Дубравіца (Клімавіцкі раён)

вёска ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі

Ду́бравіца[2] (трансліт.: Dubravica, руск.: Дубровица) — вёска ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці, на рацэ Бароўка. Уваходзіць у склад Лабжанскага сельсавета. Знаходзіцца за 20 км на захад ад Клімавічаў, за 18 км ад чыгуначнай станцыі Клімавічы (лінія ОршаУнеча).

Вёска
Дубравіца
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Вышыня цэнтра
165 м
Насельніцтва
4[1] чалавек (2020)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2244
Аўтамабільны код
6
Дубравіца на карце Беларусі ±
Дубравіца (Клімавіцкі раён) (Беларусь)
Дубравіца (Клімавіцкі раён)
Дубравіца (Клімавіцкі раён) (Магілёўская вобласць)
Дубравіца (Клімавіцкі раён)

Гісторыя правіць

Вядома з 1723 года ў складзе Крычаўскага староства Мсціслаўскага ваяводства Вялікае Княства Літоўскага, у 1727 годзе — дзяржаўная ўласнасць. У 1748 годзе адкрыта маслабойня[3].

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе вёска адыйшла да Расійскай імперыі, дзе станам на 1779 год знаходзілася ва ўласнасці памешчыка ў Крычаўскім старостве Клімавіцкага павета. У 1834 годзе паселішча — ў складзе маёнтка Госліў Чэрыкаўскага павета. У 1866 годзе адкрыта школа, у якой у 1889 годзе навучаліся 23 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі.

У 1885 годзе — цэнтр воласці Чэрыкаўскага павета, дзейнічалі вадзяны млын, школа, царква; частка вяскоўцаў займаліся калёсным промыслам. Па выніках перапісу 1897 года ў Дубравіцы былі фельчарскі ўчастак і хлебазапасны магазін, побач з вёскай існавала карчма (1 двор, 11 жыхароў). У 1909 годзе — сяло, існавалі млын, паштовае аддзяленне, казённая вінная лаўка, царква.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дубравіца абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, яна ўвайшла ў склад БССР. 16 студзеня вёска апынулася ў складзе РСФСР, дзе 26 красавіка таго ж года яна ўвайшла ў Клімавіцкі павет Гомельскай губерні[3].

У выніку першага ўзбуйнення БССР Дубравіцу вярнулі БССР, дзе 20 жніўня 1924 года яна ўвайшла ў склад Івандарскага сельсавета, а 21 жніўня 1925 года стала цэнтрам сельсавета ў Клімавіцкім раёне Калінінскай (у 1927—1930 гадах — Магілёўскай) акругі, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці.

У 1924 годзе ў сяле адкрылася хата-чытальня. На базе дарэвалюцыйнай была заснавана школа, у якой у 1925 годзе налічвалася 77 вучняў, мелася бібліятэка. У тым жа годзе ўтварылася сельскагаспадарчае таварыства. У 1926 годзе аднавіў працу фельчарска-акушэрскі пункт. У сакавіку 1929 года арганізаваны калгас «Ленінскі шлях», які аб’ядноўваў 145 гаспадарак вёсак Дубравіца, Папехінка і навакольных хутароў і меў трактар і грузавы аўтамабіль. Станам на 1932 год, калгас ахопліваў 166 гаспадарак і 867 га ворыва[3].

З сярэдзіны жніўня 1941 да 28 верасня 1943 года Дубравіца была пад нямецкай акупацыяй. У Вялікую Айчынную вайну ў ваколіцах вёскі дзейнічалі партызанскія атрады «Алеся», «Валянціна Маёрава», «Качубей», «Чапая». У ліпені 1942 года партызаны знішчылі паліцэйскі ўчастак у вёсцы.

У красавіку 1960 года Дубравіцкі сельсавет быў скасаваны, вёска апынулася ў Лабжанскім сельсавеце. Па дадзеных сярэдзіны 1980-х гадоў, дзейнічалі бібліятэка з фондам больш за 11 тысяч кніг, вытворчая брыгада, калгас «Герой працы», крама, ферма буйной рагатай жывёлы і 8-гадовая школа (зачынена ў 1991 годзе)[4].

Дубравіца пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. Менш за 10 км ад яе знаходзяцца мясціны, якія праз высокі ўзровень радыеактыўнага забруджання трапілі ў зону абавязковага адсялення. У 2010 годзе згодна з пастановай ураду вёску аднеслі да «зоны пражывання з правам на адсяленне». У 2016 годзе гэты статус быў паніжаны да «зоны пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем»[4].

Насельніцтва правіць

  • XVIII стагоддзе: 1727 год — 15 дымоў; 1779 год — 13 двароў, 91 жыхар.
  • XIX стагоддзе: 1834 год — 137 жыхароў; 1847 год — 21 двор, 141 жыхар; 1885 год — 37 двароў, 220 жыхароў; 1897 год — 49 двароў; 422 жыхары.
  • XX стагоддзе: 1909 год — 68 двароў, 436 жыхароў; 1970 год — 50 двроў, 113 жыхароў.
  • XXI стагоддзе: 2007 год — 10 двароў, 17 жыхароў; 2009 год — 13 жыхароў[5]; 2020 год — 2 двары, 4 жыхары[1].

Забудова правіць

Вёска складаецца з адной вуліцы з завулкам, забудаванай традыцыйнымі сялянскімі хатамі. Грамадскія будынкі размешчаны сярод жылой забудовы. На паўднёвай ускраіне — гаспадарчы комплекс[3].

Славутасці правіць

Вядомыя ўраджэнцы правіць

Зноскі правіць

  1. а б Лабжанскі сельскі Савет (руск.). Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт (1 студзеня 2020). Праверана 17 ліпеня 2020.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  3. а б в г Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — С. 95
  4. а б АБ.. Як жывуць землякі савецкага партфункцыянэра, які заклікаў не панікаваць пасьля Чарнобылю . Радыё Свабода (26 красавіка 2018). Праверана 17 ліпеня 2020.
  5. Насельніцтва Магілёўскай вобласці па выніках перапісу 2009 года (руск.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 жніўня 2018. Праверана 17 ліпеня 2020.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць