Другая Усебеларуская канферэнцыя

Другая Усебеларуская канферэнцыя[1] — нарада беларускіх палітычных дзеячаў у эміграцыі, адбылася 12 — 16 кастрычніка 1925 года ў Берліне[2].

Склікана А. І. Цвікевічам. Ёсць вынікам расколу ў беларускім эмігранцкім асяроддзі, а таксама перамен, што адбыліся ў 19211925 гг. у БССР і Заходняй Беларусі пасля Першай Усебеларускай канферэнцыі (Прага, 1921 г.)[3].

У літаратуры за 1-й і 2-й канферэнцыямі замацаваліся назвы Усебеларускіх палітычных канферэнцый або Нацыянальна-палітычных нарад[4].

Перадгісторыя правіць

У 1921—1925 гады Ліга Нацый прызнала ўсходнія межы Польшчы з СССР; выявілася немагчымасць атрымаць якіх-небудзь саступак для беларускай культуры ў Польшчы з боку польскіх улад[5]; урад Літвы страціў зацікаўленасць у падтрымцы беларускага асяродка ў літоўскай сталіцы (Каўнасе), дзе Аляксандр Цвікевіч выконваў функцыі прэм’ера беларускага эміграцыйнага ўраду БНР (Старшыні Рады міністраў БНР)[6]; улады БССР сістэматычна і ў рознай форме заахвочвалі эмігрантаў вярнуцца ў Беларусь (савецкую) і далучацца да працы на карысць бацькаўшчыны і беларускай нацыянальнай культуры[7]; у 1924 г. адбылося ўзбуйненне тэрыторыі БССР[8].

Для беларусаў сярод станоўчых мерапрыемстваў савецкага ўрада БССР найбольш важнай, нават вызначальнай, была беларусізацыя. Узбуйненне тэрыторыі БССР у 1924 годзе і пераход арміі на тэрытарыяльна-міліцэйскую сістэму камплектавання (што, здавалася, набліжала ідэю стварэння ўласнага беларускага войска) дапаўнялі карціну змяненняў у Савецкай Беларусі.[9]

Раскол беларускай палітычнай эміграцыі пачаўся пасля Генуэзскай канферэнцыі (1922), дзе Старшыня Рады Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) Вацлаў Ластоўскі і міністр замежных спраў Аляксандр Цвікевіч прызналі права Літоўскай Рэспублікі на Вільню і Віленскі край. В. Ластоўскі пасля спрабаваў правесці нацыянальна-палітычную нараду, каб яго дзейнасць была ўхвалена, а Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі забараніў яе правядзенне. Была ўтворана Дзяржаўная калегія БНР, а затым адноўлена Рада Міністраў БНР (1923). Абавязкі яе Старшыні выконваў А. Цвікевіч, які нібыта прызнаў памылковасць свайго ўчынку.[10]

На настроі часткі беларускай палітычнай эміграцыі і дзейнасць А. Цвікевіча ўплывалі падзеі ў БССР. У шэрагах КП(б)Б існавала моцная плынь праціўнікаў беларускай культуры. Інтарэсы ж беларускай культуры прадстаўлялі З. Жылуновіч, А. Чарвякоў, У. Ігнатоўскі і інш. VII з’езд КП(б)Б канстатаваў, што ў асяроддзі работнікаў культуры і асветы БССР былі моцныя ідэалы «адраджэння буржуазна-дэмакратычнай дзяржаўнасці», г.зн. БНР. Але пасля XII з’езда РКП(б) (1923) прыняў рэзалюцыю па нацыянальным пытанні, і ЦБ КП(б)Б мусіла ўзяць курс на беларусізацыю і каранізацыю. Станоўчы вобраз савецкага рэжыму стваралі таксама распачатая ў 1921 новая эканамічная палітыка (НЭП) і абвешчаная ў 1923 г. амністыя былым праціўнікам бальшавіцкай улады.[11]

У Польскай Рэспубліцы, куды ўваходзіла Заходняя Беларусь урад пачаў наступленне на беларускае школьніцтва і культуру. Стаўка левых сіл на ўзброеную барацьбу не апраўдала сябе, а парламенцкіх метадаў барацьбы было недастаткова. Вынікам было стварэнне Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), куды ўвайшлі ў т.л. А. Канчэўскі, І. Лагіновіч, Л. Родзевіч і інш. Важную ролю ў КПЗБ стаў адыгрываць эмісар Менска М. Гурын-Маразоўскі. Пад уплывам падзей у БССР, у кантакце з КПЗБ левыя сябры Беларускага пасольскага клуба С. Рак-Міхайлоўскі, Б. Тарашкевіч і інш. стварылі самастойную фракцыю — Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, якая для ЦК КП(б)Б стала «трыбунай партыі ў польскім сейме», яны перайшлі ў КПЗБ і пачалі падрыхтоўку да стварэння масавай аднайменнай арганізацыі (БСРГ).[12]

Большасць дзеячаў Рады і ўрада БНР і Заходняй Беларусі лічылі НЭП, беларусізацыю і каранізацыю стабільным курсам бальшавікоў. Гэта амаль цалкам задавальняла іх, бо па сваіх перакананнях яны былі сацыялістамі. Аляксандр Цвікевіч спадзяваўся, што пачнецца і дэмакратызацыя савецкага рэжыму.[13]

Існавалі таксама супярэчнасці паміж кіраўніцтвам БНР і ўрадам Літвы, у выніку 1.11.1923 г. Прэзідыум Рады і ўрад БНР вымушаны былі пераехаць у Прагу. Урад знаходзіўся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, асабліва пасля прызнання Чэхаславакіяй СССР. Аляксандр Цвікевіч шукаў альтэрнатыву Радзе БНР. Ён не выключаў магчымасці свайго пераезду ў БССР. Сувязным паміж ім і кіраўніцтвам КП(б)Б стаў, верагодна І. Краскоўскі.[14]

Кіраўніцтва БССР разгарнула супраць беларускай эміграцыі ідэалагічнае наступленне. 11 чэрвеня 1923 года была прынята сумесная пастанова ЦВК СССР і БССР аб амністыі. Гэта дало магчымасць вярнуцца на радзіму многім дзеячам культуры і навукі (працэдура прадугледжвала адмову ад сваіх палітычных перакананняў).[15]

У 1925 годзе для працы сярод беларусаў замежжа накіраваліся па маршруце Варшава — Прага — Берлін прадстаўнікі Савецкай Беларусі З. Жылуновіч і М. Чарот. У час паездкі высветлілася, што эміграцыя саспела да пэўнай саветызацыі. 14 жніўня 1925 года ЦК КП(б)Б вызначыў умовы правядзення беларускай нацыянальна-палітычнай нарады (яе планавалася склікаць у Берліне), асноўнай мэтай форуму мела стаць прызнанне за Менскам ролі адзінага цэнтра культурнага і палітычнага жыцця беларусаў.[16]

Аляксандр Цвікевіч не хаваў свайго намеру пераехаць у Менск (БССР)[17]. Перад вяртаннем прадстаўнікі ўрада БССР і ўрада СССР угаварылі Цвікевіча правесці ў Берліне Беларускую нацыянальна-палітычную канферэнцыю[18].

Падрыхтоўка канферэнцыі правіць

11.8.1925 ЦК КП(б)Б зацвердзіў план паездкі З. Жылуновіча і М. Чарота ў Прагу. 14.8.1925 ЦК КП(б)Б прыняў пастанову, у якой лічыў мэтазгодным скліканне А. Цвікевічам у Берліне беларускай канферэнцыі пры 7 абавязковых умовах, адна з іх — папярэдняе прызнанне Менска як адзінага культурнага і палітычнага цэнтра, на які павінен арыентавацца беларускі рух Польшчы, Літвы, Латвіі і іншых краін; адмова ад арыентацыі на Лігу Нацый; папярэдняя, да канферэнцыі, «перадача паўнамоцтваў БНР Ураду БССР у форме дэкларацыі». Пасля прыняцця гэтых умоў групай Цвікевіча меркавалася фінансаваць апошнюю. Восенню 1925 ЦК КП(б)Б адзначаў, што група Цвікевіча «падладжваецца пад нас з надзеяй задаволіць нас мандатамі Урада БНР; падладжваючыся пад нас, яна ў той жа час імкнецца ўмацаваць сваё становішча, яна яшчэ хоча адыгрываць палітычную ролю». А. Цвікевіч не адмаўляўся ад намеру стварыць Усебеларускі нацыянальны цэнтр. КП(б)Б ставіла сваёй задачай «не дапусціць арганізацыі якога б ні было камітэта беларускай эміграцыі», таму што стварэнне такога цэнтра «толькі затармозіць развіццё беларускага руху савецкай арыентацыі». ЦК КП(б)Б імкнуўся «ліквідаваць групу Цвікевіча з тым, каб частка яе пасля ліквідацыі БНР прыехала ў Менск». У кастрычніку 1925 у Прагу для работы сярод эміграцыі выехалі З. Жылуновіч, М. Чарот і Я. Купала.[19]

