Грэнландская экспедыцыя Нансена

Грэнла́ндская экспеды́цыя На́нсена 1888—1889 гадоў была першым у сусветнай навуковай практыцы паспяховым перасячэннем ледавіковага покрыва вострава Грэнландыя. Экспедыцыя даставіла вялікі комплекс метэаралагічных дадзеных, звестак аб фізічнай геаграфіі і багатыя этнаграфічныя назіранні. Поспех экспедыцыі спрыяў уздыму нацыянальнай самасвядомасці нарвежцаў і адкрыў шэраг паспяховых паходаў у высокія шыроты Паўночнага і Паўднёвага паўшар’яў, якія сёння вядомыя як «залаты век палярных даследаванняў». Метады, апрабаваныя экспедыцыяй, сталі асновай паходу Нансена на Паўночны полюс у 1895—1896 гадах.

Грэнландская экспедыцыя Нансена

Удзельнікі экспедыцыі падчас пераходу праз ледавік
Краіна Шведска-нарвежская унія
Дата пачатку 2 мая 1888
Дата заканчэння 30 мая 1889
Кіраўнік Фрыцьёф Нансен
Склад

6 членаў экспедыцыі, уключаючы Ота Свердрупа

Маршрут
     Меркаваны першапачатковым планам маршрут     Пункцірам пазначана плаванне на «Язоне» 4 чэрвеня — 17 ліпеня 1888 года. Суцэльная лінія пазначае дрэйф каманды 17 — 29 ліпеня і плаванне да Умівіка     Траса фактычнага пераходу ў Готхаб 15 жніўня — 3 кастрычніка 1888 года
Дасягненні
Адкрыцці
  • Даказана, што ледніковы покрыў Грэнландыі суцэльны і не перапыняецца ніякімі «аазісамі».
  • Упершыню вызначана таўшчыня ледавіка, якая перавышае 2000 м.
  • Пасля апрацоўкі метэаралагічных дадзеных было даказана існаванне другога «полюса холаду» (пасля Верхаянскага) у Паўночным паўшар'і.

Перадгісторыя правіць

Раннія спробы перасячэння Грэнландыі правіць

З 1752 па 1886 год было здзейснена восем спроб пераходу вострава, усе яны накіроўваліся з захаду на ўсход — з цывілізацыі ў невядомасць. Заходняе ўзбярэжжа Грэнландыі было дастаткова добра асвоена еўрапейцамі, і на паўднёвым захадзе размяшчаўся порт-сталіца Готхаб. Усе, хто спрабаваў перасекчы Грэнландыю, у выпадку няўдачы мелі магчымасць вярнуцца назад — да населенага заходняга ўзбярэжжа[1]. Першая спроба была зроблена ў 1752 годзе датчанінам Далагерам, які змог паглыбіцца ў ледавік на 13 км[2]. З найбольш прыкметных спробаў XIX ст. можна вылучыць наступныя:

  • У 1860 годзе амерыканскі палярны даследчык Айзек Ізраэль Хейс  (англ.) падчас зімоўкі ў фіёрдзе Фульке (78° 18′ пн. ш., 72° 31′ з. д.) прасунуўся ў глыб Грэнландскага ледавіка на 90 км[3][4].
  • У 1878 годзе дацкі марскі афіцэр Арнольд Енсен за 23 дні прасунуўся на 130 км.
  • У 1883 годзе шведскі даследчык Адольф Нордэншэльд выступіў з фіёрда Алатэйнвік (78° 15' з. ш.), але не змог прасунуцца далей 117 км у глыб ледзяной пустыні (гэта была другая спроба даследчыка перасекчы мацерыковы шчыт). Аднак, саамы, што суправаджалі яго, прасоўваліся наперад ад крайняй стаянкі Нордэншэльда яшчэ 58 гадзін, пераадолеўшы яшчэ 70 км[5].
  • У 1886 годзе здзейсніў сваю першую экспедыцыю амерыканец Роберт Піры, які прадугледжваў выкарыстоўваць ездавых сабак  (ням.) (да яго ўвесь рыштунак удзельнікі папярэдніх экспедыцый цягнулі самі). Гэта быў разведачны паход, які ў першую чаргу пераследваў мэты выпрабавання новага віду транспарту. Базіраваўся ён у Годхаўне ў заліве Дыска. Яму ўдалося пранікнуць на 160 км у вобласць абляднення за 26 дзён[6].

Усе гэтыя экспедыцыі паказалі, што перасячэнне грэнландскага ледзянога шчыта ўяўляе вельмі вялікія цяжкасці, якія шэрагу аўтарытэтных палярнікаў здаваліся непераадольнымі.

