Даратэя Брандэнбургская

Даратэя Брандэнбургская (ням.: Dorothea von Brandenburg, дацк.: Dorothea af Brandenburg, нарв.: Dorothea av Brandenburg, шведск.: Dorotea av Brandenburg, лац.: Dorothea Brandenburgensis; 1430, Маркграфства Брандэнбург — 10 лістапада 1495, Калунбарг, Зеландыя) — нямецкая прынцэса з роду Гогенцалернаў, малодшая дачка наследнага курфюрста Брандэнбурга Іагана Алхіміка і пляменніца імператара Сігізмунда, у замужжы — каралева Даніі, Нарвегіі і Швецыі. Прамаці каралеўскай галіны Ольдэнбургскага дома.

Даратэя Брандэнбургская
ням.: Dorothea von Brandenburg
каралева-кансорт Даніі[d]
26 верасня 1445 — 5 студзеня 1448
Папярэднік Філіпа Англійская
каралева-кансорт Даніі[d]
28 кастрычніка 1449 — 21 мая 1481
Пераемнік Крысціна Саксонская
Нараджэнне 1430[1][2][…]
Смерць 10 лістапада 1495(1495-11-10)[1][2][…]
Месца пахавання
Род Гогенцолерны
Бацька Ёган Алхімік[d]
Маці Барбара Саксен-Вітэнбергская[d]
Муж Крыстафер III Баварскі[d][4] і Крысціян I[4]
Дзеці Олаф Дацкі[d][5], Кнут Дацкі[d][5], Ханс I[d][5], Маргарыта Дацкая, каралева Шатландыі[5] і Фрэдэрык I[d][5]
Веравызнанне Каталіцкая Царква
Дзейнасць кансорт
Сайт династия Гогенцоллернов
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Даратэя фон Гогенцолерн нарадзілася 31 снежня 1430 года. Яна была малодшай дачкой Іагана Алхіміка, сына Фрыдрыха I, маркграфа Брандэнбургскага ад Лізаветы Баварскай і Барбары Саксен-Вітэнбергскай, дачкі курфюрста Саксоніі Рудольфа III Саксен-Вітэнбергскага ад Ганны Мейсенскай[6].

Каралева Даніі, Нарвегіі і Швецыі (1445—1448) правіць

У красавіку 1445 года Іаган Алхімік, ад імя малодшай дачкі, заключыў шлюбную дамову з Крыстаферам III, каралём Даніі, Нарвегіі і Швецыі. 12 верасня 1445 года ў Капенгагене адбылася цырымонія шлюбу. На вяселле былі запрошаныя прадстаўнікі дваранскага саслоўя з усіх краін Кальмарскай уніі. 14 верасня таго ж года Даратэя Брандэнбургская была каранавана ў Лундскім саборы і стала каралевай Даніі, Нарвегіі і Швецыі. Яна атрымала феадальныя ўладанні ў трох каралеўствах і Верхнім Пфальцы, якія забяспечвалі ёй ўтрыманне ў памеры 45 000 і 15 000 рэйнскіх гульдэнаў адпаведна[7][8].

Шлюб апынуўся бяздзетным і працягнуўся нядоўга. 5 студзеня 1448 года Крыстафер III раптам памёр у Хельсінгбарзе. Даратэя Брандэнбургская вырашыла перадаць уладу рыксроду, якому трэба было выбраць новага караля. Але ёй не дазволілі. Па-першае, частка дваранскага саслоўя не жадала абрання манарха з мясцовай эліты. Па-другое, ўдаве караля належала «прыданае каралевы» — феадальныя ўладанні ў трох каралеўствах, і, у выпадку яе адмовы ад улады, салідная грашовая кампенсацыя[9][10][7].

Дзяржаўны савет прыняў рашэнне выдаць Даратэю Брандэнбургскую замуж за наступнага манарха. Іаган Алхімік пачаў перамовы аб замужжы дачкі з каралём Казімірам IV Польскім і эрцгерцагам Альбрэхтам VI Аўстрыйскім, братам імператара Фрыдрыха III. Але летам 1448 года рыксрод абраў новым каралём маладога графа Крысціяна Ольдэнбургскага, які меў роднасныя сувязі з згаслымі дынастыямі Эстрыдсенаў і Хорфагераў[10][8][11].

Каралева Даніі (1449—1481) і Нарвегіі (1450—1481) правіць

28 верасня 1448 года Крысціян Ольдэнбургскі быў абвешчаны каралём Даніі пад імем Крысціяна I і 28 кастрычніка 1449 года ажаніўся з удавой свайго папярэдніка, пасля чаго абодва былі каранаваныя ў царкве Дзевы Марыі. 13 мая 1450 года пад тым жа імем ён быў прызнаны каралём Нарвегіі і каранаваны ў Нідараскім саборы[11].

Выйшаўшы замуж, Даратэя Брандэнбургская адмовілася ад ранейшых феадальных уладанняў у Даніі і Нарвегіі, атрымаўшы ўзамен замак Калунборг і востраў Самсе у Даніі і вобласць Румерыке у Нарвегіі. За ўладанні ў Швецыі ёй давялося весці працяглую барацьбу, якая завяршылася прызнаннем яе правоў[10][12][13][7].

У 1460 годзе Крысціян I атрымаў у спадчыну герцагства Шлезвіг і графства Гольштэйн, якое ў 1474 годзе таксама было пераўтворана ў герцагства, і каралева стала першай герцагіняй і Шлезвіга, і Гольштэйна. Даратэя Брандэнбургская неаднаразова, але дарэмна прэтэндавала на феоды нябожчыка бацькі ў Брандэнбурзе, які пасля смерці не пакінуў нічога, акрамя даўгоў[10][14][7].

Па сведчаннях сучаснікаў, яна мела цвярозы практычны розум і цвёрды характар, які дапамагаў ёй адстойваць свае інтарэсы. Каралева аказвала вялікі ўплыў на мужа і кіравала каралеўствамі ад яго імя, калі ён знаходзіўся ў ад’ездзе. Яе ўменне весці гаспадарку дапамагло пагасіць усе даўгі мужа і выкупіць закладзеныя ім замкі. У якасці падзякі ў 1479 годзе Крысціян I перадаў ёй у леннае валоданне герцагства Гольштэйн, а ў наступным годзе і герцагства Шлезвіг[10][12][14][7].

Даратэя Брадэнбургская заступалася за цэрквы. Яна падтрымлівала францысканцаў-абсервантаў, для якіх пабудавала манастыр у Кёге і курыравала будаўніцтва капліцы Святой Тройцы ў Роскільскім саборы. У 1474—1475 гадах кароль і каралева здзейснілі паломніцтва ў Рым, дзе іх прыняў рымскі папа Сікст IV. На зваротным шляху яны наведалі Мантуанскае маркграфства, кіраўнік якога быў сваяк Крысціяна I, Лудовіка III Ганзага, і Даратэя Брадэнбургскіх сустрэлася з сястрой-маркграфіняй. Яна наведала яе яшчэ раз, ужо ўдавой, падчас паломніцтва ў Рым у 1488 годзе[10][12][7].

Каралева Швецыі (1457—1464) правіць

Пасля смерці Крыстафера Баварскага дваранскае саслоўе Швецыі адмовілася прызнаць сваім каралём Крысціяна Ольдэнбургскага і абрала новага манарха з мясцовай эліты. Ім стаў Карл Кнутсан Бундэ, які 20 чэрвеня 1448 года ўзышоў на пасад Швецыі пад імем Карла VIII. 20 лістапада 1449 года ён таксама стаў каралём Нарвегіі пад імем Карла I, але, не маючы роднасных сувязяў з згаслай дынастыяй Хорфагероф, неўзабаве быў скінуты[9][12].

Карл VIII пазбавіў Даратэю Брандэнбургскую феадальных уладанняў на тэрыторыі Швецыі. Яна паспрабавала вырашыць гэтую праблему мірным шляхам на сустрэчы прадстаўнікоў трох Каралеўстваў ў Хальмстадзе у 1450 годзе. Праз год, паміж Даніяй і Нарвегіяй з аднаго боку і Швецыяй з другога, пачалася вайна. У 1455 годзе Даратэя Брандэнбургская звярнулася да рымскага папы з просьбай прызнаць яе права на феоды ў Швецыі. Вайна завяршылася выгнаннем Карла Кнутсана Бонда. 23 чэрвеня 1457 года ва Упсальскім саборы Крысціян I і яго жонка былі каранаваныя. Даратэя Брадэнбургская атрымала ў валоданне правінцыі Нерка і Вермланда, а таксама салідную грашовую кампенсацыю[9][12][14].

23 чэрвеня 1464 года, калі дваранскае саслоўе Швецыі зноў прызнала каралём Карла VIII, Даратэя Брандэнбургская зноў пазбавілася сваіх уладанняў, і зноў пачаліся перамовы, якія завяршыліся вайной. У 1471 годзе, пасля паразы ў вайне па выніках бітвы пры Брункеберзе, яна зноў апелявала да Святога Прастолу. Яе інтарэсы ў Рыме прадстаўляў кардынал-пляменнік[14]. У 1475 годзе рымскі папа Сікст IV выдаў булу, у якой запатрабаваў ад рэгента Стэна Стурэ Старэйшага задаволіць усе патрабаванні былой каралевы. Да самай смерці Даратэі Брандэнбургскай рэгенту пагражала адлучэнне ад царквы[9][10][12].

Рэгент Шлезвіг-Гольштэйна (1481—1494) правіць

21 мая 1481 года Даратэя Брандэнбургская аўдавела ў другі раз. Рэзідэнцыяй каралевы-удавы стаў замак Калунборг. Ёй па-ранейшаму належалі герцагства Шлезвіг і Гольштэйн, якімі яна кіравала ад імя непаўналетняга малодшага сына Фрэдэрыка. Мяркуецца, што яна нават спрабавала атруціць старэйшага сына Ганса I, караля Даніі і Нарвегіі, каб малодшы мог заняць яго месца. Яна спрабавала пакінуць Шлезвіг і Гольштэйн малодшаму сыну, але, нягледзячы на прыкладзеныя ёю намаганні, у 1490 годзе герцагства прыйшлося падзяліць паміж абодвума сынамі. Канчаткова падзел быў замацаваны ў 1494 годзе на сейме ў Калунборге, незадоўга да смерці каралевы-удавы. Даратэя Брандэнбургская памерла ў сваім замку 25 лістапада 1495 года і пахавана ў Роскільскім саборы побач з другім мужам[10][12][15][7].