Яшчэ ў 1919 годзе Народная рада БНР (чые паўнамоцтвы прызнала Найвышэйшая рада БНР, а потым і Першая Усебеларуская канферэнцыя) выдала пастанову, паводле якой урад БНР не меў права прымаць самастойныя палітычныя рашэнні. Падрыхтоўка да канферэнцыі вялася тайна ад Старшыні Рады БНР П. Крачэўскага.[20]

2 верасня 1925 года ў Празе адбылася сустрэча паміж А. Цвікевічам і савецкімі ўпаўнаважанымі, было канчаткова зацверджана месца і час склікання канферэнцыі (Берлін, кастрычнік 1925 года), на яе арганізацыю перадаваліся грашы. Паралельна А. Цвікевіч вёў перагаворы з Літвой, і паводле некаторых даных Каўнас таксама выдзеліў грашовую суму.[21]

У ЦК КП(б)Б праходзілі нарады, у цэнтры ўвагі якіх знаходзілася падрыхтоўка Берлінскай канферэнцыі. Сярод пагроз разглядалася магчымасць, што В. Ластоўскі можа выкарыстаць яе супраць БССР[22]. Паміж КП(б)Б і НКЗС у Маскве паўсталі пэўныя супярэчнасці, кіраўніцтва Кампартыі Беларусі адзначала:[23]

 

Прызнаць, што ў працаўнікоў НКЗС, якія праводзяць працу па канферэнцыі, адсутнічае поўная яснасць і паслядоўнасць у правядзенні лініі, выражанай у рэзалюцыі ЦК КП(б)Б, якая атрымала зацвярджэнне НКЗС, асабліва адзначыць невыкананне т. Александроўскім умоў выдачы грошаў Цвікевічу.

 

Пры гэтым у ЦК лічылі немэтазгодным удзел у нарадзе латвійскай беларускай групы. Напярэдадні абмяркоўвалася магчымасць стварыць замест Рады БНР за мяжой Беларускі камітэт. Аднак ЦК партыі быў катэгарычны: «Беларускі камітэт, калі б ён быў падабраны на Берлінскай канферэнцыі, нават пры ўмове складання паўнамоцтваў БНР, апынецца сілай супраць СССР, будзе мець ілюзіі ў беларускім пытанні, што паслабляюць пазіцыю СССР; яго ўтварэнне будзе БССР разглядацца як выступленне супраць БССР». Прынцыповым для Менска было выкананне наступных умоў: «гучная» дэкларацыя Цвікевіча, складанне паўнамоцтваў БНР, уезд у БССР прыхільнікаў арыентацыі на БССР.[24]

Правядзенне канферэнцыі правіць

Канферэнцыя адкрылася ў Берліне 12 кастрычніка 1925 года. На ёй прысутнічалі: ад урада БНР А. Цвікевіч, Л. Заяц, В. Захарка, У. Пракулевіч, ад Заходняй Беларусі — А. Галавінскі, ад Беларускай калоніі ў Латвіі — К. Езавітаў, прыбылі і некаторыя іншыя дэлегаты — усяго 17 чалавек[25]. Савецкую Беларусь прадстаўлялі З. Жылуновіч і намеснік паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы А. Ульянаў.

