Гісторыя Індыі налічвае некалькі тысячагоддзяў.

Старажытнасць правіць

 
Перыяд сталай харапскай цывілізацыі

У Індыі сфарміравалася адна з найбольш старажытных цывілізацый свету. Паводле археалагічных даследаванняў у 3-м тыс. да н.э. ў даліне ракі Інд існавала развітая культура, створаная, верагодна, дравідыйскімі народамі. Каля 15 ст. да н.э. ў Індыю прыйшлі плямёны арыйцаў, якія займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, былі знаёмы з рамёствамі. Яны паступова занялі тэрыторыі ў далінах рэк Інд і Ганг, часткова знішчылі, часткова ўвабралі ў сябе пэўныя элементы мясцовых культур і навязалі мясцовым народам уласную культуру і рэлігію (гл. брахманізм). Правадыры мясцовых плямён пачалі ствараць невялікія самастойныя дзяржавы (бхаратаў і інш.), што стала прычынай войнаў (напрыклад, бітва 10 цароў у канцы 2-га тыс. да н.э., якая закончылася перамогай цара бхаратаў).

 
Індыя каля 600 да н.э.

З 6 ст. да н.э. сярод шматлікіх індаарыйскіх дзяржаў найбольшае значэнне набылі Магадха і Кашала. Імкненне арыйцаў адасобіцца ад мясцовага насельніцтва прывяло да ўзнікнення варн (саслоўяў), унутры якіх вылучыліся замкнёныя групы — касты. Сацыяльная няроўнасць, падзел на варны паспрыялі ўзнікненню каля 6 ст. да н.э. новых рэлігійна-этычных напрамкаў — будызму і джайнізму.

У 327 да н.э. ў даліну Інда ўварваліся войскі Аляксандра Македонскага, але ў 325 да н.э. вымушаны былі адступіць. Сустрэча старажытнагрэчаскай цывілізацыі з цывілізацыяй паміж Гангам і Гімалаямі спрыяла збліжэнню Індыі з эліністычным светам, заходнія раёны Паўночнай Індыі трапілі пад грэчаскі і часткова персідскі ўплыў. Індыйская цывілізацыя таксама аказала некаторы ўплыў на развіццё культуры эліністычных краін, у прыватнасці, у вобласці медыцыны і філасофіі. Канчаткова грэкі былі выгнаны з індыйскіх тэрыторый пасля паўстання 317 да н.э.

 
Імперыя Маур'яў
 
Грэка-бактрыйскае царства

Пры дынастыі Маур'яў Магадха валодала амаль усёй тэрыторыяй Індыі і часткай сучаснага Афганістана. Росквіт дзяржавы прыпадае на часы Ашокі, які ў 3 ст. да н.э. значна ўзмацніў пазіцыі будызму і ўстанавіў шырокія гандлёвыя сувязі з іншымі краінамі. Унутраныя супярэчнасці і ўварванне ў Індыю бактрыйскіх грэкаў (гл. Грэка-Бактрыйскае царства) прывялі да распаду дзяржавы Маур'яў.

 
Кушанскае царства з залежнымі тэрыторыямі
 
Дзяржава Гуптаў

З 1—2 ст. н.э. большасць паўночнай Індыі пад уладай Кушанскай дзяржавы. Пасля яе распаду ў пачатку 4 ст. ўлада ў паўночнай Індыі перайшла да дынастыі Гуптаў (гл. дзяржава Гуптаў), якая падпарадкавала сабе і паўднёвыя землі. Гэты час лічыцца залатым векам у гісторыі Індыі, бо высокага ўзроўню дасягнулі навука, літаратура, мастацтва. У канцы 5 ст. дзяржава Гуптаў распалася пад націскам гунаў.

Сярэднія вякі правіць

Кароткачасовае аб'яднанне паўночнай Індыі адбылося ў 1-й палавіне 7 ст. пры ўладару Харшы. З гэтага часу пануючай рэлігіяй стаў індуізм.

 
Дэлійскі султанат у 1321-1330 гг.

У перыяд панавання ўладароў з раджпуцкіх родаў (гл. Раджпуты) пачаліся шматлікія набегі мусульман (з 712), якія ў канцы 10 ст. стварылі ў Газні дзяржаву пад уладай дынастыі Газневідаў. Уладар дзяржавы Махмуд (11 ст.) ажыццявіў шэраг грабежніцкіх паходаў у Індыю і захапіў Пенджаб. Улада мусульман у Індыі ўмацавалася ў выніку заваяванняў у канцы 12 ст. Мухамеда Гуры (гл. Гурыды). На захопленых тэрыторыях у 1206 годзе ўзнікла дзяржава са сталіцай у Дэлі (гл. Дэлійскі султанат). З яе ўтварэннем у Індыі ўзмацніўся і пашырыўся іслам. У 1398 г. султанат захапілі войскі Цімура, яго нашчадкі (дынастыя Саідаў) правілі да 1451 года, пазней уладарыла мусульманская дынастыя Лодзі. На Поўдні існавалі незалежныя індыйскія дзяржавы, найбольш моцнымі з якіх былі Бахманідскі султанат і Віджаянагар.

Прыбыццё першых еўрапейцаў. Імперыя Маголаў правіць

Адкрыццё ў 1498 г. партугальскім мараплаўцам Васка да Гамай марскога шляху ў Індыю прывяло да з'яўлення тут еўрапейцаў. На заходнім узбярэжжы Індыі пачалі ўзнікаць факторыі, у 1510 г. партугальцы захапілі востраў Гоа.

У 1526 г. у паўночную Індыю ўварваўся ўладар Кабула Бабур, нашчадак Цімура і заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў. Пры яго пераемніках дзяржава Вялікіх Маголаў ператварылася ў адну з наймацнейшых і найвялікшых у гісторыі Індыі. Вяршыні сваёй магутнасці яна дасягнула пры Акбары (1556—1605), які аб'яднаў амаль усю Індыю (акрамя паўднёвай часткі).

Партугальцаў, што кантралявалі амаль увесь гандаль з Індыяй, з сярэдзіны 16 ст. пачалі выцясняць англічане (у 1600 г. заснавана брытанская Ост-Індская кампанія, якая мела шырокія палітычныя паўнамоцтвы) і французы (у 1664 г. заснавана французская Ост-Індская кампанія). Па працягу 17 ст. англійскія і французскія форты і факторыі ператварыліся ў вялікія гарады.

Еўрапейская каланізацыя, узмацненне сепаратызму ў асобных правінцыях, сутычкі паміж феадаламі прывялі да аслаблення краіны. Эканамічны заняпад, галеча насельніцтва (пераважна сельскага), унутраная барацьба, справакаваная рэлігійнай нецярпімасцю правіцеля Аўрангзеба (1658—1707), выклікалі супраціўленне сялян, а таксама феадалаў і свяшчэннікаў (паўстанне ў Пенджабе, арганізаванае сектай сікхаў). Са смерцю Аўрангзеба настаў палітычны і эканамічны заняпад Індыі.

Пашырэнне каланіялізму правіць

Унутранае разлажэнне дзяржавы Вялікіх Маголаў суправаджалася пашырэннем еўрапейскай каланізацыі. Абвастрэнне ў 1-й палавіне 18 ст. саперніцтва паміж еўрапейскімі дзяржавамі (асабліва Англіяй і Францыяй) прывяло да сямігадовай вайны 1756—63, якая закончылася перамогай англічан. Правадніком англійскай палітыкі ў Індыі стала Ост-Індская кампанія. У 1757 г. захоплены Бенгалія і Біхар, у ходзе англа-майсурскіх войнаў (1767—99) да ўладанняў кампаніі далучана значная частка паўднёвай Індыі, княствы Майсур, Хайдарабад і іншыя ператвораны ў англійскіх васалаў. Сітуацыю ў краіне пагоршыў голад 1769 года, у выніку якога вымерла каля 1/3 насельніцтва.

У 1772 г. губернатарам Бенгаліі стаў У. Гастынгс (з 1773 г. генерал-губернатар). Ён рэарганізаваў падатковую сістэму, прызначыў кіраўнікамі буйных акруг англічан, увёў грамадзянскія і крымінальныя суды. Цэнтрам англійскіх каланіяльных улад у Індыі стала Калькута. Парламенцкі акт 1784 года падпарадкаваў Індыю непасрэдна брытанскаму ўраду. У выніку англа-маратхскіх войнаў (1775—1818) ліквідавана дзяржава пешв, частка княстваў трапіла ў васальную залежнасць. Да сярэдзіны 19 ст. англічане шляхам анексій падпарадкавалі 2/3 тэрыторыі Індыі. Яны правялі судовую рэформу (на некаторыя пасады былі прызначаны індусы), рэарганізавалі на еўрапейскі ўзор пошту, тэлеграф, прапалі першую чыгунку, стварылі дэпартамент асветы, які павінен быў арганізоўваць школы для індусаў, англійскую мову абвясцілі афіцыйнай. Адначасова англічане заахвочвалі сепаратысцкія тэндэнцыі ў індыйскім грамадстве, мясцовы і племянны нацыяналізм, правакавалі спрэчкі паміж індуістамі і мусульманамі. Паступова Індыя ператварылася ў сыравінную базу і рынак збыту для англійскіх тавараў. Інтэнсіўная эксплуатацыя зямель, вялікія падаткі і знішчэнне традыцыйных сувязей паміж рамяством і сельскай гаспадаркай разаралі індыйскае сялянства. Гэта стала адной з прычын Індыйскага народнага паўстання 1857—59. Пасля задушэння паўстання англійскія ўладанні ў Індыі былі падпарадкаваны непасрэдна брытанскай кароне. 1 студзеня 1877 г. ў Дэлі каралева Вікторыя была ўрачыста абвешчана імператрыцай Індыі; ад яе імені правіў віцэ-кароль.

Рух за вызваленне правіць

Прыток англійскага капіталу на рубяжы 19—20 ст. паскорыў прамысловае развіццё Індыі, паспрыяў росту нацыянальнай буржуазіі. У 1885 г. была створана партыя ліберальна-памешчыцкіх колаў і інтэлігенцыі — Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК). Скора ў ёй аформілася радыкальная плынь на чале з Б. Тылакам, якая пасля падзелу Бенгаліі па рэлігійных прыкметах (1905) узначаліла нацыянальна-вызваленчы рух. Брытанскія ўлады вымушаны былі правесці шэраг рэформ і адмяніць закон аб падзеле Бенгаліі (1911). З мэтай расколу вызваленчага руху яны ініцыіравалі стварэнне Мусульманскай лігі (1906).

У 1-ю сусветную вайну Вялікабрытанія актыўна эксплуатавала матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы Індыі. Збядненне насельніцтва, голад і эпідэміі выклікалі ў 1918—22 уздым вызваленчага руху, які ўзначаліла індыйская буржуазія. ІНК узяў на ўзбраенне ідэі і метады М.К.Гандзі (масавыя ненасільныя дзеянні, непадпарадкаванне англійскім уладам). Прыняцце законаў, накіраваных супраць удзельнікаў вызваленчага руху і на замацаванне каланіяльнага становішча Індыі, выклікалі масавы пратэст і прывялі да кровапраліцця (расстрэл мітынгу ў Амрытсары ў красавіку 1919). Па закліку Гандзі ІНК пачаў у 1920 г. кампанію грамадскага непадпарадкавання, якая была падмацавана забастоўкамі рабочых і паўстаннямі сялян. Уплыў ІНК узрос, ён ператварыўся ў масавую партыю, а гандзізм стаў яго афіцыйнай ідэалогіяй. У 1927 г. у ІНК склалася левае крыло на чале з Дж. Нэру і С. Ч. Босам, пад націскам якога Кангрэс высунуў у 1929 г. лозунг поўнай незалежнасці для Індыі. Радыкальныя настроі ў вызваленчым руху знайшлі ўвасабленне ў стварэнні Камуністычнай партыі Індыі (КПІ, з 1925), рада рабоча-сялянскіх партый (1926—27), успышцы тэрарызму ў канцы 1920-х г.

Сусветны эканамічны крызіс 1929—33 г. рэзка абвастрыў супярэчнасці паміж індыйскім грамадствам і брытанскім каланіялізмам. ІНК правёў некалькі кампаній грамадзянскага непадпарадкавання, у княствах Кашмір і Адвар адбыліся сялянскія паўстанні. Брытанскія ўлады рэпрэсіямі і ўступкамі спрабавалі стабілізаваць сітуацыю (гл. канферэнцыі «Круглага стала»). У 1935 г. быў прыняты новы закон (канстытуцыя) аб кіраванні Індыяй, які пашырыў прадстаўніцтва маёмных слаёў у выбарных органах, але захаваў каланіяльную ўладу. У 2-й палавіне 1930-х г. краіну ахапілі забастоўкі рабочых і сялянскія выступленні супраць феадальнай дэспатыі князёў.

У верасні 1939 г. Індыя была ўцягнута ў 2-ю сусветную вайну. Індыйская буржуазія выкарыстала антываенны рух для націску на ўлады Вялікабрытаніі і запатрабавала надання Індыі незалежнасці. Мусульманская ліга выступіла за стварэнне асобнай мусульманскай дзяржавы Пакістан. У сакавіку 1942 г. брытанскі ўрад прапанаваў падзяліць пасля вайны Індыю на 2 дамініёны, але без стварэння нацыянальнага ўрада. У адказ ІНК пачаў новую кампанію грамадзянскага непадпарадкавання, але каланіяльныя ўлады арыштавалі яго лідараў (жнівень 1942). У краіне ўспыхнуў антыбрытанскі рух пад лозунгам «Прэч з Індыі!». Вясной 1944 г. лідары ІНК былі вызвалены, у 1945 г. падпісана пагадненне з Мусульманскай лігай аб прынцыпах фарміравання часовага нацыянальнага ўрада. Брытанскі ўрад быў вымушаны пайсці на ўступкі. У жніўні 1946 г. быў сфарміраваны часовы ўрад на чале з Нэру, а 15 жніўня 1947 г. Індыя была падзелена на 2 дамініёны — Індыйскі саюз і Пакістан (гл. план Маўнтбетэна). Падзел Індыі на рэлігійнай аснове выклікаў узброеныя сутыкненні мусульман і індусаў (у час аднаго з іх забіты Гандзі), стварыў праблему бежанцаў, прывёў да тэрытарыяльных спрэчак. У 1947—49 гг. адбыўся ваенны канфлікт з Пакістанам з-за Кашміра.

Індыйская рэспубліка правіць

26 студзеня 1950 г. паводле новай канстытуцыі Індыя стала рэспублікай, абвешчаны дэмакратычныя свабоды, адменены розныя віды дыскрымінацыі і прымусовай працы. На першых усеагульных выбарах у пачатку 1950-х г. перамог ІНК. У эканоміцы быў узяты курс на стварэнне магутнага дзяржаўнага сектара, заахвочванне нацыянальнага і абмежаванне замежнага прыватнага капіталу, планаванне. З дапамогай замежных дзяржаў пабудаваны буйныя металургічныя прадпрыемствы, створаны новыя галіны прамысловасці, закладзены асновы энергетыкі. У сельскай гаспадарцы ішло паступовае абмежаванне памешчыцкага землеўладання, пачалі стварацца кааператывы.

У 1950-я г. штаты былі рэарганізаваны на нацыянальнай ці лінгвістычнай аснове, а княствы ліквідаваны; асновай знешняй палітыкі быў абвешчаны пазітыўны нейтралітэт на базе пяці прынцыпаў мірнага суіснавання. Індыя стала адным з арганізатараў і лідараў Руху недалучэння, актыўна падтрымлівала антыкаланіяльную барацьбу іншых народаў. У 1950—60-я г. яна дабілася вяртання шэрага сваіх тэрыторый ад Францыі і Партугаліі.

На рубяжы 1950—60-х г. актывізаваліся правыя буржуазныя і рэлігійна-абшчынныя партыі, адбыліся сутыкненні мусульман і індусаў у Пенджабе, Асаме, Мадх'я-Прадэшы. Абвастрэнне інда-кітайскага канфлікту прывяло да ўвядзення ў кастрычніку 1962 г. надзвычайнага становішча, рэпрэсій супраць КПІ (раскалолася ў 1964). Пасля смерці Нэру (1964) у краіне абвастрылася палітычная барацьба. Унутры ІНК аформіліся 2 групоўкі, якія павялі барацьбу за ўладу ў партыі і краіне. Перамаглі левацэнтрысты на чале з І.Гандзі, якая ў 1966 г. ўзначаліла ўрад. Пачалася рэалізацыя «праграмы 10 пунктаў» (умацаванне дзяржаўнага сектара, сацыяльна-эканамічныя меры ў інтарэсах шырокіх слаёў насельніцтва), прыняты шэраг важных законаў (аб дзяржаўным кантролі, ліквідацыі прывілеяў былых князёў і інш.). Вайна з Пакістанам (1971) і сусветны эканамічны крызіс 1973—75 прывялі да зніжэння тэмпаў росту прамысловасці і сельска-гаспадарчай вытворчасці, абвастрэння сацыяльных супярэчнасцей. Масавыя стачкі і забастоўкі 1972—74 гг. суправаджаліся ўзмацненнем рэлігійна-абшчынных і сепаратысцкіх выступленняў у штатах Андхра-Прадэш, Гуджарат, Біхар, тэрарызмам. У ліпені 1975 г. было ўведзена надзвычайнае становішча, арыштаваны лідары апазіцыі. Адначасова ўрад абвясціў праграму шырокіх сацыяльна-эканамічных мерапрыемстваў. Абмежаванне грамадзянскіх свабод, празмернае ўзмацненне выканаўчай улады, рэпрэсіі супраць левых партый і інш. выклікалі чарговы раскол ІНК і паражэнне яго на выбарах 1977 г. ад блока Джаната парты.

Але супярэчлівая эканамічная палітыка, рост сацыяльнай напружанасці, раскол блока прывялі да адстаўкі ўрада і ўпэўненай перамогі ІНК на датэрміновых выбарах. Галоўнымі задачамі новага ўрада Гандзі былі: пашырэнне эканамічнай і сацыяльнай інфраструктуры, ліквідацыя галечы і забеспячэнне занятасці, у палітычным жыцці — умацаванне ўплыву ІНК, барацьба супраць сепаратызму і экстрэмізму. Сепаратысцкія выступленні ў Асаме і Пенджабе былі падаўлены з дапамогай арміі (у т.л. штурм «Залатога храма» ў Амрытсары). У адказ сікхскія сепаратысты 31 кастрычніка 1984 г. забілі І.Гандзі. Яе сын Раджыў Гандзі ўзначаліў урад і ІНК. Яго ўрад прыняў жорсткія захады супраць тэрарызму, узяў курс на мадэрнізацыю дзяржсектара эканомікі, прыцягненне замежнага капіталу і найноўшых тэхналогій, распрацаваў маштабныя сацыяльныя праграмы. Аднак пагаршэнне эканамічных паказчыкаў у 1987—88 гг., палітычны крызіс у кіраўніцтве ІНК прывялі да зніжэння яго папулярнасці.

У 1988 г. пяць апазіцыйных партый стварылі Нацыянальны фронт, які склаў моцную канкурэнцыю ІНК на выбарах 1989 года. Кааліцыйны ўрад, сфарміраваны на чале з лідарам Нацыянальнага фронту В. П. Сінгхам, у лістападзе 1990 г. пайшоў у адстаўку. У сакавіку 1991 г. у адстаўку падаў наступны кааліцыйны ўрад Ч.Шэкхара. У час перадвыбарнай кампаніі, прызначанай на май 1991, тэрарысты забілі Р.Гандзі. Новым старшынёй ІНК выбраны Н. П. В. Рао, які перамог на выбарах і узначаліў ўрад. Прэзідэнтам у 1992 г. быў абраны Шанкар Даял Шарма. Павольнае і супярэчлівае ажыццяўленне новай эканамічнай палітыкі, незадаволенасць часткі мясцовай буржуазіі засіллем замежнага капіталу, крывавыя сутычкі на рэлігійнай глебе, рэзкае абвастрэнне адносін Індыі з суседнімі мусульманскімі краінамі прывялі да адстаўкі ўрада і прыходу да ўлады ў 1996 г. урада левацэнтрысцкай кааліцыі пад кіраўніцтвам І. К. Гуджрала. ІНК напачатку падтрымаў гэты ўрад, што дазволіла яму заставацца на чале ўлады да канца 1997 года. Спыненне падтрымкі ІНК прывяло да адстаўкі ўрада Гуджрала і правядзення ў лютым 1998 г. парламенцкіх выбараў.

Індыя — член ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дыпламатычныя адносіны Індыі з Беларуссю былі ўстаноўлены ў красавіку 1992 года.

Літаратура правіць