Дзяды

старажытны славянскі і балцкі абрад

Дзяды́ (укр.: Діди, польск.: Dziady, літ.: Ilgės) — славянскі і балцкі народны памінальны абрад, рытуальная вячэра ў памяць памерлых продкаў. Дзядамі называлі дзень, калі адбываўся абрад, і душы[1] нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі. Дзяды шануюцца ў Беларусі, Украіне, частцы Польшчы і Літвы. Цягам года адзначалася шмат дзён ушанавання памерлых, але галоўнымі лічыліся восеньскія, якія ў розных мясцінах Беларусі спраўляліся ў розныя, хоць і блізкія даты. Афіцыйнай датай святкавання ў Беларусі лічыцца 2 лістапада[2].

Ахвярная вячэра. Выява аўтарства Станіслава Багеньскага, 1904

Лічылася, што на гэтыя святы душы памерлых прыходзяць да сваіх нашчадкаў і, нябачныя, частуюцца за сямейным сталом. У найбольш архаічнай форме святкаванне Дзядоў захавалася ў беларусаў. Абрад мае язычніцкае паходжанне і сыходзіць каранямі да першабытнага культу продкаў.

Пералік дзядоў правіць

 
«Беларускія могілкі ў Русаковічах», 1889. Генрык Вейсенгоф. Нацыянальны музей Познані.

Цягам года ў залежнасці ад рэгіёну на Беларусі было шмат дзён ушанавання памерлых.

  • Масленічныя Дзяды. Звычайна адзначаюцца ў пятніцу перад Масленічным тыднем. Традыцыя распаўсюджана на Паазер’і, Падняпроўі і Усходнім Палессі[4]
  • Вербныя Дзяды. Традыцыя носіць вербныя галінкі на могілкі спарадычна зафіксавана на Паазер’і і на Заходнім Палессі[4]
  • Радунічныя Дзяды (панядзелак перад Радуніцай)[5]
  • Траецкія (Сёмушныя, Духаўскія) Дзяды (пятніца перад Тройцай)[6]
  • Спасаўскія Дзяды (субота перад Успеннем)
  • Стаўроўскія Дзяды. Адзначаюцца ў цяперашняй паўднёва-заходняй частцы Докшыцкага раёна. Маглі быць звязаныя з міфам аб паходжанні беларусаў, дзе фігуруюць сабакі Стаўры і Гаўры. У літаратуры ёсць тры меркаванні адносна часу шанавання Стаўроўскіх Дзядоў і розныя іх назвы — Траецкія (перад святам Тройцы, Сёмухай), Уздвіжанскія Дзяды (перад святам Уздвіжання Крыжа), а таксама атаясненне з Дзмітрыеўскай суботай (з восеньскімі, галоўнымі Дзядамі). Найбольш распаўсюджанай версіяй у этнаграфіі ёсць адзначэнне Стаўроўскіх Дзядоў перад Тройцай[7]
  • Пакроўскія Дзяды (пятніца і субота перад Пакровам)
  • Дзень ушанавання памерлых (2 лістапада), адзначаецца беларускімі каталікамі і таксама вядомы пад назваю Дзяды[2]
  • Вялікія (Змітраўскія) Дзяды. Святкуюць звычайна ў пятніца і суботу перад Змітрам, днём памяці вялікамучаніка Дзімітрыя Салунскага, які ў праваслаўных шануецца 8 лістапада. Лічыліся галоўнымі. У залежнасці ад рэгіёну дні святкавання магла быць розная[8]
  • Міхайлаўскія Дзяды. Пятніца і субота перад Міхайлам, які святкаваўся 21 лістапада. Святкуюць на Заходнім Палессі[9]
  • Піліпаўскія Дзяды (пятніца і субота перад Піліпаўкай, якая адзначалася 28 лістапада). Святкуюць на Усходнім Палессі, абрад захаваўся ў Данілевічах[10]

Абрад правіць

Слова «Дзяды» мае некалькі сэнсаў. Так называлі душы памерлых продкаў, абрадныя дні, а таксама рытуальную ежу да гэтых абрадаў.

