Грэнландскія інуіты

Грэнла́ндскія інуі́ты, калаалі́т (саманазва: kalaallit) — эскімоскі народ, карэннае насельніцтва Грэнландыі. У 2016 г. эскімоскае насельніцтва Грэнландыі складала каля 44000 чал. Яшчэ каля 15000 грэнландскіх інуітаў жылі ў Даніі[1].

Грэнландскія інуіты
(kalaallit)
Фота 1903 г.
Агульная колькасць 59 000 (2016)
Рэгіёны пражывання Грэнландыя, Данія
Мова калаалісут
Рэлігія анімізм, лютэранства
Блізкія этнічныя групы іншыя інуіты

Гісторыя правіць

Інуіты Грэнландыі з'яўляюцца нашчадкамі прадстаўнікоў археалагічнай культуры Туле, якія трапілі ў Грэнландыю праз Канадскі Арктычны архіпелаг у XIII ст.[2] У той перыяд Грэнландыя была населена палеаэскімосамі, прадстаўнікамі археалагічнай культуры Дорсет, і нарманамі, выхадцамі з суседняй Ісландыі. Прыход інуітаў прывёў да знікнення культуры Дорсет, прычым генетыкі выявілі, што інуіты не асімілявалі сваіх папярэднікаў[3]. У XIV ст. двойчы пісьмова фіксаваліся напады інуітаў на нарманскія паселішчы[4], аднак роля інуітаў у знікненні грэнландскай еўрапейскай калоніі канчаткова не высветлена. Да канца XV ст. інуіты засталіся адзінымі насельнікамі найбуйнейшага ў свеце вострава. Рух інуітаў з тэрыторыі Канады ў Грэнландыю працягваўся да 1864 г.[5]

З канца XVI ст. марскія воды на поўдзень ад Грэнландыі наведвалі еўрапейскія піраты, даследчыкі і кітабоі, якія часам уступалі ў кантакт з мясцовым насельніцтвам. Фармальна правы на валоданне Грэнландыяй належалі Даніі. Аднак толькі ў 1721 г. нарвежскі лютэранскі місіянер Ханс Эгедэ ўпэўніў каралеўскія ўлады даслаць туды місію[6]. У выніку на поўдні Грэнландыі было заснавана лютэранскае біскупства з цэнтрам у Готхабе, якое распаўсюджвала еўрапейскую культуру і адукацыю.

Сапраўдная цікавасць у каланізацыі Грэнландыі ўзнікла толькі пасля Кільскага мірнага дагавора 1814 г., калі тэрыторыя вострава была канчаткова замацавана за Даніяй. У XIX - пачатку XX стст. Грэнландыю наведаў шэраг навуковых экспедыцый, якія разам з геаграфічнымі даследаваннямі вывучалі культуру і мову інуітаў, пераймалі ў іх вопыт выжывання ў складаных арктычных умовах. Дацкія місіянеры пераклалі на мову калаалісут Біблію. З 1861 г. на ёй выдаваліся сродкі масавай інфармацыі. У 1859 г. грэнландскія інуіты фармальна атрымалі роўныя правы з грамадзянамі Даніі[7]. Але імі доўгі час маглі карыстацца толькі насельнікі невялікай часткі Грэнландыі, дзе распаўсюджваўся ўплыў лютэранскай царквы і дацкай адміністрацыі.

Пасля II Сусветнай вайны Грэнландыя актыўна асвойвалася амерыканскімі ваеннымі, тут былі пабудаваны 2 ваенныя базы, пачалі развівацца камерцыйнае рыбалоўства, прадпрымальнікі Даніі зацікавіліся мясцовымі горнымі рэсурсамі. Развіццё пасляваеннай эканомікі і паступовая ўрабанізацыя з аднаго боку садзейнічалі паляпшэнню ўмоў жыцця інуітаў, але найбольш перспектыўныя пасады размяркоўваліся паміж дацкімі і замежнымі спецыялістамі. Гэта стымулявала рух за незалежнасць Грэнландыі. У 1979 г. была абвешчана аўтаномія, у якой грэнландская мова набыла афіцыйны характар. У 1980 г. была заснавана Прыпалярная рада інуітаў[8] — найбуйнейшая неўрадавая арганізацыя, што займаецца развіццём розных бакоў жыцця грэнландскіх інуітаў, а таксама каардынацыяй агульных дзеянняў з эскімосамі Канады і ЗША.

Традыцыйная культура правіць

 
Вялікі нож Ulo для разроблівання звярыных туш

Грэнландскія інуіты падзяляюцца на 3 асноўныя групы:

  • Інуіты Заходняй Грэнландыі, якія складаюць абсалютную большасць
  • Прыпалярныя інуіты — малая група жыхароў паўночнага захаду і поўначы Грэнландыі, з якімі еўрапейскія даследчыкі ўсталявалі кантакт толькі ў 1818 г.[9]
  • Інуіты Усходняй Грэнландыі

Асноўнымі заняткамі ўсіх трох груп былі паляванне і рыбалоўства, прычым паляванне на кітоў і ластаногіх мела галоўнае значэнне. На захадзе Грэнландыі здабыча кітоў інуітамі ўжо ў XIX ст. набыла камерцыйны характар. Прыпалярныя інуіты часцей палявалі на ластаногіх. На ўсходзе Грэнландыі, дзе наземных і марскіх звяроў было мала, пераважала рыбалоўства. Разам з гэтым, грэнландскія інуіты палявалі на карыбу, аўцабыкоў, белых мядзведзяў, пясцоў, зайцоў і інш. Улетку лавілі птушак, збіралі яйкі. Для палявання на марскіх звяроў выкарыстоўвалі гарпуны з рухомым навершам. Кітоў палявалі з каякаў — лёгкіх каркасных лодак, пакрытых скурамі жывёл. На гарпуны для кітоў чаплялі паплаўкі, якія не дазвалялі параненай жывёле сысці пад ваду. Птушак лавілі з дапамогай сетак. Транспартыроўка адбывалася на каяках па мору, на санках, якіх цягнулі самастойна або з дапамогай сабак. Узімку карысталіся снегаступамі.

