Мінск (ранейшыя назвы Меньск, Менеск, Менск) — сталіца Рэспублікі Беларусь, горад рэспубліканскага падпарадкавання, цэнтр Мінскай вобласці і раёна. Найбуйнешы горад, палітычны, эканамічны і культурны цэнтр краіны, галоўны транспартны вузел. Размешчаны на р. Свіслач (прыток Бярэзіны), на паўдёва-ўсходнім схіле Мінскага ўзвышша.

Паштовы блок Беларусі, прысвечаны 950-годдзю першага пісьмовага ўпамінання Мінска.

Першая згадка пра горад у «Аповесці мінулых часоў» датуецца 1067 годам.

Узнікненне Менска правіць

 
Бітва на Нямізе. Выява з Радзівілаўскага летапісу

Дакладная дата заснавання Менска невядомая. Паводле археалагічных звестак, самыя раннія паселішчы на тэрыторыі сучаснага горада вядомыя з IX стагоддзя, калі даліну Свіслачы засялялі ўсходнеславянскія плямёны крывічоў і дрыгавічоў. Каля 980 года тэрыторыя ўваходзіць у склад Полацкага княства.

Упершыню згадваецца (Меньскъ, Менскъ, Менескъ) у «Аповесці мінулых часоў» пад 1067 годам, калі быў спалены аб'яднанымі войскамі Яраславічаў (вялікага князя кіеўскага — Ізяслава, князя пераяслаўскага — Святаслава, князя чарнігаўскага — Усевалада) у часе вайны з Усяславам Полацкім.

Месца і час узнікнення Менска ў наш час выклікае дыскусіі: адны даследчыкі (А. Ясінскі, Г. Штыхаў і інш.) лічаць, што горад узнік у яшчэ даслявянскія часы на рацэ Менцы прытоку Пцічы, за 16 км на захад ад сучаснага цэнтру горада, дзе захаваўся комплекс археалагічных помнікаў, і быў перанесены на цяперашняе месца пасля 1085 года, калі ў другі раз быў спалены ўжо Уладзімірам Манамахам. Іншыя даследчыкі лічаць, што дзяцінец (пазней Менскі замак) пабудаваны на правым беразе ракі Свіслач пры ўпадзенні ў яе раку Няміга ў 2-й палове XI ст., гэта значыць напярэдадні падзей 1067 года, для абароны паўднёвых межаў Полацкага княства.

Менскае княства правіць

 
Пячатка Глеба Усяславіча, першага менскага князя

У канцы XI — пачатку XII стагоддзяў Менск становіцца сталіцай удзельнага Менскага княства. У сярэдзіне XII ст. ён быў вядомы гэта адзін з буйных гарадоў Полацкай зямлі, значны рамесна-гандлёвы цэнтр. Геаграфічнае месцазнаходжанне вызначала яго ролю як аднаго з перавалачных пунктаў на гандлёвага водным шляху ад Кіева да берагоў Балтыйскага мора. Сухапутныя дарогі звязвалі Менск з іншымі гарадамі. Менскія князі вялі барацьбу за дамінуючае становішча горада ў Полацкай зямлі і за полацкі прастол.

Першым менскім князем быў Глеб Усяславіч, потым княствам валодалі яго нашчадкі Глебавічы. У 1116 годзе Менск вытрымаў амаль 2-месячную аблогу войскаў кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха, але ў 1119 годзе горад быў захоплены і далучаны да яго ўладанняў, князь Глеб Усяславіч быў зняволены і памёр у кіеўскай турме.

З сярэдзіны XII ст. Менск зноў зноў становіцца цэнтрам незалежнага княства і адным з буйных гарадоў Заходняй Русі[1]. У 1140-я г. ў горадзе аднавілася княжанне Глебавічаў: з 1146 г. княжыў Расціслаў Глебавіч, потым яго брат Валадар Глебавіч. У 1159, 1160 і 1161 гадах горад беспаспяхова спрабаваў захапіць князь полацкі і друцкі Рагвалод Барысавіч. Палітычнае ўзвышэнне і зручнае геаграфічнае становішча спрыялі эканамічнаму росту Менска.

