Закон аб трох каласках

Закон «аб трох каласках» («Аб пяці каласках», «Аб каласках», «Сем восьмых» або проста «Каласкі») — народная назва рэпрэсіўнага савецкага закона часоў Галадамору. Поўная назва: Пастанова ЦВК і РНК СССР «Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацый і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці» ад 7 жніўня 1932 года.

Пошук хлеба ў двары селяніна ў адной з вёсак Грышынскаго раёна Данецкай вобласці ва Украіне падчас Галадамора

Акрамя ўласна самога закона існавала таксама тайная інструкцыя па яго ўжыванні. Закон моцна ўдарыў па дабрабыту сялянаў ва Украіне, а таксама закрануў і беларускіх сялянаў, што стала вынікам масавага голаду.

Закон прадугледжваў у якасці меры судовай рэпрэсіі за крадзеж калгаснай і кааператыўнай маёмасці «расстрэл з канфіскацыяй усёй маёмасці і с заменай пры змякчальных абставінах пазбаўленнем волі на тэрмін не ніжэй за 10 гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасці». Амністыя ў гэтых выпадках забаранялася. На лета 1933 года па гэтым законе было асуджана 150 000 чалавек. У прыватнасці, асуджалі дзяцей, якія спрабавалі знайсці хоць нейкую ежу.

Гісторыя правіць

На пачатку вясны 1932 г. улады паспрабавалі стварыць матэрыяльныя стымулы для працаўнікоў сельскай гаспадаркі шляхам увядзення здзельнай аплаты працы, прыняцця пастановаў аб забеспячэнні маламаёмных калгаснікаў жывёлай і дазволе гандлю па свабодных цэнах на калгасным рынку, але адкрыццё калгасных рынкаў стала адной з прычынаў змяншэння нарыхтовак. Сталін быў перакананы, што сяляне хаваюць хлеб, каб пасля яго прадаць, а мясцовым партыйным кіраўнікам не хапае рашучасці яго адабраць.

З сакавіка 1932 г. райвыканкамам было дазволена заносіць на «чорную дошку» з усімі наступствамі асобныя вёскі. Калгасы, прызнаныя сабатажнікамі, заносіліся на «чорную дошку», што фактычна азначала галодную смерць. У такіх калгасах гандаль забараняўся, з магазінаў забіраліся ўсе тавары, датэрмінова спаганяліся крэдыты і пазыкі, склады з зернем для спажывання апячатваліся, насенны фонд размяркоўваўся паміж іншымі калгасамі, зачыняліся млыны, вялася рашучая барацьба і з памолам на ручных жорнах. ОГПУ прапаноўвалася правесці чыстку гэтых калгасаў ад чужых і контррэвалюцыйных элементаў, партыйныя ячэйкі падлягалі роспуску. Калі і пасля гэтага калгас не выпраўляўся, яго распускалі і ўсю маёмасць канфіскоўвалі.

4 жніўня 1932 г. Іосіф Сталін накіраваў ліст да Лазара Кагановіча, дзе паведамлялася аб вяртанні праекта дэкрэта аб ахове грамадскай маёмасці з папраўкамі і дапаўненнямі, дадзена ўказанне выдаць яго як мага хутчэй. У пункце трэцім прапанавана ОГПУ прыцягваць ўзброеных асоб для аховы чыгуначных грузаў (эшалоны з збожжам) і даць ім права расстрэльваць на месцы асоб, якія замахнуліся на крадзеж чыгуначных грузаў.

7 жніўня 1932 г. з'явілася пастанова УЦВК і СНК СССР «Аб ахове маёмасці дзяржаўных вядомая пад назвай «Закон аб пяці каласках». Крадзеж маёмасці калгасаў каралася расстрэлам, за «змякчальных абставінаў» — пазбаўленнем волі на тэрмін не менш за 10 гадоў. «Законам аб пяці каласках» фактычна людзям было забаронена валоданне ежай.

Ствараюцца палітаддзелы МТС, наладжваецца жорсткі кантроль за фондам заработнай платы і дысцыплінай на прадпрыемствах, праводзіцца партыйная чыстка; масавымі рэпрэсіямі суправаджаецца працэс пашпартызацыі, узмацняецца барацьба з продажам збожжа, мукі або вялікай колькасці хлеба (больш як пуд) калгаснікамі або аднаасобнікамі да выканання плана нарыхтовак. Сяляне, баючыся канфіскацыі хлеба на рынках, перанеслі гандаль на прыватныя кватэры і вялі яго падпольна. Разгортваецца рашучая барацьба «з спекулянцкімі элементамі і сабатажнікамі хлебанарыхтовак» «аж да высялення іх з межаў Беларусі, не спыняючыся перад ужываннем расстрэлаў у дачыненні да больш злосных». Камуністы, якія не забяспечылі выкананне заданняў партыі, падлягалі дэпартацыі разам з кулакамі, хаўруснікамі якіх яны аб’яўляліся, «сабатажнікі, перараджэнцы, якія прыкрываліся партбілетам», падлягалі арышту на 5-10 гадоў турэмнага заняволення і нават расстрэлу.