Планы Нансена правіць

Упершыню задума перасекчы ледавіковы покрыў Грэнландыі зарадзілася ў Нансена летам 1882 года на борце цюленебойнага судна «Вікінг»[7]. У 1883 годзе ён прачытаў у газеце нататку, у якой апісвалася паспяховае вяртанне Нордэншэльда з грэнладскай экспедыцыі. Асабліва Нансена ўразілі словы саамаў, якія суправаджалі шведскага даследчыка, што паверхня ледавіка вельмі зручная для лыж і дазваляе ў самы кароткі тэрмін прайсці велізарныя адлегласці[7].

Прынцыповым адрозненнем плана Нансена ад усіх папярэдніх быў кірунак перамяшчэння экспедыцыі. Сам ён пісаў пра гэта так:

Ранейшыя спробы рабіліся ў напрамку з населенага заходняга берага на ўсходні, а апошні акружаны льдамі, якія дрэйфуюць тут у моры на працягу большай частцы года і перашкаджаюць судам падыходзіць да берага. Экспедыцыя, якая выйшла з захаду на ўсход, не магла б разлічваць знайсці прытулак на ўсходнім беразе або на магчымасць быць эвакуіраванай адтуль суднам; яна павінна будзе, калі ёй удасца перасекчы Грэнландыю, ісці назад тым жа шляхам да заходняга берага, гэта значыць прарабіць двайны шлях[8].

Вялікую ўвагу Нансен надаваў і таму, што пры высадцы на ўсходні, які тады лічыўся незаселеным, бераг Грэнландыі «будуць спалены масты»:

…Для захавання свайго жыцця і вяртання дадому неабходна будзе дайсці да населеных месцаў на захадзе ў што б там ні стала; іншага выбару не будзе, а гэта заўсёды моцны стымул у дзеяннях чалавека[9].

Паводле плана трэба было высадзіцца ў фіёрдзе Сярмілік на захадзе ад Ангмагсаліка (65° 35′ пн. ш.). Там размяшчалася стойбішча эскімосаў. Далей шлях ішоў да вярхоўя фіёрда, адкуль пачынаўся ўздым на ледавіковы шчыт. Курс па ледавіку — паўночна-заходні да дацкай калоніі Крысціяансхоб  (бел. (тар.)) у заліве Дыска  (польск.), дзе, паводле дапушчэння Нансена, меўся спадзісты спуск з ледавіка. Планаваная дыстанцыя была роўная 600 км[9].

 
Партрэт Адольфа Нордэншэльда, 1880 год.

У лістападзе 1887 года Нансен адважыўся паехаць у Стакгольм, каб азнаёміць са сваім планам Нордэншэльда. Пры сустрэчы прысутнічаў прафесар стакгольмскай Вышэйшай школы Брогер (які пазней напісаў біяграфію Нансена), на якога вельмі негатыўнае ўражанне зрабіла тое, што Нансен з’явіўся без паліто, у вязанай лыжнай куртцы ён быў падобны на акрабата[10]. Нордэншэльд планаў Нансена не ўхваліў, але палічыў іх цалкам выканальнымі і нават быў гатовы падзяліцца ўласным досведам[11].

Пасля паездкі ў Стакгольм Нансен прадставіў Універсітэту Крысціяніі хадайніцтва аб водпуску неабходных яму 5000 крон (каля 2500 рублёў па курсу 1888 года). Пачыналася яно фразай: «Я маю намер летам распачаць паход праз мацерыковыя льды Грэнландыі»[12], а сканчалася шырокай цытатай з Нордэншэльда: «у цяперашні час ці ледзь можна паказаць на больш важную задачу для палярнай экспедыцыі, чым вывучэнне ўнутранай часткі гэтай краіны»[11]. Універсітэт план прыняў і ўхваліў, звярнуўшыся па фінансаванне да ўрада. Адначасова Нансен звярнуўся да Нарвежскай акадэміі навук з просьбай аб фінансаванні[13].

Планы Нансена былі апублікаваныя ў студзені 1888 года і выклікалі буру негатыўных эмоцый. У фінансаванні было адмоўлена з наступнай фармулёўкай:

«Урад не бачыць неабходнасці выдаваць значную суму на забаўлівую паездку прыватнай асобы»[14].

Супраць Нансена была разгорнута кампанія цкавання ў прэсе, газеты пісалі, што «было б злачынствам аказаць падтрымку самагубцу»[11]. Выключэнні былі рэдкімі, у прыватнасці, геолаг прафесар Амунд Хеланд (1846—1919) выступіў з апалагетычным артыкулам у падтрымку Нансена. Ужо на наступны дзень пасля яго апублікавання да Нансена звярнуўся дацкі філантроп Аўгусцін Гамель (1839—1904). Характэрна, што прэса неадкладна абрынула на Нансена шэраг нападак за тое, што ён прыняў дацкую дапамогу[15].

Рыштунак, фінансы правіць

Непасрэдная падрыхтоўка вялася вясной 1888 года, паралельна з падрыхтоўкай абароны доктарскай дысертацыі Нансена. Ахвяраваных Гамелем 5000 крон не хапіла, у выніку сумарныя выдаткі экспедыцыі перавысілі 15 000 крон, гэтыя выдаткі Нансен скампенсаваў з асабістых сродкаў[15].

Абсталяванне санкавага паходу правіць

 
 
 
Прадметы рыштунку экспедыцыі. Зверху ўніз:
Нарты, сканструяваныя Нансенам;
саамская каньга з надзетым на яе снегаступам;
Драўляныя акуляры з прарэзамі для вачэй, якія баранілі ад снежнай слепаты.

Пры больш чым сціплым бюджэце, Нансен асаблівую ўвагу надаў рыштунку і навуковаму абсталяванню, большую частку якіх сканструяваў і выпрабаваў асабіста. Нарты былі зробленыя з ясеневай драўніны і бамбука, яны былі разлічаны на тое, каб іх цягнуў адзін чалавек. Нарты мелі 2,9 м у даўжыню і 0,5 м у шырыню, і аснашчаны сталёвымі палазамі. Уласная вага санак — 13,8 кг[16]. У экспедыцыі было 5 нарт. Першапачаткова Нансен планаваў узяць аленяў у якасці цяглавай сілы, але вымушаны быў адмовіцца ад гэтай ідэі. Ездавых сабак дастаць таксама не ўдалося, а амбіцыі Нансена, як пісаў ён сам, не стрывалі б прамаруджання ў экспедыцыі[17]. Акрамя бегавых лыж, кожны член экспедыцыі быў абсталяваны лыжамі-ракеткамі для руху па рыхлым снезе індзейскага (канадскага) і нарвежскага ўзораў.

Палатка складалася з 5 полак, якія можна было выкарыстоўваць як ветразі для нарт. Людзі начавалі ў трохмесных спальных мяшках з аленевых шкур. Нарвежскія члены экспедыцыі былі апранутыя ў вязаныя ваўняныя лыжныя касцюмы і егерскую бялізну, па-над якімі накідваліся штармоўка з шчыльнай баваўнянай тканіны[18]. Курткі мелі капюшоны. Саамы насілі вопратку з аленевых шкур, а на нагах каньгі з аленевай шкуры, набітыя сухой травой роду сены. Для абароны ад снежнай слепаты былі ўзятыя цёмныя акуляры, а таксама чырвоныя шаўковыя вэлюмы для абароны твару.

Паходная кухня складалася са спіртавой печкі з 6 кнотамі, з двума катламі: унутраным для варэння ежы і вонкавым — для распалкі снегу. Нансен пісаў, што пры -40 °C для атрымання 5 літраў супу і 4 літраў пітной вады патрабавалася 0,35 літра спірту[19]. Спірту было ўзята 30 л. У кожнага члена экспедыцыі была таксама індывідуальная фляжка для распалкі вады ад чалавечага цяпла: раніцай яна набівалася снегам і насілася пад адзеннем.

Харчаванне правіць

Рацыён харчавання быў нашмат разнастайней, чым у наступных экспедыцый: Нансен адмовіўся ад сухароў, наўзамен узяўшы аўсяныя і «мясныя» галеты (у апошніх утрымліваўся пэўны працэнт мясной мукі). У Даніі быў таксама замоўлены пемікан, але замест яго пастаўшчык прывёз прэсаванае мяса, якое было надзвычай цвёрдым і амаль не змяшчала тлушчаў, што пазней выклікала сур’ёзныя праблемы. У рацыён таксама ўваходзілі «мясны шакалад» (шакалад, які змяшчаў 20 % мяснога парашка), каўбасы з бабоў — з іх варылі лабскоус, палтусіну і два віды сыру, бруснічнае варэнне, згушчанае малако, шаткаваную капусту і пячоначны паштэт. Нансен вельмі варожа ставіўся да алкаголю і тытуню, таму тытуню ўзялі з разліку на трубку кожную нядзелю[20]. Аднак адсутнасць досведу і звестак аб кліматычных умовах унутры Грэнландскага ледавіка прывялі да заніжэння колькасці ўзятага правіянту, у выніку амаль усю экспедыцыю яе ўдзельнікі харчаваліся надгаладзь. Мала было і паліва, у выніку даводзілася змяншаць колькасць гарачай ежы, а таксама не ўдавалася распальваць шмат лёду для атрымання пітной вады.

Навуковае абсталяванне правіць

Экспедыцыя мела тэадаліт, секстант са штучным ртутным гарызонтам, набор для пеленгавання з трыма компасамі. Было ўзята 5 кішэнных компасаў, 3 анероіды, гіпсаметр, 6 ртутных тэрмометраў, 2 спіртавыя тэрмометры, 4 кішэнныя хранометры. Меўся набор для ўзяцця пробаў паветра, фотаапарат і набор для змены фотапласцінак, 2 біноклі і 2 шагамеры. З зброі было ўзята дзве дубальтоўкі (адзін ствол — наразны, другі — для дробу)[21].

