Забойства Муамара Кадафі

Муамар Кадафі быў забіты 20 кастрычніка 2011 года пасля завяршэння бітвы за Сірт — апошняй бітвы грамадзянскай вайны ў Лівіі.

Забойства правіць

Раніцай 20 кастрычніка 2011 года атрады Нацыянальнага пераходнага савета Лівіі распачалі чарговы штурм Сірта, у выніку якога ім атрымалася ўзяць горад. Пры спробе вырвацца з абложанага горада Муамар Кадафі быў узяты паўстанцамі ў палон.

Як паведамілі прадстаўнікі НАТА, прыкладна ў 08:30 (06:30 па Грынвічы) авіяцыя (самалёты ВПС Францыі) нанесла ўдары па адзінаццаці ваенным машынам арміі Кадафі, якія складалі частку вялікай калоны (прыблізна з 75 машын), што хутка рухалася па дарозе ў прыгарадзе Сірта[1]. У паведамленні, у прыватнасці, гаварылася: «Гэтыя машыны выехалі з Сірта з вялікай хуткасцю і спрабавалі расчысціць сабе шлях. Яны везлі шмат зброі і боепрыпасаў, што ўяўляла сур’ёзную пагрозу для мясцовых жыхароў»[2]. Пасля таго, як удар з паветра падбіў адно аўто, «група з двух дзясяткаў транспартных сродкаў рэжыму Кадафі накіравалася з вялікай хуткасцю на поўдзень, працягваючы ўяўляць сабой сур’ёзную небяспеку. Самалёты НАТА зрабілі іх сваёй цэллю, знішчылі або пашкодзілі каля дзесятка з іх»[1]. Альянс сцвярджаў: «у момант гэтай бамбардзіроўкі ў НАТА не ведалі, што ў калоне знаходзіўся Кадафі. Дзеянні НАТА былі прадыктаваны толькі неабходнасцю паменшыць небяспеку для мірнага насельніцтва, як гэтага патрабуе мандат ААН… НАТА не палюе на асобных людзей»[2].

Схоплены ў выніку ўзяцця Сірта экс-начальнік службы ўнутранай бяспекі генерал Мансур Дау, распавёў, што яны, ратуючыся з акружэння, хацелі прарвацца ў суседні раён Джарыф. Аднак потым яны трапілі пад магутны абстрэл і былі зноў акружаны. Усе машыны калоны былі знішчаны. Кадафістам прыйшлося падзяліцца на групы і працягнуць шлях пешшу. У гэты час Дау заставаўся з Кадафі і міністрам абароны. З імі таксама была невялікая група аховы. Потым Дау параніла, і ён страціў прытомнасць. Што было далей, генерал не ведаў[3]. Аднак асабісты кіроўца Кадафі Хунейш Наср распавёў наступнае: «Рэвалюцыянеры ішлі за намі. Ён [Кадафі] не быў напалоханы, але, здаецца, ён не ведаў, што рабіць. Гэта быў першы і апошні раз, калі я яго бачыў у такім стане»[4].

Кадафі быў паранены ў абедзве нагі[5]. Яго адцягнулі ў дрэнажны трубаправод, размешчаны пад дарогай, дзе ён потым і быў знойдзены баевікамі Нацыянальнага пераходнага савета[6]. Паўстанцы здолелі захапіць Кадафі. Вакол яго адразу сабраўся натоўп, які стаў здзекавацца з палонніка. Людзі з крыкамі «Алах акбар!» пачалі страляць у паветра і тыкаць аўтаматамі ў палкоўніка[7]. Апошні заклікаў да сумлення паўстанцаў: «Харам алейкум… Харам алейкум… Ганьба вам!»[8]. Затым Кадафі з залітым крывёй тварам павялі да аўтамабіля, дзе пасадзілі на капот.

