Еўна (літ.: *Jaunė; ? — каля 1344) — жонка вялікага князя літоўскага Гедзіміна (1316—1341).

Еўна
Нараджэнне 1280
Смерць 1344[1]
Род Гедзімінавічы
Бацька Комант
Муж Гедзімін
Дзеці Альдона, Альгерд, Эльжбета[d], Монтвід[d], Кейстут, Карыят[d], Нарымонт, Анастасія і Яўнут

Біяграфія правіць

Імя жонкі Гедзіміна называе толькі Хроніка Быхаўца, позняя і месцамі сумнеўная крыніца. Гісторыкі сумняюцца ў праўдзівасці імя, але і новыя выданні называюць ім пачынальніцу роду Гедзімінавічаў. Колькасць жонак Гедзіміна наогул дыскусійная, Раўданскі рукапіс (фальсіфікат Тэадора Нарбута) называе трох жонак — Віду з Курляндыі, Вольгу са Смаленска і «Еўну альбо Еву, таксама княжну рускую, дачку Івана Усеваладавіча, Полацкага князя, брата Вольгі, памерлай жонкі Гедзіміна»[2]. Хроніка Быхаўца нічога не кажа пра паходжанне Еўны. Некаторыя гісторыкі думаюць, што ў Гедзіміна былі дзве жонкі, адна з мясцовых паганцаў і Еўна, праваслаўная. Стывен Роўвел лічыць, што ў Гедзіміна была толькі адна жонка, з паганцаў, бо шлюб з польскай або рускай княжной мусілі б засведчыць сучасныя крыніцы[3]. Таксама і на думку Я. Тэнгоўскага, Еўна была літоўскага паходжання і адзінай жонкай Гедзіміна, які ажаніўся з ёю яшчэ да заняцца вялікакняжацкага стальца.

Паводле Хронікі Быхаўца, неўзабаве па смерці Еўны («bo kniahinia Jewna umerla»), браты Альгерд і Кейстут незадаволеныя Яўнутам, пакінутым Гедзімінам пераемнікам, скінулі брата са стальца. Гэты эпізод інтэрпрэтуюць так, быццам Яўнут быў пад апекай маці. Калі інтэрпрэтацыя слушная, гэта сведчыць пра ўплывовасць Еўны.[4]

Імя правіць

У імені Яўнута, сына Еўны (Яўны), той жа корань Jaun-, што і ў адпачатнай форме імя яго маці — *Jaunė. Імя Яўнут (< Jaunutis) утворанае з дапамогай пашыральніка -ut-, які таксама ў імёнах тыпу Кейстут (< Kenstutis), Бірута (< Birutė).

Корань Jaun- ад літоўскага jaunas «малады», далей да індаеўрапейскага *i̯eu- «малады, юны»[5].

У старапрускім іменніку вядомыя мужчынскія імёны Jawne, Jawnutte, Jawne-gede і інш.[6]

У тапанімііі на тэрыторыі цяперашняй Беларусі захавалася таго ж кораня старалітоўскае імя Яўнель (< *Jaun-elis), ад якога назва Яўнелішкі каля Лынтупаў у Пастаўскім раёне.

Заўвагі правіць

  1. Pas L. v. Jewna Iwanowna of Polock // Genealogics — 2003.
  2. Narbutt 1835, s. 161.
  3. Rowell 1994, p. 88.
  4. Rowell 1994, p. 282.
  5. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 510.
  6. R. Trautmann. Die altpreußischen Personennamen. Göttingen, 1974. С. 39.

Літаратура правіць