Каманда правіць

Нягледзячы на варожае стаўленне прэсы, у Нарвегіі знайшліся жадаючыя ўдзельнічаць у экспедыцыі. У склад каманды ўвайшлі:

  1. Фрыцьёф Нансен, 27 гадоў — начальнік экспедыцыі, таксама выконваў абавязкі кока.
  2. Ота Свердруп, 33 гады — па прафесіі капітан арктычнага прамысловага судна.
  3. Олаф Крысціян Дытрыксан, 32 гады — прэм’ер-капітан нарвежскай арміі, картограф. Выконваў праграму метэаралагічных даследаванняў.
  4. Крысціян Крысціянсен, 24 гады — паўночнанарвежскі селянін, ураджэнец фермы Тран (па імі якой яго часта называюць).
  5. Самуэль Ёханес Балтыі, 27 гадоў — саамі па нацыянальнасці, аленявод і каюр.
  6. Оле Нільсен Раўна, 46 гадоў — саамі па нацыянальнасці, аленявод і каюр.

Усе пералічаныя былі дасведчанымі лыжнікамі і паляўнічымі, валодалі навыкамі выжывання ў арктычнай прыродзе. Саамаў меркавалася выкарыстоўваць як пагонцаў аленяў, аднак пасля таго, як прыйшлося абыходзіцца без цяглавых жывёл, іх спецыфічныя навыкі не былі запатрабаваныя[22].

Ход экспедыцыі правіць

Плаванне да берагоў Грэнландыі правіць

28 красавіка 1888 года, за 4 дні да адпраўлення экспедыцыі, прайшла абарона доктарскай дысертацыі Нансена «Нервовыя элементы, іх структура і ўзаемасувязь у цэнтральнай нервовай сістэме асцыдый і міксін». Абарона прайшла са скандалам, адзін з апанентаў заявіў: «Практычна наўрад ці можна спадзявацца, што малады чалавек вернецца з гэтага паходу жывым, і калі ён будзе больш шчаслівым ад таго, што атрымаў перад ад’ездам доктарскую ступень, дык чаму б не даць яму яе?»[23]. Паводле ўспамінаў дачкі Нансена — Ліў Нансен-Хеер, па вартасці праца была ацэненая ўжо ў пачатку ХХ ст., а сам Нансен публічна заявіў, што хай лепш будзе дрэнная абарона, чым дрэнны рыштунак[15]. Роланд Хантфард, наадварот, сцвярджае, што негатыўныя водгукі на доктарскую працу Нансена былі цалкам апраўданымі[24].

2 мая 1888 года члены экспедыцыі і ўвесь рыштунак рэйсавым параходам адплылі ў Шатландыю, а 9 мая адбылі ў Ісландыю на дацкім параходзе «Цюра». 20 мая, наведаўшы па шляху Фарэрскія астравы, экспедыцыянеры высадзіліся ў Іса-фіёрдзе, дзе павінны былі чакаць прамысловага судна «Язон» (на якім Нансен у 1882 годзе ўжо плаваў ў Грэнландыю), з яго капітанам Нансен дамовіўся аб высадцы на ўзбярэжжа. У чаканні члены каманды бавілі час паляваннем, а Нансен пісаў артыкул пра анатомію вугра, якую не паспеў скончыць у Нарвегіі[22].

3 чэрвеня прыйшоў «Язон», а ўжо 5 чэрвеня экспедыцыя была ля абзы пакавага лёду. Каманда «Язона» займалася здабычай цюленя-хахлача і лоўляй траскі, але шчыльныя льды не давалі наблізіцца да берага. Толькі 17 чэрвеня экспедыцыя пабачыла фіёрд Сермілік, паласа прыпая мела шырыню 18 км[25]. У 19:00 пачалася высадка: увесь рыштунак і члены экспедыцыі былі выгружаны ў дзве кітабойныя шлюпкі, на якіх трэба было дасягнуць берага.

На дрэйфуючай крызе правіць

 
Лагер на крызе.

Высадзіцца на бераг у той жа дзень не ўдалося: шчыльныя льды самкнуліся, а неўзабаве край крыгі літаральна ўзрэзаў борт лодкі Свердрупа. У 10:00 18 чэрвеня лінуў дождж, пасля чаго экспедыцыянеры разбілі на лёдзе палатку і сталі чакаць. Да таго часу стала ясна, што высадзіцца ў Сермілік-фіёрдзе не атрымаецца па прычыне надзвычай хуткай плыні, якая выносіла крыгу з людзьмі на поўдзень[26]. 20 чэрвеня льды пачалі разбурацца ад моцнага хвалявання, пастаянна даводзілася мяняць месца лагера. Хуткасць дрэйфу часам дасягала 60 км у суткі[27], экспедыцыянераў то прыбівала разам з крыгай да зямлі, то зносіла ў мора. Толькі 29 чэрвеня лёд стаў рэдкім і ўдалося шчасліва высадзіцца на бераг[28].