Відэазапісы апошніх хвілін жыцця Кадафі абверглі першапачатковую афіцыйную версію паўстанцаў пра выпадковую гібель палкоўніка ў ходзе перастрэлкі. Стала ясна, што ён быў забіты ў выніку самасуду[9]. Пацвярджэннем гэтага служаць прадстаўленыя праваабарончай арганізацыяй Human Rights Watch відэаматэрыялы, на якіх бачна, што кіраўнік Джамахірыі быў захоплены жывым, але з сур’ёзным асколачным раненнем у галаву. Відэазапісы сведчаць, што паўстанцы наносілі яшчэ жывому Кадафі шматлікія штыкавая раненні па ягадзіцах і сыпалі ў раны пясок, адначасова трымаючы былога лідара за прастрэленыя рукі[10]. Здзекі працягваліся з 9 раніцы да 12 дня па мясцовым часе, пасля чаго палоннага ў знак знявагі працягнулі за ногі па вуліцах Сірта[10]. У момант, калі скрываўленага палкоўніка нарэшце пагрузілі ў аўтамабіль для транспарціроўкі ў шпіталь, ён ужо не падаваў прыкмет жыцця.

  Вонкавыя відэафайлы
  Узяцце ў палон Кадафі незадоўга да яго забойства (BBC)

Акрамя Кадафі, быў захоплены і яго сын Мутазім, пасля забіты пры нявысветленых абставінах. Таксама быў забіты адзін з удзельнікаў перавароту 1969 года і членаў СРК, міністр абароны і галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі, брыгадны генерал Абу Бакр Юніс Джабер[11]. Па некаторых даных, Муамара Кадафі спрабавала вывезці з Лівіі ў Нігер група паўднёваафрыканскіх наймітаў з 19 чалавек па спецыяльна заключанай дамове. Авіяцыя НАТА адкрыла агонь і спыніла канвой з пазадарожнікаў, а замежнікам далі магчымасць схавацца[12].

17 кастрычніка 2012 года Human Rights Watch апублікавала 50-старонкавы даклад «Смерць дыктатара: крывавая помста ў Сірце», прымеркаваны да гадавіны падзення рэжыму Кадафі. У дакладзе арганізацыя прыйшла да высновы, што новыя лівійскія ўлады не выканалі дадзенае імі абяцанне расследаваць абставіны смерці кіраўніка Джамахірыі, яго сына і дзясяткаў пакараных смерцю прыхільнікаў былога ўрада[13]. Праваабаронцам удалося дакументальна пацвердзіць гібель не менш як 17 кадафістаў на аснове відэазапісаў, зробленых самімі паўстанцамі на камеры мабільных тэлефонаў. Забойствы суправаджаліся здзекамі і катаваннямі[13].

Пасля забойства правіць

Целы Муамара Кадафі, яго сына і Абу Бакр Юніс Джабера былі выстаўлены на ўсеагульны агляд у прамысловым халадзільніку для агародніны ў гандлёвым цэнтры ў Місураце[7]. На досвітку 25 кастрычніка ўсе трое былі таемна пахаваны ў Лівійскай пустыні[14][15].

Пасля гібелі Муамара Кадафі ў Сірце былі апаганены і знішчаны магілы яго бацькоў, дзядзькі і яшчэ дваіх сваякоў. Па паведамленнях алжырскай газеты «Ан-Нахар», баевікі з групоўкі «Плынь джыхаду» зруйнавалі надмагільныя пліты, выцягнулі з магіл косткі памерлых і спалілі іх[16].

Міжнародная рэакцыя правіць

  • Даведаўшыся пра гібель Муамара Кадафі па SMS, дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан засмяялася і пракаментавала гэта словамі: «Гэта добрая навіна» і «Мы прыйшлі, мы ўбачылі, ён памёр»[17].
  • Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, Amnesty International і расійскае МЗС запатрабавалі правесці дбайнае расследаванне абставінаў смерці Кадафі[18][19][20].
  • Афіцыйны прадстаўнік МЗС Ірана Рамін Мехманпараст, каментуючы смерць Кадафі, заявіў: «Дэспаты і прыгнятальнікі на працягу ўсёй гісторыі сканчалі аднолькава — ганебнай гібеллю». Паводле яго слоў, і кіраўніцтва, і простыя грамадзяне Ірана вельмі рады тым, што адбылося ў Лівіі, а «тыран» Кадафі быў асуджаны, паколькі ігнараваў правы свайго народа[21].
  • Уладзімір Пуцін назваў кадры з палонным Кадафі «жудаснымі, агіднымі сцэнамі расправы», «калі на экранах усяго свету паказалі, як яго забіваюць, усяго ў крыві. Вось гэта дэмакратыя? А хто гэта зрабіў? Беспілотнікі, у тым ліку амерыканскія, нанеслі ўдар па яго калоне. Потым па радыё праз спецпрызн, які не павінен быў быць там, на тэрыторыі, падагналі так званых апазіцыянераў і баевікоў, і знішчылі без суда і следства»[22].
  • Даведаўшыся пра забойства Муамара Кадафі, прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сказаў наступнае: «Здзейснена агрэсія, забіта кіраўніцтва краіны, не толькі Муамар Кадафі. Прытым, як забіта? Ну, застрэлілі б, у баі загінуў бы чалавек. Дык гэта ж з дапамогай спецслужбаў (Не думайце, што яго, кіраўніка дзяржавы, пацаны затрымалі. Як яго ахоўвалі, вы ведаеце), захоп кіраўніка краіны ажыццявілі натаўскія спецпадраздзяленні. Над ім здзекаваліся, стралялі, параненага гвалтавалі, выкручвалі і ламалі рукі, а потым закатавалі. Горш, чым фашысты ў свой час»[23].

