Дудзічы (Пухавіцкі раён)

вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі

Ду́дзічы[1] (трансліт.: Dudzičy, руск.: Дудичи) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Месцяцца за 54 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, за 13 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск, на рацэ Пціч.

Вёска
Дудзічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
259 чалавек (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1713
Паштовыя індэксы
222839
Аўтамабільны код
5
СААТА
6244840031
Дудзічы на карце Беларусі ±
Дудзічы (Пухавіцкі раён) (Беларусь)
Дудзічы (Пухавіцкі раён)
Дудзічы (Пухавіцкі раён) (Мінская вобласць)
Дудзічы (Пухавіцкі раён)

Назва правіць

Паводле Вадзіма Жучкевіча, назва паходзіць ад прозвішча Дудзіч, вытворнага з дуды або дудара.

Гісторыя правіць

Меркаваная ранняя гісторыя правіць

 
Полацкі князь Усяслаў (мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.).

Выказваліся думкі, што Дудзічы ўпершыню згаданы як Дудуткі ў «Слове пра паход Ігараў», датычна падзей 1067 года, быццам полацкі князь Усяслаў праскакаў «ваўком да Нямігі з Дудутак», калі даведаўся пра аблогу Менска кіеўскімі войскамі[2][3]. Ёсць, аднак, і іншыя лакалізацыі тых Дудутак, у т.л. як мясцовасці каля Ноўгарада, што можа болей укладацца ў сюжэтную лінію «Слова».

Вялікае Княства Літоўскае правіць

Упершыню пэўна згадваюцца ў 1600 годзе як мястэчка ў Менскім павеце Вялікага Княства Літоўскага[4]. У пачатку XVII ст. мясцовасцю валодалі Адахоўскія. У 1621 годзе Рафал Адахоўскі прадаў маёнтак Янушу Быхаўцу (?—1653) і яго жонцы Ганне з Горскіх. Януш Быхавец забіты ў Таўкачэвічы ў часе наезду суседа Андрэя Вінка з Шацка ў 1620 годзе. Нашчадкі аддалі землі ў заклад, трымальнікі часта мяняліся[5].

З канца XVII ст. Дудзічы былі ў закладзе Заранкаў-Гарбоўскіх герба «Корчак», якія збудавалі тут уніяцкую царкву. У 1748 годзе Дудзічы канчаткова набытыя дачкой Казіміра Заранкі[d], падчашага ваўкавыскага, — Аляксандрай[d]. У 1766 годзе мястэчка атрымала прывілей на правядзенне 3 штогадовых кірмашоў і 1 штотыднёвы торг. У 1767 годзе па замужжы Аляксандры Дудзічамі валодалі Прозары. У 1769 годзе Юзаф Прозар, муж Аляксандры, збудаваў тут драўляны палац і парк, у 1780 годзе паводле тэстамента жонкі — драўляную грэка-каталіцкую Пакроўскую царкву на месцы старой. Пры царкве была адкрытая школа. З 1785 года, калі дачка Прозара — Ружа[d] выйшла замуж за Станіслава Ельскага, Дудзічы сталі ўладаннем Ельскіх. Станіслаў Ельскі запрасіў сюды 20 нямецкіх рамеснікаў, якія навучалі сялян розным рамесным навукам.

Пад уладай Расійскай імперыі правіць

 
Сядзіба Ельскіх. Юзаф Пешка, каля 1800 г.

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. Станам на 1800 год тут была драўляная грэка-каталіцкая царква, млын, 3 карчмы, фруктовы і батанічны сад, аранжарэя, невялікі гарбарны завод. У вайну 1812 года праз Дудзічы праходзілі напалеонаўскія войскі. Юзаф Панятоўскі, камандзір 5-га польскага корпуса французскай арміі, два дні жыў у дудзіцкай сядзібе.

У 1839 годзе ўніяцкая царква была пераўтвораная ў праваслаўную прыходскую царкву. Паводле інвентару 1844 года існавалі аднайменныя мястэчка (12 двароў рамеснікаў) і вёска (30 двароў сялян)[6]. З 1857 года Дудзічамі валодаў Міхал Ельскі. На 1859 год у мястэчку было 5 двароў[7]. У 1863 годзе адкрытае народнае вучылішча. У 1886 годзе ў вучылішчы было 55 вучняў, з іх 3 дзяўчынкі. Настаўнікам быў Макар Гладкі, школа існавала на сродкі сялян і дзяржаўнага казначэйства. У 1879 годзе ў праваслаўным прыходзе было каля 1,8 тыс. вернікаў, пры царкве было папячыцельства. У 1886 годзе было народнае вучылішча, валасное праўленне, праваслаўная царква, капліца, бальніца, крама. Паводле перапісу 1897 года працавалі валасное праўленне, хлебазапасны магазін, народнае вучылішча, 2 піцейныя дамы, штотыднёвыя таржкі, у маёнтку быў вадзяны млын.

У 1900 годзе ў народным вучылішчы займаліся 69 хлопчыкаў і 9 дзяўчынак. Настаўнікам працаваў Д. Пыжэвіч. У 1902 годзе пабудаваная драўляная Пакроўская царква.

У 1905—1907 гадах і вясной 1917 года ў Дудзічах і ў Дудзіцкай воласці адбыліся масавыя сялянскія хваляванні.

Найноўшы час правіць

 
Гарадзішча ранняга жалезнага веку і вёска Дудзічы, 2021 г.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Народнае вучылішча за савецкай уладай пераўтворанае ў працоўную школу 1-й ступені, дзе ў 1922 годзе было каля 70 вучняў. З 20 жніўня 1924 года цэнтр Дудзіцкага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі, з 18 студзеня 1931 года Пухавіцкага раёна, з 12 лютага 1935 года Рудзенскага раёна (з 6 ліпеня да 11 лютага 1938 года называўся Смілавіцкім). З 29 лютага 1938 года ў Менскай вобласці (пасля 29 ліпеня 1939 — Мінская). У пачатку 1930-х гадоў створаны калгас «Камвуз Беларусі», працаваў вадзяны млын, цыркулярка, кузня. Афіцыйны статус паселішча панізілі да вёскі ў 1938 годзе.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года вёска акупаваная нацысцкай Германіяй. У наваколлі дзейнічалі партызаны брыгады «Беларусь». У чэрвені 1942 нацысты спалілі вёску, загубілі 17 жыхароў. Пасля вайны вёска адноўленая[8].

З 16 ліпеня ліпеня 1954 года вёска ў Вузлянскім сельсавеце. У 1960 годзе ў Навапольскім сельсавеце. У 1994 годзе ля вёскі адкрыты музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі». У 1990-я гады збудаваная праваслаўная царква Святой Ганны.

Насельніцтва правіць

Дэмаграфія правіць

  • 1800 год — 30 двароў, 300 чал. у сяле Дудзічы і 49 чал. шляхты пры двары Дудзічы
  • 1870 год — 284 чал., з іх 128 аднадворцаў і 13 грамадзян
  • 1886 год — 65 двароў, 409 жыхароў
  • 1897 год — 125 двароў, 303 душы мужчынскага полу, 299 душ жаночага полу
  • 1901 год — 108 двароў, 676 чал. у Дудзічах і 1 двор, 20 чал. пры маёнтку
  • 1917 год — у мястэчку 15 двароў, 104 чал., у сяле 106 двароў, 651 чал., у маёнтку 1 двор, 78 чал.
  • 1940 год — 80 двароў, 258 жыхароў
  • 1993 год — 108 двароў, 280 жыхароў[9]
  • 1999 год — 263 жыхароў
  • 2002 год — 97 двароў, 249 жыхароў
  • 2010 год — 259 жыхароў

Рэлігія правіць

 
Пакроўская царква, 1909 г.

У канцы XVII ст. была пабудаваная ўніяцкая царква. У 1780 Юзаф Прозар паводле тэстаменту жонкі збудаваў новую грэка-каталіцкую Пакроўскую царкву на месцы старой. У 1839 годзе ўніяцкая царква была пераўтвораная ў праваслаўную прыходскую царкву. Царква згарэла ў часе Другой сусветнай вайны.

У 1998 годзе Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам была прынята пастанова пра адраджэнне прыходу. Побач з помнікам загінулым савецкім воінам была пабудаваная невялікая мураваная царква ў гонар Святой Ганны[10].

Эканоміка і інфраструктура правіць

У 2002 годзе цэнтр калгаса Світанак. У 2013 годзе — на тэрыторыі СВК «Агра-Абярэг»[8]. Ёсць механічныя майстэрні, крама.

Дудзічах працуюць сярэдняя школа, медыцынскі пункт, бібліятэка, ветэрынарны ўчастак.

Славутасці правіць

  • Гарадзішча ранняга жалезнага веку, якое месціцца ва ўрочышчы Кобань, у полі
  • Сямейнае пахаванне Ельскіх. На гарадзішчы ва ўрочышчы Кобань месцяцца старыя каталіцкія могілкі з сямейнымі пахаваннямі Ельскіх[11]. На пагорках — іншыя пахаванні. Могілкі знаходзяцца ў запусценні, акрамя пахаванняў Ельскіх[11]. Паводле звычаяў таго часу, старэйшыя пахаванні (Караля і Станіславы) паўляжаць на зямлі і вялікія памерам, а пазнейшыя, паводле традыцый канца XIX — пач. XX ст. стаяць вертыкальна і меншыя памерам. Надпісы на помніках зробленыя па-польску, агароджаў няма[11]
  • Памятны знак «Аляксандру II ад удзячных сялян» (1911)
  • «Помнік землякам»
  • Царква Святой Ганны

Страчаная спадчына правіць

Музеі правіць

  • Побач з вёскай месціцца музей матэрыяльнай культуры «Дудуткі», створаны ў 1944 годзе
  • У дудзіцкай школе ў жніўні 2010 года быў створаны этнаграфічны куток ільну, які з цягам часу плануецца пераўтварыць у музей[12]

Вядомыя ўраджэнцы правіць

Спіс вуліц правіць

  • Ельскага вуліца
  • Калгасная вуліца
  • Маладзёжная вуліца
  • Палявая вуліца
  • Пцічанская вуліца
  • Сонечны завелак
  • Цэнтральная вуліца[13]

Крыніцы правіць

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Барсов Е. В. «Слово о полку Игореве» как художественный памятник Киевской дружинной Руси // Чтения в Императорском Обществе Истории и Древностей Российских при Московском Университете. 1889 год. Книга вторая. С. 222.
  3. SgKP 1881, s. 209—210.
  4. БелЭн 1998, с. 254
  5. Jelski A. 1889, с. 588.
  6. Ільініч Наталля. Дудзічы ў 1844 годзе(недаступная спасылка). Музей «Дудуткі» (13 сакавіка 2012). Архівавана з першакрыніцы 25 красавіка 2014. Праверана 23 лістапада 2014.
  7. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7. С. 58.
  8. а б ГВБ 2013, с. 136—137
  9. ЭГБ 1996, с. 312
  10. http://borisoveparhia.by/novosti-blagochiniy/7-avgusta-preosvyashhenneyshiy-veniamin-e.html
  11. а б в могілкі. Сайт «Некропалі Беларусі»
  12. https://dudichi.schools.by/pages/myzei Архівавана 25 лютага 2021.
  13. Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса(недаступная спасылка). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2021. Праверана 2 сакавіка 2020.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць