Зая́ва 32-х — даклад, накіраваны 1 лютага 1921 года ў Цэнтральнае Бюро РКБ(б) і КП(б)Б 32 беларусамі-камуністамі (Сцяпан Булат, Пётр Ільючонак, Язэп Каранеўскі, Іван Кудзелька, Міхаіл Кудзелька (Міхась Чарот), Аляксандр Сташэўскі, Ю. Памецька і інш.), у якім была выкладзена спроба стварэння праграмы беларускага нацыянальнага адраджэння ва ўмовах Беларускай ССР.

Перадумовы правіць

У снежні 1920 года наркамам асветы быў прызначаны Усевалад Ігнатоўскі, адзін з галоўных аўтарытэтаў у беларускім пытанні. Кіраўніком беларускага аддзела Наркамасветы ССРБ быў Пятро Ільючонак, які і быў адным з ініцыятараў «заявы 32-х». У канцы 1920 — пачатку 1921 году паводле ініцыятывы Ільючонка праводзіліся сходы-сустрэчы камуністаў-беларусаў, на якіх абмяркоўваліся пытанні нацыянальна-культурнага будаўніцтва рэспублікі і перспектывы яе развіцця. Ставілася пытанне аб неабходнасці пераводу працы Наркамасветы на беларускую мову[1].

Апісанне правіць

Даклад быў спробай выпрацаваць праграму адраджэння Беларусі ва ўмовах пераходу ад грамадзянскай вайны да мірнага развіцця, улічваючы захоп Польшчай Заходняй Беларусі, прапаноўвалася сабраць беларускія землі ў межах адзінага вытворча-гаспадарчага і этнаграфічнага арганізма і перадаць БССР тэрыторыі, якія засталіся ў складзе РСФСР у часе грамадзянскай вайны. Эканамічныя адносіны з Савецкай Расіяй меркавалася будаваць на аснове адзінага гаспадарчага плану, з улікам гістарычных асаблівасцей, рэсурса-сыравіннага забеспячэння Беларусі[2].

У дакладзе ўтрымліваліся крытычныя заўвагі наконт палітыкі, якую праводзіла партыйна-савецкае кіраўніцтва рэспублікі. Для яе характэрна, канстатавалі аўтары, «незнаёмства з мінулым краю, неразуменне беларускага руху, поўная разлучанасць з працоўнымі масамі краю». У заяве прадугледжвалася рашэнне комплексу праблем развіцця нацыянальнай культуры, асветы і надання беларускай мове статусу дзяржаўнай. «Мы лічым што ўсе загады, дэкрэты і т.п. павінны выдавацца на беларускай і расійскай мовах. Неабходна як мага больш забяспечваць беларускае сялянства і рабочых камуністычнай літаратурай на беларускай мове... Неабходна, каб Цэнтральнае бюро Камуністычнай партыі Беларусі пачало весці агітацыю і прапаганду на беларускай мове. Калі Цэнтральнае бюро КП(б)Б не ў стане правесці беларусізацыю, то неабходна ўтварыць адпаведны орган» — пісалася ў заяве[1].

Акрамя «заявы 32-х» у ЦК РКП(б) была накіраваная амаль ідэнтычная паводле зместу, але лепш адрэдагаваная «дакладная запіска» вядомага грамадскага дзеяча Алеся Бурбіса, датаваная 14 студзеня 1921 года. Да яе быў прыкладзены дадатак аб стварэнні ўзорнай Беларускай Савецкай Рэспублікі, дзе змяшчалася інфармацыя пра гістарычнае мінулае, палітычны і грамадскі лад Беларусі, гісторыі развіцця савецкай улады ў рэспубліцы, рабіліся крытычныя заўвагі ў сувязі з памылкамі ў правядзенні нацыянальна-дзяржаўнай палітыкі кіраўніцтвам рэспублікі[1].

Водгук правіць

Заява, накіраваная непасрэдна ў ЦК РКП(б) Уладзіміру Леніну, і сакратару Мікалаю Крэсцінскаму, старшыні Наркамнаца і Іосіфу Сталіну выклікала непакой сярод кіраўніцтва ЦБ КБ(б)Б, у першую чаргу Вільгельма Кнорына[1].