15.10.1925, перад канферэнцыяй, Рада народных міністраў БНР прыняла ў Берліне 2 пастановы. Паводле 1-й Рада міністраў БНР спыняла сваю дзейнасць і прызнала Менск «адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі» (супраць галасаваў В. Захарка). Паводле 2-й пастановы, прынятай аднагалосна, Урад БНР абвяшчаўся зліквідаваным.[26] Рада народных міністраў вырашыла «абвясціць ад сённяшняга дня Урад БНР зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць», пастанову падпісалі А. Цвікевіч, Л. Заяц, У. Пракулевіча і В. Захарка.[27]

Спачатку даклад аб сучасным стане ўрада БНР і аб агульным палітычным становішчы Беларусі зрабіў «старшыня Рады Міністраў» (так запісана ў пратаколе, хаця на той час ён склаў паўнамоцтвы) А. Цвікевіч.

Аляксандр Цвікевіч на канферэнцыі выступіў з тэзісам аб неабходнасці трывалага ўключэння Беларусі ў структуры, якія ўтвараюць СССР, бо становішча беларусаў, якія апынуліся ў межах Польшчы (заходнебеларускія ваяводствы), паказвала што савецкай арыентацыі няма ніякай альтэрнатывы, а існаванне структур БНР паслабляла і ставіла пад сумнеў аўтарытэт беларускага савецкага ўрада[28].

У выніку дэлегаты 15.10.1925 пастанавілі:[29]

 

У зьвязку з сучасным становішчам Беларусі, заходняя часьць якой знаходзіцца пад акупацыяй Польшчы, а усходняя – творыць Беларускую Савецкую Рэспубліку ў складзе Сацыялістычнага Савецкага Саюзу, у мэтах аб’яднаньня усіх сіл народу для яго поўнага нацыянальнага і сацыяльнага вызваленьня ў поўным паразуменьні з краевымі беларускімі арганізацыямі, – абвесьціць ад сеньняшняга дня Урад Беларускай Народнай Рэспублікі зьліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасьць.

 

У пастанове таксама канстатавалася, што «надзвычайную важнасць мае імкненне Радавай Беларусі да здзяйснення нацыянальна-дзяржаўнага ідэалу беларускага народа», а Менск прызнаваўся цэнтрам беларускага адраджэння. Другая Усебеларуская канферэнцыя абвясціла «ўсялякія спробы актыўнай барацьбы» супраць Менска «здрадай справе вызваленчага беларускага руху».[30]

Гэту пастанову падпісалі старшыня Рады Народных Міністраў БНР А. Цвікевіч, дзяржаўны кантралёр Л. Заяц, дзяржаўны сакратар У. Пракулевіч, К. Езавітаў, А. Галавінскі. Не зусім зразумелая пазіцыя В. Захаркі. Паводле адных даных, ён усё ж спачатку падпісаў дакумент, паводле іншых, — адразу выступіў супраць[31].

Абвяшчаючы на канферэнцыі ў Берліне пра ліквідацыю палітычнага эмігранцкага цэнтра БНР, Аляксандр Цвікевіч паверыў, што ў БССР былі ажыццёўлены сацыяльныя і палітычныя ідэалы беларускіх сацыялістаў[32]. Амаль усе беларускія палітычныя інтэлектуалы, якія змагаліся за беларускую дзяржаўнасць у форме БНР, выказаліся на канферэнцыі ў падтрымку савецкай ўлады, бо створаная ў 1920-х гг. у БССР рэчаіснасць недалёка адыходзіла ад іх ранейшых праграмных патрабаванняў і мэт[33].

Вынікі правіць

Юрыдычна пастановы Рады народных міністраў БНР ад 15 кастрычніка 1925 г. не мелі сілы, бо актамі ад 19 снежня 1919 г. і 23 жніўня 1923 г. на аб’яднаным пасяджэнні Прэзідыума Рады і ўрада БНР было вырашана, што абодва гэтыя органы «асобна не засядаюць». Аднак кіраўнік Рады БНР Пятро Крачэўскі, спасылаючыся на акт ад 13 снежня 1919 года, разумеў, што юрыдычныя нюансы гэтай справы і пытанне легітымнасці вельмі заблытаныя[34], бо сам Пятро Крачэўскі меў дачыненне да сумнеўнага з юрыдычнага боку абрання таго ж Аляксандра Цвікевіча на пасаду прэм’ера БНР[35]. Таму Пятро Крачэўскі сваю пазіцыю азначыў метафарычна: ён заявіў, што Л. Заяц і У. Пракулевіч знаходзіліся пад гіпнозам Аляксандра Цвікевіча, калі паставілі свае подпісы пад рашэннямі Берлінскай канферэнцыі[36].

Грунтуючыся на рашэннях Народнай рады БНР ад 13.12.1919, аб’яднанага пасяджэння Прэзідыума Рады і ўрада БНР 23.8.1923, Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі і яго намеснік В. Захарка не прызналі рашэнні Другой Усебеларускай канферэнцыі[37], а член Прэзідыума Рады БНР Я. Мамонька склаў пратэст на імя старшыні канферэнцыі К. Езавітава.[38]

19 студзеня 1926 года выйшаў першы нумар «Бюлетэня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі», дзе быў надрукаваны «Покліч» П. Крачэўскага, які вінавачваў у здрадзе ліквідатараў «Беларускага ўрада». Змяшчаліся ў «Бюлетэні» і іншыя матэрыялы пра незаконнасць рашэнняў Берлінскай канферэнцыі.[39]

Яшчэ да выезду ў Берлін прадстаўнікоў Ураду П. Крачэўскі прымушае В. Захарку, Л. Зайца і У. Пракулевіча падпісаць заяву ад сваёй адстаўцы, каб «мець свабодныя рукі», калі ў Берліне паўстане пытанне аб ліквідацыі Ураду БНР. Заява падпісаная 4 кастрычніка, адстаўка прынятая Крачэўскім 10 кастрычніка[40].

Паводле беларускага гісторыка А. Сідарэвіча, А. Цвікевіч, Л. Заяц і У. Пракулевіч склалі свае паўнамоцтвы да канферэнцыі і прысутнічалі на ёй як прыватныя асобы. Тое, што А. Цвікевіч і яго супольнікі не прадстаўляюць афіцыйны інстытут, а толькі саміх сябе, разумеў і ЦК КП(б)Б, які ў сваіх пастановах і рэзалюцыях перад канферэнцыяй канстатаваў, што мае справу з групай Цвікевіча. Сідарэвіч лічыць, што бальшавікам патрэбны быў палітычны жэст, які б дэмаралізаваў беларускую палітычную эміграцыю і паскорыў справу яе развалу.[41] Паводле беларускага гісторыка В. Гігіна, тым не менш, з інструкцыі, распрацаванай Радай БНР для «дэлегатаў урада БНР» на Берлінскай канферэнцыі, вынікае, што А. Цвікевіч, Л. Заяц і У. Пракулевіч мелі афіцыйны статус[42]. Інструкцыя ўказвала: 1) усе рашэнні канферэнцыі набываюць моц пасля іх ратыфікацыі адпаведнымі органамі трох частак Беларусі (Заходняй, БНР і БССР); 2) прадстаўнікі БНР едуць у Берлін з інфармацыйнымі мэтамі; 3) у выпадку якіх-небудзь разыходжанняў з гэтай інструкцыяй члены Урада БНР павінны падаць у адстаўку[43].

Для Менска ў 1925 годзе БНР як заўважны палітычны фактар перастала існаваць. 22 кастрычніка Бюро ЦК КП(б)Б заслухала інфармацыю А. Ульянава і зрабіла выснову, што выбраная лінія была цалкам правільнай, а сам ён выканаў поўнасцю пастаўленыя задачы.[44]

Пасля правядзення канферэнцыі ў БССР пераехалі былы прэм’ер-міністр БНР Аляксандр Цвікевіч (па асабістым запрашэнні Аляксандра Чарвякова), Вацлаў Ластоўскі і іншыя дзеячы БНР[45][46]. У. Пракулевічу, Л. Зайцу, А. Галавінскаму таксама дазволілі вярнуцца ў БССР. А. Галавінскаму і А. Цвікевічу выдалі па 430 долараў дапамогі.[47]

Прэзідыум Рады БНР не прызнаў рашэння канферэнцыі і застаўся верны акту 25 сакавіка. Хоць пасля члены Прэзідыума П. Бадунова і Я. Мамонька таксама пераехалі ў БССР, Старшыня Рады БНР П. Крачэўскі і яго намеснік В. Захарка не прызналі Савецкую Беларусь. Дзяржаўная пячатка і дзяржаўны архіў БНР засталіся ў іх.

