Збляны (Лідскі раён)

вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі

Збля́ны[1] (трансліт.: Zbliany, руск.: Збляны) — вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці, на правым беразе ракі Нёман. Уваходзіць у склад Беліцкага сельсавета. Знаходзіцца за 35 км на поўдзень ад г. Ліда і за 6 км на паўднёвы захад ад в. Беліца, злучана з імі шашою.

Вёска
Збляны
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Ранейшыя назвы
Ізбляны
Насельніцтва
64 чалавекі (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1561
Паштовы індэкс
231314
Аўтамабільны код
4
СААТА
4236804021
Збляны на карце Беларусі ±
Збляны (Лідскі раён) (Беларусь)
Збляны (Лідскі раён)
Збляны (Лідскі раён) (Гродзенская вобласць)
Збляны (Лідскі раён)

Паходжанне назвы правіць

Лічыцца, што паселішча з канчаткам -ны маюць балцкае паходжанне. У Лідскім раёне 20 вёсак з канчаткам на -ны: Бакуны, Гурыны, Дзяўгуны, Дубчаны, Жырмуны, Зарачаны, Вялікія і Малыя Канюшаны, Лазяны, Мастаўляны, Мігуны, Мяйлуны, Наркуны, Парачаны, Пецюны, Сіманы, Шаўдзіны, Эйтуны, Янаўляны і Збляны. Шмат такіх вёсак на Ашмяншчыне (Гальшаны, Жупраны, Баруны) і ў Жамойці. Калі сыходзіць з меркавання, што слова «Збляны» балцкага паходжання, то найбольш блізкае па аснове літоўскае слова «Isblanki» выцвісці, паблякнуць, г. зн. Збляны — бляклыя, вельмі старыя.

Гісторыя правіць

«Паведамленне аб літоўскіх шляхах» («Die Littauischen Wegeberichte»), якое было напісана на мяжы XIV—XV ст. згадвае Збляны як княскую сядзібу недалёка ад Нёмана па дарозе з Гародні ў Наваградак[2].

У кнізе грашовых раздач караля Казіміра Ягелончыка (1447—92) ён пакінуў у 1492 г. такі запіс: «…Конюшку Станьцу рубль денег с вин у Острино у Миклаша Будковича, а другой рубль в Зблянах у Сестренца». 3 гэтага запісу вынікае, што Збляны былі велікакняжацкім дваром і знаходзіліся ў трыманні ў нейкага Сястрэнца. У 1498 г. вялікі князь літоўскі Аляксандр выдаў пісару Ігнату прывілей на поле Старынкі ў Ізблянскім павеце, з чаго вынікае, што Ізбляны нейкі час былі цэнтрам павета.

У першай палове XVI ст. Збляны заставаліся велікакняжацкім дваром: намеснікі лідскія і беліцкія былі адначасова намеснікамі зблянскімі. У 1557 г. маёнтак перайшоў Радзівілам.

У 1627 г. у Зблянах налічвалася 38 двароў, зямельныя надзелы складаліся з 16 валок (342 га), у вёсцы былі уніяцкая царква і млын. Жыхароў назызалі «загароднікі зблянскія», трэба мерказаць загароднікі, ахоўнікі, але што яны ахоўвалі — не зразумела. Перад польска-літоўска-расійскай вайной 1654—1667 гг. у Зблянах 62 двары, карчма і царква. У 1752 г. — 38 двароў, у 1810 г. — 52 двары. Усе гэтыя гады вёска належала Радзівілам. Людвіка Караліна Радзівіл (1667—95), жонка з 1681 г. прынца Людвіка Брандэнбургскага, пабудавала ў Зблянах царкву.

Паводле вопісу парафій Лідскага дэканату ў 1784 г. двор і вёска ва ўласнасці князя Караля Станіслава Радзівіла, ваяводы віленскага, у дзяржанні Мараўскага. Цэнтр уніяцкай парафіі. Праз вёску ішоў гасцінец з Беліцы на Гродна. Побач знаходзіўся бярозавы і асінавы гай, пад назвай Кобраўшчына[3].

У 1832 г. Збляны перайшлі да князя Вітгенштэйна. У 1834—1835 гг. Зблянская ўніяцкая царква стала праваслаўнай, па звестках 1838 г., да яе былі прыпісаны 1135 вернікаў.

 
Свята-Пакроўская царква, Збляны, сучасны выгляд

Паводле пісьмовых крыніц XIX — пачатку XX ст. — сяло Збляны (Зябляны) Беліцкай воласці Лідскага павета. У 1864 г. адкрыта народнае вучылішча. На пачатку 1880-ых гг. — 28 двароў, 235 жыхароў, дзейнічалі праваслаўная Пакроўская царква, народнае вучылішча, якое ў 1894 г. наведвала 76 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі (настаўнік Піліп Жарскі). У 1896 г. там вучылася 62 дзіцяці (настаўнік Іван Мялешка); дзейнічала царкоўнапрыходская школа (адкрыта ў 1894 г.), яе наведвала 32 дзяўчынкі (настаўніца Вольга Сінусава). На пачатку XX ст. — 463 жыхары, 352 дзесяціны зямлі. Дзейнічалі Пакроўская праваслаўная царква (пабудавана ў пачатку XX ст.), народнае вучылішча (у 1906 г. вучылася 86 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка, настаўнік Міхаіл Салавей), царкоўнапрыходская школа. У 1914 г. Зблянскае народнае вучылішча наведвалі 49 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі (настаўнік Іван Паўлавіч Чарняўскі).

