У сярэдзіне 1-га тысячагоддзя да н.э. з поўдня Карэйскага паўвострава на Японскія астравы праніклі т.зв. протаяпонскія плямёны. З іх прыходам тут з'явіліся свойскія жывёлы — конь, карова; узнікла культура паліўнога рысу. На востраве Хакайда з айнамі змешваліся выхадцы з усходняга ўзбярэжжа мацерыка Азіі. На астравах Кюсю і Сікоку і на поўдні Хансю айнскае насельніцтва асімілявалася з аўстранезійскімі плямёнамі. Працэс развіцця прышлых плямён, іх узаемадзеянне з мясцовым аўстранезійска-айнскім насельніцтвам адбываліся да 5 стагоддзя да н.э. Раннія пасяленцы жылі вясковымі абшчынамі, якія аб'ядноўваліся ў невялікія тэрытарыяльныя або племянныя саюзы на чале з правадырамі. У 2-3 стагоддзях да н.э. яны вялі войны за пашырэнне сваіх тэрыторый. Пашырыліся паселішчы, умацаваныя насыпамі і равамі.

прынц Сётоку Тайсі

Паводле кітайскіх хронік легендарны імператар Дзіму-Тэно — нашчадак багіні Аматэрасу; у 660 годзе да н.э. ён стаў родапачынальнікам няспыннай дынастыі японскіх імператараў. На стадыі афармлення дзяржавы грамадства складалася кроўнароднасных кланаў. У канцы 3 стагоддзя н.э. цэнтр улады размяшчаўся на месцы сучаснага горада Нара на раўніне Ямата. У другой палове 4 стагоддзя імператары Ямата здзейснілі экспансіў на поўдзень, што паспрыяла кантактам з высокаразвітай цывілізацыяй Кітая. Развіццё японскай цывілізацыі стымулявалі імпарт жалеза, кітайская мова, літаратура, філасофія. Найбольш значная падзея гэтага часу — пранікненне ў Японію будызму і канфуцыянства. У канцы 6 стагоддзя пры імператарах дынастыі Сога будызм зрабіўся нацыянальнай рэлігіяй. Сінтаізм захаваў цырыманіяльнае значэнне. Працэс далучэння да кітайскай культуры далучыўся і на палітычныя інстытуты. Унутраная палітыка імператараў Ямата была накіравана на аб'яднанне краіны і афармленне ідэалогіі адзінаўладдзя. Важную ролю ў гэтым працэсе адыгралі ўведзеныя ў 604 годзе прынцам Сётоку Тайсі «Законапалажэнні з 17 артыкулаў», дзе ў якасці галоўнага палітычнага прынцыпу сфармуляваны вышэйшы суверэнітэт і строгае падпарадкаванне малодшых старэйшым; усталявалася сістэма чыноўніцкіх рангаў і прыдворнага цырыманіялу.

Для гісторыі фарміравання японскай дзяржаўнасці вялікае значэнне мела эпоха Фудзівара (6451192). Пачатак ёй паклаў «пераварот Тайка» (ад назвы года, калі ён адбыўся), у час якога прынц Наканаоэ скінуў уладу дынастыі Сога (645). 2-я палова 7 стагоддзя прайшла пад знакам «рэформ Тайка», у выніку якіх рэарганізаваны ўсе сферы адносін у краіне і ўмацавана імператарская ўлада кітайскай танскай мадэлі. Усе землі перайшлі ва ўласнасць дзяржавы, краіна падзелена на правінцыі і паветы на чале з губернатарамі і павятовымі начальнікамі. У 694 годзе пабудаваны першы сталічны горад Фудзівара-к'ё. Працэс афармлення сярэднявечнай японскай дзяржавы завершаны ў 8 стагоддзі, на працягу якога тройчы пераносілася сталіца: у 710 годзе ў Нара, у 784 годзе ў Нагаока і ў 794 годзе ў Кіёта. Станаўленне грамадства суправаджалася адыходам ад класічнага ўзору дзяржаўнага ўладкавання, абазначылася тэндэнцыя да дэцэнтралізацыі ўлады. У канцы 9 стагоддзя ўлада належала прадстаўнікам роду Фудзівара, якія з 858 года кіравалі краінай у якасці рэгентаў пры малалетніх імператарах, а з 888 года — у якасці канцлераў пры паўналетніх. Характэрнай рысай сацыяльнага жыцця стала фарміраванне саслоўя самураяў.

Сярэднявечная Японія правіць

Круты паварот у гісторыі Японіі адбыўся ў 1192 годзе, калі вярхоўным правіцелем краіны з тытулам сёгун стаў Мінамота-но Ёрытома. З таго часу да 1868 года Японіяй кіравалі сёгуны, а імператары выконвалі толькі цырыманіяльныя функцыі. Першы сёгунат Мінамота праіснаваў да 1335 года. Гэта быў час росквіту гарадоў, рамёстваў і гандлю. У 1274 і 1281 гадах японцы паспяхова супраціўляліся ўварванню мангольскай арміі. Другі сёгунат Асікага (1335—1573) узнік у ходзе працяглых міжусобных войнаў.

Японія ранняга новага часу правіць

 
Галандскія гандляры па ўяўленні японцаў

У пачатку 15 стагоддзя ўзмацнілася цэнтральная ўлада. Аднак пасля забойства Асікага Ёсіноры ў Японіі зноў разгарэліся міжусобныя войны, якія перараслі ў феадальную вайну 1467—1477. Місію аб'яднання краіны выканалі 3 палітычныя дзеячы: Ода Набунага, Таётомі Хідэёсі і Такугава Іэясу. У 1573 годзе Ода скінуў апошняга сёгуна з роду Асікага. Ён валодаў паловай правінцый і сталіцай Кіёта, здзейсніў рэформы, якія ліквідавалі раздробленасць і спрыялі развіццю гарадоў. Ода выкарыстоўваў сувязі з еўрапейцамі каб набыць агнястрэльную зброю, не забараняў дзейнасць місіянераў. Аб'яднанне Японіі завяршыў пераемнік Ода — Таётомі Хідэёсі, які ў ходзе Імдзінскай вайны беспаспяхова спрабаваў заваяваць Карэю.

Паплечнік Таётомі Хідэёсі Такугава Іэясу ў 1603 годзе абвясціў сябе сёгунам. Пачаўся апошні, трэці (1603—1867) сёгунат Такугава, асноўныя намаганні якога былі накіраваны на абмежаванне ўсеўладдзя даймё (уладарных князёў). Сёгуны з дынастыі Такугава стварылі цэнтралізаваную дзяржаву і ўсталявалі рэжым спадчыннай ваеннай дыктатуры. За імператарам захаваліся толькі цырыманіяльныя і рэлігійныя функцыі. Аграрная рэформа замацавала сялян за іх землямі. Пры першых Такугава строга былі размежаваны саслоўі: самураі, сяляне, рамеснікі, гандляры. Цэнтральнай фігурай ў дзяржаве стаў воін-самурай. Асноўную масу насельніцтва складала сялянства. Імкнучыся ўмацаваць сваю ўладу і пазбегнуць залежнасці ад еўрапейскіх дзяржаў, Такугава забаранілі любыя зносіны, у т.л. гандлёвыя, японцаў з еўрапейцамі (акрамя галандцаў; для абмежавана гандлю з Галандыя і Кітаем быў пакінуты адзіны порт — Нагасакі); кожны еўрапеец, які пранікаў на астравы Японіі, падлягаў смяротнаму пакаранню. Галандыя набыла правы гандлю з Японія з-за удзелу ў падаўленні паўстання ў Сімабарэ 1637—1638 гг. Трэба адзначыць, што Галандыю, як і Вялікабрытанію, бакуфу выкарыстоўвалі як сродак змяншэння ўплыву Партугаліі і Іспаніі. Вялікабрытанія таксама магла гандляваць з Японіяй, аднак у яе там нічога не атрымалася, і ў 1623 г. англійскія гандляры пакідаюць краіну. У 1612 (1614) годзе па-за законам стала хрысціянскага рэлігія. У 1624 годзе сёгунам Iэмiцу было забаронена прыязджаць у Японію іспанцам, у 1639 г. партугальцам. З 1633 г. па 1639 г. выйшлі пяць эдыктаў, якімі абмяжоўваліся ўсе сувязі з еўрапейцамі, нельга было пакідаць межы дзяржавы, калі не было адпаведнага дазволу. Дзяржава фактычна закрыла сябе, але пра гэта можна казаць вельмі ўмоўна бо яна падтрымлівала сувязі з Кітаем, Карэяй, Рукю, айнамі на Хакайда і Галандыяй. Бакуфу не столькі зачыніў краіну, колькі прыняў абарончую пазіцыю у сувязах з Захадам. XVII ст. для Японіі было часам стабільнасці і росквіту. З канца XVII ст. пачаўся эканамічны крызіс. Толькі ў XIX ст.адбылося больш 1000 сялянскіх паўстанняў. XIX ст. —  новы этап ва ўзаемаадносінах Японіі са знешнім светам. Характар знешніх сувязяў і знешняга гандлю Японіі перажыў тады істотныя змены.

Ужо ў канцы XVIII — 1-й палове XIX ст. ЗША, Англія і Францыя неаднаразова спрабавалі дамагчыся спынення палітыкі ізаляцыі Японіі, але зведалі супрацьдзеянне з боку бакуфу. Міжнародная абстаноўка, якая складвалася ў канцы XVIII ст. на Ціхім акіяне, падштурхнула бакуфу да стварэння марской абароны. У верасні 1791 бакуфу дало інструкцыі знішчаць іншаземныя судны, якія з'яўляліся б у японскіх водах, і браць у палон іх экіпажы.

Найбольш настойліва з усіх дзяржаў дзейнічалі ЗША, яны паслалі да берагоў Японіі на працягу 1791—1849 гг. сем экспедыцый, аднак ніякага поспеху не здолелі дабіцца. Безвыніковымі былі экспедыцыі Англіі (1791, 1813—1814, 1818, 1837, 1843, 1846, 1849) і Францыі (1846).

Падзенне сёгуната правіць

 
Японская гравюра на дрэве з выявай Перы (у цэнтры)

З канца XVIII ст. у японскіх берагоў пачалі часта з’яўляцца караблі Вялікабрытаніі, Расіі, ЗША і Францыі, якія вялі барацьбу за калоніі ў Азіі. Японскі ўрад прытрымліваўся ізаляцыйнай палітыкі і адмаўлялася ўступаць у дыпламатычныя адносіны з гэтымі краінамі. У 1825 годзе сёгунат выдаў дырэктывы, накіраваныя на ўзмацненне берагавой абароны, аднак доўга супрацьстаяць замежнаму ціску не мог. У 1844 г. кароль Галандыі Вільгельм II напісаў ліст сёгуну, у якім паведамляў пра пагрозу Японіі. Ён прапанаваў бакуфу адмовіцца ад палітыкі «ізаляцыі». Кароль нават абяцаў дапамагчы Японіі прыстасавацца да новых умоў, калі тыя ўзамен пашыраць сувязі паміж дзвюма краінамі. Але японскае кіраўніцтва адмовіла гэту прапанову.

8 ліпеня 1853 г., калі Японія знаходзілася ва ўмовах нарастання палітычнага крызісу, каля берагоў Японіі ў Эдоскай затоцы з’явілася амерыканская эскадра, якую ўзначальваў Мэцью Пэры. Ніхто не чакаў, што да Эда прыбудзе ваенная эскадра і яна выклікала замяшанне ўладаў. Чыноўнікі бакуфу спрабавалі перанесці перамовы ў Нагасакі, але Пэры не пагадзіўся. З атрадам маракоў ён высадзіўся на бераг і ўручыў прадстаўнікам бакуфу ліст прэзідэнта Філмара і два ліста ўласнага напісання. У іх ён выказваў, што палітыка ізаляцыі поўнае глупства. Чыноўнікі, спасылаючыся на хваробу сёгуна і цяжкасць пытання, прасілі адкласці перамовы да наступнага года і прыйсці па адказ у Нагасакі. Аднак у экспедыцыі былі і іншыя задачы, Пэры заявіў, што прыйдзе на наступны год з яшчэ больш моцнай эскадрай, што сведчыла пра намеры амерыканцаў дамагчыся «адкрыцця» Японіі сілай.

Як і было абяцана, 14 лютага 1854 г. эскадра Пэры зноў з’явілася ў Эдоскай затоцы. Яна была больш чым першая. 31 сакавіка ў Канагава (сучасная Ёкагама) адбылося падпісанне японска-амерыканскай «дамовы аб міры і сяброўстве». Паводле яе, амерыканскія судны атрымалі права на заход у парты Сімода і Хакадатэ, дзе яны маглі папоўніць прыпасы; пацярпелыя караблекрушэнне маракі маглі разлічваць на добры прыём; амерыканцам дазвалялі прагульвацца ў радыусе васьмі міль вакол двух партоў; нарэшце, у Сімода размяшчалася амерыканскае консульства.

У жніўні 1853 г. у гавань Нагасакі ўвайшла руская эскадра, якую ўзначальваў віцэ-адмірал А. В. Пуцяцін. Яму было даручана ўсталяваць гандлёвыя адносіны з Японіяй «міралюбнымі мерамі». Расія прасіла вылучыць некалькі гаваняў для гандлю і дазволіць суднам заходзіць у парты, калі ім будзе неабходна папоўніць харчы і здзейсніць рамонт. У пасланні японскім уладам было падкрэслена, што ўстанаўленне адносін з Расіяй не нанясе шкоды Японіі. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, неспрыяльную міжнародную атмасферу, зацягванне перамоваў з японскага боку, Пуцяцін здолеў выканаць ускладзеную на яго місію — 7 лютага 1855 г. у Сімода быў падпісаны руска-японскі трактат, які ўсталёўваў паміж дзвюма краінамі, Расіяй і Японіяй, міждзяржаўныя адносіны. Бакуфу адкрывала для рускіх парты Нагасакі, Хакадатэ і Сімода і дазваляла знаходжанне рускага консула ў адным з іх. На пасаду консула, па сутнасці першага расійскага пасла ў Японіі, па рэкамендацыі А. В. Пуцяціна быў прызначаны Іосіф Гашкевіч, які ўдзельнічаў у місіі А. В. Пуцяціна, як яго перакладчык і саветнік. У лістападзе 1858 г. консул і яго супрацоўнікі прыбылі ў порт Хакадатэ. Консульства ў Хакадатэ ў 1858—1865 гг. з’яўлялася адзіным афіцыйным прадстаўніцтвам Расіі. 29 ліпеня 1858 г. у Эда Іі Наасукэ падпісаў амерыкана-японскі Дагавор аб сяброўстве і гандлі, які навязаў яму консул ЗША Таўнсэнд Харыс. Дагавор прадугледжваў абмен дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі і вызначаў, што ў будучыні павінны быць адкрыты Эда, Канагава, Осака, Хёга (Кобэ), Нагасакі і Ніігата. Па дагаворы японцы адкрывалі не толькі парты, але і гэтыя гарады. Замежныя гандляры маглі ствараць у іх свае прадстаўніцтвы і карыстацца правам экстэрытарыяльнасці. 18 ліпеня 1858 г. А. В. Пуцяцін прыбыў у Канагаву. У той жа дзень туды з’явіліся ўпаўнаважаныя японскага ўрада. 7 жніўня 1858 г. у Эда быў падпісаны руска-японскі дагавор аб гандлі і мараплаўстве. Акрамя гаваняў Хакадатэ і Нагасакі, бакуфу адкрывала для рускіх новыя пункты — Канагава (замест Сімода), адзін зручны порт на заходнім беразе Хансю і Хёга. Ва ўсіх адкрытых партах Расіі дазвалялі мець консульствы.