Пачатак дня, павер’і правіць

Найболей шырока шанаваліся Восеньскія (Вялікія, Змітраўскія) Дзяды. У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні, але пакідалі пасля сябе крыху чыстай вады і венік: лічылася, што дзяды (душы памерлых продкаў) таксама павінны прыйсці і памыцца. Звычайна людзі наведвалі царкву, потым ішлі на могілкі, рабілі прыклады (нарубы, церамкі, каменныя пліты), абкладалі магілы дзірваном, камянямі, ставілі крыжы. Пасля на магілах пакідалі пачастунак (хлеб, печыва). Лічылася, што птушкі, якія з’ядаюць гэтыя ласункі, і ёсць душы продкаў, што прыляцелі з Выраю. Часта ў гонар кожнага памерлага запальвалі асобнае вогнішча. 3 дому з печы прыносілі гарачыя вуголлі, якія насыпалі на магілы, а гаршкі разбівалі ўшчэнт. У гэты дзень забаранялася ткаць на кроснах (бо «дзяды ў кроснах заблытаюцца»), бяліць печ («бо дзядам вочы замажаш»). У хаце вешалі чысты ручнік (або некалькі ручнікоў, паводле ліку запрошаных памерлых). У некаторых вёсках адчынялі комін, бо верылі, што душы будуць ісці праз яго.

Памінальны стол, запрашэнне дзядоў правіць

Вяртаючыся дадому, рыхтавалі памінальны стол. Продкаў трэба было добра пачаставаць, а потым і павесяліць, іначай, як лічылася, яны нашлюць неўраджай і розныя няшчасці. У некаторых мясцінах на рытуал запрашалі гасцей (звычайна сваякоў, суседзяў, а часам і жабракоў). Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі па імёнах продкаў. У некаторых вёсках гаспадар запрашаў дзядоў словамі[11]:

Святыя дзяды завём вас,
Хадзіце да нас!
Ёсць тут усё, што Бог даў,
Што я для вас ахвяраваў,
Чым толькі хата багата.
Святыя дзяды! Просім вас,
Хадзіце, ляціце да нас.

Пасля гэтага ўсе хатнія пільна назіралі: любы рух на вуліцы ў бок хаты (палёт лістка, птушкі, бег жывёліны) адразу ж расцэньваўся так: дзяды прынялі запрашэнне і набліжаюцца.

У розных мясцінах на стол ставілі розную колькасць страў — дзесьці цотную, дзесьці няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць), але, нягледзячы на гэта, у некаторых вёсках дазвалялася з’есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі. Сярод страў былі варанае і смажанае мяса, бліны, клёцкі, кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой ды інш.

На стол ставілі так званыя дзедаўскую чарку і дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх учынкі, парады. Лічылася, што яны сядзяць побач і ўсё чуюць. На Дзісеншчыне выпісвалі з сямейнай хронікі памерлых і ўпісвалі нованароджаных.

Праводзіны дзядоў правіць

Пасля вячэры гаспадар казаў[11]:

Святыя дзяды
Зляталісь сюды,
Есці — пад`елі,
Піць — напіліся,
Чэсць і слава вам!
Цяпер скажыце нам,
Чаго вам трэба?
А лепей:
Ляціце ў неба!

У многіх мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў, бо лічылася, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы. Часам пасля вячэры весялілі дзядоў. Былі песні, пляскі, маскарады. Пасля заканчэння вячэры свечку тушылі хлебнай скарынкай або блінам. Iснавала прыкмета: калі дым пойдзе ўверх — добра, а калі нахілена, асабліва ў бок дзвярэй, то ў сям’і нехта памрэ.

Стравы правіць

Частка страў была універсальнай святочнай, але былі і абавязковыя, якіх патрабавала «дзедава вячэра». Склад вячэры вар’іраваўся ў розных рэгіёнах Беларусі.

  • Канун. Гэтая назва мела 3 значэнні. 1) Напой з мукі, без хмелю, але з соладам, 2) сыта з пакрошаным у яе хлебам, мучныя каржы з сытой.
  • Сыта — гатаваная вада з разведзеным мёдам.
  • Куцця — каша з пшаніцы або з бабоў, гароху, грэчкі. Магла ўжывацца з мядовай сытой.
  • Курчык (курчак, курачок, корчык) — рытуальны хлеб, праснак (або сітны ў авальнай формы ці жытні ў форме рагаліка). Дзелячы яго, пачыналі Дзедаву вячэру.
  • Саламатка — салодкая страва, сушаныя яблыкі, ігрушы, ягады, вараныя на мёдзе.

У вёсках Салігорскага раёна Дзяды святкаваліся 3 дні (чацвер, пятніца, субота). У чацвер былі Дзецкія Дзяды. На іх пяклі бліны са смятанай.

Калі Дзяды святкаваліся два дні (пятніца і субота), то ў пятніцу рабілі посную вячэру, а ў суботу — «скаромны абед». На посны стол падавалі рыбу, фасолю, куццю, кісель, канун, квас (Жлобінскі, Рагачоўскі раёны), на скаромны стол — ужо варанае мяса, квас з буракоў, бліны, кашу, канун (Бярэзінскі, Салігорскі раёны) або поліўку, клёцкі, куццю (Лепельскі, Ушацкі раёны).

Як пабачыць дзядоў правіць

Паводле павер’яў, жывыя маглі пабачыць душы памерлых. Паводле некаторых вераванняў, дзядоў мог пабачыць той, хто не спіць пасля зедавай вячэры. Таксама пабачыць іх мог чалавек, які пасціцца. У некаторых месцах лічылася, што каб убачыць дзядоў, трэба было ўвесь дзень пасціцца і маўчаць, а ў час вячэры — залезці на печ і начапіць прадзеную суравую нітку ці пояс, вытканы з імху. Або паглязець скрозь конскі хамут, на які накінута палатно. Пры гэтым нельга было размаўляць з дзядамі, калі іх бачыш. У некаторых сем’ях лічылася, што ўбачыць дзядоў мог толькі той, хто не прыгатаваў ім вячэру. Або толькі дзеці ці тыя, каму хутка паміраць.

Масавыя мерапрыемствы на Дзяды правіць

 
Традыцыйнае шэсце ў Курапаты, прымеркаванае да Дзядоў, 2009 год

З 1987 года святкаванне Дзядоў перайшло ў публічную прастору, гэта было звязана з нарастаннем беларускага нацыянальнага руху. Упершыню правялі Дзяды ў парку Янкі Купалы ў Мінску грамадскія аб’яднанні «Тутэйшыя» і «Талака» ў 1987 годзе. А 30 кастрычніка 1988 года ў Мінску ля Усходніх могілак і Курапат адбыліся шматтысячнае шэсце і мітынг-рэквіем памяці ахвяр сталінізму, камуністычныя ўлады сілай разагналі акцыю. З таго часу штогод беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух ладзіць шэсці ў Курапаты і Лошыцкі яр, маючы перашкоды ад уладаў рэжыму Лукашэнкі.

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Беларуская міфалогія 2006, с. 145.
  2. а б 2 лістапада ў Беларусі адзначаюць Дзень памяці продкаў — Дзяды . Museum.by (2 лістапада 2021). Праверана 23 кастрычніка 2023.
  3. "Стрэчаньскія Дзяды". www.sb.by (13 лютага 2008). Праверана 22 кастрычніка 2023.
  4. а б Аўсейчык У. Традыцыі памінання продкаў у структуры масленічнай і вербнай памінальнай абраднасці беларусаў Падзвіння (па матэрыялах ХІХ — пачатку ХХІ ст.) // Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтва : мат. Міжнароднай навук.-практ. канф. (20–21 лістапада 2014 г., г. Мінск). — 2014. — С. С. 327—330.
  5. Гомельскае Палессе і Падняпроўе: у дзвюх кнігах / Таццяна Валодзіна. — Мінск: Беларуская Навука, 2012. — Т. 6, Кн. 1. — 910 с. — (Традцыйная мастацкая культура беларускаў / Т. В. Варфаламеева). — ISBN 978-985-06-2201-3.
  6. Аўсейчык У. Асаблівасці каляндарна-памінальных абрадаў беларусаў Лепельшчыны (па матэрыялах ХІХ – пачатку ХХІ ст.) // Лепельскія чытанні : матэрыялы VI навукова-практычнай канферэнцыі,(Лепель, 17 — 18 кастрычніка 2014 г.). — 2014. — С. 50—58.
  7. Цыганкова А. Асаблівасці традыцый ушанавання продкаў у беларусаў Падзвіння.
  8. Дзяды – Студэнцкае этнаграфічнае таварыства . set.ethno.by. Праверана 22 кастрычніка 2023.
  9. Міхайлаўскія ДЗЯДЫ — Лунинец online. webcache.googleusercontent.com. Праверана 22 кастрычніка 2023.
  10. 2016.11.29 — У старажытнай палескай вёсцы ўшанавалі Піліпаўскіх Дзядоў (Фотарэпартаж) / Belsat / Белсат — тэлеканал - Матэрыял з прэсы - ЭТНАЎСЁ - уся этнаграфія Беларусі. Этнаўсе — партал у этнаграфію Беларусі. Уся беларуская традыцыйная культура на адным сайце!. Праверана 22 кастрычніка 2023.(недаступная спасылка)
  11. а б Беларускі народны каляндар

Літаратура правіць

  • Дучыц Л. Дзяды // Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік / С.Санько [і інш]; склад. І.Клімковіч. — 2-е выд., дап. — Мн.: Беларусь, 2006. — 599 с.: іл.

Спасылкі правіць