Жыгімонт Адам Слушка

(1628—1674) харунжы вялікі літоўскі

Жыгімонт Адам Слушка (28 мая 1628 — 2 снежня 1674) — ваенны і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, харунжы вялікі літоўскі (1656—1674), харунжы надворны літоўскі (1649—1656), староста рэчыцкі (1658—1672), удзельнік войн Рэчы Паспалітай супраць Расійскай дзяржавы, Швецыі і Брандэнбурга.

Жыгімонт Адам Слушка
Астоя
Астоя
Харунжы надворны літоўскі
1649 — 1656
Папярэднік Багдан Агінскі
Пераемнік Канстанцін Уладзіслаў Пац
Харунжы вялікі літоўскі
1656 — 1674
Папярэднік Крыштаф Жыгімонт Пац
Пераемнік Юзаф Багуслаў Слушка
Нараджэнне 28 мая 1628(1628-05-28)
Смерць 2 снежня 1674(1674-12-02) (46 гадоў)
Род Слушкі
Бацька Аляксандр Слушка
Маці Соф’я Канстанцыя Зяновіч[d]
Дзеці бяздзетны

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і Слушкаў «рускага» паходжання, продкі якой яшчэ ў пачатку XV стагоддзя перайшлі з праваслаўя ў каталіцтва. Жыгімонт Адам з’яўляўся малодшым сынам рэчыцкага, гомельскага і прапойскага старосты Аляксандра Слушкі і Сафіі Канстанцыі Зяновіч. Першапачатковую адукацыю пачаў у родным доме, а ў 1639 годзе быў накіраваны ў Вільню. У 1645—1646 гадах атрымоўваў адукацыю ў Кракаўскім універсітэце, але з-за нейкіх правінаў быў адкліканы адтуль бацькам.

З пачаткам казацка-сялянскай вайны ў 1648 г., 20-гадовы Ж. А. Слушка заняўся бурлівай дзейнасцю па арганізацыі супрацьдзеяння казакам у ВКЛ. Арганізаванага супраціўлення з боку шляхты казакі не сустрэлі, што было звязана з нечаканасцю казацкага нападу на ВКЛ. Вялікі гетман літоўскі Януш Кішка сур’ёзна хварэў, таму не здолеў аператыўна адрэагаваць на падзеі на поўдні дзяржавы. За свае грошы прадстаўнікі буйной шляхты ВКЛ самастойна набіралі войскі і спрабавалі супрацьстаяць паўстанцам. З мэтай абароны Падняпроўя 2 харугвы салдат сабраў харунжы ВКЛ Ян Пац. «Значную купу людзей» для барацьбы з казацка-паўстанцкім рухам на свае сродкі набраў і Ж. А. Слушка.

Ня маючы магчымасці абараніць Гомель ад казакаў, каб захаваць горад ад знішчэння, уладальнік горада Ж. А. Слушка фактычна выдаў паўстанцам яўрэяў, якія шукалі паратунку за гарадскімі сценамі.

У снежні 1648 г. Ж. А. Слушка на чале сваёй харугвы разам з быхаўскай залогай пад камандаваннем Іларыёна Чыжа і камандзіра пяхоты Яна Вейса абараняў гэту важную падняпроўскую фартыфікацыю ад казакаў Гаркушы. За актыўны ўдзел у барацьбе з казакамі ў сакавіку 1649 г. ён атрымаў пасаду надворнага харунжага ВКЛ. Разам з тым, ужо на першым этапе казацка-сялянскай вайны абвастрыліся супярэчнасці паміж польным гетманам Янушам Радзівілам, які адлюстроўваў інтарэсы кальвінісцкай і праваслаўнай шляхты, і Ж. А. Слушкам, які падтрымліваў караля і, адпаведна, каталіцкую партыю. Акрамя таго існавала і асабістая непрыязнасць паміж польным гетманам і надворным харунжым. Гэтая непрыхільнасць мела сваяцкія прычыны. Я. Радзівіл канфліктаваў з бліжэйшым сябрам Уладзіслава IV каронным надворным маршалкам Адамам Казаноўскім, які быў жанаты на Альжбеце — роднай сястры Ж. А. Слушкі. Напружанасць праявілася і ў службовых адносінах.

Летам 1649 г. надворны харунжы атрымаў грошы на набор казацкай харугвы колькасцю 100—150 коней у войска ВКЛ. Аднак, нягледзячы на шматлікія загады Я. Радзівіла, ён так і не прывёў сваю харугву ў лагер войска ВКЛ пад Рэчыцай. На наш погляд гэта тлумачылася не толькі асабістай непрыязнасцю да сепаратысцкі настроенага гетмана, але і неабходнасцю стрымання паўстанцкага руху ў Падняпроўі. За непадпарадкаванне камандзіру справа З. А. Слушкі разглядалася на пасяджэннях Галоўнага Трыбуналу ВКЛ і пад ціскам Я. Радзівіла надворны харунжы быў прызнаны вінаватым. Паводле пастановы Трыбуналу ад 3-6 чэрвеня 1650 г. Ж. А. Слушка павінен быў вярнуць у скарб ВКЛ грошы, якія былі выдаткаваны яму на набор салдат, на свой кошт набраць казацкую харугву і камандаваць ёй бясплатна тры месяцы.

Ж. А. Слушка не стаў аспрэчваць судовую пастанову і. выконваючы вырак, працягнуў службу. Восенню і зімой 1650 г. харугва Слушкі дзейнічала ў раёне Прапойска і Быхава, абараняючы гэты рэгіён ад набегаў казакаў са Старадубшчыны і падаўляючы тут паўстанцкі рух. Вясной 1651 г. сфера дзейнасці атраду Ж. А. Слушкі перамясцілася ў Рэчыцкі павет, у прыватнасці ў раён Гомеля.

У 20-х чыслах мая 1651 г. чарнігаўскі палкоўнік М. Нябаба выслаў 7 — 8-тысячны атрад пад кіраўніцтвам палкоўнікаў Забелы, Паповіча і Літвіненкі на Гомель і далей на Быхаў, пакінуўшы на ахову Лоеўскіх перапраў 3 тыс. чал. У сваёй прамове да казакоў, ён заклікаў:"идите, молодцы… мещан-ляхов в Гомеле под корень рубите, ни одного в живых не оставляйте. Город сожгите, а потом в Быхов идите, его берите". Супрацьстаялі гэтаму казацкаму атраду невялікая казацкая харугва Ж. А. Слушкі, якая налічвала каля 200 шабель і наёмны гарнізон Гомеля на чале з капітанам Мантгомеры. Нечакана для казакаў, Гомель, аказаўся сур’ёзнай перашкодай на шляху да Быхава. Мужная абарона горада, якую арганізаваў літоўскі надворны харунжы вымусіла паўстанцаў спыніцца каля горада, а дапамога з боку «рэчыцкай дывізіі» на чале з Рыгорам Падбярэскім вымусіла казакаў спешна адступіць.

Пасля адыходу ворага харугва Ж. А. Сушкі была накіравана на Мсціслаўшчыну для барацьбы з наступленнем загона Шохава і Тарасенкі, які прапусціла Расійская дзяржава праз Бранскі павет. 6 чэрвеня 1651 г. перадавы атрад І. Шохава на чале з Тарасенкам заняў безабаронны Рослаўль. Абапіраючыся на звесткі смаленскага падваяводы, можна зрабіць выснову, што ўдар казацкага войска з тэрыторыі Расійскай дзяржавы быў абсалютнай нечаканасцю для мясцовай шляхты. «Напад на Рослаўль… прывёў да таго, што … [казакі занялі] Рослаўль без барацьбы і без кровапраліцця, бо шляхціцы, якія знаходзіліся там у невялікай колькасці, а таксама і падстароста ўцяклі з Рослаўля». З 4 да 19 ліпеня 1651 г. паміж шляхецкім войскам і казакамі адбыліся тры баі, у выніку якіх пад Крычавам войска ВКЛ, хоць і панесла значныя страты, аднак здолела стрымаць прасоўванне казакаў у Падняпроўі, тым самым забяспечыўшы магчымасць манеўра асноўным сілам Я. Радзівіла пад Лоевам. Пакінуў свой гераічны след у гэтых баях і наш герой, аб якім невядомы шляхціц у сваіх успамінах узгадаў: «А. Служка абараняецца ўдала, казакі ўжо адбіты 7 разоў з вялікімі стратамі».

4 верасня 1651 г. ён ужо знаходзіўся сярод камандвання літоўскага войска пры яго аб’яднанні з кароннай арміі пад Васільковым. За актыўны ўдзел у барацьбе з казакамі ў сакавіку 1652 г. ён атрымаў годнасць літоўскага стольніка.