Іі падпісаў таксама гандлёвыя дамовы з Галандыяй, Вялікабрытаніяй, Францыяй. У кожным выпадку ў тэксце дагавора паказвалася, што любая ўступка, зробленая Японіяй на карысць адной з дзяржаў, аўтаматычна распаўсюджваецца на ўсе заходнія краіны, якія ўступілі з ёй у дагаворныя адносіны.

На фоне дыпламатычных няўдач і інфляцыі ў краіне ўзнік апазіцыйны грамадскі рух «Жыве Імператар, далоў варвараў!». Супраць яго лідараў сёгунат разгарнуў рэпрэсіі. Сярод пакараных былі мысляры Такугава Нарыякі і Ёсіда Сёін. У адказ на гэта ў 1860 годзе незадаволеныя зарэзалі кіраўніка ўрада, ініцыятара палітычных праследаванняў, з-за чаго прэстыж сёгуната зноў пацярпеў.

 
Сіманасекская вайна (1864)

Цэнтрамі антыўрадавай апазіцыі выступалі заходнеяпонскія княствы Сацума-хан і Цёсю-хан. На хвалі ксенафобскіх настрояў яны развязалі сацумска-брытанскую і сіманасекскую войны 1863 года, але пацярпелі паражэнне. Усвядоміўшы тэхнічную адсталасць Японіі ад Захаду і небяспеку каланізацыі, княствы пачалі мадэрнізацыю арміі і перамовы з імператарскім дваром. У 1864 годзе, для прыгнечання апазіцыі, сёгунат здзейсніў першы карны паход супраць Цёсю і змяніў яго кіраўніцтва. Аднак у наступным годзе ў княстве адбыўся пераварот, і апазіцыянеры вярнуліся да ўлады. У 1866 годзе, пры пасрэдніцтве Сакамота Рома, Сацума і Цёсю заключылі тайны саюз з мэтай звяржэння сёгуната і аднаўлення Імператарскага кіравання. Дзякуючы гэтаму другі карны паход сёгуната ў Цёсю скончыўся разгромам урадавых войскаў.

 
Адрачэнне Ёсінобу (19 стагоддзе)

У 1866 годзе новым сёгунам стаў маладасведчаны Такугава Ёсінобу. Адначасова замест нябожчыка імператара Комэя на трон узышоў 14-гадовы імператар Мэйдзі. Сёгун планаваў стварыць замест сёгуната новы ўрад з удзелам кіёцкай арыстакратыі і рэгіянальных уладароў, у якім сам атрымаў бы пасаду прэм’ер-міністра. З гэтай мэтай ён адрокся ад пасады і 9 лістапада 1867 года вярнуў паўнату дзяржаўнай улады Імператару. Гэта выкарыстала антысёгунацкая апазіцыя, і 3 студзеня 1868 года ў аднабаковым парадку сфарміравала новы ўрад і прыняла ад імя імператара ўказ аб рэстаўрацыі імператарскага кіравання. Сёгунат Такугава ліквідаваўся, а былы сёгун адхіляўся ад улады і губляў тытулы і землі. Гэта падзея завяршыла перыяд Эда і адзначыла канец пяцісотгадовага дамінавання самураяў у японскай палітыцы.

Рэстаўрацыя Мэйдзі правіць

Узяўшы за аснову заходнія палітычную, судовую і ваенныя сістэмы, Кабінет міністраў Японіі стварыў Тайны савет, падрыхтаваў да прыняцця Канстытуцыю Мэйдзі і сабраў парламент. Рэстаўрацыя Мэйдзі ператварыла Японскую імперыю ў індустрыяльную сусветную дзяржаву. Пасля перамогі ў япона-кітайскай (1894—1895) і руска-японскай (1904—1905) войнах Японія забяспечыла сабе панаванне на Японскім і Жоўтым морах і далучыла да сябе Карэю, Тайвань і паўднёвы Сахалін.