15 лютага дакумент абмяркоўваўся на пасяджэнні Цэнтральнага бюро КП(б)Б з удзелам 23 яго складальнікаў, якія пражывалі ў Менску. Пятро Ільючонак яшчэ раз падкрэсліў пра неабходнасць вырашэння пытання аб самастойнасці Беларусі, Сцяпан Булат зазначыў, што «вёска падпадае пад уплыў беларускіх эсэраў. Неабходна беларускую мову прызнаць дзяржаўнай, беларусаў-камуністаў паслаць ва ўсе ўстановы. Далучыць паветы Гомельскай, Віцебскай і 2 паветы Смаленскай губерні». Вільгельм Кнорын, падводзячы вынікі дыскусіі, зазначыў што «пастаноўка (пытання) не партыйная. У партыі не было выпадку, калі група выдзяляе выканаўчы орган для перагавораў. На адкрытым пасяджэнні пытанне не было пастаўлена, а пастаўлена апроч ЦБ. Лічу, што найперш гэта правакацыя некамуністычных рук...» Ён падкрэсліў, што «пытанне аб граніцах пастаўлена і абмяркоўвалася і намі, і ў ЦК РКП(б). Было знятае цэлым шэрагу палітычных умоў, і камуністы не мелі права падымаць гэтае пытанне». Многія члены Бюро не пагадзіліся з такімі ацэначнымі вывадамі. Тагачасны наркам земляробства Адам Славінскі зазначыў, што «дэкларацыя дрэнна і няправільна пастаўлена, але нічога контррэвалюцыйнага ў ёй няма». Старшыня ЦВК Аляксандр Чарвякоў падкрэсліў, што «злога намеру тут няма, ёсць толькі неабдуманае стаўленне». Пастанова Цэнтральнага Бюро была вытрымана ў карэктнай фармуліроўцы, і не адпавядала рэзкі выказванням Кнорына. У ёй зазначалася, што «Ц.Б., азнаёміўшыся са зместам дэкларацыі групы "беларускіх камуністаў", прызнае яе нявытрыманай і неабгрунтаванай у камуністычным духу»[1].

Рэзалюцыя не задаволіла Кнорына. Пасля пасяджэння ім быў выдадзены загад ад імя Бюро ЦК КП(б)Б старшыні ЧК Беларусі Аляксандру Ротэнбергу правесці на кватэрах збору подпісаў вобшукі, а калі спатрэбіцца, то і зрабіць арышты. Распараджэнне было выканана ў ноч з 15 на 16 лютага 1921 года. Аднак крымінальныя справы заводзіць не сталі. Паводле ўказання наркама вайсковых і ўнутраных спраў Язэпа Адамовіча арыштаваных вызвалілі. Зміцер Жылуновіч, тагачасны галоўны рэдактар Савецкай Беларусі, настойліва хадайнічаў аб вызваленні яе супрацоўнікаў[1].

У 1930-я гады ў часе кампаніі супраць «нацдэмаў» Заява 32-х была пастаўленая ў віну яе аўтарам як «контррэвалюцыйны акт», «нацыянал-дэмакратычны катэхізіс» і бальшыня аўтараў была рэпрэсаваная[2].

Значэнне правіць

Пасля пасяджэння Цэнтральнага Бюро КП(б)Б некаторыя час працягвалі склікацца сходы беларусаў-камуністаў, на якіх вылі выпрацаваны прапановы па пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў школе, забеспячэння ў рэспубліцы роўных правоў чатырох моў: беларускай, рускай, ідыш і польскай, правядзенні культурна-асветнай работы з улікам спецыфікі гарадскога і сельскага насельніцтва. Прапановы, як і асноўныя палажэнні «заявы 32-х», былі ўлічаны пры прыняцці ў лютым 1921 года ЦВК шэрагу пастаноў, якія фактычна прадвызначалі ўвесь наступны ход палітыкі беларусізацыі[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё Уладзімір Ладысеў, Пётр Брыгадзін. Паміж усходам і захадам: станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). — Мінск: БДУ, 2003. — С. 141—146. — 307 с. — 500 экз. — ISBN 985-445-963-2. Архівавана 4 сакавіка 2016.
  2. а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7). С. 26