Жлобін

горад у Беларусі

Жло́бін[4] (трансліт.: Žlobin) — горад раённага падпарадкавання ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр раёна. Трэці па колькасці насельніцтва горад у вобласці (пасля Гомеля і Мазыра). Размешчаны на раўніне Гомельскае Палессе, за 93 км ад Гомеля, 215 км ад Мінска. Прыстань на Дняпры. Буйны чыгуначны вузел (кірункі на Мінск, Магілёў, Гомель, Калінкавічы); аўтадарогі на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Светлагорск. Насельніцтва 76 068 чал. (2017)[5].

Горад
Жлобін
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Заснаваны
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Злобін
Плошча
  • 38,4108 км²[1]
Вышыня цэнтра
140 ± 1 м і 140 м[2]
Водныя аб’екты
Насельніцтва
  • 76 844 чал. (1 студзеня 2024)[3]
Нацыянальны склад
беларусы — 79,8%; рускія — 15,1%; украінцы — 2,8%; цыгане — 0,5%; іншыя — 1,8%
Канфесійны склад
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2334
Паштовыя індэксы
246172, 247191, 247192, 247194–247200, 247205–247208, 247210 і 247239
Аўтамабільны код
3
СААТА
3218501000
Афіцыйны сайт
Жлобін на карце Беларусі ±
Жлобін (Беларусь)
Жлобін
Жлобін (Гомельская вобласць)
Жлобін

Назва правіць

Назва Жлобін балцкага паходжання — найімаверней гідранімічнага (адпаведная водная назва да сёння не захавалася). Назоўны адпаведнік на тэрыторыі цяперашняй Беларусі — возера Жлобін каля Баранавічаў (цяпер у складзе горада).

Гідранімічныя аналагі — літоўскае Globys (рака), прускае Globe (возера). Яны звязаныя з літоўскім globti «ахопліваць, ахінаць»[6]. Далей да індаеўрапейскага *gleb(h)- «сціскаць» (ад карацейшага *gel- «сціскаць; акруглы»)[7].

Назва Жлобін з таго ж семантычнага шэрагу, што і балцкія назвы рэк тыпу Горадзен (> Гараднічанка), Гамея (> Гамяюк), якія ўзыходзяць да каранёў *gher(d)- «ахопліваць; агароджваць», *gem- «хапаць, сціскаць». Такія назвы адлюстроўваюць канфігурацыйныя асаблівасці адпаведнай ракі ці возера[8].

Дастасаваная да возера, назва з коранем Glob- магла значыць «Круглае (возера)», а дастасаваная да ракі — «Звілістая, кружлівая (рака)». Тыпалагічна так жа сама паміж сабой дачыняюцца словы акружаць, круглы, кружляць.

У беларускай антрапаніміі вядомыя прозвішчы Глоба, Глобус, Жлоба, Жлобіч[9], якія могуць быць варыянтамі кораня *glob-. З прозвішчам Жлоба звязваў назву Жлобіна географ В. Жучкевіч[10].

Гісторыя правіць

Старажытнасць правіць

Вынікі археалагічных даследаванняў паказваюць, што першыя пасяленні людзей на тэрыторыі сучаснага горада ўзніклі ў першабытнаабшчынны час, задоўга да заснавання Жлобіна. На ўзбярэжжы Дняпра ў межах горада знойдзены рэшткі паселішча перыяду бронзавага веку (II — пачатак I тысячагоддзя да н.э.). На тэрыторыі гарадскога парку культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі» выяўлены следы пасялення перыяду жалезнага веку[11], якое існавала ў канцы I тысячагоддзя да н. э. — пачатку I тыс. н.э.[12].

У Рэчы Паспалітай правіць

Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў казацкі гетман Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у сваім лісце ад 15 ліпеня 1654 года паведаміў, што яго войскі спалілі «замак Злобін» (разам з замкамі Рэчыца, Стрэшын, Рагачоў і Горваль). Больш позніх звестак пра гэты замак не маецца[13].

Паводле археалагічных даных, Жлобінскі замак існаваў у XV—XVII стагоддзях ля ўпадання ручая Чорначка ў раку Дняпро, побач з сучасным гарадскім паркам «Прыдняпроўскі». Абарончыя ўмацаванні складаліся з 2-х частак: замка і падзамка. Пляцоўка замка ўзвышаецца над нізінай на 3—4 м (цяпер тут знаходзіцца сучасны будынак — спартыўная школа). Пляцоўка падзамка, якая выцягнута з поўначы на поўдзень, узвышаецца над нізінай на 2 — 3 м (стадыён спартыўнай школы). Побач знаходзіцца і першапачатковае неўмацаванае сярэдневяковае селішча[14]. На ім размясціўся парк «Прыдняпроўскі»[15]. Пры археалагічных абследаваннях знойдзены матэрыял XIV—XVIII стагоддзяў[12].