Нягледзячы на заканчэнне для ВКЛ казацка-сялянскай вайны Ж. А. Слушка працягваў вайсковую службу. У кампуце войска ВКЛ у жніўні 1653 г. узгадваецца яго казацкая харугва колькасцю ў 100 коней. Невыпадкова таму з пачаткам агрэсіі Расійскай дзяржавы ў Рэч Паспалітую ў 1654 г. ён апынуўся ў першых шэрагах войска ВКЛ. Летам 1654 г. ён на чале кавалерыйскага палка прыбыў у лагер войска ВКЛ на чале з Я. Радзівілам. 12 жніўня 1654 г. полк Ж. А. Слушкі ўдзельнічаў у пераможнай для ВКЛ бітве з расійскай арміяй князя Чаркаскага пад Шкловам. Нягледзячы на незадавальненне значнай часткі шляхты ВКЛ даўгамі ў выплаце грошай, надворны харунжы застаўся на службе і працягнуў барацьбу з захопнікамі. 24 жніўня 1654 г. ён удзельнічаў у бітве пад Шапялевічамі, якая скончылася для войска ВКЛ няўдала.

Напачатку верасня Ж. А. Служка на чале свайго палка колькасцю ў 1470 чалавек, сярод якіх былі яго асабістыя казацкая і пешая харугвы, быў накіраваны ў Рэчыцкі павет на дапамогу Гомелю. Аднак стрымаць сілы наказнога казацкага гетмана І. Залатарэнкі, агульнай колькасцю каля 30 тыс. чалавек, Ж. А. Слушка не здолеў і вымушаны быў адступіць. Пад канец 1654 г. вельмі парадзелы полк Ж. А. Слушкі зноў далучыўся да асноўных сіл войска ВКЛ. На пачатку 1655 г. салдаты надворнага харунжага прынялі ўдзел у беспаспяховай спробе Я. Радзівіла авалодаць Магілёвам. Ж. А. Слушка асабіста пісаў лісты да жыхароў Магілёва з заклікам парваць дамовы з расійскім царом.

Вясной — летам 1655 г. полк Ж. А. Слушкі прымаў актыўны ўдзел у баявых дзеяннях у Падняпроўі і Цэнтральнай Беларусі, што прывяло да значнага скарачэння яго асабістага складу. Пад канец ліпеня 1655 г. Януш Радзівіл паведамляў каралю аб вялікіх стратах у палку надворнага харунжага, аднак ён працягваў змаганне. У жніўні 1655 г. З. А. Слушка падтрымаў ідэю неабходнасці пачаць перамовы з рускімі аб перамір’і, аднак гэтая ідэя не ўвасобілася ў жыццё, бо параза літоўскага войска 8 жніўня 1655 г. пад Вільняй рабілі падобныя перамовы для Масквы нявыгаднымі. Страта сталіцы вымусіў верагодна прывяла літоўскага надворнага харунжага ў збянтэжанасць. Яго харугвы адышлі на мяжу з Прусіяй, сам Жыгімонт Адам разам з абодвума гетманамі ВКЛ — вялікім Я. Радзівілам і польным В. Гансеўскім накіраваўся да Жамойці.

Перыяд «Патопу», які пачаўся ў Рэчы Паспалітай прывёў многіх шляхціцаў у становішча роспачы. У падобным стане духу ў сярэдзіне жніўня 1655 г. знаходзіўся і Ж. А. Слушка. Імкнучыся хоць неяк выратаваць Радзіму ад наступлення рускіх, Жыгімонт Адам 18 жніўня падпісаў падрыхтаваны Я. Радзівілам акт пераходу ВКЛ з Рэчы Паспалітай ва унію з Шведскім каралеўствам. У другой палове жніўня 1655 г., пад значным уплывам Вінцэнта Гасеўскага, Ж. А. Слушка змяніў сваю пазіцыю.

8 верасня 1655 г. ён, карыстаючы спрыяльнымі абставінамі, уцёк з лагера Я. Радзівіла пад Кейданамі разам з прыкладна 1 тыс. палякаў, якія знаходзіліся ў войску ВКЛ. Абвясціўшы сябе рэгіментарам гэтага атрада кароннага войска, Ж. А. Слушка накіраваўся ў Падляшша на злучэнне з войскам Багуслава Радзівіла. Але неўзабаве аказалася, што апошні падтрымлівае прашведскую палітыку свайго сваяка Я. Радзівіла, таму Ж. А. Слушка прыпыніўся ў Падляшшы, скіраваўшы пасла да Яна Казіміра з запытам, што рабіць далей. Чакаючы адказу ён пачаў перамовы з гарадзенскай і лідскай шляхтай, якая аб’ядналася пад камандаваннем Якуба Кунцэвіча для барацьбы з атрадамі рускіх. Перамовы скончыліся ўдала і ў кастрычніку 1655 г. аб’яднаныя сілы асабістай харугвы літоўскага надворнага харунжага, польскіх салдат, гарадзенскай і лідскай шляхты зрабілі спробу вызваліць Гародню, якая, на жаль, засталася беспаспяховай.