Японская імперыя правіць

 
Сцяг Імператарскай арміі Японіі

Напачатку XX стагоддзя недоўгачасовы дэмакратычны перыяд Тайсё змяніўся ростам мілітарызму і экспансіянізму. Японія прыняла ўдзел у Першай сусветнай вайне на баку Антанты, пашырыла свой палітычны ўплыў і тэрыторыю. У 1931 годзе, працягваючы сваю палітыку экспансіянізму, заняла Маньчжурыю і стварыла марыянетачную дзяржаву Маньчжоу-Го. Пасля дакладу Літана ў 1933 годзе Ліга Нацый асудзіла яе дзеянні і Японія дэманстратыўна пакінула Лігу[1]. У 1936 годзе Японія падпісала Антыкамінтэрнаўскі пакт з нацысцкай Германіяй, а ў 1941 годзе далучылася да краін «Восі»[2]. Тады ж Японія падпісала Пакт аб нейтралітэце паміж СССР і Японіяй, абавязалася паважаць тэрытарыяльную цэльнасць і недатыкальнасць Мангольскай народнай рэспублікі і Маньчжоу-Го.

 
Атамная бамбардзіроўка Нагасакі

У 1937 годзе Японія ўрываецца і ў іншыя часткі Кітая, пачынаючы другую япона-кітайскую вайну (1937—1945), пасля чаго ЗША накладваюць на яе нафтавае эмбарга[3]. 7 снежня 1941 года Японія напала на Пёрл-Харбар і абвясціла вайну ЗША і Вялікабрытаніі. Гэта прыводзіць да ўдзелу ЗША ў Другой сусветнай вайне. Японская імперыя заваявала Ганконг, Філіпіны і Малаку, але ў 1942 годзе паражэнне ў Каралавым моры пазбавіла яе перавагі на моры[4]. Пасля атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі 6 і 9 жніўня 1945 года авіяцыяй ЗША, а таксама пасля далучэння СССР да ваенных дзеяннямі, Японія падпісала 2 верасня 1945 года Акт аб безумоўнай капітуляцыі[5].

Сучаснасць правіць

У 1947 годзе Японія прыняла новую пацыфісцкую канстытуцыю, у якой робіцца акцэнт на ліберальную дэмакратыю. Акупацыя Японіі саюзнымі войскамі скончылася з прыняццем Сан-Францыскага мірнага дагавора, які набыў моц у 1952 годзе[6], а ў 1956 годзе Японія ўступіла ў ААН. Пазней Японія дамаглася рэкорднага эканамічнага росту, які працягваўся чатыры дзесяцігоддзі і складаў у сярэднім 10 % штогод. У 1991 годзе эканамічны рост змяніўся крызісам, з якога краіна здолела выбрацца толькі ў 2000 годзе[7].

Зноскі

  1. Елисеефф В., Елисеефф Д. Японская цивилизация. — М.: АСТ, 2008. — С. 108. — 528 с. — ISBN 978-5-9713-7611-8.
  2. Kelley L. Ross. The Pearl Harbor Strike Force (англ.)(недаступная спасылка). friesian.com. Архівавана з першакрыніцы 19 жніўня 2011. Праверана 20010-01-21.
  3. Roland H. Worth, Jr. (1995). No Choice But War: the United States Embargo Against Japan and the Eruption of War in the Pacific. McFarland. ISBN 0-7864-0141-9.
  4. Елисеефф В., Елисеефф Д. Японская цивилизация. — М.: АСТ, 2008. — С. 109. — 528 с. — ISBN 978-5-9713-7611-8.
  5. "Падпісанне акту аб капітуляцыі Японіі". Известия. 2 сентября 1945. Праверана 2010-01-21. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка) Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2012. Праверана 12 ліпеня 2014.Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2012. Праверана 12 ліпеня 2014.
  6. Joseph Coleman. '52 coup plot bid to rearm Japan: CIA (англ.)(недаступная спасылка). The Japan Times (6 сакавіка 2007). Архівавана з першакрыніцы 17 ліпеня 2012. Праверана 21 студзеня 2010.
  7. "Japan scraps zero interest rates" [англійская]. BBC News Online. 14 ліпеня 2006. Праверана 2010-01-21.

Спасылкі правіць