Шлюбы і нашчадкі правіць

12 верасня 1445 года ў Капенгагене быў заключаны шлюб паміж прынцэсай Даратэяй Брандэнбургскай і Крыстаферам III (26 лютага 1416 — 5 студзеня 1448), каралём Даніі, Нарвегіі і Швецыі, пфальцграфам Нойбурга і Ноймаркта, сынам Іагана Баварскага, пфальцграфа Ноймаркта і прынцэсы Кацярыны Памеранскай. 5 студзеня 1448 года яна аўдавела. Шлюб быў бяздзетным[6].

28 кастрычніка 1449 года ў Капенгагене быў заключаны шлюб паміж каралевай-удавой Даратэяй і Крысціянам I (1416 — 21 мая 1481), каралём Даніі, пазней каралём Нарвегіі і каралём Швецыі, герцагам Шлезвіг-Гольштэйна, графам Ольдэнбурга, сынам Дзітрыха Шчаслівага, графа Ольденбурга і Гельвігі Гольштэйнскай, герцагіні Гольштэйна і графіні Шлезвіга[16]. У гэтым шлюбе нарадзіліся пяцёра дзяцей, двое з якіх памерлі ў маленстве:

  • прынц Олаф Дацкі (1450—1451), памёр у маленстве;
  • прынц Кнуд Дацкі (1451—1455), памёр у маленстве;
  • прынц Ганс Дацкі (1 лютага 1455 — 20 лютага 1513), кароль Даніі з 21 мая 1481 года і кароль Нарвегіі з 21 мая 1481 года пад імем Іагана I, кароль Швецыі з 18 кастрычніка 1497 па 29 ліпеня 1501 года пад імем Юхана II, герцаг Шлезвіг-Гольштэйна, ажаніўся з прынцэсай Крысцінай Саксонскай (25 снежня 1461 — 8 снежня 1521);
  • прынцэса Маргрыта Дацкая (23 чэрвеня 1456 — 14 ліпеня 1486), у замужжы каралева Шатландыі, жонка Якава III (10 ліпеня 1451 — 11 чэрвеня 1488), караля Шатландыі;
  • прынц Фрэдэрык Дацкі (7 кастрычніка 1471 — 10 красавіка 1533), кароль Даніі з 26 сакавіка 1523 года і кароль Нарвегіі з 23 жніўня 1524 года пад імем Фрэдэрыка I, герцаг Шлезвіг-Гольштэйн-Готарпа, ажаніўся першым шлюбам з прынцэсай Ганнай Брандэнбургскай (27 жніўня 1487 — 3 мая 1514), другім шлюбам з прынцэсай Сафіяй Памеранскай (1498 — 13 мая 1568)[16].

Крыніцы правіць

  1. а б Dorotea — 1917.
  2. а б Lundy D. R. Dorothea von Hohenzollern // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Svenskt biografiskt lexikon — 1917.
  4. а б (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  5. а б в г д Lundy D. R. The Peerage
  6. а б Hohenzollern (англ.). Genealogy.
  7. а б в г д е ё Jorgensen, Skovgaard 1910.
  8. а б Lund, Kjær, Hundahl 2014.
  9. а б в г Herbert Kårlin. Dorothea von Brandenburg wird Königin in Schweden (шведск.). Schweden geschichte (30 октября 2012).
  10. а б в г д е ё ж Dorothea (дацк.). Dansk Kvindebiografisk Leksikon. Dansk kvindehistorie.
  11. а б Carl Frederik Bricka. Christian (Christiern) I, 1426-81, Konge (дацк.). Dansk Kvindebiografisk Leksikon. Dansk biografisk Lexikon (19 красавіка 1889).
  12. а б в г д е ё Dorothea Av Brandenburg (нарв.). Norsk Biografisk Leksikon. Store norske leksikon.
  13. Ny kongeslægt og Renæssancen: 1448 – 1648 (дацк.)(недаступная спасылка). Soren Kretzschmer. Архівавана з першакрыніцы 20 снежня 2014.
  14. а б в г Duggan 2002.
  15. Roskilde domkirke (англ.). Royalty Guide.
  16. а б Oldenburg (англ.). Genealogy.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць

  • Dorothea (неопр.). Den store danske. — Дороте́я Бранденбу́ргская в «Dansk Biografisk Leksikon». (дацк.)
  • Women in power 1400—1450 / Dorothea of Brandenburg (неопр.). Women Leaders. — Дороте́я Бранденбу́ргская в «Women in power 1400—1450». (англ.)