Сабака фактычна быў адзінай свойскай жывёлай. У Грэнландыі распаўсюджана мясцовая парода, якая адрозніваецца ад сабак канадскіх інуітаў малой вагой і большым ростам, цягавітасцю і агрэсіўнасцю[10]. У нашы дні ўрад Грэнландыі забараняе ўвозіць у краіну іншыя пароды. Інуіты выкарыстоўвалі сабак пераважна як транспартны сродак, высока цанілі іх вартасці. Але ўжыванне сабачага мяса ў ежу лічылася звычайным.

У ранні перыяд культуры Туле пераважалі вялікія паселішчы[11]. Інуіты будавалі так званыя доўгія зямлянкавыя хаціны на каменнай платформе, крытыя скурамі. Каркас хацін рабіўся з драўнянага плаўніка і кітовых костак. На ранніх стаянках асобна вылучаюць мужчынскія хаціны qasse. З XVII ст. назіраліся сезонныя і сталыя перасяленні, што прывялі да драбнення буйных паселішчаў. Улетку сем'і звычайна пакідалі зямлянкі, паколькі там назапашвалася адталая вада, і перасяляліся ў лагеры з намётаў. Падобныя летнікі маглі мець ад аднаго сямейнага намёта да некалькіх. Часам у летніх лагерах спыняліся сем'і з розных зімовых паселішчаў[12].

Традыцыйная вопратка выраблялася са скур. Мужчынскае і жаночае адзенне ўключала футра, штаны і боты. Вырабам вопраткі займаліся жанчыны. У інуітаў нават існавала прыказка: "Мужчына такі, якім робіць яго жонка"[13]. З XVII - XVIII стст. для пашыву выкарыстоўваліся еўрапейскія тканіны. Тады ж пачалі выкарыстоўвацца шкляныя каралі, якімі ўпрыгожвалі жаночую вопратку. Сучасныя народныя строі ўключаюць як традыцыйнае скураное адзенне, так і запазычаныя элементы з тканін і шкла.

З сярэдзіны XIX ст. пераважалі малыя нуклеарныя сем'і, аднак захоўвалася сістэма цеснага сваяцтва ilaqutariit, якая ўключала родных і стрыечных сваякоў некалькіх пакаленняў па мужчынскай і жаночай лініі[14]. Сваяцкія сувязі адыгрывалі вельмі значную ролю ва ўзаемаадносінах жыхароў аднаго паселішча і цэлых мясцовасцяў. Яны прадухілялі магчымыя варожыя сутычкі і рэгулявалі кіраванне абшчынай. Жыхары пэўнай мясцовасці карысталіся правам сумеснай маёмасці прыроднымі рэсурсамі, аказвалася суседская і сваяцкая ўзаемадапамога. Старыя людзі заўсёды карысталіся значнай павагай. Існаваў звычай самазабойства падчас невылечнай хваробы, голаду або ў іншых абставінаў. Нават у нашы дні ў Грэнландыі захоўваецца высокі ўзровень самазабойстваў на душу насельніцтва[15].

Інуіты маюць багаты вусны фальклорказкі, міфы, легенды, байкі. У мінулым танцы пад барабан выконваліся ў рэлігійных мэтах[16]. Пасля прыняцця хрысціянства яны былі забаронены і адрадзіліся толькі ў канцы XX стагоддзя. На захадзе Грэнландыі пры хрысціянскіх абшчынах развівалася традыцыя харавых спеваў. Грэнландскія інуіты — выдатныя разьбяры. Асаблівым попытам карыстаюцца невялікія касцяныя скульптуры жывёл і людзей.

Рэлігія правіць

Старажытныя рэлігійныя вераванні грэнландскіх інуітаў засноўваліся на веры ў існаванне шматлікіх духаў прыроды. Чалавек лічыўся толькі часткай агульнага свету. Нават пасля хрысціянізацыі захоўваліся вера ў магію і ахоўныя магічныя абрады. Лекаваннем хворых і параненых займаліся старыя людзі, якія практыкавалі шаманізм.

З XVIII ст. у Грэнландыі актыўна распаўсюджвалася лютэранства. У нашы дні большасць вернікаў належаць да лютэранскай царквы.

Мовы правіць

Грэнландскія эскімосы размаўляюць на 3 асноўных мовах:

  • калаалісут, або заходнегрэнландская
  • тунумуііт, або ўсходнегрэнландская
  • інуктун — мова прыпалярных эскімосаў паўночнага захаду і поўначы Грэнландыі

Толькі калаалісут мае афіцыйны характар, хаця грэнландскія законы не забараняюць мясцовым уладам выкарыстоўваць іншыя мовы ў афіцыйных дакументах.

Выбітныя грэнландскія інуіты правіць

Зноскі

Спасылкі правіць