Дыскета, Гнуткі магнітны дыск, Флопі-дыск (англ.: Floppy disk) — партатыўная запамінальная прылада, якая выкарыстоўваецца для шматразовага запісу і захоўвання даных, прызначаных для апрацоўкі на камп’ютары.

Дыскета 3½ цалі
Тып носьбіта магнітны дыск
Ёмістасць звычайна 1,4 Мб
Ужыванне захоўванне дадзеных

Звычайна дыскета ўяўляе сабой гнуткую пласцінку, пакрытую ферамагнітным слоем. Гэта пласцінка змяшчаецца ў пластыкавы корпус, які ахоўвае магнітны слой ад фізічных пашкоджанняў. Абалонка бывае гнуткай або трывалай. Запіс і счытванне дыскет ажыццяўляецца з дапамогай спецыяльнага прыстасавання — дыскавода.

Дыскеты звычайна маюць функцыю аховы ад запісу, дзякуючы якой можна даць доступ толькі ў рэжыме чытання.

Дыскеты былі асабліва шырока распаўсюджаны ў 1970-я — пач. 2000-х гг, саступіўшы папулярнасць больш ёмкім і зручным CD, DVD і флэш-накапляльнікам.

Прамежкавым вырыянтам паміж імі і традыцыйнымі дыскетамі з'яўляюцца больш сучасныя накапляльнікі, якія ужываюць картрыджы — Iomega Zip, Iomega Jaz; а таксама магнітааптычныя носьбіты (МО), LS-120 і іншыя, у якіх камбінаваўся лазер (выкарыстоўваецца для разагравання ўчастка паверхні дыска) і магнітная галоўка (для запісу і счытвання інфармацыі з паверхні дыска).

Гісторыя правіць

  • 1967 — Алан Шугарт узначальваў каманду, якая распрацоўвала дысководы ў лабараторыі фірмы IBM, дзе былі створаны накапляльнікі на гнуткіх дысках. Дэвід Ноўбл (англ.: David Noble), адзін са старэйшых інжынераў, працуюцых пад яго начальствам, прапанаваў гнуткі дыск (правобраз дыскеты дыяметрам 8″) і ахоўны кожух з тканёвай пракладкай.
  • 1971 — фірмай IBM была прапанавана першая дыскета дыяметрам у 8″ (200 мм) з адпаведным дыскаводам.
  • 1973 — Алан Шугарт засноўвае ўласную фірму Shugart Associates.
  • 1976 — Фіннэ Коннэр (англ.: Finis Conner) запрасіў Алана Шугарта прыняць удзел у распрацоўцы і вырабе даскаводаў з дыскамі дыяметрам 5¼″, у выніку чаго фірма Shugart Associates, распрацаваўшы кантролер і арыгінальны інтерфейс Shugart Associates SA-400, выпусціла дыскавод для мініяцюрных (mini-floppy) гнуткіх дыскаў на 5¼″, які, хутка выцесніўшы дыскаводы для дыскаў 8″, стаў папулярным у персанальных камп'ютарах. Кампанія Shugart Associates таксама стварыла интерфейс Shugart Associates System Interface (SASI), які пасля фармальнага адабрэння камітэтам ANSI у 1986 годзе быў перайменаваны ў Small Computer System Interface (SCSI).
  • 1981 — Sony выводзіць на рынак дыскету дыяметрам 3½″ (90 мм). У першай версіі (DD) аб'ём складае 720 кілабайт (9 сектараў). У 1984 годзе фірма Hewlett-Packard упершыню ўжыла гэты накапляльнік у сваім камп'ютары HP-150. Пазнейшая версія (HD) мае аб'ём 1440 кілабайт ці 1,44 мегабайт (18 сектараў).
  • 1984 — фірма Apple стала ужываць накапляльнікі 3½″ у камп'ютарах Macintosh
  • 1987 — 3½″ HD накапляльнік з'явіўся ў камп'ютарных сістэмах PS/2 фірмы IBM і становіцца стандартам для масавых ПК.
  • 1987 — афіцыйна прапанаваны распрацаваныя ў 1980-х гадах фірмай Toshiba Corporation дыскаводы звышвысокай шчыльнасці (англ.: Extra High Density, ED) носьбітам для якіх служыла дыскета ёмістасцю 2880 кілабайт ці 2,88 мегабайт (36 сектараў).
  • 2011 — фірма Sony у сакавіку 2011 года паставіла кропку ў гісторыі дыскет, афіцыйна спыніўшы вытворчасць і продаж дыскет 3½″.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць