Жывапіс

від выяўленчага мастацтва

Жы́вапіс — від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца з дапамогай фарбаў, што наносяцца на якую-небудзь паверхню. Займае галоўнае месца ў трыядзе выяўленчых мастацтваў (разам з графікай і скульптурай). Падзяляецца на станковы жывапіс (асновай служыць палатно, дошка, кардон) і манументальны жывапіс (творы размяшчаюцца на трывалай архітэктурнай аснове). Сярод жанраў жывапісу — партрэт, пейзаж, нацюрморт, гістарычны, міфалагічны, батальны, анімалістычны і інш. Асобымі відамі жывапісу з'яўляюцца іканапіс, мініяцюра, дыярама, панарама, а таксама дэкарацыйны жывапіс (тэатральныя і кінадэкарацыі). Важнейшыя сродкі выразнасці — кампазіцыя, малюнак і колер (каларыт).

«Мона Ліза» — адна з самых вядомых карцін у свеце

Гісторыя правіць

Гісторыя жывапісу бярэ пачатак ад наскальных роспісаў часоў палеаліту. У старажытным Егіпце дасягнуў высокага ўзроўню развіцця манументальны жывапіс . У антычнасці жывапіс вызначаўся пластычнай яснасцю форм, шырокім, свабодным пісьмом, жыццева дакладным адлюстраваннем прадметаў. Выдатным узорам антычнага станковага жывапісу з'яўляюцца фаюмскія партрэты. У эпоху Сярэднявечча ў Еўропе дамінаваў рэлігійны жывапіс, асноўнымі відамі якога былі фрэска, іканапіс, мініяцюра. У краінах Далёкага Усходу (Кітай, Карэя, Японія) паспяхова развіваўся жывапіс акварэллю, тушшу і гуашшу на скрутках з шоўку і паперы. У эпоху Адраджэння заходнееўрапейскі жывапіс сцвярджаў гуманістычныя ідэалы і каштоўнасці (творчасць Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэля, А. Дзюрэра і інш.) У 17-18 ст. пачалі складвацца нацыянальныя школы жывапісу ў Францыі (Н. Пусен, А Вато, Ж. Л. Давід), Італіі (М. Караваджа, Дж. Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д. Веласкес, Ф. Гойя), Нідэрланды (Ф. Халс, Рэмбрант) і інш. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (жывапіс барока, класіцызму, ракако). У канцы 19 ст. у барацьбе з традыцыямі позняга класіцызму, акадэмізму і натуралізму склаўся жывапіс рамантызму (Т. Жэрыко, Э. Дэлакруа і інш.) і рэалізму (Г. Курбэ, Дж. Канстэбл, К. Каро). Актыўныя пошукі новых выяўленчых сродкаў былі характэрны прадстаўнікам імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму. У канцы 19-20 ст. ва ўсім свеце развіццё жывапісу стала надзвычай складаным і супярэчлівым: адначасова суіснавалі і ўзаемаўплывалі розныя рэалістычныя і авангардысцкія, мадэрнісцкія плыні (фавізм, футурызм, абстракцыянізм, кубізм, экспрэсіянізм, сюррэалізм і інш.). З другой паловы 20 ст. жывапіс актыўна развіваецца ў напрамках поп-арта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэалістычным кірунку.

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Культуралогія: Энцыкл. давед./ Э. С. Дубянецкі; Маст. А. А. Глекаў. — Мн.: БелЭн, 2003. —384 с.:іл ISBN 985-11-0277-6