Нансен пісаў:

«Мы страцілі цэлы месяц, кароткае лета ўжо далёка прасунулася наперад, але нават зараз мы яшчэ паспеем дасягнуць заходняга берага, калі дастаткова добра выкарыстаем час…»[29]

Усходняе ўзбярэжжа Грэнландыі правіць

 
У гасцях у эскімосаў.

Далей экспедыцыянеры на лодках рушылі назад на поўнач. Льды па-ранейшаму перашкаджалі: іх даводзілася расштурхваюць бусакамі або прарубаць сякерамі[30]. 30 чэрвеня стала відаць на беразе эскімосаў. У Нансена быў нарвежска-эскімоскі размоўнік, але апынулася, што мясцовыя жыхары размаўляюць на іншым дыялекце, прыйшлося мець зносіны знакамі. Эскімосы прытулілі падарожнікаў у сваім стойбішчы блізу ледавіка Пуісарток. У эскімосаў Нансен і таварышы пражылі да 21 ліпеня[31]. Рухаючыся далей па ўзбярэжжы, экспедыцыянеры пастаянна сустракалі эскімоскія стойбішчы, у адным з якіх быў нават дацкі сцяг[32].

«У многіх месцах мы знаходзілі разваліны старых эскімоскіх пабудоў. <…> Насельнікі іх памерлі ад хвароб або ад голаду, які можа наступаць тут у цяжкія зімы, а апошнія трупы засталіся ў дамах, так як не было каму іх вынесці. Цяпер эскімосы не селяцца ў такіх месцах…»[33]

Да таго часу вандроўцы моцна пакутавалі ад гнюса  (руск.). Упершыню адбыўся канфлікт з саамамі, якія ледзь было не паднялі бунт з-за рацыянавання ежы[34]. Умівік-фіёрда экспедыцыя дасягнула 10 жніўня ў густым тумане, пераадолеўшы 200 км па вадзе.

Пераход праз ледавік правіць

Некалькі дзён пайшло на падрыхтоўку да пераходу. Сталёвыя палазы нарт моцна саржавелі падчас марскога пераходу, іх трэба было ачысціць і папаліраваць, а чаравікі нарвежцаў патрабавалі новых падэшваў, падкаваных латуневымі шрубамі[16]. Значная частка рыштунку і лодкі былі пакінутыя на грэнландскім узбярэжжы.

Старт быў узяты ў 21:00 15 жніўня: снег моцна раставаў днём, таму было вырашана перасоўвацца па начах. На аднаго чалавека прыходзілася 120 кг грузу, таму даводзілася запрагацца ў сані ўтрох, а астатнія перацягваць па вахтам. Праз некалькі дзён груз быў пераразмеркаваны: чацвёра членаў каманды цягнулі па 100 кг кожны, а Нансен і Свердруп запрагаліся ўдвух у сані, куды перагрузілі маёмасць, якая засталася[35].

У першы дзень экспедыцыянеры падняліся на 180 м над узроўнем мора. Уздым ледавіка быў спадзістым, але меў шмат расколін. 17 жніўня пачаўся лівень і не спыняўся да 20-га. Спаць даводзілася, падклаўшы пад сябе лыжныя палкі і лыжы, каб не ляжаць у лужыне. Нансен распарадзіўся харчавацца адзін раз у дзень, калі экспедыцыянеры не працуюць[36].

22 жніўня тэмпература ўпала ніжэй за нуль: -5 °C. Снег пакрыўся ледзяной скарынкай, настолькі няроўнай, што нарты перакульваліся. Для палягчэння грузу было вырашана выкарыстоўваць у якасці паліва прамасленыя брызентавыя чахлы ад спальных мяшкоў: дажджоў больш не чакалася[37]. Да 25 жніўня ўздым станавіўся ўсё больш крутым, а 25-га чысла пачаўся буран і моцны снегапад. Позна ўвечары 26 жніўня экспедыцыянеры дасягнулі вышыні 1880 м. Паколькі вецер дзьмуў з боку мора, было вырашана паставіць на нарты ветразі, каб зэканоміць людскія сілы. Нарты былі звязаны ў два «паромы»: па двое і трое нарт[38].

Нансену трэба было вырашаць, якім шляхам ісці. Было ясна, што да наступлення зімы і заканчэння навігацыі ў Крысціянсхоб  (бел. (тар.)) экспедыцыянеры не паспеюць. Да яго па прамой лініі было 595 км. Было вырашана ісці ў Готхаб, да якога было 470 км па зусім невядомай тэрыторыі[39]. У першыя дні, аднак, вятры прымушалі падарожнікаў ісці на паўднёвы захад, завеі не спыняліся.

