Дзівін

аграгарадок у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі

Дзі́він, сустракаюцца таксама варыянты Ды́він, Дывы́н, Дывэ́н[1] (трансліт.: Dzivin, руск.: Дивин) — аграгарадок у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, каля возера Любань. Адміністрацыйны цэнтр Дзівінскага сельсавета. Насельніцтва 3532 чал. (2005).

Аграгарадок
Дзівін
Свята-Раства-Багародзіцкая царква ў Дзівіне.
Свята-Раства-Багародзіцкая царква ў Дзівіне.
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
147 м
Насельніцтва
3 532 чалавекі (2005)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1642
Паштовы індэкс
225876
Аўтамабільны код
1
СААТА
1243817021
Дзівін на карце Беларусі ±
Дзівін (Беларусь)
Дзівін
Дзівін (Брэсцкая вобласць)
Дзівін

Знаходзіцца за 33 км на паўднёвы ўсход ад Кобрына, за 78 км ад Брэста. Аўтамабільныя дарогі на Брэст і Драгічын.

Назва правіць

На думку Вадзіма Жучкевіча, тапонім утварыўся з «дзівіцца», «дзіва» ў значэнні цуд[2]. Цяперашняя афіцыйная назва паселішча — Дзі́він[3], аднак мясцовыя жыхары ўжываюць традыцыйную Дывы́н.

Гісторыя правіць

Мясцовасць заселена са старажытнасці, на беразе возера Любань выяўлены паселішчы бронзавага веку.[4]

Вялікае Княства Літоўскае правіць

Многія даведачныя выданні даюць часам першай згадкі Дзівіна 1466 год[5], але без акалічнасцей, таму крыніца не ясная[4]. Паводле Юрыя Барысюка, у 1515 годзе Дзівін з бліжэйшымі вёскамі — Ляхчыцамі, Рухавічамі, Хабовічамі і Бельскам, згаданы ў дакуменце размежавання маёнтка Навасёлкі пана Багавіціна[4], але даследчык таксама не дае пэўнай спасылкі або сігнатуры.

У 1546 годзе Дзівін згаданы як мястэчка, цэнтр воласці Берасцейскага павета. Падчас рэвізіі Берасцейскай эканоміі ў 1566 годзе, Дзівін — цэнтр Дзівінскага войтаўства[4] і Палескай воласці[6]. Паводле рэестра рэвізіі ў мястэчку 184 двары, рынак (квадратны ў плане) і 5 вуліц — Павіцкая (у кірунку Павіцця), Кобрынская, Берасцейская, Ратненская, Крывая[7]. На Кобрынскай вуліцы была Пятніцкая царква[6].

Прывілеем ад 7 сакавіка 1642 года кароль Уладзіслаў Ваза на просьбу берасцейскага эканома Самуэля Асінскага надаў Дзівіну магдэбургскае права. Адначасова кароль прызначыў войта, прапанаванага эканомам баярына Самуэля Вышынскага. Дзівінскі магістрат мусіў складацца з каталікоў і ўніятаў.[4] З 18 выбраных мяшчанамі кандыдатаў эканом мог зацвердзіць двух бурмістраў, дух радцаў і шэсць лаўнікаў. Войт або ландвойт мусілі распараджацца ўсімі гаспадарчымі і судовымі справамі разам з магістратам. На рынкавай плошчы дазволена пабудаваць ратушу са званіцай. Тым самым прывілеем мястэчку нададзены другі кірмашовы дзень на кожны чацвер. Таксама Дзівіну нададзены герб, арыгінал акта не захаваўся, а ў копіях выяву або апісанне герба не падалі.[8]

Станам на 1682 год у мястэчку існавалі 2 грэка-каталіцкія царквы, касцёл, ратуша, 2 млыны, карчма. У 1776 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі скасаваў самакіраванне (у межах рэформ у Рэчы Паспалітай). Пад 1789 годам Дзівін згадваецца як горад, цэнтр ключа ў складзе Берасцейскай эканоміі. У гэты час існавала рыначная плошча, 4 вуліцы, 194 гаспадаркі (з іх 173 хрысціянскія).

Пад уладай Расійскай імперыі правіць

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Дзівін апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні (з 1801). У 1797 годзе мястэчка разам з жыхарамі нададзена ўрадам Пятру Румянцаву-Задунайскаму.

Жыхары мястэчка, патрабуючы свайго пераводу ў мяшчане, звярталі ўвагу, што падчас правядзення валочнай памеры ў 1566 годзе мястэчку вылучана 53 валокі зямлі (каля 1060 дзесяцін) і падалі прывілеі 1629, 1649, 1677, 1761 гадоў, паводле якіх жыхары Дзівіна лічыліся мяшчанамі, а зямля была аддадзена ім у вечнае валоданне. Расійскія ўлады рабілі захады, каб забраць арыгіналы прывілеяў у местачкоўцаў. Жыхары мястэчка скардзіліся, што кобрынская паліцыя «затрымала ў сябе арыгінал прывілея і іншыя дакументы дывінскіх мяшчан»[9]. У 1819 годзе сяляне і местачкоўцы (больш за 200 двароў, 1000 жыхароў) адмовіліся выконваць павіннасці на карысць уладальніка да канчатковага разгляду справы аб іх вольнасці. 20 жніўня 1819 года ў Дзівін прыбыло 300 узброеных расійскіх салдат. Жыхары мястэчка вызвалілі арыштаваных. Улад вымусілі дазволіць местачкоўцам выбраць 10 прадстаўнікоў для перамоў. Асэсар Гродзенскага губернскага кіравання і кобрынскі земскі аканом у прысутнасці салдат зачыталі сялянам Указ губернскага кіравання, у якім яны прасілі ваеннай дапамогі ў губернатара і адзначалі, што духавенства падтрымлівае сялянскі пратэст. У 1862 годзе ў Дзівіне было адкрыта народнае вучылішча. Станам на 1878 год у мястэчку 2 царквы, сінагога, праводзіліся 2 кірмашы. На 1886 — валасная ўправа, 3 царквы, сінагога, школа, 5 крам, заезны двор, 2 карчмы, праводзіліся 3 кірмашы. Каля мястэчка знаходзіўся маёнтак пана А. Ягміна, вятрак. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 3 цэрквы, сінагога, яўрэйскі малітоўны дом, народнае вучылішча, бальніца, валасная ўправа, пошта, 2 хлебазапасныя магазіны, 15 крам, алейня, 14 млыноў, карчма; 6 аднадзённых кірмашоў на год.

Найшоўшы час правіць

4 сакавіка 1918 года ўрад Украінскай Народнай Рэспублікі абвясціў Дзівін часткай сваёй дзяржавы, адначасна ад 25 сакавіка мястэчка абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэрыторыя Палесся зрабілася прадметам перагавораў паміж БНР і УНР[10]. 1 студзеня 1919 года паводле пастановы I з’езду КП(б) Беларусі Дзівін увайшоў у склад Беларускай ССР, у Кобрынскі павет («падраён») Брэсцкага раёна[11]. Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе было цэнтрам гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства. Станам на 1931 год дзейнічалі яўрэйская бібліятэка, тэатральны і харавы гурткі.

У 1939 годзе Дзівін увайшоў у БССР, з 15 студзеня 1940 да 8 жніўня 1959 года — цэнтр Дзівінскага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1940 год працавалі пошта, 7-гадовая школа (400 вучняў), аптэка, бальніца з амбулаторыяй, ветэрынарны пункт, народны дом, 20 прыватных крам, хлебная крама і кнігарня, 2 маторныя млыны, 3 пякарні, бойня, рэстарацыя, шавецкая і кавальская арцелі, завод ахаладжальных напояў, маслазавод. У Другую сусветную вайну з 24 чэрвеня 1941 да 21 ліпеня 1944 года Дзівін быў пад нямецкай акупацыяй. У 1942 годзе ў гэтай вёсцы ўзнік першы атрад УПА[12]. Станам на 1971 год у вёсцы было 1407 будынкаў, на 2005—1460 двароў.

Насельніцтва правіць

  • 1789 год — 872 чал.
  • 1886 год — 1644 чал.
  • 1878 год — 2490 чал. (1201 мужчына і 1289 жанчын), у тым ліку 998 яўрэяў[13]
  • 1888 год — 2516 чал.
  • 1897 год — 3796 чал.
  • 1905 год — 3967 чал.
  • 1921 год — 2299 чал.
  • 1940 год — 4187 чал.
  • 1959 год — 3489 чал.
  • 1970 год — 4677 чал.
  • 1999 год — 4293 чал.
  • 2005 год — 3532 чал.

Інфраструктура правіць

У Дзівіне дзейнічае дом культуры, клуб, 3 бібліятэкі, школа-інтэрнат, музычная, спартыўная і сярэдняя школы, 2 дзіцячыя садкі, камбінат побытавага абслугоўвання, кавярня, 11 крам, бальніца, аптэка, ветэрынарная лячэбніца, пошта.

Эканоміка правіць

У вёсцы працуюць маслазавод, пякарня, філіял Кобрынскай мэблевай фабрыкі, аддзяленне «Сельгастэхнікі», 2 лясніцтвы

Турыстычная інфармацыя правіць

Славутасці правіць

 
Свята-Параскева-Пятніцкая царква
 
Сувораўскі дуб

Страчаная спадчына правіць

  • Сінагога (XIX ст.)

Вядомыя асобы правіць

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Ды́він, Дывы́н, Дывэ́н
  2. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 99.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  4. а б в г д Барысюк 2023, с. 85.
  5. ГВБ 2007, с. 139.
  6. а б ГВБ 2007, с. 140.
  7. Дзівін // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Кобрынскага раёна // рэд. Г. П. Пашкоў. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 624 с. ISBN 985-6302-44-7
  8. Барысюк 2023, с. 86.
  9. Соркіна, І. Мястэчкі Беларускага Палесся ў XIX — першай трэці XX стст. / Іна Соркіна // ARCHE Пачатак. — 2013. — № 4 (121). — С. 62. Са спасылкай на Нацыянальны гістарычны музей Беларусі ў Гродне. — Ф. 1. — Воп. 1. — Спр. 1355. — Арк. 5, 6, 8, 11, 12, 14, 69 адв.
  10. Валянціна Лебедзева. Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) Архівавана 19 лістапада 2008. // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15.
  11. У якіх межах былі абвешчаны Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? Архівавана 12 снежня 2007. // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  12. Ці заслугоўваюць помніка тыя, хто змагаўся супраць савецкай улады?(недаступная спасылка)
  13. Dywin // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack (польск.). — Warszawa, 1881. S. 258—259

Літаратура правіць

Спасылкі правіць