Ацэнкі правіць

15 сакавіка 2018 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася часовая экспазіцыя «1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава. Крок да Незалежнасці», дзе Цэнтральны архіў КДБ Беларусі ўпершыню выставіў для наведвальнікаў пратакол паседжання Рады міністраў БНР, якая на Берлінскай канферэнцыі 15 кастрычніка 1925 г. абвясціла аб спыненні сваіх паўнамоцтваў[48]. Гісторык Ігар Марзалюк у той дзень даў сваю ацэнку вынікам Берлінскай канферэнцыі: «Гэта сведчыць пра тое, што дзяржаўныя інтарэсы, інтарэсы краіны, інтарэсы нацыі вышэйшыя за партфелі, вышэйшыя за ўласныя палітычныя амбіцыі. Гэты дакумент упершыню паказаны публіцы»[49].

Зноскі

  1. таксама Другая Усебеларуская палітычная канферэнцыя, Нацыянальна-палітычная нарада, Берлінская канферэнцыя 1925
  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6). С. 215
  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 283
  4. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6). С. 215
  5. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 166.
  6. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 166.
  7. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 166.
  8. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — С. 267.
  9. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 80.
  10. Сідарэвіч, А. Другая Усебеларуская канферэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 283
  11. Сідарэвіч, А. Другая Усебеларуская канферэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 283
  12. Сідарэвіч, А. Другая Усебеларуская канферэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 283
  13. Сідарэвіч, А. Другая Усебеларуская канферэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 283
  14. Сідарэвіч, А. Другая Усебеларуская канферэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 283
  15. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 81.
  16. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 81.
  17. Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — С. 448.
  18. Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — С. 448.
  19. Сідарэвіч, А. Другая Усебеларуская канферэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 283—284
  20. Сідарэвіч, А. Другая Усебеларуская канферэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 284
  21. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 81.
  22. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 81.
  23. Знешняя палітыка Беларусі: зб. дакументаў і матэрыялаў. — Т. 2: 1923—1927 гг. — Мінск, 1999. — С. 172—173
  24. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 82.
  25. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 82
  26. Сідарэвіч А. Другая Усебеларуская канферэнцыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6). С. 215
  27. Сідарэвіч, А. Другая Усебеларуская канферэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 284
  28. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 166.
  29. Пратакол пасяджэння Рады Народных Міністраў БНР у Берліне ад 15.10.1925 // Савецкая Беларусь. — 1925. — 15 лістапада. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 82
  30. Сідарэвіч, А. Другая Усебеларуская канферэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 284
  31. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 82
  32. Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — С. 449.
  33. Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — С. 449.
  34. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 83.
  35. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 83.
  36. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 83.
  37. Сідарэвіч, А. Другая Усебеларуская канферэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 284
  38. Сідарэвіч А. Другая Усебеларуская канферэнцыя // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6). С. 215
  39. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 82—83
  40. Падарожжа ў БНР — svaboda.org
  41. Сідарэвіч, А. Другая Усебеларуская канферэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 284
  42. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 83.
  43. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 83.
  44. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 83
  45. Шыбека, З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002) / З. Шыбека. — Мінск : Энцыклапедыкс, 2003. — С. 267.
  46. Латышонак, А. Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIII — да пачатку ХХІ ст. / А. Латышонак, Я. Мірановіч. — Вільня-Беласток : Інстытут беларусістыкі, Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 166.
  47. Гігін В. «Прызнаць Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння…» // Беларуская думка. № 1. 2016. — С. 83
  48. У Нацыянальным гістарычным музэі адкрылася выстава да 100-годзьдзя БНР
  49. У Нацыянальным гістарычным музэі адкрылася выстава да 100-годзьдзя БНР

Літаратура правіць

Спасылкі правіць