 
«Пад ветразямі ў святле месяца» — малюнак, зроблены па эскізу Нансена. На заднім плане бачныя нарты з прымацаванымі да іх ветразямі.

Экспедыцыянеры адчувалі праблемы са здароўем: Крысціянсен, спатыкнуўшыся на краі расколіны, вывіхнуў сабе калена, але яго змаглі хутка аднавіць масажам. Саамы пакутавалі ад снежнай слепаты, Нансену прыйшлося лячыць іх, закапывая ў вочы какаін.

29 жніўня вецер стаў цішэй, пасля чаго экспедыцыя рушыла прамым курсам. Дарога была надзвычай цяжкай, дзённыя пераходы вагаліся ад 8 да 15 км. Уздым не спыняўся, толькі 5 верасня экспедыцыя дасягнула вышыні 2720 м[40]. Вандроўцы моцна пакутавалі ад смагі і ад холаду: Нансен не разлічваў на гэткія нізкія тэмпературы. 11 верасня спіртавы тэрмометр паказаў, што тэмпература апусцілася ніжэй -37 °C (больш на тэрмометры не было дзяленняў)[41]. Ужо пасля вяртання прафесар Мон вылічыў, што ўначы тэмпература апускалася да -45 °C. Амплітуда дзённых тэмператур на высакагор’і таксама была вялікая: апоўдні 3 верасня на сонцы тэрмометр паказваў +31 °C, а ў цені -11 °C[42]. 5 верасня быў моцны шторм з мяцеліцай.

Сур’ёзнай праблемай для экспедыцыянераў стаў тлушчавы голад. Свердруп нават хацеў спажыць у ежу шавецкую мазь, зробленую на аснове ільнянога алею. Сутачная пайка на чалавека складала каля 1 кг цвёрдай ежы, але члены каманды моцна пакутавалі ад абязводжвання, паколькі вільготнасць паветра на ледавіку блізкая да нуля, а спірту не хапала для распалкі дастатковай колькасці лёду. (У канцы-рэшт Нансен вынайшаў наступны напой: снег паліваецца лімоннай кіслатой і пасыпаецца цукрам[43]). Нягледзячы на вельмі цяжкія ўмовы, навуковая праграма выконвалася няўхільна.

18 верасня ўпершыню задзьмуў спадарожны вецер, пасля чаго можна было ісці пад ветразямі. 19 верасня Нансен моцна абмарозіў пальцы рук, а акрамя таго, ад стомы ён і Свердруп забыліся завесці хранометры, і яны спыніліся[44]. 24 верасня вандроўцы дасягнулі мацерыковай зямлі. Пераход праз ледавік доўжыўся 41 дзень, пройдзеная на лыжах адлегласць — 472 км[45].

На заходнім узбярэжжы Грэнландыі правіць

 
Ота Свердруп побач з недабудаванай лодкай.

Бліжэйшым шляхам да Готхаба быў Амералік-фіёрд, да вытокаў якога экспедыцыянерам трэба было патрапіць. Дарога ішла па камянях і балотах і была вельмі цяжкай, дакучаў падарожнікам і гнюс. 26 верасня было вырашана, што Нансен і Свердруп пабудуюць з падручных матэрыялаў лодку і паспрабуюць знайсці дапамогу. Лодку зрабілі з вярбовага ламачча і лыжных бамбукавых палак, абцягнуўшы яе парусінай. Лодка мела даўжыню 2,65 м, 1,42 м у шырыню і асадку 61 см[46]. Для вёслаў падабралі вілападобныя вярбовыя галінкі, якія прывязалі да лыжных палак.

«Плывучы ў лодцы, я застрэліў шэсць вялікіх чаек, і цяпер кожны з нас з’еў па дзве штукі. <…> Свердрупа аднойчы спыталі, ці добра мы іх тады вычысцілі. „Права, не ведаю, — сказаў ён, — я бачыў, як Нансен штосьці цягнуў з іх, гэта была, дакладна, частка кішак, ну, а ўсё астатняе пайшло ў суп; але лепшага я ніколі не еў!“»[47]

1 кастрычніка Нансен і Свердруп дасягнулі фіёрда Іціўдлек — паўночнага рукава Амераліка. На беразе яны выявілі велізарныя зараснікі вадзянікі, якую прагна елі, не маючы іншай расліннай ежы. Толькі 3 кастрычніка экспедыцыянеры дабраліся да пасёлка Хернхут, заснаванага нямецкімі місіянерамі, дзе іх сустрэў гандлёвы чыноўнік Густаў Бауман. Найважнейшай навіной для Нансена была наяўнасць парахода, які ішоў на радзіму. Высветлілася, што ў сярэдзіне кастрычніка павінен сысці апошні параход з Івігтута (400 км на поўдзень ад Готхаба), такім чынам, экспедыцыянеры спазніліся[48]. У той жа дзень, чацвёра членаў экспедыцыі скончылі пераноску маёмасці да вытокаў Амералік-фіёрда. 6 кастрычніка іх знайшлі эскімосы, пасланыя Нансенам, а 12-га яны вярнуліся ў Готхаб. Трэба было зімаваць.