Археалагічныя даследаванні паказалі, што ўмацаванні менскага дзядзінца мелі два этапы будаўніцтва. Першапачаткова шырыня яго падножжа, насыпанага з буйназярністага пяску, складала каля 14 м. Унутраны схіл вала быў пакрыты дзірваном. На другім этапе, відаць пасля таго як Менск стаў сталіцай княства, вал дзядзінца ўдвая пашырылі і значна павялічылі ў вышыню. Для ўмацавання вала выкарыстоўвалі камень нарыхтаваны для будаўніцтва царквы. Сама канструкцыя вала была шырока вядомай у заходніх славян і прымянялася ў іх калі ўмацаванні будаваліся побач з забалочанай або затопленай мясцовасцю, каб надаць валу дадатковую трываласць на выпадак паводак. На думку Э. М. Загарульскага, профіль вала з вонкавага боку меў стромкі пад'ём пад вуглом 45-50°, таксама па яго версіі ў Менску былі двухвежавыя вароты, вежы злучаліся паміж сабой зрубавай устаўкай над варотамі, мелі чатыры ярусы, тры з іх — баявыя. Па іншай версіі (Ю. А. Заяц, Г. В. Штыхаў), вароты былі аднавежавыя.

У ХІІ-ХІІІ ст. на поўдзень, паўднёвы захад і паўднёвы ўсход ад дзядзінца вырас рамесны пасад з гандлёвай плошчай. Тады ж узніклі паселішчы і на паўночны захад ад Замчышча — Пятніцкі канец. Таксама былі паселішчы і на левым беразе Свіслачы, каля Траецкай гары, адны даследчыкі лічаць што яны таксама ўзніклі ў У ХІІ-ХІІІ ст., іншыя што гэтае паселішча ёсць колішнім горадам Нямігай. Агульная плошча, якую займаў у старажытнасці Мінск, складала каля 20 га. Амаль увесь горад знаходзіўся на правым беразе Свіслачы. Найбольшая магутнасць культурнага пласта адносіцца да ХІІІ ст. Напластаванні ХІІ ст. у Мінску нязначныя (каля 0,5 м), а пласта ХІ ст. на Замчышчы практычна няма.

За часам Вялікага Княства Літоўскага правіць

 
Гравюра Менска, 1772 год
 
Пячатка з выявай герба Менска ў 1591 годзе
 
Герб Менскага ваяводства, каля 1720 года

У XIII ст. узмацніліся сувязі Менскага княства з Наваградкам, пазней — з Вільняй і Трокамі[2]. Напэўна ўжо ў XIII ст. Менскае княства прызнавала сюзерэнітэт Вялікага Княства Літоўскага, але пад 1326 годам яшчэ згадваецца менскі князь Васіль, як адзін з паслоў вялікага князя літоўскага Гедзіміна ў Ноўгарад. У грамаце 1387 года Менск выступае другім пасля Полацка горадам у цэнтральнай і ўсходняй частках сучаснай Беларусі. У 1390 годзе вялікі князь Ягайла заснаваў на Траецкай Гары першы касцёл.

У велікакняскай грамаце 1444 года Менск названы сярод найболей развітых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. У 1499 годзе Менск атрымаў магдэбургскае права. Аднак падчас пажару ў Менскім замку прывілей і іншыя «лісты» на вольнасці згарэлі, у 1522 годзе мяшчане звярнуліся да вялікага князя за пацвярджэннем і атрымалі адноўлены прывілей на магдэбургскае права[3]

З 1565—1566 гадах Менск — цэнтр Менскага ваяводства, самага вялікага ваяводства Княства. Паводле дакументаў канца XVI ст. у Менску 10 прыходскіх цэркваў і 4—5 манастырскіх.

З канца 16 ст. тут праходзілі паседжанні вышэйшага судовага органа ВКЛ — Трыбунала ВКЛ.

У 1591 годзе горад атрымаў яшчэ адзін пацвярджальны прывілей ад Жыгімонта IV Вазы на магдэбургскае права з наданнем герба на гарадскую пячатку[4], які ўключае прывілей 1552 года.

Архітэктуру ў 16—17 ст. вызначалі вуліцы, прылеглыя да Менскага замка, Верхняга горада (рынку), Ніжняга рынка і Траецкай гары, забудаваныя дамамі шляхты, купцоў, багатых рамеснікаў. На плошчы Верхняга рынку сфарміраваўся ансамбль, мастацкі сілуэт якога стваралі групы культавых будынкаў (касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінак, касцёл Святога Іосіфа і кляштар бернардзінцаў, царква Святога Духа і кляштар базыльянаў, ратуша і інш.).

Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) горад разбураны. Падчас Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе Мінск спалены адступалымі расійскімі войскамі і заняты войскамі Карла XII, а ў 1710—1711 гадах перажыў эпідэмію чумы.

У складзе Расійскай імперыі правіць

 
Будынак Мінскага гарадскога тэатра на акварэлі Ю. Пешкі. У Гарадскім тэатры адбылася прэм’ера першай беларускамоўнай оперы «Ідылія»
 
Герб горада пад расійскай акупацыяй

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мінск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў адміністрацыйным цэнтрам Мінскай губерні. 14 траўня 1795 года расійскія ўлады скасавалі Магдэбургскае права, а 29 снежня 1796 года — далі гораду новы герб з дзвюхглавым арлом.

У 1793 годзе ўтвораная Мінская епархія Маскоўскага патрыярхату, 28 студзеня 1798 года — Мінская дыяцэзія Рымска-Каталіцкай царквы, адкрылася каталіцкая духоўная семінарыя (дзейнічала да 1869 года)[5]. У 1799 годзе ў горадзе з’явілася першая муніцыпальная лякарня. На 1800 год у Мінску было 1009 дамоў, з іх 39 мураваных. У 1803 годзе ўтварыўся аркестр, які выступаў з публічнымі канцэртамі ў гарадскім парку, а ў святочныя дні — у галерэі ратушы.

У вайну 1812 года 8 ліпеня ў Мінск увайшлі французскія войскі. 27 ліпеня горад стаў цэнтрам дэпартамента адноўленага Напалеонам Вялікага Княства Літоўскага. Адміністрацыйная рада Мінскага дэпартамента наладзіла выпуск першай мінскай газеты «Тымчасовая газета Мінская» (польск.: «Tymczasowa gazeta Mińska»). 16 лістапада горад зноў занялі расійскія войскі. У часе вайны горад быў моцна разбураны і разрабаваны французамі і рускімі.

30 траўня 1835 года адбыўся моцны пажар, які знішчыў амаль усю цэнтральную частку Мінска. У 1836 годзе ў горадзе адкрылася першая публічная бібліятэка, у 1837 годзе — з’явілася ўласная пажарная каманда. У выніку эпідэміі халеры 1848 года ў Мінску загінула 1,1 тыс. чалавек. У 1859 годзе адбыўся ўвод у эксплуатацыю першай на Беларусі тэлеграфнай лініі Мінск—Бабруйск.