11 жніўня 1932 Сталін у лісце да Кагановіча патрабаваў накіраваць адмысловы ліст ЦК ВКП(б) да партыйных і судова-карных органаў аб прымяненні закона аб ахове грамадскай уласнасці і барацьбе супраць спекулянтаў. Там ён падкрэсліваў, што «самае галоўнае цяпер — Украіна», паколькі справы ва Украіне вельмі кепскія.

Па стане на 14 верасня пасля прыняцця закона ад 7 жніўня Наркамюст УССР дакладной запісцы канстатаваў пра 250 расстрэльных выракаў. Улады ўтойвалі сапраўдную карціну пра голад. Факты жабрацтва кваліфікаваліся бальшавікамі як дыверсіі класавага ворагу і агентаў Польшчы з мэтай агітацыі супраць савецкай улады.

З лета 1933 г. сігналы з месцаў у Мінск пра голад сталі масавымі. Ва Уздзенскім раёне па 8 калгасах налічвалася 1290 чалавек, якім патрабавалася дапамога хлебам. Аналагічнае становічша склалася ў Ушацкім раёне, дзе «многія калгаснікі ўжо зараз не маюць хлеба і сілкуюцца рознымі сурагатамі». У цяжкім становішчы, адпаведна дакладной з Жыткавіцкага раёна, знаходзіліся 33 калгасы, альбо каля 4,5 тыс. чалавек. Па 68 калгасах зоны Клімавіцкай МТС з 4200 сем’яў 3000 не мелі ўвогуле ніякіх прадуктаў. Пачаліся першыя даклады аб асобных выпадках канібалізма.

На 25 красавіка 1934 г. абсалютную бальшыню з З500 справаў, якія знаходзіліся на разглядзе ў Жыткавіцкім нарсудзе складалі справы аб крадзяжы жывёлы і прадуктаў харчавання.

У лістападзе 1934 года пленум партыі прыняў рашэнне аб адмене з 1 студзеня 1935 г. карткавай сістэмы на хлеб і некаторыя прадукты. Становішча ў беларускай вёсцы па-ранейшаму заставалася складаным. А ў 1936 г. краіна зноў была на мяжы масавага голаду.

У ліпені 1936 г. генпракурор СССР А. Я. Вышынскі падрыхтаваў дакладную запіску: пракуратура СССР праверыла 115 тысяч прысудаў, вынесеных па «указу 7-8», і больш чым у 91 тыс. выпадкаў прымяненне гэтага ўказа было прызнана няправільным і злачынным. На падставе гэтых праверак Вышынскі ў 1936 г. прапаноўваў рэабілітаваць 37 тысяч незаконна расстраляных чалавек (усяго па гэтым законе ў 1932-1939 гг. было асуджана 183 тысяч чалавек). Пра рэабілітацыю было загадана забыць, а следчыя і суддзі, якія дапусцілі «перагібы», самі былі рэпрэсаваныя.

Вынікі правіць

Аналіз 20000 спраў паказвае, што сярод асуджаных было 83% калгаснікаў і сялян-аднаасобнікаў і толькі 15% - «кулацкіх-заможных элементаў». Такім чынам, гэты закон быў накіраваны супраць сялян, якія, ратуючы дзяцей ад галоднай смерці, вымушаныя былі несці дадому з гумна або поля кілаграм або два збожжа, імі ж выгадаванага[1].

Паводле падлікаў украінскага навукоўца Віктара Гудзя, кандыдата гістарычных навук і дацэнта Мелітопальскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя Багдана Хмяльніцкага, у 1932—1934 гг. у Беларусі голадам і рэпрэсіямі было знішчана ад 100 да 500 тысяч чалавек. Так, паводле навукоўца, напрыклад, у адным толькі Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці, якая найбольш пацярпела ад Галадамору, за 1932—1933 ёсць дадзеныя пра загібель тысячы сялян.

Глядзіце таксама правіць

Зноскі

  1. Ивницкий Н. А. Репрессивная политика советской власти в деревне (1928—1933 гг.) РАН. Ин-т рос. истории, Университет г. Торонто (Канада). — М., 2000. — 350 с. — Библиогр. в примеч. Указ. имен: с. 345—349

Літаратура правіць

 
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Закон аб трох каласках

Спасылкі правіць