Езуіты з Беларусі ў ЗША

Пасля скасавання папам Кліментам XIV 21 ліпеня 1773 Таварыства Ісуса езуіты засталіся толькі ў беларускіх землях, далучаных пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай да Расійскай імперыі. Наступнік Клімента XIV, Пій VI, зацвердзіў ордэн, захаваны на Беларусі, і дазволіў прымаць кандыдатаў у навіцыят. У сувязі з гэтым езуіты распачалі сваю дзейнасць і ў іншых землях Расійскай імперыі: у 1801 адкрылі гімназію ў Санкт-Пецярбургу і атрымалі касцёл Св. Кацярыны, заснавалі місіі ў Саратаве (1803), Адэсе (1804), Астрахані (1805), на Каўказе ў Маздоку (1805), у Іркуцку (1811) і Томску (1811), адкуль ажыццяўлялі душпастырскую апеку не толькі ў Томскай губерніі, але штогод аб’язджалі таксама Табольскую і Енісейскую губерніі і кіргізскія стэпы. 7 жніўня 1814 Пій VII аднавіў Таварыства Ісуса ва ўсім свеце.

Гісторыя правіць

Першым з беларускіх езуітаў у ЗША патрапіў кс. Норберт Корсак, прафесар філасофіі і матэматыкі з Полацка. Спачатку яго накіравалі на місію ў Кітай. Паколькі патрапіць туды было праблематычна, у 1805 яго адправілі ў штат Мэрыленд, ЗША, каб ён разгарнуў духоўную апеку над польскімі працоўнымі, якія ў пошуках хлеба выехалі на эміграцыю.

Хутка пасля ад’езду кс. Корсака генералам ордэна стаў Тадэвуш Бжазоўскі. Ён распачаў планамерную акцыю папаўнення Паўночнай Амерыкі святарамі з Беларусі. Для гэтага ён выкарыстоўваў найперш найбольш падрыхтаваных езуітаў, якія прыбылі з Заходняй Еўропы. Усяго ў 18051820 у ЗША пераехала 13 святароў Таварыства Ісуса, якія належалі або паходзілі з беларускай правінцыі: 4 французы (П’ер Эпінэ, Фідэль Грывэль, Жан Анры, Жан Мэнэ); 4 беларусы (Францішак Дзеружынскі (нар. у Оршы), Вільгельм Файнэр (нар. у Полацку), Баніфацы Крукоўскі (з Дынабургу); 2 немцы (Антон Кольман, Максіміян Ранцаў), 2 бельгійцы (Франсуа Малевэ, П’ер Малю) і адзін італьянец (Джавані Грасі). Дзевяць з іх былі прафесарамі Полацкай езуіцкай акадэміі (Дзеружынскі, Эпінэ, Файнэр, Грасі, Грывэль, Корсак, Крукоўскі, Мэнэ, Сацкі), тры выкладалі ў школах, залежных ад Полацкай акадэміі (Малю: Магілёў, Ворша, Віцебск; Малевэ: Астрахань; Ранцаў: Санкт-Пецярбург).

Першымі для працы ў ЗША былі прызначаны Анры і Малевэ. Яны прыехалі ў Злучаныя Штаты ў канцы ліпеня 1806. Працавалі сярод індзейцаў у Ілінойсе і Кентукі. Кс. Анры, француз, які адбыў навіцыят у Дынабургу, пасля курса англійскай мовы ў Джорджтаўне стаў вандроўным місіянерам сярод каталіцкага насельніцтва, расцярушанага па невялікіх паселішчах.

Кс. Малевэ ў Джорджтаўне навучаў англійскай мове і праводзіў рэкалекцыі ў наваколлі. 3 1808 працаваў у Ньютане і выпраўляўся з місіямі ў бліжэйшыя сялібы. У 1809 адкрыў школу ў Фрэдэрык. Таксама вёў місіі ў штатах Мэрылэнд і Вірджынія.

Эльзасец Кольман у Джорджтаўне стаў прафесарам філасофіі і кіраўніком студыяў. Наведваў каталікоў у штатах Мэрылэнд, Вірджынія і Пенсільванія. Увосень 1808 ён быў накіраваны ў Нью-Ёрк, дзе прысвяціў сябе парафіяльнай працы пры касцёле Святога Пятра, кіраваў парафіяльнай школкай для 400 бедакоў. Карыстаўся вялікай пашанай сярод пратэстантаў. Стаўшы адміністратарам новаўзніклай Нью-Ёркскай дыяцэзіі, у 1809, адчуваючы неабходнасць адкрыцця школы, купіў пляцоўку пад будаўніцтва каледжа, а пры катэдры Св. Патрыка заклаў New York Lіterary Іnstіtutіon. Таксама адкрыў інтэрнат для моладзі, як каталіцкай, так і пратэстанцкай. У 1820 перавёўся ў Вашынгтон. Дзякуючы яму там узнік Gonzaga Соllеgе, які стаў вядучай навучальнай установай сталіцы. А Эпінэ ў Джорджтаўне навучаў французскай мове і лаціне, а таксама выкладаў філасофію.

Пасля выдатнага пачатку першых полацкіх езуітаў амерыканская місія чакала далейшай кадравай падтрымкі з Беларусі. Аднак у 1807—1809 не прыехаў ніхто, бо расійскія ўлады не давалі патрэбнага дазволу. Толькі ў наступныя гады тры езуіты атрымалі дазвол на выезд: у 1810 выпусцілі Грасі, а ў 1811 — Ранцава і Малю.

Італьянец Грасі спачатку навучаў у Джорджтаўне італьянскай і французскай мовам, а з 1813 — матэматыцы. Вучэльню ён узбагаціў фізічнымі і астранамічнымі прыборамі, якія прывёз з сабой. У 1812 ён стаў рэктарам найстарэйшай каталіцкай навучальнай установы ў ЗША ў Джорджтаўне. Рэарганізаваўшы студыі, ён убярог каледж ад заняпаду і лічыўся яго другім заснавальнікам. Пры ягоным кіраванні школа атрымала такую славу, што туды пасылалі сваіх сыноў нават кангрэсмены. У 1815 Кангрэс даў згоду на атрыманне ў каледжах навуковых ступеняў. У 1819 Грасі апублікаваў у Мілане працу, дзе апісаў стан Касцёлу ў ЗША ў першыя гады ХІХ стагоддзя.

Немец Ранцаў уступіў у ордэн 29 лістапада 1808, будучы святаром. Ён стаў прафесарам нямецкай мовы ў пецярбургскім канвікце. У 1811 выехаў у Злучаныя Штаты. Малю працаваў у Нью-Ёрку і Джорджтаўне. Кс. Францішак Дзеружынскі ў 1823 узначаліў ордэн езуітаў у ЗША.

Загадам цара Аляксандра І ад 27 жніўня 1820 езуіты выдаляліся з Расійскай імперыі. Калі яны пакінулі Беларусь, выезд полацкіх езуітаў у ЗША натуральным чынам спыніўся.

Літаратура правіць

  • Арлоў, У. Таямніцы полацкай гісторыі. — Мінск, 1994, 2000, 2002