 
Герб Хадкевічаў.

У XV—XVI стагоддзях гэта мясцовасць знаходзілася ва ўладаннях Хадкевічаў, у Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (якое 1 ліпеня 1569 года аб’ядналася з Польскім Каралеўствам у Рэч Паспалітую).

У публікацыях сустракаецца меркаванне аб тым, што першая пісьмовая згадка аб Жлобіне пад назвай Хлепень адносіцца да 1492 года, але гэта памылка[16]. Імаверна, яна ўзнікла ў выніку таго, што з беларускім горадам Рагачоў (паблізу Жлобіна) блыталі сяло, якое ў XV стагоддзі знаходзілася на сумежжы Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы — Рагачова[ru] (у сучасным Дмітраўскім раёне Маскоўскай вобласці), а непадалёк ад яго ёсць в. Хляпень (Сычоўскі раён Смаленскай вобласці)[17]. Дакументаў пра тое, што ў Жлобіна была назва Хлепень, няма.

З 1509 года ў складзе Рагачоўскай воласці, ва ўладанні каралевы Боны Сфорцы, з 1556 года ў складзе скарбовага Рагачоўскага маёнтка. З 1563 года ва ўладанні полацкага шляхціца[18].

У 1790 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў прывілей на штотыднёвыя таргі і 4 гадавыя кірмашы ў Жлобіне, які тады належаў І. Халецкаму. Былі прыстань і паромная пераправа, вялося будаўніцтва рачных суднаў. З 1792 года дзейнічала Крыжаўздвіжанская царква.

У Расійскай імперыі правіць

З 1793 года, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Жлобін у Расійскай імперыі, мястэчка Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Падчас вайны паміж Францыяй і Расіяй 1812 года французскія войскі 20 ліпеня 1812 года занялі Жлобін, але ў хуткім часе адступілі. Паводле рэвізіі 1816 года ў Жлобіне 189 двароў.

З 1818 года Жлобін стаў мястэчкам. Паводле інвентару 1847 года меў 965 жыхароў. У 1860 годзе меліся царква, паштовая станцыя (24 камплекты коней), прыстань і пераправа. У 1863 годзе замест састарэлага ўзведзены новы будынак царквы, дзейнічалі народнае вучылішча (у 1864 годзе 15 вучняў, у 1889 годзе 92 вучні), хлебазапасны магазін. З 1876 года працаваў дрожджавы завод, з 1868 года — крупарушка. Праз мястэчка праходзіла дарога з Магілёва на поўдзень Беларусі.

16 лістапада 1873 года была адкрыта чыгунка Асіповічы — Гомель і чыгуначная станцыя Жлобін 2-га класа. За 1 км на захад ад мястэчка было збудавана паравознае дэпо, вагонныя майстэрні, памяшканні для пасажыраў. Пазней быў узведзены аднапавярховы драўляны вакзал.

13 мая 1880 года ў пажары згарэла 159 дамоў, царква, усе 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, 65 лавак і складоў з таварамі. Адбудоўвалася мястэчка паводле новага плана. У 1880 годзе 164 двары, 430 жыхароў, 6 лавак, цукровы завод. 16 мая 1889 года ў пажары згарэла 89 дамоў з надворнымі пабудовамі.

Паводле перапісу 1897 года ў в. Карпілаўка, якая пазней увайшла ў склад Жлобіна — 301 двор, 1307 жыхароў, капліца, яўрэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, чыгуначнае вучылішча, 8 крупарушак, 4 пастаялыя двары, 2 карчмы. Паблізу размяшчаўся казённы завод для прэсавання сена, якое накіроўвалася ў ваенныя акругі.

24 снежня 1902 года адкрыта чыгунка Віцебск — Жлобін, 2 лістапада 1915 года — чыгунка Жлобін — Калінкавічы. Пашыраўся гандаль, асабліва хлебам, лёнам, пянькой. Працавалі 2 вінакурні. З 22 снежня 1905 года да 2 студзеня 1906 года адбывалася забастоўка чыгуначнікаў. З 1908 года дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Мелася паштовае аддзяленне.

У 1909 годзе ў Жлобіне, які адносіўся да Лукаўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, налічвалася 486 гаспадарак, 4270 жыхароў, 613 драўляных і 4 мураваныя будынкі. 27 красавіка 1910 года жыхары на беразе Дняпра сустракалі мошчы прападобнай Ефрасінні, якія на параходзе «Галавачоў» перавозіліся з Кіева ў Полацк. У 1911 годзе адкрыта прыватная гімназія з бібліятэкай пры ёй, у 1913 годзе — крэдытнае таварыства. У 1915 годзе на чыгуначнай станцыі адбылося хваляванне салдат, меліся сутыкненні з паліцыяй.

Найноўшы час правіць

У час рэвалюцыйных падзей 1917 года Часовы ўрад Расіі вырашыў выкарыстаць для барацьбы з рэвалюцыйнымі выступленнямі рабочых польскія часці Ю. Доўбар-Мусніцкага. Корпус польскіх легіянераў знаходзіўся ў раёне Жлобіна. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Ю. Доўбар-Мусніцкі заявіў аб сваім нейтралітэце ў адносінах да савецкай улады, аднак у 12 студзеня 1918 года ён аб’явіў вайну Савецкай Расіі. Каля станцыі Жлобін упарты бой, аж да рукапашных стычак, працягваўся 6, а гарматны агонь — 30 гадзін; атрымаўшы перамогу ў гэтым баі, чырвонаармейскія атрады ўвайшлі ў Жлобін.

З 2 сакавіка да лістапада 1918 года акупаваны нямецкімі войскамі. 25 сакавіка 1918 года абвешчана аб прыналежнасці тэрыторыі да Беларускай Народнай Рэспублікі. 24 лістапада 1918 года ўладу ўзялі бальшавікі. З 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Жлобін увайшоў у склад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў уключыць яго ў састаў Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі. У 1919 годзе Жлобін становіцца цэнтрам воласці. Да восені 1920 года пабудавана электрастанцыя магутнасцю 35 конскіх сіл. 9 мая 1923 года створана Жлобінская воласць.

У сакавіку 1924 года Рагачоўскі павет, у т. л. Жлобін, вернуты Беларускай ССР. З 17 ліпеня 1924 года Жлобін — адміністрацыйны цэнтр Жлобінскага раёна (да 26 ліпеня 1930 года ў Бабруйскай акрузе). У 1924 годзе на паўночнай ускраіне мястэчка заснавана метэастанцыя, працавала ветэрынарная лячэбніца. З 3 ліпеня 1925 года — горад.

У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны Жлобін». У 1927—1929 гадах пабудавана чыгуначная сярэдняя школа, у 1933 годзе — будынак сярэдняй школы № 2 (цяпер № 5). У 1934 годзе працавалі шпаларэзны завод, электрастанцыя, рамонтна-вагонны ўчастак, машынна-трактарная станцыя (з 1932 года) і майстэрня, дрэваапрацоўчы камбінат (145 рабочых), нафтавы млын і крупарушка, цагельня (56 рабочых), металаапрацоўчая, камвольная, кравецкая, абутковая майстэрні, мэблевая фабрыка, маслазавод, друкарня, кузня. З 5 чэрвеня 1931 года выдавалася раённая газета, а затым чыгуначная шматтыражная газета «Ударнік». У 1937 годзе ўзведзены будынак для яшчэ адной сярэдняй школы, у 1940 годзе — новы будынак для чыгуначнай школы. У 1938—1939 гадах на станцыі Жлобін-Паўночны пабудаваны новы будынак дэпо.

З 20 лютага 1938 года Жлобінскі раён — у Гомельскай вобласці. З 27 лістапада 1938 года Жлобін — горад раённага падпарадкавання.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны 4 ліпеня 1941 года нямецкія войскі захапілі Жлобін. Савецкія войскі 6 ліпеня 1941 года ўзялі горад, але пад націскам намнога большых сіл праціўніка адступілі за Дняпро; 13 ліпеня зноў занялі Жлобін, 14 жніўня 1941 года пад пагрозай акружэння пакінулі горад, які быў акупаваны да чэрвеня 1944 года. Дзейнічала антыфашысцкае падполле. Акупанты загубілі 2500 жыхароў Жлобіна, Стрэшына і іншых населеных пунктаў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму за 9 км на поўдзень ад горада). У лютым 1944 года савецкія войскі выйшлі на левы бераг Дняпра насупраць Жлобіна, але да 6 чэрвеня 1944 года горад не быў вызвалены.

У 1963 годзе да Жлобіна далучаны пасёлак пеньказавода. Раней былі далучаны пасёлкі Ветка-Вір, Жлобін-Падольскі, Рабочы. З 17 сакавіка 1963 года — горад абласнога падпарадкавання. 30 снежня 1978 года пабудаваны завод штучнага футра, у канцы 1984 года — Беларускі металургічны завод.