У 1839 годзе, нягледзячы на гвалт з боку ўлад Расійскай імперыі, прадстаўнікі мінскіх уніятаў адмовіліся далучацца да Маскоўскага патрыярхату[6]. 9 лютага 1952 года, нягледзячы на забарону расійскіх улад[7], на сцэне Мінскага гарадскога тэатра адбылася прэм’ера першай беларускамоўнай оперы «Ідылія» на музыку Станіслава Манюшкі і К. Крыжаноўскага, лібрэта напісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У 1857 годзе на загад расійскага цара Мікалая I у Мінску знішчылі будынак мінскай ратушы і прылеглы да яе сквер з векавых пірамідальных таполяў. Паводле ўспамінаў відавочцаў, ратушу зруйнавалі з прычыны таго, што «... яна сваім існаваннем нагадвала жыхарам пра звычаі мінулага часу, пра Магдэбургскае права ...»[8].

 
Паўстанцы пад Мінскам, 1863 год
 
Пустка на месцы зруйнаванай ратушы і Духаўская царква па маскоўскай перабудове, 1898 год
 
Мітынг перад Домам губернатара на Саборнай плошчы 18 (31) кастрычніка 1905 года. Далейшае развіццё прывяло да падзеі, якая ўвайшла ў гісторыю як Курлоўскі расстрэл
 
Першая мінская электрастанцыя

У 1863—1870 гадах у сувязі з паўстаннем царскія ўлады ўвялі ў Мінску ваеннае становішча. Нягледзячы на гэта, гарадчане ўзялі ўдзел у выступленніі[9]. У 1866 годзе па задушэнні паўстання расійскія ўлады перайменавалі бальшыню цэнтральных вуліц Мінска (агулам 17 назваў[10]), што з'явілася шараговым захадам царызму ў палітыцы русіфікацыі беларусаў і змаганні з нацыянальна-вызвольным рухам. Іншым кірункам гэтай палітыкі стала руйнаванне расійскімі ўладамі помнікаў сакральнай архітэктуры: у 2-й палове XIX ст. яны знішчылі мураваныя касцёлы баніфатаў, кармелітаў і францішканаў, знявечылі касцёлы бернардзінцаў і дамініканцаў, перабудавалі ў маскоўскім стылі Духаўскую і Петрапаўлаўскую цэрквы.

У 1870-я гады праз Мінск пракладзеныя Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская чыгункі. У 1873 годзе пачаў дзейнічаць Мінскі камерцыйны банк, у горадзе з’явіўся водаправод. У 1890 годзе ў Мінску наладзілі тэлефонную сувязь, а з 1896 года пачала дзейнічаць першая на Беларусі тэлефонная станцыя агульнага карыстання. 10 траўня 1892 года адбылося ўрачыстае адкрыццё конкі — першага гарадскога грамадскага транспарту. У 1895 годзе ў Мінску адкрылася метэастанцыя, а 12 студзеня 1895 года — электрастанцыя. 26 верасня 1891 года ў Гарадскім садзе адбыўся палёт аэранаўта Драўніцкага на паветраным шары і яго спуск на парашуце ўласнага вырабу. На 1897 год у Мінску было 7467 будынкаў, з іх 2110 мураваных, 140 вуліц і завулкаў; дзейнічалі 18 сакральных будынкаў.

У 1870—1880-я гады ў Мінску дзейнічалі народніцкія гурткі. 7 красавіка 1876 года адбылася стачка працоўных чыгуначных майстэрняў, першая ў Мінску. 28 траўня 1889 года ў газеце «Минскій листокъ» упершыню надрукавалі беларускую паэму «Тарас на Парнасе». У 1898 годзе ў горадзе адбыўся першы з’езд РСДРП, у 1900 годзе ўтварылася Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ). 18 студзеня 1900 года адбылася першая ў Мінску вулічная дэманстрацыя працоўных. У часе рэвалюцыі 1905 года 16 лютага адбылася палітычная дэманстрацыя і стачка навучэнцаў сярэдніх навучальных устаноў; 18 кастрычніка царскія ўлады расстралялі мітынг на Прывакзальнай плошчы (Курлоўскі расстрэл); 8 снежня адбылася ўсеагульная стачка ў Мінску. 1 снежня 1906 года ў Мінску ўтварылася беларускае кніжнае аб’яднанне «Мінчук».

21 жніўня 1911 года ў прадмесці Камароўка заснавалі Мінскую балотную доследную станцыю — першую дзяржаўную навуковую ўстанову на Беларусі. На 1913 год у Мінску было 10,3 тыс. будынкаў (з іх 15% мураваныя), 305 вуліц і завулкаў, працавалі 104 фабрыкі, заводы і мануфактуры, на якіх было 5,1 тыс. работнікаў.

У часе Першай сусветнай вайны з кастрычніка 1915 года Мінск становіцца прыфрантавым горадам, у якім размяшчаюцца штаб Заходняга фронту і іншыя франтавыя арганізацыі і ўстановы, шпіталі. Дзейнічаў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Па Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года тут утварыўся Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У красавіку — ліпені ў Мінску адбыліся з’езды беларускіх нацыянальных арганізацый і партый. 20 красавіка (3 траўня) 1917 года жыхары горада змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцця Канстытуцыі 3 мая[11].

У лістападзе 1917 года ў Мінску ўтварыўся каардынацыйны цэнтр беларускага нацыянальна-вызвольнага руху — Вялікая беларуская рада. 5 снежня ў горадзе распачаўся Першы Усебеларускі з’езд. У ноч з 17 на 18 снежня (паводле старога стылю) бальшавікі разагналі з’езд. 18 снежня дэлегаты Рады Ўсебеларускага з’езда, у складзе 56 чалавек на чале з Язэпам Лёсікам, патаемна сабраліся ў чыгуначным дэпо пад аховай рабочай дружыны і пастанавілі падпарадкаваць сабе Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), а таксама выдзелілі з свайго складу кіроўны орган — Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага з’езда. Ён стаў юрыдычным і маральным пераемнікам усёй улады, якая належала Першаму Усебеларускаму з’езду. Выканкам Усебеларускага з’езда атрымаў даручэнне, як толькі будзе магчымым, узяць уладу ў Беларусі ў свае рукі і рыхтавацца да вырашальнага моманту.

Рэвалюцыйныя падзеі правіць

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 17.3.1917 г. бальшавікі горада і Заходняга фронту стварылі Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў (з 15.8.1917 г. старшыня К. Ландар). 17.3.1917 г. была таксама арганізавана народная міліцыя на чале з М. Фрунзэ. Мінск стаў і адным з цэнтраў беларускага нацыянальнага руху, месцам дзейнасці розных партый і грамадскіх арганізацыйцый. Да восені 1917 года ў горадзе сярод іншых з’ездаў і сходаў адбыліся: 7—9 красавіка — з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый (1917), у якім прынялі ўдзел 150 чал., абраны Беларускі нацыянальны камітэт; 20—30 красавіка — 1-ы з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту; 28 мая — 8 чэрвеня — з’езд настаўнікаў Мінскай губерні; 4—7 чэрвеня — з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці; 6—7 чэрвеня — з’езд беларускага каталіцкага духавенства; 21—23 ліпеня — з’езд беларускіх арганізацый і партый (1917), на якім было каля 50 дэлегатаў. Апошні быў скліканы Беларускім нацыянальным камітэтам (старшыня Р. Скірмунт) па ініцыятыве Беларускай сацыялістычнай грамады. На з’ездзе быў абраны Выканаўчы камітэт Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (У. Галубок, Я. Лёсік, Ядвігін Ш., А. Смоліч, У. Фальскі), які ўзначаліў беларускі нацыянальны рух. 28—6.11.1917 года ў Мінску ўтвораны каардынацыйны камітэт беларускага нацыянальна-вызвольнага руху — Вялікая беларуская рада (ВБР; кіраўнікі В. Адамовіч, А. Прушынскі (Алесь Гарун), А. Смоліч). 31.10—6.11.1917 на з’ездзе вайскоўцаў-беларусаў Заходняга фронту, 12-й арміі Паўночнага фронту і Балтыйскага флоту ў Мінску абраны часовы выканаўчы камітэт Цэнтральнай беларускай вайсковай рады (ЦБВР). Намаганнямі кіраўніка рады С. Рак-Міхайлоўскага ў лістападзе 1917 створаны беларускі полк. Восенню 1917 на аснове вучнёўскага гуртка «Вянок» навучэнцамі сярэдніх навучальных устаноў горада ўтворана Мінская беларуская вучнёўская грамада (дзейнічала да ліпеня 1920 г.).

