Дубільныя рэчывы

Дубільныя рэчывы, або дубільнікі — рэчывы, якія выкарыстоўваюць для дублення скуры і футра. Паводле хімічнай прыроды адрозніваюць мінеральныя і арганічныя.

Мінеральныя дубільныя рэчывы — солі хрому, алюмінію, цырконію, жалеза, тытану і інш. Выкарыстоўваюць пераважна злучэнні Cr(III) (хромавае дубленне), у аснове гідраксасолі, напрыклад, гідраксід-сульфат CrOHSO4, ці камбінацыі іх з інш. дубільнікамі. Злучэнні цырконію, напрыклад, сульфатацырканат натрыю Na4Zr(SO4)4, павышаюць вода- і зносаўстойлівасць скуры, робяць гладкім і шчыльным вонкавы бок.

Арганічныя дубільныя рэчывы падзяляюцца на простыя — альдэгіды, напрыклад, фармальдэгід, глутаравы альдэгід; тлушчы рыб і марскіх жывёл (ворвань), і складаныя — раслінныя рэчывы (таніны), сінтэтычныя дубільныя рэчывы і палімеры. Ворвані выкарыстоўваюць для вырабу натуральнай замшы (тлушчавае дубленне). Таніны атрымліваюць у выглядзе водных экстрактаў з кары, драўніны, лісця і пладоў некаторых раслін, напрыклад, дуба, вярбы, елкі, лістоўніцы, бадану і інш. Чыста танінавае дубленне выкарыстоўваюць рэдка з-за працягласці працэсу. Замяняюць таніны і паскараюць працэс дублення сінтэтычныя дубільныя рэчывы, напрыклад, прадукты полікандэнсацыі рэзарцыну з фармальдэгідам. Палімерныя дубільнікі, напрыклад, нізкамалекулярныя метылметакрылат і этылакрылат, карбаміда-  (руск.), меламана-, фенолфармальдэгідныя смолы  (руск.) і інш.). У камбінацыі з іншымі дубільнымі рэчывамі дазваляюць вырабляць скуры з паніжанай водапранікальнасцю.

Літаратура правіць