«DOTYK» (Дотык) — штогадовы міжнародны фестываль квір-культуры, які мае за мэту пашырэнне ведаў пра існуючыя дыскрымінацыі, закранае актуальныя тэмы ідэнтычнасці і самавыяўлення, узнімае праблемы розных формаў ксенафобіі ў беларускім грамадстве, а таксама спрыяе аб’яднанню дыскрымінаваных людзей, павышэнню узроўня іх самасвядомасці, павелічэнню рэфлексіўнасці аўдыторыі.

Міжнародны фестываль квір-культуры DOTYK
Выява лагатыпа
Агульныя звесткі
Дата з 2015 года
Месца Сцяг Беларусі Беларусь (Мінск, Віцебск, Гродна, Брэст)
Афіцыйны сайт фестывалю

Гісторыя правіць

DOTYK паўстаў напачатку 2015 года з ініцыятывы To Be. Queer (Быць. Квір) — стыхійнага і гнуткага згуртавання ініцыятыў, якое ў перыяд свайго існавання выступала ў ролі перамоўнай пляцоўкі для ідэйнай кансалідацыі актывістак і актывістаў, даследчыц і даследчыкаў, неабыякавых да праблем дыскрымінацыі. У сярэдзіне 2015 года згуртаванне спыніла сваё існаванне і DOTYK набыў самастойнасць.

Першапачаткова DOTYK планаваўся як штогадовы кінафестываль з суправаджальнымі мерапрыемствамі, які б дапамагаў асэнсоўваць досвед дыскрымінаваных па якойсьці прыкмеце груп. Першы кінафестываль прайшоў у Мінску ў лютым 2015 года і ўключыў у сябе паказы мастацкіх і дакументальных фільмаў, анімацыі, правядзенне выстаў, лекцый, варкшопаў, канцэртаў і сустрэч з беларускімі і замежнымі гасцямі. Аднак у далейшым фармат праекта зведаў мноства змен. DOTYK перарос межы ўласна кінафестывалю і пачаў спалучаць розныя фарматы, ператварыўся ў фестываль квір-культуры, асвоіў розныя пляцоўкі, трапіў па-за межы сталіцы. Першы «Вандроўны DOTYK» прайшоў увосень 2015 года ў Брэсце, Віцебску і Гродне. [1]

Фармат правіць

У цяпершані час DOTYK імкнецца да таго, каб рэгулярна праводзіць культурна-адукацыйныя мерапрыемствы ў Мінску і абласных гарадах Беларусі. Апроч таго, DOTYK ахвотна супрацоўнічае з творчымі людзьмі незалежна ад ступені іх вядомасці і досведу, працуе над стварэннем арт-праектаў, актуальных у беларускім кантэксце. DOTYK выбудоўвае камунікацыю не на мове акадэміі, а на мове мастацтва – універсальнай мове чалавецтва, якая паказвае жывыя гісторыі і не спрашчае іх да статыстычных дадзеных, адлюстроўвае складанасць і разнастайнасць свету, паўсюдную варыятыўнасць.

Прынцыпы і каштоўнасці правіць

Каштоўнасці DOTYK грунтуюцца на прынцыпе недыскрымінацыі ў шырокім сэнсе. Фестываль імкнецца распаўсюдзіць веды пра тое, што маргіналізацыя тых ці іншых груп антыгуманная па сваёй сутнасці і што адрозненні не адмяняюць магчымасці суіснаваць ў атмасферы павагі і прыняцця. DOTYK выступае супраць ксенафобіі, шавінізму, расізму, сексізму, гама-, транс-, і біфобіі, мілітарызму, каланіялізму і іншых формаў сацыяльнага зняцэньвання.


Зноскі

Спасылкі правіць

  • DOTYK — афіцыйны сайт.