Савецкая ўлада была ўстаноўлена ў Мінску 8 лістапада 1917. 13 снежня 1917 года ў горадзе ўведзена ваеннае становішча. Першы Усебеларускі з’езд быў разагнаны салдатамі Мінскага гарнізона.

 
Беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг над будынкам Народнага сакратарыята БНР у колішнім Доме губернатара на Саборнай плошчы, 1918 год
 
Нямецкія войскі на Высокім Рынку, 1918 год

Пад ціскам германскіх войск 19 лютага 1918 адбылася эвакуацыя савецкіх органаў улады. У гэты час праявілі актыўнасць польскія і беларускія добраахвотныя ваенізаваныя фарміраванні (гл. Падзеі ў Мінску 19—21 лютага 1918 года), а на будынку дзяржаўнай адміністрацыі Мінска ўпершыню з’явіўся бела-чырвона-белы сцяг як сцяг беларускай дзяржавы[12]. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда 20 лютага прыняў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі і стварыў першы ўрад — Народны Сакратарыят Беларусі на чале з Язэпам Варонкам. З 21 лютага горад акупаваны войскамі кайзераўскай Германіі[13].

25 сакавіка 1918 года ў Менску Трэцяй Устаўной граматай была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. У красавіку 1918 года адкрылася Менская вышэйшая музычная школа, неўзабаве пераўтвораная ў Беларускую кансерваторыю. На базе Менскага педагагічнага інстытута рыхтавалася адкрыццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, планавалася адкрыццё сельскагаспадарчага і політэхнічнага інстытутаў[14].

10 снежня 1918 года, калі ў горад увайшлі часці Чырвонай Арміі, Рада БНР пакінула Мінск. Да канца года ў горадзе былі ўтвораны Мінскія ваенны Савет і губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт, якія кіравалі працай па устанаўленню Савецкай улады.

Сталіца БССР правіць

У пачатку 1919 года горад занялі бальшавіцкія войскі. 5 студзеня ўрад Беларускай ССР пераязджае ў Менск, ён становіцца яе сталіцай[15]. 8 жніўня 1919 года польскія войскі з невялікімі стратамі занялі горад, які трапляе пад часовую польскую адміністрацыю — Грамадзянскую ўправу ўсходніх зямель і з 15 верасня становіцца адміністрацыйным цэнтрам Мінскай акругі[16]. У ліпені—кастрычніку 1920 года Менск займалі бальшавікі, потым зноў палякі. 18 сакавіка 1921 года згодна з Рыжскім мірным дагаворам горад адышоў да БССР.

18 красавіка 1921 года ў Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і першая навуковая бібліятэка. У 1925 годзе ў Менску і БССР увогуле пачаліся першыя радыёперадачы. У 1928 годзе ў горадзе адкрыўся першы хлебазавод[17]. 1 студзеня 1929 года Інстытут беларускай культуры, што месціўся ў Менску з 1922 года, рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук[18]. 13 кастрычніка 1929 года ў горадзе адбыўся пуск трамвая. У 1933 годзе пачаў дзейнічаць менскі аэрапорт.

У 1924—1930 гадах Мінск — цэнтр акругі, з 1934 — раёна, з 1938 года — вобласці.

 
Вуліца Савецкая. Праваруч будынак Дзяржбанка, кінатэатр Чырвоная Зорка. Зіма 1933—1934 гадоў
 
Вуліца Ленінская ад перакрыжавання з вуліцай Карла Маркса, 1935 год

У 1936 годзе савецкія ўлады ўзарвалі Духаўскую царкву, унікальны помнік архітэктуры эпохі Рэнесанс[19][20][21]. У 1937—1941 гадах ва ўрочышчы Курапаты бальшавікамі былі расстраляныя паводле розных ацэнак ад 30 000 да 250 000 жыхароў Беларусі[22]. Акрамя Курапатаў, сталінскія расстрэлы адбываліся на Кальварыйскіх могілках, у Лошыцкім Яры, Камароўскім лесе, Трасцянцы і іншых месцах і прадмесцях горада.

У Вялікую Айчынную вайну акупіраваны, дзейнічала антыфашысцкае падполле. У Мінску і яго наваколлях акупацыйны рэжым стварыў 9 лагераў і яўрэйскае гета, дзе было знішчана больш 400 тыс. чалавек, горад пераўтвораны ў руіны. Адноўлены ў 1946—1950-я.

У студзені 1946 года ў Мінску адбыўся судовы працэс над нямецкімі ваеннымі злачынцамі.

Найбольш каштоўныя помнікі архітэктуры Мінска знішчаныя савецкімі ўладамі ў паваенны час: у 1950 годзе быў узарваны дамініканскі касцёл і кляштар, на аднаўленне якіх напярэдадні была атрыманая кантрыбуцыя ад Германіі, у 1951 годзе знявечаны езуіцкі касцёл і знішчаная частка калігеума з гадзіннікавай вежай, у 1950-я скапаная замкавая гара і вывезеная за межы горада[23], у сярэдзіне 1960-х знішчаны бенедыкцінскі касцёл з кляштарам, Халодная сінагога (адзіны помнік у Мінску архітэктуры готыкі), знішчаная забудова Нямігі, у 1962 годзе знішчаная Мінская мячэць, у 1984 годзе знішчаны будынак першага гарадскога тэатра (колішні палац Радзівілаў).

1 студзеня 1956 года ў Мінску пачаліся тэлевізійныя трансляцыі. 26 чэрвеня 1974 года Мінску прысвоена ганаровае званне «Горад-Герой». 26 чэрвеня 1984 года адбыўся ўвод у эксплуатацыю Мінскага метрапалітэна.

Рэспубліка Беларусь правіць

З 1991 года Мінск — сталіца Рэспублікі Беларусь. Гэты статус горада замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2000 № 410-з «Аб статусе сталіцы Рэспублікі Беларусь — горада Мінска».

Перспектывы развіцця горада вызначаюцца «Генеральным планам г. Мінска з прылеглымі тэрыторыямі ў межах перспектыўнай гарадской рысы» Архівавана 16 сакавіка 2010..

Эканамічныя цяжкасці 1990-х пэўным чынам стрымалі развіццё горада. Актыўнае будаўніцтва разгарнулася ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х.

У цяперашні час вядзецца будаўніцтва новага шматфункцыянальнага раёна Мінск-Сіці, трэцяй лініі метрапалітэна і іншых аб'ектаў, разглядаецца магчымасць будаўніцтва трэцяга гарадскога кольца ад вуліцы Прытыцкага да праспекта Пераможцаў.

Мінск быў адным з цэнтраў пратэстаў 2020 года. Падчас пратэстаў адбыліся масавыя сутыкненні з міліцыяй, тая ўжывала слёзатачывы газ, святлошумавыя гранаты, вадамёты і гумовыя кулі. 10 жніўня 2020 года быў застрэлены ва ўпор супрацоўнікамі спецпадраздзялення ўдзельнік пратэстаў Аляксандр Тарайкоўскі.[24]

Гл. таксама правіць

Крыніцы правіць

  1. Загарульскі Э. М. Заходняя Русь IX—XIII стст. — Мн.: Універсітэцкае, 1998. — 240 с. — ISBN 985-09-0152-7.
  2. Баравы Р. Менск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 285. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  3. Российския государственный архив древних актов. Ф. 389. Д. 28. Л. 115 обр.—177 отб.
  4. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 1: 1361—1598 / [под редакцией Н. И. Костомарова]. — СПб.: Типография Э. Праца, 1863. — [6], 301, 15 с. — С. 135—137. Пазней абодва пацвярджальныя прывілеі былі апублікаваны Д. І. Даўгялам у Беларускі архіў = Archivum alboruthenicum Weissrussisches archiv: [у 3 т.] Т. 3: (XV―XVIII) / Беларуская акадэмія навук; [дакументы сабраны і згуртаваны Археаграфічнай камісіяй Беларускай акадэміі навук; змест актаў, датоўку іх, заўвагі і паказальнікі ўкладаў Зм. Даўгяла]. — Менск: выданне Беларускай акадэміі навук, 1930 (вокладка 1931). — XXV, 413 с. — С. 16—18; 42—47
  5. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 564. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
  6. Гісторыя Мінска 2006, с. 187.
  7. Ярмалінская В. Дзе нарадзілася «Ідылія» // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 421. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
  8. Пазняк З. 1985, с. 91.
  9. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. С. 394.
  10. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. С. 220.
  11. Tarasiuk D. 2007, с. 114—115.
  12. Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. — Спб., 2003(недаступная спасылка)
  13. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10). - С. 394
  14. Сідарэвіч А. Беларуская Народная Рэспубліка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 386.
  15. Трусаў А. Вялікае Княства Смаленскае // «Наша Слова» № 34 (822), 5 верасня 2007.
  16. Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 19, poz. 174
  17. Ретро: Хлебопекарни Минска во время войны Архівавана 27 ліпеня 2017.
  18. Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 401.
  19. Квитницкая Е. Д. Особенности средневековых храмов Белоруссии // «Архитектурное наследство» № 23, 1975. С. 85.
  20. Пазняк З. 1985, с. 60.
  21. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 68.
  22. Winnicki Z. Szkice kojdanowskie. — Wrocław: Wydawnictwo GAJT, 2005. S. 77—78.
  23. Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 14.
  24. Заключэнне экспертаў і аналітыкаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (6 мая 2021). — «За два дні да здарэння ў г. Мінску супрацоўнікам спецпадраздзялення быў застрэлены ва ўпор Аляксандр Тарайкоўскі; яго гібель афіцыйныя СМІ спрабавалі прадставіць як тое, што адбылося па яго ўласнай неасцярожнасці.»  Архівавана з першакрыніцы 8 мая 2021. Праверана 8 мая 2021.

Літаратура правіць

  • Бон, Т. М. «Минский феномен». Городское планирование и урбанизация в Советском Союзе после Второй мировой войны / Томас М. Бон; [пер. Е. Слепович]. — Москва : РОССПЭН, 2013. — 416 с.
  • Бон, Т. М. «Мінскі феномен». Гарадское планаванне і ўрбанізацыя ў Савецкім Саюзе пасля 1945 г. / Томас М. Бон; пер. з ням. мовы М. Рытаровіч; навук. рэд. Г. Сагановіч. — Мінск : Зміцер Колас, 2016. — 436 с.
  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне.. — Мінск: БелЭн, 2006. — ISBN 985-11-0344-6.
  • Пазняк З. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мінск: Народная асвета, 1985. — 111 с.
  • Минск // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
  • Шыбека, З. В. Минскъ сто гадоў таму / З. В. Шыбека. — Мінск : Беларусь, 2007. — 304 с.
  • Минск. Старый и новый / авт.-сост. В. Г. Воложинский; под ред. З. В. Шибеко. — Минск : Харвест, 2010. — 272 с.
  • Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem: Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905–1918. — Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 с. — ISBN 978-83-227-2629-7.

Спасылкі правіць