У 1995 годзе ўзведзены новы мураваны будынак Свята-Троіцкай царквы[18].

Насельніцтва правіць

  • XIX стагоддзе: 1847 год — 965 чал.; 1880 год — 430 чал.; 1897 год — 1 307 чал. (перапіс)(2100 чал.[19])
  • XX стагоддзе: 1909 год — 4 270 чал.; 1939 год — 19,3 тыс. чал.[19]; 1959 год — 19,2 тыс. чал.[19]; 1970 год — 25 тыс. чал. (25,4 тыс. чал.[19]); 1995 год — 67,6 тыс. чал.[19]
  • XXI стагоддзе: 2013 год — 75 335 чал.; 2016 год — 75 956 чал.[20]; 2017 год — 76 068 чал.[5]

Эканоміка правіць

Прадпрыемствы лёгкай, металургічнай (Беларускі металургічны завод), харчовай, будматэрыялаў прамысловасці, фабрыка інкрустацыі.

Гасцініцы «Славянская», «Юбілейная».

Культура правіць

Спорт правіць

Славутасці правіць

 
Храм Свяціцеля Васіля Вялікага

Вядомыя асобы правіць

Дзеячы навукі, культуры, царквы

 
Архіепіскап Георгій (Данілаў).

Ваенныя

Спартсмены

 
С. Мацвейчык.

Іншыя вядомыя асобы

Цікавыя факты правіць

У 1955 годзе ў Жлобіне здымаўся мастацкі фільм «Зялёныя агні» (рэжысёры С. І. Сплашноў, І. А. Шульман, кінастудыя «Беларусьфільм»). Дзеянне адбываецца на адным з чыгуначных вузлоў Беларусі. Малады машыніст грузавога цягніка Сяргей Чобур на сваю рызыку здзяйсняе першы рэйс з перавышэннем вагавых нормаў. У шляху выяўляецца няспраўнасць машыны. Заняўшыся на хаду рамонтам, брыгада дапускае парушэнне правілаў эксплуатацыі, і Чобура здымаюць з працы. Вопыт Чобура ўдаецца паспяхова паўтарыць, і Сяргея вяртаюць на паравоз. Гэтаму больш за ўсё рады дзве дзяўчыны-чыгуначніцы — інжынер Людміла і дыспетчар Аксана… У масавых сцэнах удзельнічалі многія жыхары Жлобіна, у фільме ёсць прыгожыя здымкі чыгуначнай тэхнікі таго часу[22].

Гл. таксама правіць

Заўвагі правіць

  1. а б О некоторых вопросах административно-территориального устройства Гомельской области
  2. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  3. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  4. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  5. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  6. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 118.
  7. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 357, 359—360.
  8. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 118.
  9. М. В. Бірыла. Беларуская антрапанімія. Мінск, 1969. С. 111, 146.
  10. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 124.
  11. Цісецкая, К. Гліняны посуд жалезнага веку // Новы дзень. Жлобінская раённая газета. 2013, 23 красавіка.
  12. а б Маслюкоў, Т. В. Археалагічныя абследаванні ў Жлобіне // Археологические исследования в еврорегионе «Днепр» в 2012 году: междунар. сб. науч. ст. / междунар. редкол. : О. М. Демиденко (отв. ред.), Н. Н. Кривальцевич (зам. отв. ред.), О. М. Макушников (науч. ред.), Ю. В. Панков (отв. секр.) [и др.] ; Гом. обл. исполн. ком., Ин-т истории НАН Б, Гом. гос. ун-т им. Ф. Скорины [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — С. 63—66. ISBN 978-985-439-791-7.
  13. Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991, с. 152—153.
  14. Ткачов, М. А. Изучение средневековых памятников Белоруссии // Археологические открытия 1983 года. М., 1985, с. 407—408. (руск.)
  15. Бабин, В. Археологи изучают старый Жлобин // Нюанс-плюс. Еженедельная информационно-рекламная газета. 2013. № 27. С. 2. (руск.)
  16. Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991, с. 178 (гл. спасылку 164).
  17. Спорные вопросы истории Жлобина (историко-краеведческий очерк). (руск.)
  18. а б Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць. Мн., 2004.
  19. а б в г д Беларусь 1995.
  20. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  21. https://catholic.by/3/news/belarus/2614-u-kastsjole-my-sustrakaemsya-z-tym-khto-josts-lyubouyu-u-zhlobine-asvechany-novy-kastsjol-abnoulena
  22. Информация о фильме «Зелёные огни» // Кино-Театр.ru. (руск.)

Літаратура правіць

Спасылкі правіць