Гісторыя Жалудка

Гарадскі пасёлак Жалудок знаходзіцца ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці.

Першы раз назва Жалудок узгадваецца у 2-й пал. 15 ст. у актах Літоўскай метрыкі як велікакняжацкае ўладанне. З 1486 – вядомы як мястэчка. У канцы 15 – пачатку 16 стст. існаваў Жалудоцкі павет у складзе Трокскага ваяводства ВКЛ. З 1501 па 1508 жалудоцкім намеснікам быў велікакняжацкі падскарбій надворны, а потым лоўчы і канюшы пан Марцін Храптовіч. У 1510 жалудоцкім намеснікам быў велікакняжацкі лоўчы пан Мікалай Юр’евіч Пац, або Пацавіч.

У 1516 кароль Жыгімонт I Стары аддаў Жалудок за 600 коп грошай князю Васілю Палубінскаму. У якасці “дзяржаўцы Жолудского” князь В. Палубінскі апошні раз узгадваецца ў 1534. У тыя часы ў Жалудку і яго ваколіцах пражывала шмат баяр – прадстаўнікоў ваенна-служылага саслоўя ВКЛ. Перапіс войска ВКЛ 1528 змяшчае імёны 36 жалудоцкіх баяр, абавязанных са сваім узбраеннем служыць у войску. У іх лік уваходзіў атрад з 21 баярына, які перыядычна нёс ахову вядомага Трокскага замка.

У 1535 Жалудок і Высокі Двор (у Літве на захад ад сучаснага Тракая) былі падараваны каралём Жыгімонтам I Старым перабежчыку з Масковіі, былому акольнічаму маскоўскіх князёў Івану Васільевічу Ласкаму. У 1536 гістарычныя крыніцы ўпершыню зафіксавалі таргі па панядзелках у Жалудку. Пасля, у 1552 перададзены сыну – Івану Іванавічу Ласкаму. У 1567 апошні паставіў каралю Жыгімонту Аўгусту 61 коннага воіна са зброяй падчас вайны з Масковіяй.

Паколькі Жалудок перайшоў у вотчыну Ласкіх, павет перастаў існаваць. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1565–66 Жалудоцкая воласць увайшла у склад Лідскага павета.

Затым Жалудок перайшоў да Сапегаў герба “Ліс” у якасці кампенсацыі за тэрытарыяльныя страты дома Сапегаў на ўсходзе. Потым у выніку шлюба дачкі маршалка гаспадарскага, ваяводы віцебскага і падляшскага Івана Багданавіча Сапегі (1480 – 1546) – Ганны Сапежанкі (пам. 1580) у якасці пасага Жалудок перайшоў да мазавецкага шляхетскага роду Фрацкевічаў-Радзімінскіх герба “Бродзіц”. У 1690 “Жалудоцкі ключ” – вялікае зямельнае ўладанне па абодвух берагах Нёмана з панскім дваром, мястэчкам, вёскамі, ворнымі землямі і лясамі налічваў 226 дамоў і з’яўляўся адным з буйнейшых шляхецкіх уладанняў у Панямонні.

У 18 – першай палове 19 ст. – уласнасць старажытнага нямецкага роду Тызенгаўзаў герба “Буйвал”. Антоній Тызенгаўз (1733–85) увайшоў у гісторыю як славуты падскарбій надворны літоўскі і аміністратар каралеўскі, магнат і палітык. Памёр Антоній Тызенгаўз у Гродне, а пахаваны ў Жалудку. Цела гэтага знакамітага для свайго часу дзеяча спачывае ў мясцовым касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Нарадзіўся, жыў і працаваў у Жалудку яшчэ адзін знакаміты прадстаўнік роду – гр. Канстанцін Тызенгаўз (1786 – 1853), арнітолаг, аўтар некалькіх навуковых прац. Ён захапляўся жывапісам, быў вучнем Яна Рустэма.

З 1795, пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, Жалудок – цэнтр воласці Лідскага павета ў складзе Расійскай імперыі. У 1843 пераходзіць да мазавецкага роду Урускіх у выніку шлюбу дачкі гр. Рудольфа Тызенгаўза (пам. 1830) – Германцыі Тызенгаўз (1822–91) з гр. Севярынам Урускім (1817–90), маршалкам шляхты Варшаўскай губерніі, тайным дарадцам, ахмістрам царскага двара, аўтарам папулярнага даведніка па гісторыі геральдыкі. Адмена прыгоннага права адбылася якраз пры Урускіх і прайшла вельмі мірна з перадачай сялянам поўных надзелаў па нізкіх коштах. У 1861 годзе ў мястэчку налічваўся 581 жыхар.