19 лістапада 1655 г. войскі Ж. А. Слушкі і Я. Кунцэвіча пацярпелі цяжкае паражэнне пад Пяскамі, пасля чаго салдаты вымушаны былі адысці да Бярэсця, дзе яны злучыліся з войскам вялікага гетмана ВКЛ Паўла Яна Сапегі. 23 лістапада аб’яднаныя войскі П. Я. Сапегі і Ж. А. Слушкі нанеслі паражэнне наступаючым рускім Урусава пад Берасцем, але ўжо праз чатыры дні, пацярпеўшы паражэнне пад Вярховічамі яны вымушаны былі адысці на захад.

Вясной 1656 г. Ж. А. Слушка прыняў актыўны ўдзел у барацьбе войска П. Я. Сапегі супраць шведаў. Полк Ж. А. Слушкі ўдала дзейнічаў у міжрэччы Віслы і Сана, удзельнічаў у вызваленні 12 красавіка Любліна, якое аднак было больш падобна на захоп варожага горада, за што мяшчане яшчэ доўга скардзіліся ў суды на вызваліцеляў. Летам 1656 г., разам з П. Я. Сапегам харугвы Слушкі трымалі ў аблозе шведскі гарнізон у сталіцы Рэчы Паспалітай. Пасля вызвалення Варшавы З. А. Слушка прыняў удзел у бітве з шведска-брандэнбургскім войскам на правым беразе Віслы, якая адбылася 28-30 ліпеня 1656 г. Летам 1656 г. у войску ВКЛ пачаўся канфлікт паміж вялікім і польным гетманамі. Відавочнае спрыянне караля В. Гасеўскаму і яго слабае падпарадкаванне вялікаму гетману выклікала натуральнае незадавальненне П. Я. Сапегі. Восенню 1656 г. сітуацыя ў палку Ж. А. Слушкі, як і ва ўсім войску вялікага гетмана пагоршылася. Жаўнеры, якія даўно не атрымлівалі грошай, пагражалі канфедэрацыяй і ўтрымаць іх у падпарадкаванні станавілася ўсё больш цяжка. Пасля таго, як 27 студзеня 1657 г. полк Ж. А. Слушкі захапіў Тыкоцінскі замак, салдаты ўзбунтаваліся і адмовіліся ваяваць пакуль не атрымаюць заробку. Канфедэрацыя фактычна была арганізавана П. Я. Сапегам, які імкнуўся праводзіць самастойную ад караля палітыку, і мела пад сабой палітычныя мэты, у сувязі з чым Ж. А. Слушка пакінуў войска. Восенню 1657 г. П. Я. Сапега на сходзе ў Берасці, у якім як рэчыцкі пасол удзельнічаў і Жыгімонт Адам, дамогся падтрымкі літоўскіх магнатаў і шляхты ў барацьбе супраць імкнення караля аслабіць пазіцыі вялікага гетмана. У 1658 г. ён стаў праводзіць фактычна самастойную ад караля палітыку, арыентуючыся на габсбургаў і абяцаючы сваю падтрымку іх прэтэндэнту на трон Рэчы Паспалітай. У гэтых умовах Ж. А. Слушка стаў збліжацца з прыхільнікамі караля. Летам 1657 г. ён прыняў удзел у паходзе войска ВКЛ пад кіраўніцтвам літоўскага польнага пісара і вялікага падстолія Аляксандра Іларыёна Палубінскага супраць трансільванскага князя Юрыя II Ракацы. Зімой 1658 г. разам з Палубінскім надворны харунжы патаемна сустрэўся з Янам Казімірам, дзе магчыма абмяркоўваўся план аслаблення пазіцый вялікага гетмана літоўскага праз выдзяленне з яго дывізіі асобнага падраздзялення на чаля з А. І. Палубінскім. Полк Ж. А. Слушкі відаць адыгрываў у гэтым плане ключавую ролю. Гэтая сустрэча сур’ёзна пагоршыла адносіны Ж. А. Слушкі з вялікім гетманам, што праявілася ў размяшчэнні салдат надворнага харунжага на зімоўку не ў забяспечаным Падляшшы, а на разрабаванай Валыні. У адказ на гэта Ж. А. Слушка адкрыта заклікаў караля аддзяліць ад дывізіі правага крыла П. Я. Сапегі яго полк і падпарадкаваць яго А. І. Палубінскаму. Вясной 1658 г. гэтая праблема разглядалася на сойме, дзе Ж. А. Слушка ўдзельнічаў як пасол ад Рэчыцкага павета.

