Гісторыя Румыніі

Румынія адбылася на тэрыторыі, якая прыблізна адпавядае старажытнарымскай правінцыі Дакіі. Уласна Румынія была сфармавана ў 1859 годзе праз асабістую унію дунайскіх княстваў Малдавіі і Валахіі. Новая дзяржава прыняла афіцыйную назву «Румынія» ў 1866 годзе і атрымала незалежнасць ад Асманскай імперыі ў 1878 годзе. У канцы Першай сусветнай вайны да суверэннага Каралеўства Румынія далучыліся Трансільванія, Букавіна і Бесарабія. У Другой сусветнай вайне Румынія ваявала на баку Нацысцкай Германіі да 1944 года, пасля чаго далучылася да Саюзнікаў. Пасля вайны стала сацыялістычнай дзяржавай і членам Варшаўскай дамовы. Пасля рэвалюцыі 1989 года Румынія пачала пераход да дэмакратычнага ладу і капіталістычнай рынкавай эканомікі.

Дзяржава дакаў у 40 г.да н.э.

Старажытны час правіць

 
Гліняная "багіня", Трыпольская культура

Чалавечыя рэшткі ўзростам 40 000 гадоў, знойдзеныя ў Пештэра-ку-Оасэ (Пячоры з косткамі), мяркуюцца найстаражытнейшымі ў свеце рэшткамі краманьёнцаў. Неалітычныя тэхналогіі і сельская гаспадарка распаўсюдзіліся па тэрыторыі сучаснай Румыніі ў 6 тыс. да н.э. пасля прыбыцця мігрантаў з грэчаскай Фесаліі. На поўначы Румыніі (каля Лункі) знойдзены самыя старажытныя ў Еўропе сведчанні аб здабычы солі ўзростам каля 8000 гадоў. Да таго часу адносяцца і першыя пасяленні, некаторыя з якіх неўзабаве сталі прота-гарадамі плошчай да 3 км². У 3 тыс. да н.э. на поўначы Румыніі квітнела Трыпольская культура. 1800 г. да н.э. датуюцца раскапаныя фартыфікацыйныя збудаванні бронзавага веку.

 
Смерць Дэцэбала, фрагмент калоны Траяна

У VII ст. да н.э. на чарнаморскім узбярэжжы з'явіліся грэчаскія калоніі, што вялі гандаль з тутэйшымі плямёнамі, сярод якіх Герадот называў гетаў па ніжнім Дунаі і агафірсаў у Трансільваніі. Страбон асацыяваў гетаў з дакамі, што ў І ст. да н.э. кантралявалі Ніжнедунайскую нізіну. Найвышэйшага росквіту дакі дасягнулі ў часы Дэцэбала (87—106 н.э.), які стварыў магутную дзяржаву. У выніку войнаў (101—102 і 105—106) з рымскім імператарам Траянам, краіна стала рымскай правінцыяй Дакія, што цягам ІІ ст. мірна і паспяхова развівалася. Вучоныя-прыхільнікі дака-рымскай неперарыўнай тэорыі кажуць, што доўгае мірнае суіснаванне рымскіх легіянераў ды перасяленцаў з дакамі стала першай стадыяй утварэння румынскай нацыі. У ІІІ стагоддзі на правінцыю аслабелай імперыі бесперапынныя набегі рабілі готы і карпы, і калі ў 271 годзе імператар Аўрэліян аддаў войску загад пакінуць Дакію, готы авалодалі краінай. Тым не менш, многія воіны і перасяленцы засталіся на новай радзіме. Дабруджа (Малая Скіфія) ж заставалася рымскай (пазней візантыйскай) да VII ст.

Сярэднявечча правіць

У 376 годзе гоцкае панаванне змянілася на гунскае. У 454 валадарства гунаў скончылася на карысць гепідаў, германскіх плямёнаў. У 570 румыскія землі трапілі пад уладу качаых плямёнаў панонскіх авараў. З канца VI cтагоддзя на землях Румыніі сталі з'яўляцца славянскія пасяленні. У 680 на ніжні Дунай прыйшлі булгары. У канцы наступнага стагоддзя яны разбілі авараў і стварылі сваю дзяржаву з хрысціянствам усходняга абраду у якасці дзяржаўнай рэлігіі. Згодна з дака-рымскай тэорыяй, раманізаванае насельніцтва, вядомае пад імем валахаў, ціха перажыло готаў, гунаў, гепідаў, авараў у лясістых раёнах.

Вучоныя, што адмаўляюць дака-рымскую тэорыю, кажуць, што раманамоўныя валахі прыйшлі на паўночнадунайскія землі з паўднёвых Балкан толькі ў ХІ ст. Прычарнаморскія раёны знаходзіліся пад уплывам Візантыі; заходняя частка сучаснай Румыніі, асабліва Трансільванія, пачынаючы з Х ст. стала сферай венгерскіх інтарэсаў. Са Свяшчэннай Рысмкай імперыі ў Трансільванію блізу 1150 прыйшлі нямецкія каланісты. Румынскія землі моцна пацярпелі ад нашэсця манголаў у 1241–1242., а ў другой палове ХІІІ ст. трапілі пад венгерскую ўладу большай часткай.

Валахія, Малдавія, Трансільванія правіць

 
Княствы Малдавія, Валахія і Трансільванія ў 1600

У ХIV ст. незалежнасць ад Венгрыі атрымлівалі два румынскіх княствы: Валахія (1330) і Малдавія (1360). Валашскае княства, дасягнуўшы росквіту пры князі Мірчы I Старым (1386–1413), у 1456 стала васалам Асманскай імперыі. Малдаўскае княства дасягнула росквіту пры князі Стэфане III Вялікім (1457–1504), а ў 1513 стала васалам Асманскай імперыі. У 1541 пасля падзення Венгерскага каралеўства туркі захапілі заходнерумынскія землі, на якіх у 1570 было створана васальнае княства Трансільванія. Тады ж на румынскія землі прыйшла рэфармацыя. У 1594 Малдавія, Валахія і Трансільванія далучыліся да Свяшчэннага саюза, скіраванага супраць асманскага панавання ў Еўропе. У траўні 1600 усе тры княствы былі аб'яднаны пад уладай князя Міхая Храбрага, які, хоць пад ціскам суседзяў быў вымушаны адрачыся ў версані таго ж года, у ХІХ стагоддзі стаў сімвалам адзінства нацыі.

 
Дынаміка тэрыторыі Румыніі ў 1859-2010

У ХVII cтагоддзі княствы працягвалі плаціць даніну асманам, але ўзмацнілі сваю аўтаномію. Пасля 1683 Трансільванія ўвайшла у склад дзяржавы Габсбургаў, якая праводзіла палітыку акаталічвання (дакладней, пераходу ў унію). Праваслаўная царка была прызнана толькі ў выніку паўстанняў, узнятых манахамі ў 1744 і 1759 гадах, румыны ў Трансільваніі заставаліся непрызнаным народам.

Пасля здрады князя Валахіі Канстанціна Бранкавяну і Малдавіі Дімітара Кантэміра і заключэння імі саюзу з Габсбургамі і Расіяй, Стамбул пыйшоў да высновы аб неабходнасці кіраваць Дунайскімі княствамі (так у той час празвалі Валахію і Малдавію) праз сваіх стаўленікаў — грэкаў-фанарыётаў. Новыя ўладары хутка распусцілі войскі, што давзволіла Аўстрыі акупаваць Букавіну (1775), а Расіі — Бесарабію (1812).

Кючук-Кайнарджыйскі дагавор (1774), падпісаны пасля Руска-Турэцкай вайны 1768–1774, абавязаў Асманскую імперыю пагадзіцца на аўтаномію Дунайскіх княстваў. Натхнёны грэчаскай вайной за незалежнасць валахскі дваранін Тудор Уладзімірэску ў 1821 годзе ўзняў паўстанне супраць турак, аднак у хуткім часе быў забіты фанарыётамі. Адрыянопальскі мір 1829 года паміж Турцыяй і Расіяй пашырыў аўтаномію княстваў, хоць і пакінуў Стамбулу права прызначаць князёў. Валахскія і малдаўскія лідары рэвалюцыі 1848 года змагаліся за аб'яднанне княстваў, вызваленне сялян (дарэчы, упершыню пад сіне-жоўта-чырвоным трыкалорам), але гэтым разам імперскія Расія і Турцыя выступілі супраць рэвалюцыянераў адзіным фронтам і разграмілі іх. У Трансільваніі румыны падтрымалі антывенгерскія захады Вены, аднак Габсбургі ўсё адно не далі ім аўтаноміі, і ў 1867 годзе Аўстра-венгерскае пагадненне зрабіла Трансільванію часткай вялікай Венгрыі ў складзе дуалістычнай манархіі.

Атрыманне незалежнасці правіць

 
Народы Аўстра-Венгрыі ў пачатку ХХ ст (румыны — блакітныя, венгры — жоўтыя, немцы і аўстрыйцы — фіялетавыя

У выніку Крымскай вайны Дунайскія княствы аказаліся пад міжнароднай апекай. Вялікія дзяржавы не перашкодзілі мясцоваму дваранству правесці спецыяльныя сходы, на якіх было прынята рашэнне аб аб'яднанні княстваў; першым князем аб'яднанай краіны ў 1859 стаў Александру Іаан Куза. У 1862 годзе саюз княстваў атрымаў назву Румынія. Урад Кузы ўзяў курс на рэформы — секулярызацыю, аграрную рэформу, — што выклікала незадаволенасць кансерватыўных колаў і Александру быў заменены на немца Карла Гагенцолерна-Зігмарынгена. На Берлінскім кангрэсе (1878) Румынія была прызнана незележным каралеўствам, да дзяржавы былі далучаны дэльта Дуная і Дабруджа; а Карл Гагенцолерн у 1881 стаў каралём Каралем Першым. У 1883 годзе Румынія таемна далучылася да Траістага саюза. Нягледзячы на патрабаванні румынскіх ірэдэнтыстаў, ў першыя дзесяцігоддзі свайго існавання каралеўства не прэтэндавала на чужыя землі.

Першая і Другая сусветныя войны правіць

 
Кароль Караль I Гагенцолерн з пляменнікам, будучым каралём Фердынандам І і яго сынам, будучым Каралем ІІ

У выніку Другой Балканскай вайны Румынія атрымала Паўднёвую Дабруджу. Паколькі Германія і Аўстрыя ў гэтай вайне падтрымалі Балгарыю, Румынія перагледзела сваю знешнюю палітыку і далучылася да Антанты, але на пачатку Першай сусветнай вайны заставалася нейтральнай. Аднак, калі саюзныя дзяржавы паабяцалі Румыніі венгерскую Трансільванію, яна ў 1916 абвясціла вайну Траістаму саюзу. Усходні фронт расцягнуўся, румынская армія хутка была разбіта і аўстра-германскія войскі акупавалі тры чвэрці краіны, за рэштку тэрыторыі змагалася расійская армія. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі расійскія войскі пакінулі Румынію і краіна ў траўні 1918 была вымушана падпісаць з Цэнтральнымі дзяржавамі цяжкі Бухарэсцкі дагавор. Зрэшты, кароль Фердынанд І за дзень да капітуляцыі Германіі паспеў аднавіць адносіны з Антантай, таму Румыніі дасталіся ўсе абяцаныя бонусы са складу Аўстра-Венгрыі: Трансільванія, Банат, Крышана, Букавіна. Больш за тое, Грамадзянская вайна ў Расіі дазволіла ажыццявіць уз'яднанне з Бесарабіяй, не прызнанае СССР. Такім чынам, плошча Румыніі павялічылася з даваенных 137,000 км² да 295,000 км².

Рэформы 1919–1921 ператварылі краіну ў "нацыю дробных земляўласнікаў". Было ўведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын. Румынская дзяржава была ўнітарнай, аднак нацыянальныя меншасці, што складалі 30 % насельніцтва, мелі даволі шырокія правы. У 1927 годзе памірае кароль Фердынанд, улада фармальна пераходзіць да яго ўнука Міхая. У 1930 з эміграцыі вяртаецца бацька малалетняга Міхая, эксцэнтрычны кароль Караль ІІ. У 1938 Караль "дорыць" народу новую Канстутуцыю, ліквідуе парламенцкую дэмакратыю, распушчае партыі і робіцца адзінаўласным гаспадаром Румыніі. Пасля дыпламатычна прайграных тэрытарыяльных страт на карысць СССР (Бесарабія і Букавіна), Венгрыі (Трансільванія) і Балгарыі (Паўднёвая Дабруджа) у 1940, Караля зрынвае прагітлераўскі генерал Іон Антанеску, што абвяшчае сябе дыктатарам пры тым жа каралі Міхаі. У час Другой сусветнай вайны Румынія з'яўляецца саюзнікам дзяржаў Восі, галоўнай крыніцай нафты для вермахта. У ліпені 1941 года Румынія ўступіла ў вайну супраць СССР на баку Германіі, вярнула Бесарабію і акупавала Трансністрыю — вобласць на ўсход ад Днястра з цэнтрам у Адэсе. Яўрэйскае насельніцтва Трансністрыі было вынічшчана, яўрэі ж Малдавіі і Валахіі збольшага перажылі вайну, хаця й былі моцна абмежаваны ў правах. 23 жніўня 1944 падчас паспяховага савецкага наступлення кароль Міхай арыштаваў Іона Антанеску і перадаў уладу антыфашысцкаму Нацыянальнаму дэмакратычнаму блоку. 250 000 румын далучыліся да Савецкай арміі ў паходзе на захад.