Пасля смерці гр. Урускай Жалудок перайшоў да яе дачкі Марыі, княгіні Святаполк-Чацьвярцінскай. Побач з Жалудком на беразе возера размешчаны маёнтак князеў Святаполк-Чацвярцінскіх (пач. 20 ст.).

З 1921 – цэнтр гміны Лідскага павета ў складзе Польшчы. З 1939 у складзе БССР, з 1940 гарадскі пасёлак, цэнтр Жалудоцкага раёна. З 1962 – пасёлак у Шчучынскім раёне.

У 1941–44 падчас другой сусветнай вайны Жалудок акупіраваны нямецка-фашыстцкімі захопнікамі. 9 мая 1942 гітлераўцы на ўскрайку Жалудка расстралялі 2 тыс. мірных грамадзян.

Гісторыя каталіцкай царквы ў Жалудку правіць

Першы касцёл быў закладзены ў 1490 вялікім князем Казімірам IV, з 1498 Жалудок – цэнтр каталіцкай парафіі. У выніку татарскага набегу ў 1506 касцёл быў спалены. У 1529 па загаду караля Жыгімонта I Старога быў адноўлены. У гэты час пробашчам жалудоцкім быў кс. Мацей Баптыста. Падчас вайны 1655 – 1659 гг. касцёл быў спалены маскоўскім войскам, пасля чаго быў адноўлены кс. Андрэем Бурневічам.

У 1682 мінскі падчашы, лідскі падкаморый, стараста крэўскі і лідскі, потым падскарбій надворны літоўскі Казімір Фрацкевіч-Радзімінскі (1638 – 1694 гг.) разам са сваёй жонкай Аляксандрай заснаваў у Жалудку драўляны кляштар кармелітаў “старых” (па іншых дадзеных – у 1686 г.). У лютым 1706 тут, у кляштары кармелітаў, падчас Паўночнай вайны стварыў свой штаб шведскі кароль Карл XII.

Паколькі пры кляштары быў свой касцёл, для адрознення стары парафіяльны касцёл пачалі называць фарай. Адсюль паходзіць і назва вёскі побач з Жалудком – Фарны Канец. Кляштар і касцёл былі размешчаны на кляштарнай плошчы па вул. Касцельнай і былі драўляныя. У сярэдзіне 18 ст. да касцёла была прыбудавана мураваная капліца, фундаваная Секлюцкімі. Касцёл быў асвечаны пад тытулам св. Казіміра, капліца – пад тытулам Найсвяцейшай Дзевы Марыі Шкаплернай. Як і ў кожнай парафіі, пры касцёле існавала парафіяльная школа. У 1777 у школе было 24 вучні; у 1781 – 9; 1782 – 14; 1804 – 10; у 1805 г. – 10 вучняў. У 1781 парафія налічвала 5962 вернікі.

У 1832 кляштар скасаваны, а яго касцёл знішчаны. У склепе знішчанага касцёла захоўваліся целы прадстаўнікоў роду Тызенгаўзаў. Трэба адзначыць, што яшчэ гр. Рудольф Тызенгаўз меў намер пабудаваць у Жалудку маўзалей, але не паспеў. Сам кляштар у 1839 быў прыстасаваны пад лазарэт эстляндскага егерскага палка.

Таму ў 1835 будаваць капліцу побач з былым кляштарам пачаў гр. Канстанцін Тызенгаўз. Але фарны касцёл быу ў такім разбураным стане, што трэба было думаць пра будаўніцтва на яго месцы новага касцёла. У 1843 пры падзеле спадчыны сёстры Юзэфа гр. Патоцка і Эльфрыда гр. Замойская заплацілі Германцыі гр. Урускай па 1500 рублёў на будоўлю мураванай капліцы і абяцалі даплаціць яшчэ пры ўмове ўзвядзення новага касцёла. За гэтыя сродкі на працягу некалькіх гадоў пры капліцы быў пабудаваны мураваны касцёл, які ў 1853 быў асвечаны як касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

22 мая (3 чэрвеня) 1863 у Вільні быў расстраляны кс. Станіслаў Іжора, вікарый жалудоцкага пробашча, прызнаны вінаватым за абвяшчэнне ў касцёле маніфеста Нацыянальнага камітэта падчас паўстання 1863—1964 гадоў. Гэта была першая ахвяра новага віленскага ваеннага генерал-губернатара Мураўёва.

Жалудоцкая парафія ў 1897 налічвала 9 тыс. верных, а да 1915 лічба вырасла да 11 тыс.

У Сеціве правіць