Дынабургскі езуіцкі калегіум

Дынабургскі езуіцкі калегіум — навучальная ўстанова Таварыства Ісуса, якая дзейнічала ў Дынабургу (Дзвінску).

Дынабургскі езуіцкі калегіум
Міжнародная назва Collegium Duneburgense Societatis Jesu
Заснаваны 1761
Год закрыцця 1811
Размяшчэнне Даўгаўпілс, Латвія

Езуіты ў Дынабургу да 1761 г. правіць

Першыя езуіты (пераважна з Рыгі і Тарту) сталі час ад часу з’яўляцца ў Дынабургу яшчэ з канца XVI ст. У 1630 г. на сродкі ваяводы смаленскага Аляксандра Гасеўскага і дынабургскага старасты Альфонса Ляцкага ў гарадзе былі заснаваныя езуіцкія рэзідэнцыя і касцёл[1].

Пачатковая школа пры рэзідэнцыі езуітаў у Дынабургу была адкрыта ў 1638 г. У 1695 г. у ёй ужо пачалося выкладанне рыторыкі, а ў 1752 г. з’явіўся курс філасофіі. Пасля знішчальнага пажару 1749 г., які пакінуў ад рэзідэнцыі толькі пашкоджаны мураваны касцёл, у 1753 г. пачынаецца ўзвядзенне новых мураваных карпусоў[1].

Дзейнасць калегіума правіць

Пераўтварэнне рэзідэнцыі ў калегіум спрыяла далейшаму развіццю дынабургскай пляцоўкі езуітаў. Пры гэтым, некаторыя іх будынкі і памяшканні ўрад забраў пад свае патрэбы[2]. У 1767—1769 гг. у калегіуме выкладаўся курс маральнай тэалогіі для езуіцкіх і дыяцэзіяльных семінарыстаў. З канца XVIII ст. у калегіуме сталі вывучаць матэматыку, а таксама нямецкую, французскую і рускую мовы[1].

Колькасць вучняў у езуіцкай школе звычайна была адносна невялікай (у 1802 г. — 92 чалавекі). Зусім небагата было вучняў, якія пражывалі ў канвікце (пансіёне): у 1802 г. — 3, а ў 1803 — 2. Дынабургскія езуіты ўтрымлівалі музычную бурсу, у якой у 1796 г. займалася 9, а ў 1807 г. — 14 хлопцаў. У 1784—1803 гг. пры калегіуме размяшчаўся (з невялікімі перапынкамі) дом Трэцяй прабацыі[1]. (Трэцяя прабацыя прызначалася для ўсіх членаў Таварыства Ісуса, якія ўжо былі высвечаныя на ксяндзоў і скончылі курс тэалогіі. Пад кіраўніцтвам дасведчанага айца-езуіта, інструктара, удзельнікі Трэцяй прабацыі на працягу года штудыявалі ордэнскае права і, вывучаючы лісты Ігнація Лаёлы, заснавальніка Таварыства Ісуса, і ладзячы штомесячныя сходы, якія праходзілі ў поўным маўчанні, паглыблялі знаёмства з ордэнскай духоўнасцю.)

Рашэннем ад 19 ліпеня 1803 г. з Полацку у Дынабург быў пераведзены навіцыят. У сваю чаргу полацкай пляцоўцы езуітаў перадавалася дом Трэцяй прабацыі[3]. За нядоўгі час выпрабаванні ў Дынабургу прашлі многія дзясяткі навіцыяў. У 1804 г. іх было 23, у 1805 г. – і 34, у 1806 г. – 61, у 1807 г. – 34, у 1808 г. – 28, у 1809 г. – 21, у 1810 – 24, а ў 1811 – 34 чалавекі[4]. Сярод іх было нямала ў будучым слынных дзеячаў Таварыства Ісуса, у тым ліку генерал ордэна Ян Ротан[5].

Амаль да самага закрыцця калегіума працягвалася яго разбудова. Ёй кіравалі архітэктары Андрэй Жаброўскі (1780—1786), Фрыдрых Морлік (1787—1793), Тадэвуш Складоўскі (1788—1796) і Войцех Абрампальскі (1796—1800). Так, у 1806 г. драўляным пабудовам для заняткаў, якія неаднаразова знішчаліся пажарамі, на змену прыйшоў мураваны вучэбны будынак[1].

Не пазней за 1743 г. пры рэзідэнцыі пачала працаваць аптэка, якая карысталася добрай рэпутацыяй у горадзе і яго ваколіцах. У 1763 г. для яе лабараторыі быў збудаваны асобны мураваны будынак. Цікава, што з 1779 г. езуіты здавалі аптэку ў арэнду лютэраніну з Рыгі[1].

У 1811 г. ў сувязі з пачаткам будаўніцтва ў Дынабургу крэпасці (рыхтуючыся да вайны з Напалеонам, Расійская імперыя ўмацоўвала свае заходнія межы) езуіты былі вымушаны пакінуць горад. Навіцыят быў перанесены ў Пушу, а школа — у Краславу[3][6]

Бібліятэка правіць

Калегіум меў невялікую бібліятэку, якая доўгі час прырастала прыватнымі ахвяраваннямі. У 1781 г. было закуплена шмат кніжак у Вільні. Даволі багатыя кніжныя зборы засталіся калегіуму ад памерлых айцоў-езуітаў: Андрэя Янкоўскага, Яна Краснадэмбскага і Людвіка Візгінца. Спрыялі папаўненню бібліятэкі кніжныя ахвяраванні заходнееўрапейскіх езуітаў, якія прыязджалі на Беларусь пасля скасавання Таварыства Ісуса папам Кліментам XIV (1773). У 1785 г. бібліятэка заняла другі паверх новага мураванага будынку (на першым, як і ў Полацкім калегіуме, знаходзілася сталовая). У 1803 г. ёй быў перададзены кнігазбор Полацкага навіцыяту. Пасля закрыцця калегіума частка бібліятэчных фондаў была адпраўлена ў палац Плятэр-Зыберкаў у Ліксну, а потым — у Пушу, куды ўласна і перавялі навіцыят[1].

Значныя постаці калегіума правіць

Рэктары правіць

  • Мацей Канановіч (1761—1765, 1772—1778; у 1758—1761 — суперыёр рэзідэнцыі)
  • Адам Шалкоўскі (1765—1768)
  • Андрэй Кавецкі (1768—1771)
  • Віктар Шчуцкі (1771—1772)
  • Станіслаў Кляноўскі (1778—1784)
  • Францішак Любавіцкі (1784—1792)
  • Якуб Лінкенхейер (1792—1795)
  • Пётр Эстка (1795—1799)
  • Казімір Астроўскі (1799—1803)
  • Якуб Рагалінскі (1803—1810)[1]

Выкладчыкі правіць

Пакінуўшы ўніверсітэцкую Вільню, апошнія паўтары гады свайго жыцця ў дынабургскіх езуітаў правёў знакаміты астраном і асветнік Марцін Пачобут-Адляніцкі.[7][8]

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  2. Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — s. 354.
  3. а б Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — s. 314.
  4. Catalogs SJ 1774-1829. Russiae. Архівавана 13 ліпеня 2020.
  5. Catalogus sociorum et officiorum Societatis Jesu in Imperio Rossiaco. Ex Anno 1805, in Annum 1806. – Polociae: Typis Academicis Societatis Jesu, 1806. – p. 12. Архівавана 27 верасня 2020.
  6. Giżycki, J.M.  (руск.) Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków : Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — s. 165—166.
  7. Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — s. 352—353
  8. Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 118.

Літаратура правіць

  • Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — 427 с.
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień  (польск.). — Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s.
  • Giżycki, J.M.  (руск.) Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków : Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — 288 s.
  • Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — 517 s.