Камуністычная Румынія правіць

 
Георгэ Геаргіу-Дэж сустракае Мікіту Хрушчова у аэрапорце Бухарэста, 1960

У сакавіку 1945 г. ва ўладзе апынуўся ўрад, падтрыманы Масквой, і два з лішкам гады Румынія заставалася нечым накшталт «сацыялістычнай манархіі». Маладому каралю далі ў Маскве мянушку «кароль-камсамолец». 6 ліпеня 1945 г. Міхай быў узнагароджаны савецкім ордэнам «Перамога» (№16). У 1947 Румыніі афіцыйна перадалі Трансільванію. У тым жа годзе лідар камуністаў Георгэ Геаргіу-Дэж, прымусіўшы Міхая І адрачыся ад улады і пакінуць радзіму, стаў на чале Румыніі, якая атрымала назву Сацыялістычная Рэспубліка Румынія. Прамая ваенная прысутнасць СССР у Румыніі працягвалася да канца 1950-х, а сумесныя прадпрыемствы "саўромы" эксплуатавалі прыродныя багацці краіны на карысць вялікага брата. У 1948 дзяржава распачала калектывізацыю. З канца 1940-х па пачатак 1960-х палітычныя свабоды былі згорнуты, іншадумства пераследвалася, разгортваліся шырокія кампаніі па выкрыванні ворагаў народу, а таемная паліцыя "секурытатэ" (Securitate) атрымала рэнаме найбольш жорскай спецслужбы ў сацыялістычным лагеры. У 2006 спецыяльная камісія назвала лічбу ахвяраў (ад пераследу і выпраўленчых работ у лагерах — да забойстваў) камуністычнага рэжыму — 2 млн чалавек.

 
Нікалае Чаўшэску віншуе румынскі народ з новым, 1978, годам

Пасля смерці Геаргіу-Дэжа ў 1965, кіраўніком краіны стаў Нікалае Чаўшэску. Пры ім краіна стала правоздзіць палітыку з меншай аглядкай на СССР. У 1967 Румынія стала адзінай камуністычнай краінай, што не парвала дыпламатычных адносін з Ізраілем пасля Шасцідзённай вайны. Аўтарытэт краіны ў арабскім свеце заяспечыў Румыніі ролю пасрэдніка ў араба-ізраільскіх перамовах. У тым жа 1967 годзе Чаўшэску ўсталяваў дыпламатычныя адносіны з ФРГ. Румынія стала адзінай дзяржавай Варшаўскага дагавора, што не стала ўдзельнічаць ва ўводзе войск у Чэхаславакію ў жніўні 1968 года, а Чаўшэску назваў саму аперацыю "вялікай памылкай, што ставіць пад пагрозу лёс камунізму". У першай палове 1980-х у румынскай эканоміцы сталі відавочны вялікія праблемы, выкліканыя планавым характарам эканомікі і вялікай знешняй запазычанасцю. Чаўшэску заклікаў румынаў да жорсткай эканоміі і да 1989 краіна разлічылася з даўгамі. Аднак жахлівае падзенне ўзроўню жыцця людзей адбілася на настроях у грамадстве, і так расчараваным палітычнымі несвабодамі і культам асобы дыктатара. У выніку рэвалюцыі ў снежні 1989 Чаўшэску быў зрынуты і расстраляны разам з жонкай. З усіх падзенняў камуністычных рэжымаў румынскай рэвалюцыя стала найбольш крывавай — з тысячамі забітых і параненых.

Сучасны перыяд правіць

У 1990 пасля яшчэ некалькіх рэвалюцыйных хваляў Румынія перайшла да дэмакратычнай палітычнай сістэмы і рынкавай эканомікі. Першым прэзідэнтам дэмакратычнай Румыніі стаў Іон Іліеску. У 2004 Румынія стала членам НАТА, 1 студзеня 2007 разам з Балгарыяй далучылася да ЕС. У другой палове 2010-х захлынутую карупцыяй краіну ўскалыхнулі наймагутнейшыя з 1989 пратэсты.

Зноскі