйшы гродскі суд (у склад якога абавязкова ўваходзіў ваявода ці стараста) выконваў і функцыі суда другой інстанцыі, г.зн. апеляцыйнай інстанцыі ў адносінах да ніжэйшага складу гэтага суда.

З цягам часу ўсе судовыя справы пачалі рэгістравацца ў спецыяльных судовых кнігах, якія закон абавязваў дбайна захоўваць. Пры кожным гродскім судзе Статутам 1588 года патрабавалася наяўнасць належнага, добра ўмацаванага судовага двара, а таксама турмы і ката.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

Спасылкі правіць