Гібель Аляксандра Коржыча

Гібель Аляксандра Коржыча — рэзанансны выпадак гібелі вайскоўца тэрміновай службы ў вучэбным цэнтры ў Печах (Барысаў).

Гібель правіць

Аляксандр Коржыч праходзіў тэрміновую службу з мая 2017 года[1]. Яго паводзіны, паводле паказанняў ваеннаслужачых тэрміновай службы, змяніліся з верасня таго ж года. Коржыч скардзіўся на стан здароўя, выказваўся аб болях у вобласці сэрца, аб няправільным лячэнні, думкі пра суіцыд не выказваў. Таксама дапытаныя салдаты не звярнулі ўвагу на наяўнасць непрыязных адносін з боку кіраўніцтва часці да Аляксандра Коржыча, прымянення да яго фізічнага гвалту[2].

Камандзір аддзялення, сяржант, ставіў яго ў больш прывілеяванае становішча ў адносінах да іншых вайскоўцаў з прычыны нестатутных адносін: Коржыч набываў за асабістыя сродкі і перадаваў сяржанту ў карыстанне тэлефон, прадукты харчавання, цыгарэты. Следства ўстанавіла, што з боку камандзіраў аддзяленняў мелі месца факты злоўжывання ўладай, якія выявіліся ў прыняцці грашовых сродкаў ад ваеннаслужачых тэрміновай службы за неабмежаванае па часе карыстанне мабільнымі тэлефонамі ў парушэнне ўстаноўленага парадку. Сумы пабораў з кожнага вагаліся ад 20 да 40 беларускіх рублёў[2]. Старшына роты, прапаршчык, з пачатку ліпеня па 25 верасня выкраў з яго банкаўскай карты грошы на суму не менш за 180 беларускіх рублёў і без ведама ўладальніка расплачваўся ў крамах і кафэ на тэрыторыі Барысава[1].

У верасні Коржыч быў у медчасці з вострай рэспіраторнай інфекцыяй, і тады яго аглядаў псіхіятар, прызнаўшы здаровым. Пасля таго, як Коржыча выпісалі 26 верасня, звестак пра яго далейшае месцазнаходжанне няма[3].

3 кастрычніка 2017 года каля 17.00 у падвале будынка медыцынскай роты знойдзены труп радавога Коржыча А. А., які правісеў 7 дзён[4] у пятлі з рэменя, прымацаванага вольным канцом да металічнай арматуры пад столлю склепа, з перавязанымі шнурком абутку нагамі і нацягнутай на галаву майкай[2]. Паводле папярэдніх даных, прычынай смерці стала механічная асфіксія ад сціскання органаў шыі пятлёй ад рэменя пры павешанні[1].

Версіі правіць

Падчас папярэдняга расследавання па крымінальнай справе разглядаюцца наступныя версіі[2]:

Расследаванне правіць

Першапачаткова бацькам Аляксандра Коржыча сказалі, што іх сын, паводле праверкі, якую правялі ў воінскай часці, здзейсніў самагубства[5]. Сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай версіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Радыё Свабоды фатаздымкі ягонага цела са слядамі прыжыццёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадстве[3].

Па факце гібелі вайскоўца ўпраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці была ўзбуджана крымінальная справа. Следствам прынята рашэнне аб узбуджэнні справы па прыкметах складу злачынства па ч.3 арт.443 КК Беларусі (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое пацягнула цяжкія наступствы)[1].

9 кастрычніка прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў тым, што той учыніў суіцыд[3].

Падчас папярэдняга расследавання паўторна праведзены агляд месца здарэння, агледжана памяшканне. Канфіскаваныя тэлефоны ваеннаслужачых, накіраваныя запыты і часткова атрыманы звесткі аб злучэнні абаненцкіх нумароў, якія выкарыстоўваліся Аляксандрам Коржыч і вайскоўцамі яго часці[1].

Прызначаная комплексная экспертыза па даследаванні адзення загінулага салдата, прадметаў, канфіскаваных падчас агляду месца здарэння, і слядоў, пакінутых на сцяне падвальнага памяшкання медыцынскай роты, прызнаная пацярпелай і дапытаная маці памерлага[1].

Па месцы жыхарства праведзены агляд, падчас якога канфіскавана камп’ютарная тэхніка, атрымана ў паліклініцы медыцынская дакументацыя Коржыча. Дапытаныя ў якасці сведак сябры, з якімі ён увесь час меў зносіны па тэлефоне і перапісваўся ў інтэрнэце, агледжаныя тэлефоны, якія знаходзіліся ў карыстанні Коржыча, а атрыманая інфармацыя аб перапісцы далучана да крымінальнай справы[1].

Сяржант Б. і малодшы сяржант С. дадзенай вайсковай часці прызнаныя падазраванымі па справе, заведзенай па ч.3 арт.443 КК. Прымаецца рашэнне аб іх затрыманні ў парадку арт.108 КПК[2].

13 кастрычніка 2017 года прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант заявіла, што сітуацыя вакол гібелі салдата ў Печах знаходзіцца на жорсткім кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі[6]:

Адказным асобам даручана разабрацца ў сітуацыі самым дбайным чынам, вывучыць яе да дробязяў і прадставіць аб'ектыўны вынік. Аляксандру Лукашэнку літаральна па некалькі разоў на дзень дакладваецца аб ходзе аператыўных мерапрыемстваў. Паверце, яго пазіцыя ў гэтым пытанні настолькі жорсткая, што ніхто з вінаватых ад адказнасці не сыдзе.

Па выніках праверкі, якая праводзіцца Следчым камітэтам і Пракуратурай Рэспублікі Беларусь, прынята рашэнне зняць камандзіра і шэраг іншых службовых асоб часці, якім паставілі ў віну "непрыняцце вычарпальных мер па падтрыманні строгага статутнага парадку"[5].

20 кастрычніка Прэзідэнт падпісаў указ пра звальненне начальніка 72-га Аб’яднанага вучэбнага цэнтра палкоўніка Канстанціна Чарнецкага. Было адзначана, што Чарнецкі ў выніку «самаўхілення і безадказнага стаўлення да сваіх службовых абавязкаў, а таксама адсутнасці кантролю за падтрыманнем вайсковай дысцыпліны і правапарадку» дапусціў парушэнне статутных правіл узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі[7].

Па стане на 1 лістапада 2017 па крымінальнай справе аб гібелі Аляксандра Коржыча абвінавачванне было прад’яўлена 10 вайскоўцам, яшчэ 5 (сярод іх — адзін афіцэр) знаходзяцца ў статусе падазраваных[8].

Станам на 14 лютага 2018 года па факце гібелі Аляксандра Коржыча было заведзена 5 крымінальных спраў. Агулам жа па выніках праверкі 72-а навучальнага цэнтра ў Печах было заведзена 22 крымінальныя справы[4].

Суд правіць

8 жніўня 2018 г. Мінскі абласны суд пачаў судовы разбор (суддзя А. Лапека) па справе смерці А. Коржыча ў дачыненні да трох вайскоўцаў-сяржантаў Яўгена Бараноўскага, Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча па ча. 1, 2 арт. 430 і ч. 3 арт. 455 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь[9]. У першы дзень працэсу Бараноўскі, Скуратовіч і Вяжэвіч адмовіліся даваць паказанні. У выніку суд пачаўся з апытання пацярпелых і сведак. Абвінавачаныя сяржанты пагадзіліся гаварыць толькі 10 верасня.

5 лістапада 2018 абвешчаны прысуд сяржантам, якія давялі Коржыча да самагубства. Максімальнае пакаранне прызначана Яўгену Бараноўскаму: яго прысудзілі да 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у неаднаразовым атрыманні хабару, перавышэнні ўлады, што пацягнула цяжкія наступствы, а таксама ў крадзяжы. Антон Вяжэвіч прысуджаны да 7, Ягор Скуратовіч — да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Антон Вяжэвіч і Ягор Скуратовіч прызнаныя вінаватымі ў хабарніцтве і перавышэнні ўлады[10].

Рэакцыя правіць

Выпадак атрымаў вялікі рэзананс у грамадстве[11]. У сувязі з гэтым аднавалася таксама актыўнае абмеркаванне гібелі ў адной з часцей Барысава Арцёма Басцюка, якога знайшлі павешаным 31 сакавіка 2017. За некалькі тыдняў да смерці ён у прысутнасці бацькоў называў камандзіру імёны і прозвішчы тых ваеннаслужачых, якія аказвалі на яго ціск[5].

На сайце Zvarot.by была апублікаваная петыцыя з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова, пад якой паспелі падпісацца амаль 9 тысяч чалавек. 13 кастрычніка сайт быў заблакаваны па ініцыятыве Міністэрства абароны Беларусі, якое паведаміла, што на паштовы сервер ведамства з сайта Zvarot.by з выкарыстаннем спецыяльнага праграмнага забеспячэння адпраўляўся спам. Таксама ў паведамленні, апублікаваным на сайце міністэрства, гаварылася, што «вакол гэтага здарэння [гібелі Аляксандра Коржыча] на аснове здагадак і чутак разгорнутая мэтанакіраваная кампанія па дыскрэдытацыі Узброеных сіл»[11].

16 кастрычніка каля будынка Міністэрства абароны ў Мінску быў прыпарканы аўтамабіль з самаробным плакатам з надпісам «Армія, дзе вешаюць нашых дзяцей, гэта не армія, гэта — лайно. Арцём Басцюк, Саша Коржыч, чый сын наступны?»[12]. На сайце Мінабароны з’явілася публікацыя, у якой гаварылася, што за акцыю пратэсту выдаюцца правакацыйныя дзеянні, якія праводзяцца ў рамках кампаніі па дыскрэдытацыі Узброеных Сіл[13][14].

У гэты ж дзень са Следчага камітэта паступіла інфармацыя ад аднаўленні справы аб гібелі салдата Арцёма Басцюка[15], якая была закрытая 12 кастрычніка «праз адсутнасць грамадcка-небяспечнага дзеяння, прадугледжанага крымінальным заканадаўствам»[16]

19 кастрычніка на сайце Міністэрства абароны Беларусі з’явілася заява, зробленая ад імя Беларускага саюза афіцэраў, у якой гэтая грамадская арганізацыя выказала свае спачуванні сям’і Аляксандра Коржыча і перакананне, што адказныя за здарэнне панясуць справядлівую адказнасць паводле закона, а таксама заявіла, што Узброеныя сілы Беларусі сёлета сталі аб’ектам «беспрэцэдэнтнай дыскрэдытацыі» і «ачарнення»[3]:

Здарэнне з гібеллю салдата тэрміновай службы, безуцешнае гора блізкіх загінулага некаторымі крытыканамі выкарыстоўваецца ў нядобрых мэтах разгойдвання грамадска-палітычнай стабільнасці ў краіне, дыскрэдытацыі беларускага войска як вядучага фактара стратэгічнага стрымлівання ў складаных умовах сучаснага сусветнага разьвіцця.

На чарговай акцыі пратэсту, арганізаванай апазіцыяй 21 кастрычніка ў Мінску, сярод іншых было высунута патрабаванне змагацца з дзедаўшчынай і гвалтам у войску[17].

23 кастрычніка Мінгарвыканкам забараніў незарэгістраваным Сацыяльна-хрысціянскаму руху і партыі БХД правядзенне пікету каля Міністэрства абароны супраць дзедаўшчыны ў беларускай арміі і смерці ваеннаслужачых у вайсковых часцях у Печах[18].

Зноскі

  1. а б в г д е ё На прапаршчыка і старшыну роты ў Печах заведзена крымінальная справа
  2. а б в г д Следства разглядае тры версіі па справе аб гібелі Аляксандра Коржыча
  3. а б в г Беларускі саюз афіцэраў у сувязі са справай Коржыча заявіў пра «ачарненьне» арміі . Радыё Свабода (19 кастрычніка 2017). Праверана 23 кастрычніка 2017.
  4. а б Міністр абароны: Цела Коржыча правісела ў пятлі сем дзён
  5. а б в Командир части, где нашли повешенного солдата, отстранен от должности (руск.). Sputnik Беларусь (14 кастрычніка 2017). Праверана 15 кастрычніка 2017.
  6. Эйсмант: «Сітуацыя вакол гібелі салдата ў Печах знаходзіцца на жорсткім кантролі ў Лукашэнкі» . Наша Ніва (13 кастрычніка 2017). Праверана 15 кастрычніка 2017.
  7. Лукашенко уволил начальника «учебки» в Печах, где погиб Александр Коржич(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 22 кастрычніка 2017. Праверана 22 кастрычніка 2017.
  8. news.tut.by Архівавана 4 лістапада 2017.
  9. «Загадаў аблізаць ёршык для ўнітаза». Суд па справе Коржыча: адкрываюцца падрабязнасці здзекаў. Наша Ніва (8 жніўня 2018). Праверана 19 верасня 2018.
  10. nashaniva.by
  11. а б "Это целенаправленная кампания по дискредитации". По инициативе Минобороны заблокирован Zvarot.by (руск.)(недаступная спасылка). TUT.BY (14 кастрычніка 2017). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2017. Праверана 15 кастрычніка 2017.
  12. Пратэст каля Міністэрства абароны ў Мінску ФОТАФАКТ . Наша Ніва (16 кастрычніка 2017). Праверана 17 кастрычніка 2017.
  13. «Правакацыйныя дзеянні, якія выдаваліся за акцыю пратэста»: Мінабароны апублікавала ВІДЭА перформанса каля свайго будынка
  14. Стоп фейковым новостям Архівавана 22 кастрычніка 2017.
  15. "Расследует другой следователь". СК возобновил дело о гибели солдата Артема Бастюка в Борисове. Архівавана 23 кастрычніка 2017.
  16. Родныя Арцёма Басцюка будуць абскарджваць закрыццё справы аб гібелі сына ў Печах
  17. Па Менску прайшоў «Марш абураных беларусаў» супраць «падатку на дармаедаў» і дзедаўшчыны. Відэа
  18. Мингорисполком не разрешил БХД провести пикет против дедовщины Архівавана 24 лютага 2019.