Зімоўка і вяртанне правіць

 
«Эскімоскі хлапчук з Готхаба». Малюнак з кнігі Нансена «The first crossing of Greenland».

Ганец-эскімос, які адправіўся на каяку 6 кастрычніка 1888 года з Готхаба, здолеў дагнаць параход «Фокс» у Івігтуце. Яго капітан не збіраўся ісці ў Готхаб у сярэдзіне кастрычніка, маючы на борце рабочых крыялітавых руднікоў, якія вярталіся ў Данію. 6 месяцаў члены экспедыцыі пражылі ў Готхабе. Нансен заняўся этнаграфіяй, пасяліўшыся сярод эскімосаў, вывучаючы іх мову і звычаі[49].

15 красавіка 1889 года ў Готхаб прыбыў параход «Відб’ёрн», на якім члены экспедыцыі адплылі ў Капенгаген, куды прыбылі 21 мая. У сталіцы Даніі вандроўцы сталі гасцямі спонсара паходу — А. Гамеля[50]. На радзіму яны вярнуліся параходам «Мельхіёр» 30 мая 1889 года як трыумфатары. Прафесар Брогер пісаў у біяграфіі Нансена:

«Для большасці людзей, якія стоўпіліся на прыстані, Нансен быў вікінгам, што звязваў сагі аддаленага мінулага з сагай сённяшняга дня, з сагай аб лыжніку, які скочваўся з галавакружнай вышыні… Нансен з’яўляўся для іх увасабленнем нацыянальнага тыпу»[51].

Нансен атрымаў у азнаменаванне сваіх заслуг дзве ўзнагароды: медаль «Вегі» Шведскага таварыства антрапалогіі і геаграфіі, і медаль Вікторыі Каралеўскага геаграфічнага таварыства Вялікабрытаніі[52].

Паводле вынікаў экспедыцыі Нансен напісаў дзве кнігі: двухтомную «На лыжах праз Грэнландыю» (нарв.: Paa ski over Grønland) і этнаграфічнае апісанне «Жыццё эскімосаў» (нарв.: Eskimoliv), неадкладна перакладзеныя на англійскую мову. У дарэвалюцыйнай Расіі гэтыя кнігі не перакладаліся.

Вынікі правіць

Шырокая публіка разглядала Грэнландскую экспедыцыю ў першую чаргу як грандыёзнае спартыўнае дасягненне: упершыню быў пройдзены ледзяны купал Грэнландыі. Аднак гэта ж мерапрыемства прынесла вялікую колькасць звестак па фізічнай геаграфіі, абагульненых у двух тамах навуковых вынікаў экспедыцыі: Нансен упершыню вызначыў характар распаўсюджвання мацерыковага ледавіка як на ўсходнім, так і на заходнім узбярэжжы Грэнландыі[50]. Была аспрэчаная гіпотэза А. Нордэншэльда пра існаванне аазісаў ва ўнутраных абласцях вострава. Надзвычай важным была выснова Нансена аб тым, што грэнладскі ледавік варта лічыць даволі дакладнай мадэллю чацвярцічнага абляднення, які аказвае ўплыў на атмасферныя працэсы Паўночнага паўшар’я[50].

Нансен заявіў, што грэнладскі ледавік мае форму выпуклага шчыта, які пастаянна пашыраецца на поўнач (гэта было пацверджана наступнымі экспедыцыямі). Найбольшай вышыні ён дасягае ў паўднёвай палове вострава, да поўначы вышыня памяншаецца, а форма паверхні становіцца плоскай. Ледавік «сцякае» на ўсход і на захад, «як гэта можна было б чакаць ад расплаўленай цягучай масы»[53]. Гэтая «матэматычна правільная форма» ледавіка вызначаецца не рысамі падлёднага рэльефу, а ў першую чаргу атмасфернымі працэсамі.

Важным адкрыццём Нансена было тое, што паверхня Грэнландскага ледавіка не ледзяная, а снежная, і нават у самае цёплае лета колькасць снегу не памяншаецца з прычыны раставання[54]. А. І. Ваейкаў, які апублікаваў у 1893 годзе артыкул «Навуковыя вынікі падарожжа ў Грэнландыю Нансена», назваў экспедыцыю адным з самых векапомных падарожжаў найноўшага часу, а назіранні, зробленыя Нансенам ва ўнутраных абласцях Грэнландыі, — такімі, што маюць цану адкрыцця[54].