У другой палове 1659 г. і пачатку 1660 г. дзве казацкія харугвы Ж. А. Слушкі ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях супраць шведаў у Жамойці і Курляндыі, але сам Ж. А. Слушка верагодна ў баявых дзеяннях удзелу не прымаў, а знаходзіўся ў Дойлідах на Падляшшы. У снежні 1659 г. магчыма трапіў у палон да расійцаў І. Хаванскага, але гэтая інфармацыя недакладная і мае гіпатэтычны характар.

На пачатку 1660 г., абвінаваціўшы П. Я. Сапегу ў няўдачах у баях з рускімі канца 1659 г., Ян Казімір адхіліў П. Я. Сапегу ад камандавання войскам ВКЛ, апрызначыўшы на гэту пасаду А. І. Палубінскага. У адказ на гэта літоўскія салдаты стварылі канфедэрацыю пад кіраўніцтвам Самуэля Кміціца, патрабуючы вярнуць ім ранейшага камандуючага. Вясной 1660 г. Ж. А. Слушка, разам з А. І. Палубінскім, выступіў супраць канфедэратаў. Але ў маі Зыгмунт Адам нечакана перайшоў на бок сапежынцаў.

Летам 1660 г. Ж. А. Слушка прыняў удзел у наступленні войскаў ВКЛ і Польшчы ў Літву і Падняпроўе і прымаў удзел у пераможнай бітве на р. Палонцы 28 чэрвеня і ў баях на р. Басі ў кастрычніку 1660 г. На пачатку 1661 г. 33-гадовы Ж. А. Слушка пакінуў войска па прычыне рэзкага пагаршэння зроку, але працягваў актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны. У 1662 г. ён., як пасол Рэчыцкага павета, прыняў актыўны ўдзел у сойму. Больш таго, у снежні 1663 — сакавіку 1664 гг, нягледзячы на дрэнны зрок надворны харунжы на чале двух казацкіх харугваў удзельнічаў у выправе войска ВКЛ пад камандаваннем Ю. Глябовіча ў Падняпроўе.

У 1664 г. Жыгімонт Адам часова цалкам страціў зрок, але да пачатку 1665 г., але як пачаў трохі бачыць зноў вярнуўся ў грамадскае жыццё. У 1666 г. ён прымаў удзел у сойме, прадстаўляючы Рэчыцкі павет, у верасні 1667 г. браў удзел у працы ваенна-скарбовай камісіі ў Вільне, а ў кастрычніку гэтага ж года ўдзельнічаў ва ўрачыстай працэсіі перавозкі цела Іасафата Кунцэвіча з Вільні ў Полацк. Нягледзячы на прагрэсіруючую хваробу вачэй і ўсё большую слепату, Ж. А. Слушка імкнуўся не зыходзіць з палітычнай арэны. У 1674 г. ён як пасол Рэчыцкага павета ўдзельнічаў у элекцыі караля Яна III Сабескага, што стала яго апошняй буйной грамадскай справай.

2 снежня 1674 г. Жыгімонт Адам Слушка памёр ва ўзросце 46 гадоў, не пакінуўшы пасля сябе прамога нашчадка.

Зноскі

Літаратура правіць

  • Чаропка. С. Рэчыцкі пасол на сеймах Рэчы Паспалітай Зігмунт Адам Слушка: жыццё для Айчыны / С. Чаропка// Сёмыя Міжнародныя Доўнар-Запольскія чытанні: матэр. міжнар. навук. канф.- Гомель, 2010. — С. 302—309.
  • Racuba, A. Słuszka Zygmunt Adam / A. Rachuba // Polski słownik biograficzny. — Wrocław, Warszawa, Kraków: Wyd-wo PAN, 1999. — T. XXXIX/1. — Zeszyt 160.- S. 153—156.
  • Слушкі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).