Завяшчанне правіць

23 кастрычніка, паводле навінавых агенцтваў[24][25], было апублікавана завяшчанне Муамара Кадафі, датаванае 17 кастрычніка. У завяшчанні ён прасіў пахаваць яго цела па ісламскім звычаі на могілках у Сірце, дзе пахаваны яго сваякі. Таксама ён патрабаваў ад сваіх прыхільнікаў працягваць барацьбу з «замежнымі агрэсарамі»[26].

Зноскі

  1. а б "«Смерть Каддафи — конец власти страха»". Новая газета. 23.10.2011. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)(недаступная спасылка)
  2. а б "НАТО говорит, что случайно попала в Каддафи: мы не охотимся за отдельными лицами" [руская]. Газета.Ru. 22.10.2011. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  3. "Экс-глава охраны Каддафи рассказал о последних днях жизни полковника". РИА Новости. 21/10/2011. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  4. Martin Chulov (26 October 2011). "Gaddafi's driver on the endgame: 'He didn't seem to know what to do'" [англійская]. The Guardian.
  5. NTC claims capture of Gaddafi. Al Jazeera English (4 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 3 верасня 2012. Праверана 20 кастрычніка 2011.
  6. Каддафи умер от пулевых ранений в живот и голову, он прятался в дренажной трубе после авиаудара НАТО
  7. а б "Тело Каддафи выставили на всеобщее обозрение в супермаркете. К нему очередь" [руская]. NEWSru.com. 22 октября 2011 г. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  8. "Последние минуты Каддафи: полковник призывал убийц одуматься". www.vesti.ru. 21.10.2011. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  9. Каддафи прикончили выстрелом в голову
  10. а б Перед смертью главу Ливийского государства три часа пытали Архівавана 20 мая 2017.
  11. "Министр обороны в правительстве Каддафи убит в боях за город Сирт". РИА Новости. 20/10/2011. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  12. В последний момент вывезти Каддафи из Ливии пыталась группа южноафриканских наемников
  13. а б "Доклад и видео опровергли официальную версию гибели Каддафи: HRW поведала о пытках и убийстве". News.ru. 18.10.2012. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  14. "Col Gaddafi 'buried in secret, desert grave at dawn'". BBC. 25 October 2011. Праверана 25 October 2011.
  15. Farmer, Ben (25 October 2011). "Libya: Gaddafi buried at dawn in secret desert grave as line is drawn under 42-year rule". The Daily Telegraph. Праверана 26 October 2011.
  16. Могилы родителей Каддафи осквернили в Сирте. Взгляд.ру (8 ноября 2011). Архівавана з першакрыніцы 4 жніўня 2012. Праверана ???.
  17. Клинтон посмеялась над смертью Каддафи — США, Ливия, Каддафи — Росбалт
  18. ООН потребовала расследовать смерть Каддафи
  19. Правозащитники призывают расследовать смерть Каддафи
  20. Лавров: смерть Каддафи необходимо расследовать Архівавана 21 кастрычніка 2011.
  21. Иран похвалил ливийцев за устранение Каддафи
  22. В. Путин рассказал, как убивали М.Каддафи :: Top.rbc.ru
  23. Лукашенко об убийстве Каддафи (Видео на Youtube)
  24. Завещание Муаммара Каддафи
  25. Gaddafi: The last will and testament Архівавана 7 жніўня 2016. (англ.)
  26. В завещании Каддафи призвал сторонников продолжать борьбу и помнить «героев» // ИноСМИ

Спасылкі правіць