У Готхабе Нансен выявіў дзіўную дошчачку, упрыгожаную кітайскім бісерам. Пазней атрымалася высвятліць, што гэта мяталка спісаў, якая выкарыстоўвалася эскімосамі Аляскі. Яна была прынесена дрэйфуючымі льдамі, як і ўся драўніна, якая выкарыстоўвалася грэнландскімі першабытнікамі[55]. Пробы глебы і мінералаў, узятыя Нансенам з дрэйфуючых ільдоў усходняга ўзбярэжжа Грэнландыі, утрымлівалі дыятамеі, ідэнтычныя выяўленым Нордэншэльдам у льдах Берынгава праліва. Для практыкі паходаў у льдах вялікае значэнне адыграла засваенне Нансенам навыкаў выжывання эскімосаў: крой палярнага адзення, выкарыстанне ездавых сабак  (ням.), нарт і каякоў[56].

Крыніцы правіць

  1. Экспедиция Фёдора Конюхова в Гренландии. Историческая справка Архівавана 13 лістапада 2007.
  2. Нансен1 1937, с. 7.
  3. Нансен1 1937, с. 8.
  4. RALPH M. MYERSON, MD. ISAAC ISRAEL HAYES // Frederick A. Cook Society’s Polar Priorities: Volume 20, September 2000 Архівавана 15 красавіка 2004.
  5. Нансен1 1937, с. 8, 18.
  6. Huntford 2001, p. 73-75.
  7. а б Нансен1 1937, с. 18.
  8. Нансен1 1937, с. 21—22.
  9. а б Нансен1 1937, с. 22.
  10. Броггер 1896, с. 123—125.
  11. а б в Нансен2 1956, с. 14.
  12. Хейер 1973, с. 69.
  13. Пасецкий 1987, с. 40.
  14. Пасецкий 1987, с. 40—41.
  15. а б в Хейер 1973, с. 70.
  16. а б Нансен1 1937, с. 104.
  17. Нансен1 1937, с. 105.
  18. Нансен1 1937, с. 106-107.
  19. Нансен1 1937, с. 108.
  20. Нансен1 1937, с. 109.
  21. Нансен1 1937, с. 109-110.
  22. а б Нансен1 1937, с. 23.
  23. Хейер 1973, с. 68.
  24. Huntford 2001, p. 87—92.
  25. Нансен1 1937, с. 41.
  26. Нансен1 1937, с. 49.
  27. Нансен1 1937, с. 57.
  28. Нансен1 1937, с. 61.
  29. Нансен1 1937, с. 63.
  30. Нансен1 1937, с. 64.
  31. Нансен1 1937, с. 83.
  32. Нансен1 1937, с. 88.
  33. Нансен1 1937, с. 89.
  34. Нансен1 1937, с. 93.
  35. Нансен1 1937, с. 112.
  36. Нансен1 1937, с. 113.
  37. Нансен1 1937, с. 118.
  38. Нансен1 1937, с. 123.
  39. Нансен1 1937, с. 124.
  40. Нансен1 1937, с. 131.
  41. Нансен1 1937, с. 134.
  42. Нансен1 1937, с. 135.
  43. Нансен1 1937, с. 139.
  44. Нансен1 1937, с. 158.
  45. Nansen’s Route — Greenland Icecap Crossing(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 жніўня 2010. Праверана 16 кастрычніка 2023.
  46. Нансен1 1937, с. 173.
  47. Нансен1 1937, с. 175.
  48. Нансен1 1937, с. 182.
  49. Хейер 1973, с. 80.
  50. а б в Пасецкий 1987, с. 67.
  51. Нансен2 1956, с. 16.
  52. Нансен2 1956, с. 17.
  53. Пасецкий 1987, с. 68.
  54. а б Пасецкий 1987, с. 69.
  55. Пасецкий 1987, с. 66.
  56. Пасецкий 1987, с. 72.

Література правіць

  • Броггер В.Г., Рольфсен Н. Фритьоф Нансен / Пер. с дат. А. и П. Ганзен. — СПб: А.Ф. Девриен, 1896.
  • Анненская А. Н. Фритиоф Нансен и его путешествия в Гренландию и к северному полюсу. — Новая Москва, 1922.
  • Нансен Ф. Собрание сочинений. Т. 1: На лыжах через Гренландию. Жизнь эскимосов. — М.-Л.: Изд-во Главсевморпути, 1937.
  • Нансен Ф. «Фрам» в Полярном море. — М.: Географгиз, 1956.
  • Нансен-Хейер Л. кніга об отце. — Л.: Гидрометеоиздат, 1973.
  • Пасецкий В. М. Фритьоф Нансен. 1861—1930. — М.: Наука, 1987.
  • Huntford R. Nansen. — London: Abacus, 2001.
  • Nansen F. Escimo Life / Tr. by W. Archer. — London: Longmans, Green and Co, 1893.
  • Nansen F. The First Crossing of Greenland Vol. 1. — London, New York: Longmans, Green and Co, 1890.
  • Nansen F. The First Crossing of Greenland Vol. 2. — London, New York: Longmans, Green and Co, 1890.

Спасылкі правіць