3 18 сакавіка 1921 да 1939 г. — у складзе Польшчы, вёска Беліцкай гміны Лідскага павета Навагрудскага ваяводства. На 30 верасня 1921 г. — 73 жылыя пабудовы і 377 жыхароў. Сумежна з вёскай знаходзілася калонія Збляны (17 жылых пабудоў, 91 жыхар). З 12 кастрычніка 1940 года па 26 чэрвеня 1965 года вёска ўваходзіла ў склад Парэцкага сельсавета Жалудоцкага раёна (з 17 красавіка 1962 года Лідскага раёна)[4].

У 1951 г. створаны калгас «Чырвоны бераг». Працавала школа, у вёсцы былі магазін, клуб, бібліятэка.

Насельніцтва правіць

  • 1971 — 119 двароў, 385 жыхароў.
  • 1996 — 97 падвор’яў, 214 жыхароў.
  • 2004 — 68 двароў, 118 жыхароў.
  • 2010 — 64 жыхары.

Народныя промыслы правіць

Вёска Збляны вядома як традыцыйны цэнтр ручнога ткацтва. Посцілкі, ручнікі вызначаліся разнастайнасцю арнаменту, іх узоры мелі розныя колеры. Многія вырабы народных мясцовых ткачых зроблены з высокім густам, маюць выразнае рашэнне. Посцілкі мясцовых ткачых адметныя мажорным колеравым ладам. Характэрная кампазіцыя: папярочныя палосы («вясёлкі»), пераважна жоўтага, зялёнага, сіняга, малінавага, фіялетавага і чорнага колеру. У 1960-ыя гг. вялікае пашырэнне атрымала новая кампазіцыя, якая будуецца на чаргаванні папярочных шырокіх гладкіх і ўзорыстых палос. Узоры маюць тры элементы — «дарогі», «зубчыкі», шматпялёсткавыя разеткі. Гэтым дасягаецца разнастайнасць арнаменту. Звычайна на чорным або карычневым фоне размяпічаюць узорыстыя палосы розных мажорных колераў. Вытанчаная каларыстычная гама, асабліва ў кампазіцыі «вясёлка», выразнае рашэнне, высокае ткацкае майстэрства робяць гэтыя рэчы сапраўднымі творамі мастацтва. У апошні час ткуць посцілкі пераважна ў мясцовых традыцыях у тэхніцы перабору і закладання.

У вёсцы здаўна бытавалі іншыя хатнія промыслы: прадзенне, шыццё адзення з даматканіны, пляценне лапцей, віццё вяровак, выраб простай мэблі і інш., якія служылі галоўным чынам для задавальнення патрэб сям’і. Некаторыя жыхары наймаліся нарыхтоўваць лес, дровы, піламатэрыялы да памешчыкаў і прамыслоўцаў, а таксама сплаўляць лес па мясцовых рэках.

Славутасці правіць

Стаянкі каменнага веку і каменны могільнік у ваколіцах вёскі на беразе Нёмана (10-7-е тысячагоддзі да н.э.) занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння).

За 0,5 км на паўночны ўсход ад вёскі, на краі правабярэжнай тэрасы Нёмана знаходзіцца стаянка каменнага веку памерамі 800 х 70—80 м. Знойдзены наканечнікі стрэл, скрабкі, разцы, разнастайныя рэжучыя і сякучыя прылады. Частка знаходак адносіцца да свідэрскай культуры, датуецца канцом палеаліту і мезаліту (10 — 7 тыс. да н.э.).

Другая стаянка размешчана за 0,6 км на паўночны ўсход ад вёскі, за 0,1 км ад першай стаянкі. Яе даўжыня ўздоўж берага Нёмана 500 м, шырыня да 70 м. Знойдзены матэрыялы познепалеалітычнага і мезалітычнага часоў.

У ваколіцах вёскі маюцца два селішчы: адно — непасрэдна каля вёскі, на высокім беразе Нёмана, дзе на працягу 100—200 м прасочваецца культурны пласт, другое — за 0,5 км ніжэй па цячэнні ракі. Датуюцца другой паловай I тыс. н.э. і XI—XIV стст.

Каля вёскі ў канцы XIX ст. былі 3 камяні з высечанымі выявамі крыжоў.

Пакроўская царква (пач. XX ст.) занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння)

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. Леанід Лаўрэш. Лідчына ў XIV стагоддзі // Лідскі Летапісец № 3 (91). 2020
  3. Беліцкая парафія — pawet.net
  4. Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 26 чэрвеня 1965 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1965, № 30 (1110).

Літаратура правіць

Спасылкі правіць