Джаму і Кашмір (англ.: Jammu and Kashmir) — саюзная тэрыторыя Індыі. Плошча — 42 241 км², насельніцтва — 14,8 млн чалавек (2021 г.)[1]. Адміністрацыйныя цэнтры — Срынагар (летам) і Джаму (зімой).

Джаму і Кашмір
जम्मू और कश्मीर
مقبوضہ کشمیر
Jammu and Kashmir
Герб
Краіна
Адміністрацыйны цэнтр
Дата ўтварэння 26 кастрычніка 1947
Дата скасавання 30 кастрычніка 2019
Насельніцтва (2021) 14,8 млн
Плошча 42 241 км²
Вышыня
над узроўнем мора
327 м
Джаму і Кашмір на карце
Часавы пояс UTC+05:30
Код ISO 3166-2 IN-JK
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Саюзная тэрыторыя Джаму і Кашмір — гэта частка гістарычнай вобласці Кашмір. Увесь рэгіён ёсць аб’ектам тэрытарыяльных спрэчак памiж Індыяй i Пакістанам. Тэрытарыяльныя праблемы неаднаразова прыводзілі да міждзяржаўных ваенных сутыкненняў. Адзін з найбольш мілітарызаваных раёнаў свету.

Гісторыя правіць

Пасля Другой сусветнай вайны, у 1947 годзе Індыя і Пакістан абвясцілі сваю незалежнасць ад Брытанскай імперыі. Таксама прадугледжвалася, што ўладарам княстваў будзе дадзена права выбару паміж гэтымі краінамі, або — у асаблівых выпадках — магчымасць пакінуць сваю дзяржаву незалежнай. Махараджа Кашміра Хары Сінгх хацеў захаваць незалежнасць, аднак у 1947 годзе на тэрыторыі княства, большасць жыхароў якога складалі мусульмане, пачалося паўстанне, у яго ўмяшаліся атрады пуштунаў, якія ўварваліся з тэрыторыі Пакістана. У гэтых умовах махараджа звярнуўся да ўрада Індыі па дапамогу і выказаў гатоўнасць далучыцца да Індыйскага Саюза.

Такім чынам, у 1947 годзе пачалася першая індыйска-пакістанская вайна, якая завяршылася ў 1949 з дапамогаю міратворцаў ААН. Кашмір быў падзелены: палова тэрыторый як штат Джаму і Кашмір увайшла ў Індыю, утварэнне Азад Кашмір лічыцца «асацыяванай дзяржавай Пакістана».

З таго часу хваляванні ў гэтай вобласці не спыняюцца. Тут пастаянна праходзяць пратэсты мясцовага насельніцтва, памежныя сутыкненні паміж Індыяй і Пакістанам, а таксама тэракты, якія праводзяць мусульманскія групоўкі. З 1950-х гадоў ААН заклікае правесці ў Кашміры рэферэндум, каб улічваць меркаванне мясцовых жыхароў у прыняцці палітычных рашэнняў. Нью-Дэлі першапачаткова падтрымліваў гэтую ідэю, але потым вырашыў, што такі крок не патрэбны. За гэты перыяд адбылося тры індыйска-пакістанскія вайны. Другая — у 1965 годзе, трэцяя — у 1971.

Улетку 1972 года ў горадзе Сімла тагачасныя кіраўнікі Індыі і Пакістана падпісалі мірнае пагадненне, згодна з якім межы вярталіся да даваенных. У канцы 1980-х у Кашміры рэзка актывізавалася дзейнасць тэрарыстычных арганізацый, якія патрабуюць «свабоды акупаванага Індыяй Кашміра». Чатырнаццаць гадоў, з 1987 па 2001, практычна ні дня не прайшло без нападу баевікоў або без абстрэлу пагранзастаў таго ці іншага боку. Пік супрацьстаяння прыйшоўся на 1999 год, калі паміж краінамі адбыўся чарговы ўзброены канфлікт, які атрымаў назву «каргільская вайна».

У 1990 годзе ў Джаму і Кашміры было ўведзена прамое прэзідэнцкае кіраванне, сюды перадыслакавалі індыйскія войскі колькасцю да 20 дывізій. З 1995 года ўрад Індыі пачаў аддаваць значна больш увагі штату, у прыватнасці яго эканамічнаму развіццю. У сувязі з гэтым мусульманскае насельніцтва рэгіёна паступова спыніла правядзенне пратэстаў і здзяйсненне тэрактаў, да падрыўной дзейнасці больш актыўна далучыліся баевікі з Афганістана.

З 2015 года баевікі ў Кашміры перайшлі да тактыкі маштабных тэрарыстычных актаў, якія смяротнікі з «Джаіш-е-Мухамад» ажыццяўляюць супраць індыйскіх сіл бяспекі. Гэта арганізацыя прызнана тэрарыстычнай не толькі ў Індыі, Вялікабрытаніі і ЗША, але і ў самім Пакістане. Усплёск тэрору выклікала забойства вядомага баевіка-сепаратыста Бурхана Вані, якога забіў індыйскі спецназ падчас спецаперацыі 8 ліпеня 2016 года. Так, 10 ліпеня 11 чалавек загінулі ў перастрэлцы з паліцыяй і яшчэ не менш за паўсотні атрымалі раненні. Усяго падчас сутычак з сіламі правапарадку і нападаў тэрарыстаў, якія сталі помстай баевікоў за смерць Бурхана Вані, толькі з чэрвеня па верасень 2016 года загінула 80 чалавек.

 
Стяг штата Джаму і Кашмір (1952—2019 гг.)

У 2019 годзе быў адменены артыкул 370 Канстытуцыі, які надзяляў штат Джаму і Кашмір (адзіны штат Індыі з мусульманскай большасцю) асаблівым статусам (напрыклад, гэта адзіны штат Індыі, які атрымаў уласны сцяг). Джаму і Кашмір страціў статус штата і стаў саюзнай тэрыторыяй (мае менш правоў, чым штат). Акрамя таго, ад яго была аддзелена гістарычная вобласць Ладакх, якая таксама стала саюзнай тэрыторыяй[2].

Геаграфія і насельніцтва правіць

 
Тэрыторыя Джаму і Кашмір (J і K) абрамлена чырвоным колерам. Тэрыторыя Ладакх (L) абрамлена сінім колерам.

Тэрыторыя ляжыць у Гімалаях. Па гэтай тэрыторыі працякаюць рэкі Інд, Таві, Раві, Джхелум.

Джаму і Кашмір складаецца з двух частак: «Кашмір» (часам яго неафіцыйна называюць «Кашмірскай далінай») і «Джамму».

Кашмір населены кашмірамоўнымі мусульманамі. Колькасць жыхароў на 2021 год – прыкладна 8,4 млн. З іх мусульмане-суніты складаюць прыкладна 97%.

Джамму (насельніцтва якога на 2021 год складае прыкладна 6,4 млн.) уключае ў сябе не толькі раёны з мусульманскай (суніцкай) большасцю але і паўднёвыя раёны, у якіх большасць складаюць індусы – абсалютна ці адносна[1].

Эканоміка правіць

Адзін з найменш развітых рэгіёнаў. Эканоміка Джаму і Кашміра ў асноўным залежыць ад сельскай гаспадаркі (садоўніцтва, рыбалоўства) і турызму (паломніцтва да індуісцкіх, мусульманскіх і будыйскіх святынь).

Гл. таксама правіць

Зноскі

Спасылкі правіць